Беспрацоўе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Беспрацоўе — працяглая адсутнасьць занятасьці працаздольнага чалавека. Азначае адсутнасьць вытворчасьці і даходу, прастой асноўнага капіталу і страту працоўных сродкаў[1]. Беспрацоўнымі лічацца людзі працаздольнага (18—60 гадоў) узросту, якія ня маюць працы, пры гэтым не зьяўляюцца студэнтамі, пэнсіянэрамі ці ваеннаслужачымі і зарэгістраваныя ў цэнтры занятасьці. Узровень беспрацоўя вымяраецца суадносінамі долі беспрацоўных у насельніцтве. Для вымярэньня ўсіх працаздольных дзеляць на: эканамічна актыўных (занятыя, беспрацоўныя) і пасіўных (студэнты, ваенныя, пэнсіянэры). Паводле закону Оўкэна(en), 2%-ы рост вытворчасьці зьмяншае на 1% цыклічнае беспрацоўе. Выкананьне ўрадамі антыманапольнага заканадаўства спрыяе пераадоленьню беспрацоўя, бо дапамагае самазанятасьці ў выглядзе дробнага прадпрымальніцтва. Скарачэньню працягласьці беспрацоўя ў выніку паскарэньня пошуку найму таксама спрыяе біржа працы[1].

Узровень беспрацоўя па краінах на 2006 год паводле ЦРУ

На 2012 г. у сьвеце налічвалася 200 млн беспрацоўных (6% агульнага ліку працаўнікоў), зь іх 74,8 млн (37%) маладых людзей[2].

Тыпы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • фрыкцыйнае — пераход людзей зь месца на месца ў пошуках лепшай працы
  • структурнае — у сувязі з мадэрнізацыяй вытворчасьці
  • натуральнае — сума фрыкцыйнага і струтурнага, той узровень, пры якім ня падае ВНП. Нормай беспрацоўя лічыцца 2—5%.
  • цыклічнае — беспрацоўе ва ўмовах эканамічнага спаду.

Скажэньне вымярэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памылковаму вымярэньню беспрацоўя спрыяюць: ілжывая інфляцыя, частковая занятасьць, адчай людзей знайсьці працу, не зарэгістраваныя грамадзяне.

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • спад ВНП
  • зьмяншэньне даходаў і павышэньне расходаў дзяржавы
  • пагоршаньне дэмаграфічнай сытуацыі
  • рост злачыннасьці

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 1890 год 1127,8 тыс. вясцоўцаў Беларусі (38,9% працаздольных дарослых на вёсцы) былі беспрацоўнымі да 5 месяцаў на год, што выклікала адыходніцтва. У 1900 годзе, у выніку пачатку сусьветнага крызісу, лік беспрацоўных на вёсцы вырас да 2039,8 тыс. чалавек (56,9% працаздольных вяскоўцаў). У 1903 годзе каля 19% прамысловых работнікаў Беларусі сталі беспрацоўнымі ў выніку спаду вытворчасьці падчас гаспадарчага крызісу(en) ў Расейскай імпэрыі. За 1864—1914 гады, цягам 50 гадоў між паўстаньнем Кастуся Каліноўскага і Першай сусьветнай вайной, 1,4 млн беспрацоўных (18,7% насельніцтва Беларусі) перасяліліся зь Беларусі ў Амэрыку і Сыбір (Расейская імпэрыя), на расейскі Далёкі Ўсход і ў Заходнюю Эўропу. У 1921 годзе ў Беларускай ССР улічылі 7,8 тыс. беспрацоўных, у жніўні 1924 году — 25,9 тыс., у 1928 годзе — 64,4 тыс. беспрацоўных. Асноўнай прычынай беспрацоўя заставалася перанаселенасьць вёскі. У 1931 годзе індустрыялізацыя скараціла беспрацоўе да натуральнага (структурнае + фрыкцыйнае). У 1936 годзе ў Заходняй Беларусі (Польская рэспубліка: Беластоцкае, Віленскае, Наваградзкае і Палескае ваяводзтвы) налічвалася 25 тыс. беспрацоўных. На пачатак 1994 году ў Рэспубліцы Беларусь налічвалася 66 тыс. беспрацоўных (1,4% працаздольных), зь іх 52% атрымлівалі ўрадавыя страхавыя выплаты (дапамогу). Функцыю біржаў працы выконвалі цэнтры занятасьці[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Беспрацоўесховішча мультымэдыйных матэрыялаў