Атамная электрастанцыя
Атамная электрастанцыя (АЭС) — комплекс тэхнічных збудаваньняў, прызначаны для выпрацоўкі электрычнай энэргіі праз выкарыстаньне энэргіі, якая выдзяляецца пры кантраляванай ядзернай рэакцыі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першую ў сьвеце АЭС магутнасьцю 5 мэгават запусьцілі ў 1954 г. у СССР (Обнінск, Калуская вобласьць, Расейская СФСР). 26 красавіка 1986 г. на Чарнобыльскай АЭС (Кіеўская вобласьць, Украінская ССР, СССР) адбылася аварыя, наступствы якой найбольш адбіліся на Беларусі. З 2007 г. у Беларусі вядзецца падрыхтоўка да будаўніцтва Беларускай АЭС.
Выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цягам 1993—2012 гадоў дзель АЭС у вытворчасьці электраэнэргіі ў сьвеце скарацілася з 17% да 11%[1]. У 2004 г. атамныя электрастанцыі ўсяго сьвету выраблялі 6,5% ад усёй спажыванай сьветам энэргіі і 15,7% — электраэнэргіі. 57% ўсёй электраэнэргіі, якая выраблялася на АЭС, прыпадала на ЗША, Францыю і Японію. На сакавік 2010 г. у сьвеце працавала 436 ядзерных рэактараў, зь іх 104 (24%) у ЗША[2]. Адпаведна найбольш электрычнасьці з дапамогай ядзернай энэргетыкі вырабляюць ЗША (кожная 5-я кіляват-гадзіна мае атамнае паходжаньне). У Францыі ў 2006 годзе 80% з агульнага балянсу электраэнэргіі прыпадала на АЭС. Агулам у Эўрапейскім Зьвязе вырабляюць 30% электрычнасьці на АЭС (хоць у некаторых краінах ЭЗ ядзернай энэргетыкі наогул няма).
Прынцып дзеяньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуюць адна-, двух- і трохконтурныя АЭС.
У аднаконтурных АЭС вада падаецца непасрэдна ў ядзерны рэактар, дзе яна выпарваецца і ў выглядзе пары прыводзіць у рух паравую турбіну, за кошт энэргіі якой электрагенэратар вырабляе электраэнэргію. Пара ў турбіне зьмяншае сваю тэмпэратуру і ціск. Пасьля турбіны пара кандэнсуецца ў кандэнсатары (каб працэс кандэнсацыі пачаў адбывацца пару ахалоджваюць ахалоджвавальнай вадой з вадасховішча або градзірні. Кандэнсат сьціскаецца да першапачатковага ціску і працэс паўтараецца.
У двухконтурных станцыях цяплыня ад рэактара перадаецца цепланосьбіту першага контура, які празь цеплаабменьнік (парагенэратар), у сваю чаргу, выпарвае ваду другога контура. У другім контуры выкарыстоўваецца толькі вада (якая пераходзіць у пару, потым у ваду і г. д.), у першым жа контуры могуць выкарыстоўвацца расплаўлены мэтал, газ або вадкасьць (часта выкарыстоўваюць ваду), пры гэтым яе могуць толькі награваць (як, напрыклад, у рэактарах ВВЭР) або выпарваць.
Трохконтурнымі зьяўляюцца станцыі з рэактарамі на хуткіх нэўтронах. Першы і другі контуры натравыя, трэці — вадзяны.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі – найвялікшае злачынства супраць беларускага народу // Беларуская Салідарнасьць, 14 красавіка 2014 г. Праверана 15 красавіка 2014 г.
- ^ Інга Міндалёва. Пастка для расплаву беларускай АЭС // Зьвязда : газэта. — 2 сакавіка 2010. — № 38 (26655). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула пра ядзерную ці атамную фізыку. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |