Гаспадарка Расеі

From Вікіпэдыя
Jump to navigation Jump to search
Эканоміка Расеі
Эканамічныя паказьнікі
Валюта расейскі рубель
Фіскальны год каляндарны
Міжнародныя арганізацыі: СГА, ЭАЭЗ, СНД, ФКЭГ
Статыстыка
СУП (намінальны) $1,657 трлн (2018)
СУП паводле ППЗ $4,227 трлн
Месца СУП паводле ППЗ 6-е
Рост СУП 2,3%
СУП на душу насельніцтва па ППЗ $11 289
СУП па сэктарах эканомікі · сельская гаспадарка: 4,7%
· прамысловасьць: 32,4%
· сфэра паслугаў: 62,3%
Інфляцыя (ІСЦ) 2,9% (2018)
Насельніцтва па-за мяжой галечы 13,4%
Каэфіцыент Джыні 37,7
ІРЧП 0,824
Эканамічна актыўнае насельніцтва 72 736 316
Занятасьць насельніцтва па сэктарах эканомікі · сельская гаспадарка: 9,4%
· прамысловасьць: 27,6%
· сфэра паслугаў: 63%
Узровень беспрацоўя 4,5%
Асноўныя галіны паліва-энэргетычная, машынабудаваньне
Індэкс лёгкасьці вядзеньня бізнэсу 28-е месца
Вонкавы гандаль
Экспарт $402,7 млрд
Галіны экспарту нафта і прыродны газ
Партнэры па экспарце Эўразьвяз 45,8%, Кітай 9,8% і Беларусь 4,9%
Імпарт $226,6 млрд
Галіны імпарту станкі і аўтамабілі
Партнэры па імпарце Эўразьвяз 38,2%, Кітай 20,9%, ЗША 6,1% і Беларусь 5,2%
Наўпроставыя замежныя інвэстыцыі $535,2 млрд
Дзяржаўныя фінансы
Дзяржаўная запазычанасьць 10.6% СУП
Вонкавая запазычанасьць $539,6 млрд
Дзяржаўныя даходы $258,6 млрд
Дзяржаўныя расходы $281,4 млрд
Замежныя рэзэрвы $542,9 млрд
Асноўная крыніца: CIA World Fact Book
Калі не пазначана іншае,
усе лічбы прыведзеныя ў далярах ЗША

Гаспада́рка Расе́і — сукупнасьць грамадзкіх дачыненьняў Расеі ў галіне вытворчасьці, абмену і разьмеркаваньня тавараў.

У 2018 годзе сукупны ўнутраны прадукт Расеі вырас на 2,3% да 103,627 трлн расейскіх рублёў ($1,657 трлн). Аднак сельскагаспадарчая вытворчасьць упала на 0,6% да 5,12 трлн руб (4,9%). Грузаперавозкі вырасьлі на 2,9% да 5,64 трлн тона-км, у тым ліку чыгункай на 4,2% да 2,597 трлн тона-км (46%). Раздробны гандаль павялічыўся на 2,6% да 31,548 трлн руб і склаў 30,4% СУП. Зьнешні гандаль вырас на 18,7% да $629,2 млрд, у тым ліку экспарт на 27,4% да $402,7 млрд. Укладаньні ў асноўны капітал вырасьлі на 4,1% да 10,223 трлн руб (9,8% СУП). Спажывецкія цэны вырасьлі на 2,9% пры росьце цэнаў прамыслоўцаў на 11,9%. Грашовыя даходы павялічыліся на 0,3%, хоць сярэдні штомесячны заробак вырас на 9,9% да 43 400 рас.руб або на 6,8% рэальна. Беспрацоўе ўпала на 7,8% да 3,7 млн чалавек пры скарачэньні ліку афіцыйна ўлічаных беспрацоўных на 12,6% да 700 тыс. чалавек[1].

Сукупны ўнутраны прадукт[edit | edit source]

У 2018 годзе валавая дададзеная вартасьць у СУП 89,7% (92,985 трлн рас.руб). Рэшта СУП пайшла на падаткі. Большую частку дададзенай вартасьці склалі: 1) гуртовы і раздробны гандаль ды рамонт самаходаў — 14,3% (13,254 трлн руб), 2) апрацоўчая прамысловасьць — 13,6% (12,779 трлн руб), 3) здабыча карысных выкапняў — 12,8% (11,956 трлн руб), 4) апэрацыі зь нерухомасьцю — 9,2% (8562,6 трлн руб), 5) дзяржаўнае кіраваньне і войска — 7,6% (7,027 трлн руб), 6) перавозкі і складаваньне — 7,6% (6,47 трлн руб), 7) будаўніцтва — 6% (5,564 трлн руб), 8) фінансавая дзейнасьць і страхаваньне — 4,3% (3,984 трлн руб), 9) навукова-тэхнічныя распрацоўкі — 4,2% (3,917 трлн руб), 10) сельская і лясная гаспадарка ды рыбалоўства — 3,5% (3,265 трлн руб). Атрыманы СУП выкарысталі на: 1) канчатковае спажываньне — 67% (69,377 трлн руб), зь іх хатнія гаспадаркі 49,1%; 2) валавае накапленьне — 23% (23,831 трлн руб), у тым ліку асноўнага капіталу 21,4%; 3) чысты экспарт — 10% (10,36 трлн руб). Паводле крыніцы даходу СУП склалі: заробкі супрацоўнікаў — 45,7% (47,379 трлн руб), валавы прыбытак — 42,9% (44,457 трлн руб) і падаткі на вытворчасьць і імпарт — 11,4% (11,791 трлн руб).

Прамысловасьць[edit | edit source]

У грашовым вымярэньні за 2018 год здабыча карысных выкапняў склала 18,491 трлн рас.руб, зь іх на здабычу нафты і прыроднага газу прыпала 72% (13,293 трлн рас.руб). Рэшту склала здабыча: вугалю — 8,2%, мэталічнай руды — 6,2% і іншых карысных выкапняў (каштоўныя камяні). Выручка апрацоўчай прамысловасьці складала 43,949 трлн руб, зь якіх найбольш прыпадала на: 1) нафтаперапрацоўчую — 24,6%; 2) мэталюргію — 13,6%; 3) харчовую — 12,8%; 4) хімічную — 7,3%; 5) аўтамабільную — 5,7%, 6) мэталаапрацоўчую — 5,4%; 7) вагона-, самалёта- і суднабудаваньне — 4,5%; 8) будаўнічых матэрыялаў — 3,4%; 9) электронную — 3%; 10) станкабудаваньне — 2,8%. У 2018 годзе глыбіня нафтаперапрацоўкі вырасла з 81% да 82,1%. Нафтаперапрацоўчыя заводы Расеі прынялі 291 млн тонаў нафты і выпусьцілі: 77,5 млн тонаў дызэльнага паліва, 49,2 млн т топачнай мазуты, 39,1 млн т аўтамабільнага бэнзіну, 27 млн т каменнавугольнага коксу, 23,6 млн т газавага кандэнсату, 16 млн т звадкавага газу (прапан і бутан), 14,5 млн т прамагоннага бэнзіну і 10,6 млн т суднавога паліва[1].

На мэталюргічных заводах вырабілі: 61,6 млн т мэталапракату, 59,5 млн т нелегаванай сталі, 51,8 млн т чыгуну, 14,5 млн т легаванай сталі і 191 тыс. т нержавейная сталі. Таксама выпусьцілі 2,711 млн т сталёвых трубаў, 1,875 млн т бясшоўных трубаў для бурэньня газавых і нафтавых сьвідравінаў і 619 тыс. бясшоўных трубаў для газа- і нафтаправодаў. У харчовай прамысловасьці вырабілі: 4,795 млн т птушкі, 3,284 млн т мясных паўфабрыкатаў, 2,663 млн т мяса, 2,594 млн т марской рыбы і 2,276 млн т кілбасаў. Таксама ў Расеі выпусьцілі: 28,9 млн т камбікорму, 8,559 млн т пшанічнай мукі, 6,3 млн т цукру, 5,786 млн т хлеба, 5,754 млн т алею (78% сланечнікавы) і 5,488 млн т малака, 1,891 млн т слодычаў, 1,526 млн т крупаў, 1152 млн слоікаў соку і 895 тыс. т харчовай солі. Вытворчасьць угнаеньняў складала 22,866 млн тонаў: 45,6% азотных, 37% (8452 млн т) калійных і рэшту фосфарных. Таксама ў хімічнай прамасловасьці вырабілі: 13,1 млн т серчанай кісьлі, 8,213 млн т плястмасы, 6,597 млн т тэхнічнай газавай серкі, 3,422 млн т карбанату натру і 2,99 млн т этылену. За 2018 год аўтазаводы Расеі выпусьцілі: 1,564 млн легкавых аўтамабіляў, 360 000 рухавікоў унутранага згараньня, 260 000 аўтакузаваў, 157 000 грузавікоў і 31 100 аўтобусаў[1].

У 2018 годзе на электрастанцыях вырабілі 1109 млрд кіляват-гадзіна электраэнэргіі, зь іх 64% на цеплавых, 18,5% на атамных і 17,4% на гідраэлектрастанцыях. Вытворчасьць пары для ацяпленьня склала 1291 млн гігаджоўляў, зь іх 46,8% на элекстрастанцыях, 45,9% у кацельнях і рэшту ў прамысловасьці[1].

Сельская гаспадарка[edit | edit source]

У 2018 годзе збор збожжа ўпаў на 16,7% да 112,9 млн тонаў (ураджайнасьць 25,4 цэнтнэр/гектар). Зь іх 72,1 млн т (64%) прыпала на пшаніцу, 17 млн т (15%) — на ячмень, 11,2 млн т (10%) — на кукурузу, 4,7 млн т (4,2%) — на авёс, 3,4 млн т (3%) — на зернебабовыя, 1,9 млн т (1,7%) — на жыта, 1,038 млн т (0,9) — на рыс і 0,93 млн т — на грэчку. Ураджай цукровых буракоў скараціўся на 20,6% да 41,2 млн тонаў у сувязі з падзеньнем ураджайнасьці на 15,2% да 375 цэнтэр/га і зьмяншэньнем пасяўных плошчаў на 6,4%. Збор бульбы вырас на 3,3% да 22,4 млн т праз рост ураджайнасьці на 4,7% да 170 ц/га. Таксама сабралі 13,6 млн т гародніны пры ўраджайнасьці 243 ц/га. Вытворчасьць насеньня сланечніка вырасла на 20,2% да 12,6 млн т за кошт рост пасяўных плошчаў на 7,1% і ўраджайнасьці на 11,7% да 16,2 ц/га. Ураджай ільнавалакна ўпаў на 5,5% да 37 000 тонаў праз спад ураджайнасьці на 5,4% да 8,7 ц/га. На сельскагаспадарчыя прадпрыемствы прыпала 70,2% збору збожжа, 89,1% цукровых буракоў і 66,4% сланечніка. Рэшту сабралі сялянскія і падсобныя гаспадаркі. Таксама падсобныя гаспадаркі сабралі 68,2% бульбы і 55,8% гародніны[1].

На канец сьнежня 2018 году пагалоўе сьвіней вырасла на 2,9% да 23,7 млн галоваў. Пагалоўе авечак і козаў скарацілася на 6,1% да 22,9 млн галоваў, буйных рагатых жывёлаў — на 0,8% да 18,1 млн галоваў, у тым ліку кароваў на 0,4% да 7,9 млн галоваў. На падсобныя гаспадаркі прыпадала 46,8% пагалоўя авечак і козаў, 40,8% буйных рагатых жывёлаў і 10,7% сьвіней. У жывёлагадоўчых прадпрыемствах на 4,9% вырасла пагалоўе сьвіней. Адначасна прадпрыемствы скарацілі пагалоўе авечак і козаў на 8,6%, птушкі на 2,2% і буйной рагатай жывёлы на 1,4%, зь іх кароваў на 1%. Вытворчасьць жывёлы і птушкі на забой у жывой вазе склала 14,9 млн т, зь іх 44,8% склала птушка, 32,3% — сьвіньні, 18,8 — буйная рагатая жывёла, 3,2% — авечкі і козы. Таксама вырабілі 30 млн т малака і 44,9 млрд яек. Надоі малака на карову ў прадпрыемстваў вырасьлі да 6094 кг за год. На птушкафабрыках яйканоснасьць кураў-нясушак склала 307 яек за год. На прадпрыемствах вырабілі 80,6% яек, 75,8% жывёлы і птушкі на забой і 53% малака. Рэшта ў асноўным прыпадал на падсобныя гаспадаркі. На асабістыя сялянскія гаспадаркі прыпадала 8,1% вытворчасьці малака, 3,6% жывёлы і птушкі на забой і 1% яек[1].

Лясная гаспадарка[edit | edit source]

За 2018 год нарыхтавалі 92,9 млн м³ (71%) лесаматэрыялаў хвойных пародаў і 37,5 млн м³ — лісьцевых пародаў. Таксама нарыхтавалі 14,8 млн м³ паліўнай драўніны[1].

Рыбалоўства[edit | edit source]

Абарачэньне рыбалоўных прадпрыемстваў у 2018 годзе склала 341,2 млрд рас. рублёў. За год вырабілі 817 000 тонаў сьвежай і ахалоджанай марской рыбы, 157 000 тонаў жывой марской рыбы, 81 900 тонаў сьвежай і ахалоджанай прэснаводай рыбы, 47 300 тонаў ракападобных (крабы) і 72 600 тонаў жывой прэснаводнай рыбы[1].

Будаўніцтва[edit | edit source]

Аб’ём будаўніцтва ў 2018 годзе склаў 8,386 трлн рас. рублёў. Сярод 259 505 уведзеных у дзеяньне будынкаў агульнай плошчай 129,238 млн м² жытло склала 93,3%. За год пабудавалі 1070,6 тыс. новых кватэраў. Плошча жылых памяшканьняў ва ўзьведзеных індывідуальнымі забудоўнікамі дамах склала 32,5 млн м² (43,1% агульнага аб’ёму жытла). Сярод 17 452 нежылых будынкаў агульнай плошчай 28,652 млн м² камэрцыйныя складалі 35% (26,5% плошчы), прамысловыя 13,5% (14,6% плошчы), сельскагаспадарчыя 13,4% (19,8%), кіраўнічыя 6,9% (6,3%), аховы здароўя 3,7% (4%) і навучальныя 3,3% (10,5% плошчы). Сярод вытворчых збудаваньняў узьвялі фэрмы на 3008,5 тыс. галоваў птушкі, 436,1 тым. сьвіней, 183,2 тыс. буйной рагатай жывёлы і 44,1 тыс. авечак. Таксама прабурылі 5190 нафтавых і 11 газавых сьвідравіны. Адчынілі руднікі магутнасьцю 3,95 млн тонаў вугалю і 300 000 меднай руды. Таксама ўзьвялі вытворчасьці магутнасьцю 2,55 млн тонаў чыгуну і 100 000 легкавых аўтамабіляў[1].

Мінуўшчына[edit | edit source]

У 1992—1998 гадах у Расеі назіраўся спад вытворчасьці. У выніку рынкавых пераўтварэньняў гаспадарка краіны стала шматукладнай. З 1999 году пачаўся рост вытворчасьці. Доля акцыянэрных таварыстваў стала пераважаць над дзяржаўнымі прадпрыемствамі паводле ліку занятых і выпуску тавараў, а таксама колькасна. У 1999 годзе сукупны ўнутраны прадукт (СУП) Расеі склаў $593,4 млрд, што было 14-м паказьнікам у сьвеце. На душу насельніцтва прыпадала каля $4200 СУП. Прыватныя прадпрыемствы далі каля 70% СУП. Каля 160 000 прамысловых прадпрыемстваў далі 26,8% СУП. У эўрапейская частцы Расеі разам з Уралам выпусьцілі 72% кошту прамысловых вырабаў. Галоўнай была паліўна-энэргетычная галіна, на якую ў 1998 годзе прыпала 32,5% кошту вырабаў. Гандаль энэрганосьбітамі быў профілем адмыслоўваньня Расеі ў міжнародным падзеле працы. У 1999 годзе здабыча нафты разам з газавым кандэнсатам склала 305 млн тонаў, што было 3-м паказьнікам у сьвеце. Каля 70% нафты здабылі ў Заходняй Сыбіры]], рэшту ў Паволжы і на Ўрале. Пяць найбольшых нафтаперапрацоўчых заводаў у раёнах нафтаздабычы месьціліся ў такіх гарадах, як Самара, Сызрань (Самарская вобласьць), Уфа, Саратаў і Табольск (Цюменская вобласьць). У месцах спажываньня нафтапрадуктаў 5 найбольшых НПЗь месьціліся ў такіх гарадах, як Масква, Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Хабараўск і Камсамольск-на-Амуры (Хабараўскі край). У 1999 годзе 5-ю найбольшымі прадпрыемствамі нафтавай прамысловасьці паводле здабычы былі: «Лукойл» (53 млн тонаў, 18%), «Сургутнафтагаз» (37 млн т, 12%) у Сургуце (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга), «Юкас» (34 млн т, 11%), «Татнафта» (24 млн тонаў, 9%) ў Альмецьеўску (Татарстан) і «Сыбірска-Далёкаўсходняя нафтавая кампанія» (20 млн т, 7%). У Заходняй Сыбіры здабылі 90% прыроднага газу. Найбольшым прадпрыемствам быў «Газпрам». У 1999 годзе ў Расеі здабылі 249 млн тонаў каменнага і бурага вугалю, што было 5-м паказьнікам у сьвеце. Пяцю найбольшымі вугальнымі басэйнамі паводле здабычы былі: Кузьнецкі (27%, Кемераўская вобласьць), Канска-Ачынскі (15%, Краснаярскі край), Пячорскі (Рэспубліка Комі), Іркуцкі і Данецкі (Растоўская вобласьць). Торф здабывалі ў Цэнтральным, Волга-Вяцкім і Ўральскім гаспадарчых раёнах, лупняк — у Ленінградзкай вобласьці[2].

У 1999 годзе вытворчасьць электраэнэргіі склала 848 млрд кіляват-гадзіна, што было 4-м паказьнікам у сьвеце. Цеплавая электраэнэргетыка дала 69,6% магутнасьці і 68% вытворчасьці электраэнэргіі. На долю гідраэнэргетыкі прыпала 20,5% і 19% адпаведна, ядзернай энэргетыкі — 9,9% і 13%. Пяцю найбольшымі цеплавымі электрастанцыямі былі: Рэфцінская (3,8 млн кВт) ў Сьвярдлоўскай вобласьці, Кастрамская (3,6 млн кВт) ў Волгарэчанску, Канакоўская (3,6 млн кВт) ў Цьвярской вобласьці, Сургуцкая (3,1 млн кВт) і Троіцкая (2,4 млн кВт) ў Чалябінскай вобласьці. Шасьцю найбольшымі гідраэлектрастанцыямі былі: Саяна-Шушанская (6,4 млн кВт, Хакасія) і Краснаярская (6 млн кВт) на рацэ Енісей, Брацкая (4,5 млн кВт) і Вусьць-Ілімская (4,3 млн кВт) на рацэ Ангара ў Іркуцкай вобласьці, Валжанскія ў Валгаградзе (2,5 млн кВт) і Самары (2,3 млн кВт). Сямю найбольшымі атамнымі электрастанцыямі былі: Ленінградзкая (Сасновы Бор) і Курская (Курчатаў, па 4 гігаваты), Балакоўская (Саратаўская вобласьць) і Смаленская (Дзеснагорск, па 3 гігаваты), Калінінская (Удомля, Цьвярская вобласьць; 2 гігаваты), Новаваронеская (1,8 гігаваты) і Кольская (Палярныя Зоры, Мурманская вобласьць; 1,7 ГВт). Вытворчасьць, разьмеркаваньне і экспарт электраэнэргіі ажыцьцяўляла АТ «Адзіная энэргетычная сыстэма Расеі»[2].

У 1999 годзе чорная мэталюргія склала 7,7% СУП і была цалкам забясьпечанай жалезнай рудой і коксам. Марганец і хром завозілі з Украіны і Казахстану. Ва ўмовах высокай засяроджанасьці вытворчасьці ўтварыліся 3 мэталюргічныя базы: 1) Уральская (46% вытворчасьці мэталу) з мэталюргічнымі камбінатамі поўнага цыклю ў Магнітагорску (Чалябінская вобласьць), Ніжнім Тагіле (Сьвярдлоўская вобласьць), Наватроіцку (Арэнбурская вобласьць) і Чалябінску, а таксама пераробнымі ў Іжэўску (Удмуртыя), Златавусьце (Чалябінская вобласьць) і Сярове (Сьвярдлоўская вобласьць); 2) Цэнтральная з камбінатамі поўнага цыклю ў Ліпецку і Старым Асколе (Белгародзкая вобласьць) ды пераробнымі заводамі ў Маскве, Электрасталі (Маскоўская вобласьць) і Арле; 3) Сыбірская з камбінатамі поўнага цыклю ў Новакузьнецку (Кемераўская вобласьць) і пераробнымі ў Новасыбірску, Краснаярску і Пятроўск-Забайкальскім (Чыцінская вобласьць). Таксама буйнымі былі камбінат поўнага цыклю ў Чарапаўцы (Валагодзкая вобласьць) і пераробныя заводы ў Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе і Колпіне (Санкт-Пецярбург). За 1999 год вырабілі: 40,1 млн тонаў чыгуну, што было 4-м паказьнікам у сьвеце; 51,5 млн тонаў сталі (5-е месца ў сьвеце); 40,9 млн т пракату (6-е месца). Каляровая мэталюргія склала 7,6% СУП і працавала пераважна на ўласнай сыравіне. У ёй выплавілі звыш 70 відаў мэталаў. Вытворчасьць медзі завяроджвалася на Ўрале: Краснаўральск і Кіраўград у Сьвярдлоўскай вобласьці, Раўда, Карабаш (Чалябінская вобласьць) і Меднагорск (Арэнбурская вобласьць). Заводы па рафінаваньні медзі месьціліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Кальчугіне (Уладзімерская вобласьць). Сьвінец і цынк выплаўлялі Чалябінску, Уладзікаўказе (Паўночная Асэтыя), Бялове (Кемераўская вобласьць) і Дальнягорску (Прыморскі край). Нікель выраблялі ў Нарыльску (Краснаярскі край), Орску (Арэнбурская вобласьць), Верхнім Уфалеі (Чалябінская вобласьць) і Манчагорску (Мурманская вобласьць). Алюмінавая прамысловасьць месьцілася каля ГЭС, што выраблялі танную электраэнэргію, — у Краснаярску, Брацку і Саянску ў Іркуцкай вобласьці, Валгаградзе, Кандалакшы (Мурманская вобласьць) і Волхаве (Ленінградзкая вобласьць). Цынавы канцэнтрат здабывалі на паўночным усходзе Сыбіры. Выплаўлялі цыну ў Новасыбірску і Падольску (Маскоўская вобласьць). На долю Расеі прыпала каля 10% сусьветнага экспарту каляровых мэталаў[2].

На машынабудаваньне ў 1999 годзе прыпала 18% СУП Расеі. Вылучалася 5 галінаў: цяжкае, агульнае і сярэдняе машынабудаваньне, прыладабудаваньне і станкабудаваньне. Машынабудаваньне мела паўсюднае пашырэньне на землях Расеі. Сярод галінаў вылучалася вытворчасьць абсталяваньня: 1) для мэталюргіі — Орск, Екацярынбург, Краснаярск, Іркуцк і Сызрань; 2) горна-шахтавага — Кемерава, Краснаярск, Чарамхова (Іркуцкая вобласьць) і Капейск (Чалябінская вобласьць); 3) для нафтавай і газавай прамысловасьці — Валгаград, Самара, Цюмень і Екацярынбург; 4) энэргетычнага — Санкт-Пецярбург, Новасыбірск, Екацярынбург, ВалгадонскАтаммаш», Растоўская вобласьць) і Барнавул (Алтайскі край); 5) кавальска-прэсавага і цяжкіх станкоў — Колпіна, Іванава, Варонеж і Ўльянаўск; 6) вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў — Масква, Санкт-Пецярбург, Екацярынбург, Тула, Іжэўск і Ніжні Ноўгарад. Лякаматывы выраблялі ў Мураме (Уладзімерская вобласьць), Каломне (Маскоўская вобласьць), Бранску і Людзінаве (Калуская вобласьць). Электравозы выпускалі ў Новачаркаску (Растоўская вобласьць). Грузавыя вагоны — у Ніжнім Тагіле, Абакане (Хакасія), Цьвяры, Алтайску і Калінінградзе. Пасажырскія вагоны — у Санкт-Пецярбургу і Цьвяры. Вагоны для мэтрапалітэну — у Санкт-Пецярбургу і Мыцішчах (Маскоўская вобласьць, вагон 81-717/714). Найбольшымі асяродкамі марскога суднабудаваньня былі Санкт-Пецярбург, Выбарг (Ленінградзкая вобласьць), Калінінград, Архангельск, Уладзівасток і Севераморск (Мурманская вобласьць); рачнога — Ніжні Ноўгарад, Валгаград, Цюмень і Краснаярск. Асяродкамі вытворчасьці самалётаў былі Смаленск, Варонеж, Саратаў, Іркуцк і Камсамольск-на-Амуры; верталётаўКазаньКазанскі верталётны завод») і Растоў-на-Доне. У 1999 годзе вырабілі 175 000 грузавых аўтамабіляў, большасьць зь якіх у Маскве («Завод імя Ліхачова»), Ніжнім Ноўгарадзе («Горкаўскі аўтамабільны завод»), Набярэжных Чаўнах (Татарстан, «КамАЗ») і Міясе (Чалябінская вобласьць, «Урал»). Таксама выпусьцілі 954 000 легкавых аўтамабіляў у Маскве («Масквіч»), Ніжнім Ноўгарадзе, Ульянаўску («УАЗ»), Іжэўску, Ялабузе (Татарстан) і Серпухаве (Маскоўская вобласьць). Урэшце 50 000 аўтобусаў — у Лікіна-Дулёве (Маскоўская вобласьць, «Лікінскі аўтобусны завод») і Паўлаве (Ніжагародзкая вобласьць, «Паўлаўскі аўтобус»). Выпускаліся камбайны 4 відаў: 2000 збожжаўборачных — у Растове-на-Доне, Таганрогу (Растоўская вобласьць) і Краснаярску; ільноўборачныя ў Бежацку (Цьвярская вобласьць); бульбаўборачныя ў Туле і Разані; сіласаўборачныя ў Люберцах (Маскоўская вобласьць). У 1999 годзе выпусьцілі 15 400 трактароў, большасьць зь якіх у Валгаградзе, Чалябінску, Уладзімеры, Чэбаксарах (Чувашыя) і Санкт-Пецярбургу. Таксама выпусьцілі 7700 мэталарэзных станкоў, большасьць зь якіх у Маскве, Іванаве, Саратаве, Самары, Екацярынбургу і Санкт-Пецярбургу. Сярод побытавых прыладаў вырабілі 332 000 радыёпрымачоў, 281 000 тэлевізараў, 1,173 млн лядоўняў і маразільнікаў, 745 000 пыласмокаў і 999 000 пральных машынаў. Электронная прамысловасьць засяроджвалася ў Маскве, Арле, Самары і Пензе[2].

У 1999 годзе хімічная прамысловасьць дала 7,3% СУП і цалкам забясьпечвалася мясцовай сыравінай. У 1999 годзе вырабілі 11,5 млн тонаў мінэральных угнаеньняў, што было 5-м паказьнікам у сьвеце, 136 000 хімічных валокнаў, 2,2 млн тонаў сынтэтычнай смалы і плястмасы, 28 млн шынаў, 7,1 млн тонаў серчанай кісьлі, 1,9 млн т кальцынаванай і 1 млн т каўстычнай соды. Азотныя ўгнаеньні выраблялі ў Новамаскоўску (Тульская вобласьць), Ніжнім Тагіле, Кемераве, Ноўгарадзе, Тальяці (Самарская вобласьць) і Нявіннамыску (Стаўрапольскі край). Калійныя — у Беразьніках і Салікамску (Пермская вобласьць). Фосфарныя — у Васкасенску (Маскоўская вобласьць), Бранску, Пярмі і Краснаўральску. Хімічныя валокны выпускалі ў Энгельсе і Балакове (Саратаўская вобласьць), Цьвяры, Кліне (Маскоўская вобласьць), Серпухаве і Разані. Плястмасу — у Ніжнім Тагіле, Цюмені, Уфэ, Казані і Мыцішчах. Соду — у Бярэзьніках, Салікамску, Стэрлітамаку (Башкартастан) і Каменск-Уральскі (Сьвярдлоўская вобласьць). Лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлёзна-папяровая прамысловасьць дала 3,9% СУП і мела трывалую сыравінную базу ў 4-х гаспадарчых раёнах: 1) Паўночна-Заходні — Котлас (Архангельская вобласьць), Сыктыўкар (Комі), Кондапага (Рэспубліка Карэлія) і Себеж (Пскоўская вобласьць); 2) Уральскі — Краснакамск (Пермская вобласьць), Салікамск і Перм; 3) Волга-Вяцкі — Балахна і Праўдзінск (Калінінградзкая вобласьць); 4) Заходне-Сыбірскі. Вытворчасьць справавой драўніны склала 69,8 млн м³ (4-е месца ў сьвеце), піламатэрыялаў — 19,1 млн м³ (6-е месца), паперы — 3 млн тонаў, кардону — 1,6 млн т і фанэры — 1,3 млн м³. Пашырэньне мела вытворчасьць мэблі, драўнянавалакністых (ДВП) і драўнянастружкавых плітаў (ДСП). Прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў разам са шкляной склала 4,2% прамысловасьці. Ва ўсіх гаспадарчых раёнах выраблялі цэмэнт (28,5 млн тонаў), зборныя жалезабэтонныя канструкцыі (14,2 млрд м³) і будаўнічую цэглу (10,5 млрд штук, 2-е месца ў сьвеце). На Гусь-Хрустальны ва Ўладзімерскай вобласьці прыпадала каля 50% вытворчасьці шкла. Спад прамысловай вытворчасьці ў найбольшай ступені адбіўся на тэкстыльнай прамысловасьці, што страціла сыравінную базу ў Сярэдняй Азіі. Вытворчасьць тканіны ў 1999 годзе склала 1657 млн м². Расея займала 5-е месца ў сьвеце паводле вытворчасьці баваўнянай тканіны і 14-е — паводле вытворчасьці шарсьцяных. Таксама выпусьцілі 29,9 млн параў абутку, 215 млн шкарпэтак і 79,2 млн трыкатажных вырабаў. Каля 70% вытворчасьці тканіны засяроджвалася ў Цэнтральным гаспадарчым раёне — Іванава, Масква, Уладзімер, Яраслаўль, Кінешма (Іванаўская вобласьць) і Нара-Фамінск (Маскоўская вобласьць). Харчовая прамысловасьць дала 13,7% прамвытворчасьці, большасьць якой забясьпечылі 9 галінаў: малочная, мясная, цукровая, алейная, рыбная і рыбакансэрвавая, мукамольная, масларобная, сьпіртавая і піваварная. У 1999 годзе вытворчасьць малака склала 5,5 млн тонаў, цукру — 6,9 млн т (2-е месца ў сьвеце), алею — 845 000 тонаў. Мясная прамысловасьць атрымала найбольшае разьвіцьцё ў Цэнтральным і Паўночна-Каўкаскім раёнах. Цукровая і алейная — Цэнтральна-Чарназёмным, Паўночна-Каўкаскім і Паволскім. Рыбная і рыбакансэрвавая — у партовых гарадах Мурманск, Архангельск, Калінінград, Астрахань і Ўладзівасток[2].

На долю сельскай гаспадаркі ў 1999 годзе прыпала 5,5% СУП. Расьлінаводзтва дало 51,8% валавай вытворчасьці, рэшту — жывёлагадоўля. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы сабралі 92% збожжа, 93,8% цукровых буракоў і 86,1% сланечніку. На фэрмэрскія і падсобныя гаспадаркі прыпала 93% збору бульбы, 79,1% агародніны, 61,3% вытворчасьці мяса і 50,9% малака. Сельская гаспадарка не забясьпечала патрэбы насельніцтва Расеі ў мясе і малацэ, якія пераважна завозілі з краінаў Заходняй Эўропы. Угодзьдзі займалі 222 млн гектараў (2,22 млн км², 13% земляў), зь іх пад збожжам 52,7%, кармавымі расьлінамі 34%, тэхнічнымі 8,5%, бульбай і гароднінай 4,8%. Асновай сельскай гаспадаркі была вытворчасьць збожжа. Асноўнай культурай была пшаніца, якая займала 1/3 плошчы. Яе вырошчвалі ў Цэнтральна-Чарназёмным, Паўночна-Каўкаскім, Паволскім і Заходне-Сыбірскім раёнах. Жыта, ячмень, авёс і грэчку сеялі ў лясной зоне. Кукурузу і проса — у лесастэпавай і стэпавай. Рыс — на Далёкім Усходзе і Паўночным Каўказе (нізоўі рэк Кубань і Церак). Сою — на Далёкім Усходзе. Цукровыя буракі і сланечнік вырошчвалі пераважна ў Цэнтральна-Чараназёмным раёне, на Паўночным Каўказе і ў Паволжы. Лён-даўгунец — у Цэнтральным і Паўночна-Заходнім раёнах. Бульбу і агародніну — амаль паўсюдна. Пладова-ягадныя насаджэньні і вінаграднікі пераважалі на Паўночным Каўказе. У 1999 годзе збор збожжа склаў 54,7 млн тонаў (ураджайнасьць 11,7 цэнтнэр/га), цукровых буракоў — 15,7 млн т (169 ц/га), сланечніку 4,1 млн т (7,4 ц/га), ільну-даўгунцу 23,7 млн т (2,3 ц/га), бульбы — 31,3 млн т (96 ц/га) і гародніны — 12,3 млн т (142 ц/га). Жывёлагадоўля мела мяса-малочны кірунак. На 2000 годзе налічвалася 350 млн галоваў птушкі, 27,5 млн — буйной рагатай жывёлы, зь іх 12,9 млн кароваў, 18,3 млн сьвіней і 14 млн авечак і козаў. Найбольшае пагалоўе буйной рагатай жывёлы было ў Паволжы, Цэнтральным раёне і Заходняй Сыбіры. Сьвіней было найбольш у Цэнтральна-Чарназёмным раёне, Паволжы і на Паўночным Каўказе. Авечак і козаў пераважна гадавалі ў Паволжы, на Паўночным Каўказе і ва Ўсходняй Сыбіры. Аленегадоўля была пашыранай у тундры і лесатундры. Пчалярства — у Татарстане і Башкартастане, на Алтаі і Далёкім Усходзе. Рыбалоўства было разьвітым у навакольных морах, унутраных вадаёмах і сажалках. Улоў рыбы ў 2000 годзе склаў 4,7 млн тонаў. Здабывалі таксама крэвэтак, крабаў, малюскаў і водарасьці. З улікам прыродных асаблівасьцяў у Расеі вылучалі 10 гаспадарчых раёнаў: Паўночна-Заходні, Цэнтральны, Волга-Вяцкі, Цэнтральна-Чарназёмны, Паволскі, Паўночна-Каўкаскі, Уральскі, Заходне-Сыбірскі, Усходне-Сыбірскі і Далёкаўсходні[2].

Паслугі перавозак далі 6,6% СУП у 1999 годзе. Да ліку асноўных належала 5 відаў шляхоў зносін: чыгуначныя, марскія, рачныя, паветраныя і трубаправодныя. У грузаабароце на трубаправоды прыпадала 57,5%, чыгунку 36,3%, марскія перавозкі 3,6%, рачныя 1,9% і аўтамабільныя 0,7%. У паяжджанаабароце вядучае месца належала аўтамабільным (36,5%), чыгуначным (30%) і паветраным (11,3%) шляхам зносінаў. Даўжыня чыгунак складала 86 200 км (3-е месца ў сьвеце), зь іх 30% элетрыфікавалі. Асноўныя чыгуначныя магістралі мелі шыротны напрамак. Галоўныя паяджанапатокі чыгункай ішлі між Масквой, Санкт-Пецярбургам і курортным гарадамі Каўказа. Марскія перавозкі былі асноўным спосабам зьнешнегаспадарчых сувязяў. На 1999 год налічвалася 695 суднаў з агульным танажам 3,9 млн рэгістровых тонаў. Каля 90% зьнешняга грузаабароту прыпадала на Балтыйскае, Чорнае і Азоўскае моры. Галоўнымі партамі былі Санкт-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Новарасейск (Краснадарскі край), Уладзівасток, Находка (Прыморскі край) і Туапсэ (Краснадарскі край). Даўжыня рачных суднаходных шляхоў складала 89 100 км. Буйныя рэкі эўрапейскай часткі Расеі пры дапамозе каналаў утваралі адзіную глыбакаводную сетку шляхоў. На долю Волгі і яе прытокаў прыпадала 60% рачнога грузаабароту. Рачныя перавозкі мелі вялікае значэньне для поўначы Сыбіры. Даўжыня аўтадарог складала 573 500 км, зь іх 90% зь цьвёрдым пакрыцьцём. Аўтамагістралі разыходзіліся ад Масквы да марскіх партоў і іншых буйных гарадоў. Паветраныя шляхі зносінаў пераважна выкарыстоўвалі для перавозкі людзей, хуткапсавальных грузаў і для дастаўкі грузаў у аддаленыя мясьціны на поўначы. Налічвалася 845 лётнішчаў, зь іх 45 міжнародных і 66 фэдэральных. Галоўныя лётнішчы месьціліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Новасыбірску, Екацярынбургу, Адлеры (Краснадарскі край), Мінэральных Водах (Стаўрапольскі край), Краснаярску і Растове-на-Доне. Адзіная сетка нафта- і газаправодаў злучала месцы здабычы з прамысловымі цэнтрамі Расеі і краінамі Цэнтральнай Эўропы. Даўжыня трубаправодаў складала 213 800 км. У 1999 годзе па іх перамясьцілі 802 млн тонаў грузаў. Зьнешні гандаль у 1999 годзе склаў $123,6 млрд, зь іх экспарт $75,4 млрд. У экспарце пераважалі нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, электраэнэргія, чорныя і каляровыя мэталы, каштоўныя камяні, машыны і абсталяваньне, узбраеньне і хімічныя вырабы. Сярод увозімых тавараў пераважалі машыны і абсталяваньне, харчаваньне, хімічныя вырабы, чорныя і каляровыя мэталы, вырабы з каштоўных камянёў. Галоўнымі гандлёвымі партнэрамі былі: Нямеччына (8,3% экспарту і 12,7% імпарту), Беларусь (6,4% і 10,4%), Украіна (7,7% і 7,4%), ЗША (7,4% і 9,5%), Італія (4,5% і 4,2%) і Вялікабрытанія (4,1% і 2,8%). Беларуска-расейскі гандаль склаў $7 млрд за 1999 год, зь іх $3,8 млрд прыпала на экспарт. У Беларусь пастаўлялі нафту, прыродны газ, каменны вугаль, электраэнэргію, цэлюлёзу, паперу і кардон, чорныя мэталы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, трактары, тэлевізары, лядоўні і маразільнікі, радыёпрымачы і мэталапракат. На 1999 год у Расеі налічвалася 25 000 сумесных прадпрыемстваў. свабодныя эканамічныя зоны працавалі ў Санкт-Пецярбургу і Выбаргу, на Сахаліне, у Кузбасе і Калінінградзкай вобласьці. Дзейнічала каля 8000 падарожніцкіх прадпрыемстваў. У 1998 годзе Расею наведала 15,8 млн падарожнікаў. Прыбытак ад падарожніцтва склаў $7,1 млрд[2].

На 2013 год у Расеі налічвалася звыш 3,5 млн іншаземцаў, якія былі ўцягнутымі ў ценявое прадпрымальніцтва, у тым ліку ў складзе злачынных груповак[3].

Крыніцы[edit | edit source]

  1. ^ а б в г д е ё ж з Грамадзка-гаспадарчае становішча Расеі за 2018 год(рас.) // Фэдэральная служба дзяржаўнай статыстыкі Расеі, 7 лютага 2019 г. Праверана 28 студзеня 2020 г.
  2. ^ а б в г д е ё Пётар Рогач. Расея (гаспадарка) // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 328—329. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
  3. ^ Надзея Юшкевіч. Як бізнэсу знайсьці рабочых // Зьвязда : газэта. — 6 лістапада 2013. — № 210 (27575). — С. 7. — ISSN 1990-763x.