Перайсьці да зьместу

Пражытковы мінімум

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Пражытачны мінімум»)
пражытковы мінімум
эканамічны паказьнік
Падкляса адмінімум, даход Рэдагаваць
Частка больш агульнагаспажывецкі кошык Рэдагаваць

Пражытковы мінімум[1] — найменшыя выдаткі на набыцьцё спажывецкіх тавараў і паслугаў для задавальненьня асноўных фізыялягічных і грамадзка-культурных патрэбаў чалавека.

Распрацоўваецца ў сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго чальца сям'і рознага складу. Натуральна-рэчавая будова ўтвараецца на аснове набору тавараў і паслугаў, што задавальняюць функцыянальныя патрэбы на пэўным адрэзку часу ва ўмовах канкрэтнай краіны. Улучае асноўныя крыніцы выдаткаў: харчаваньне, адзеньне, бялізну і абутак, лекі, прадметы гігіены і санітарыі, мэблю, прадметы гаспадарчага і культурна-побытавага прызначэньня, культурна-асьветныя мерапрыемствы і адпачынак, побытавыя паслугі, перавозкі і сувязь, а таксама ўтрыманьне дзіцяці ў дашкольнай установе. Служыць нарматывам для разьліку: зьмяненьня роўню жыцьця насельніцтва, забесьпячэньня найменш абароненых слаёў насельніцтва, мінімальнага заробку, пэнсіі, стыпэндыі і іншай маёмаснай дапамогі насельніцтву[2], як то алімэнты і дапамога сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей і і даглядаюць інвалідаў[3].

Згодна з Законам ад 9 студзеня 1992 году бюджэт пражытковага мінімуму зацьвярджаў урад Беларусі. Падлік ажыцьцяўлялі з улікам прапановаў прафсаюзаў і аб'яднаньняў. Яго памер пераглядалі штоквартал з улікам росту спажывецкіх цэнаў, а яго склад — кожныя 5 гадоў з улікам зьмяненьня ў нормах спажываньня. Цягам тыдня ад зацьвярджэньня яго будову і грашовую велічыню абнародавалі ў дзяржаўным друку[2].

6 студзеня 1999 году прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка падпісаў Закон «Аб пражытковым мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь». Згодна з 3-м артыкулам Закону найменшы набор харчовых вырабаў для пражытковага мінімуму вызначалі на падставе нормаў спажываньня, якія распрацоўвала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі сумесна зь Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і навуковымі ўстановамі. Нехарчовыя тавары і паслугі ўлучалі ў пражытковы мінімум як вызначаную долю ад кошту найменшага набору харчаваньня. Такую долю вызначалі на падставе статыстыкі пра абсяг нехарчовага спажываньня малазабясьпечанымі грамадзянамі. Паводле 4-га артыкула, Урад Беларусі зацьвярджаў Палажэньне аб разьліку бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ), а Мінпрацы Беларусі — яго памер у цэнах апошняга месяца кожнага квартала. У 6-м артыкуле прадугледжвалася выкарыстаньне БПМ у якасьці меркі прызнаньня грамадзянаў малазабясьпечанымі, што давала права на дзяржаўную маёмасную дапамогу[4].

4 верасьня 2014 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 865, якой зацьвердзіў Палажэньне аб парадку разьліку бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ). Кошт нехарчовых тавараў і паслугаў вызначылі ў 77 % ад найменшага набору харчаваньня. Адпаведную нехарчовую долю падлічылі на падставе зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі пра выдаткі малазабясьпечаных хатніх гаспадарак за 2009—2013 гады. У разьліку ўлічылі выдаткі на: адзеньне, абутак і тканіну, мэблю, побытавыя прадметы, асабістыя паслугі і прадметы асабістага карыстаньня, жыльлёва-камунальныя паслугі, ахову здароўя, паслугі адукацыі, грамадзкага транспарту і сувязі. Штоквартальны разьлік БПМ перадалі Мінпрацы ад ўраду. Яго разьлічвалі для 6 групаў насельніцтва: працаздольных дарослых, пэнсіянэраў і студэнтаў, а таксама дзяцей да 3-х гадоў, ад 3-х да 6 гадоў і ад 6 да 18 гадоў. У якасьці БПМ у сярэднім на душу насельніцтва прынялі сярэднедушавы БМП сям'і з 4-х чалавек, якая складалася з мужа, жонкі, сына 13 гадоў і дачкі 7 гадоў[5].

9 лістапада 2021 году ўрад Беларусі ўхваліў Пастанову № 637, якой узьняў нехарчовую долю ў БПМ да 83 % ад кошту харчаваньня. У склад найменшага набору харчаваньня ўваходзілі 42 вырабы. Сярод іх для дарослых і дзяцей прызначалася па 41 вырабе. Гэтак у набор для дарослага мужчыны ўлучылі 1,3 кг маргарыну, а для дзіцяці — 2,2 кг манных крупаў. Агульным быў сьпіс 40 харчовых вырабаў, у які ўваходзілі: жытні і пшанічны хлеб, пшанічная мука і макарона, рыс, аўсяныя, грачаныя, прасяныя і груцавыя крупы, бабовыя і бульба, капуста, морква, буракі, зеляніна, агуркі, таматы і іншая агародніна, агароднінныя кансэрвы, алей і масла, малако і кісламалочныя вырабы, сьмятана, сыр і тварог, яйкі, каўбаса, ялавічына, сьвініна і мясныя субпрадукты, мяса птушкі, сьвежамарожаная рыба і салёны селядзец, садавіна і садавінавыя сокі, цукар і сушаная садавіна, гарбата і соль[6].

Сярэдні БПМ (рублёў)[7]
Год 1 лютага 1 траўня 1 жніўня 1 лістапада
2024 406,74 418,73 433
2023 341,48 352,13 364,4 367,79
2022 296,55 311,15 328,5 339,83
2021 262,87 273,27 283,46 288,01
2020 239,87 246,78 256,1 258,11
2019 216,9 224,02 230,91 231,83
2018 199,32 206,58 213,67 214,21
2017 180,1 183,82 197,57 197,81
2016* 1 591 310 1 699 430 175,5 174,52
2015 1 428 100 1 474 870 1 569 130 1 567 810
2014 1 128 070 1 212 470 1 343 420 1 396 020
2013 924 150 974 110 1 026 290 1 047 530
2012 706 880 743 020 843 870 880 030
2011 296 870 343 260 442 360 574 790
2010 255 220 266 230 274 510 283 050
2009 234 370 243 570 249 410 250 070
2008 223 660
*Дэнамінацыя 1 ліпеня 2016 году ў 10 000 разоў.
  1. ^ Альбэрт Паўловіч, Дзяніс Крывадуб, М. Эвенчык. прожиточный минимум — пражытковы мінімум // Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі / рэд. Іпаліт Поляк. — Менск: Інбелкульт, 1928. — 71 с. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія). — 1000 ас.
  2. ^ а б Пражытачны мінімум // Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 427—428. — 636 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-087-4
  3. ^ Памер БПМ павялічваецца з 1 жніўня // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 ліпеня 2024 г. Праверана 31 ліпеня 2024 г.
  4. ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 1999 г. № 239-З «Аб пражытковым мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь» (рас.) // Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, 2022 г. Праверана 31 ліпеня 2024 г.
  5. ^ БелТА. Пражытачны мінімум будзе разьлічвацца па-новаму // Зьвязда : газэта. — 9 верасьня 2014. — № 170 (27780). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Раман Галоўчанка. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2021 г. № 637-З «Аб зьмяненьні пастановаў Савата міністраў Рэспубліцы Беларусь у пытаньнях сацыяльных нарматываў» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 11 лістапада 2021 г. Праверана 31 ліпеня 2024 г.
  7. ^ Бюджэт пражытковага мінімуму (рас.) // Партал «Эталён-Анлайн», 31 ліпеня 2024 г. Праверана 31 ліпеня 2024 г.