Перайсьці да зьместу

Казанскі верталётны завод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 55°51′23″ пн. ш. 49°2′15″ у. д. / 55.85639° пн. ш. 49.0375° у. д. / 55.85639; 49.0375

«Казанскі верталётны завод»
рас. «Казанский вертолётный завод»
Тып публічнае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 4 верасьня 1940 (84 гады таму)
Заснавальнікі Народны камісарыят авіяцыйнай прамысловасьці СССР
Краіна Расея
Разьмяшчэньне Татарстан
Адрас Казань, Авіябудаўнічы раён, Тэцэўская вул., д. 14[1]
Ключавыя фігуры Юры Пустаўгараў[2]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя верталёт
Абарачэньне 25 253,5 млн рас.руб.[3] (2016 г.; $415,628 млн)
Апэрацыйны прыбытак 416,837 млн рас.руб. (2016 г.; $6,86 млн)
Чысты прыбытак 129,9 млн рас.руб. (2016 г.; $2,137 млн)
Лік супрацоўнікаў 7000 (2013 г.)
Матчына кампанія АТ «Верталёты Расеі» (Масква)
Аўдытар ТАА «Фінансавыя і бухгальтарскія кансультанты» (Масква)[4]

«Каза́нскі верталё́тны заво́д» — дзяржаўнае авіябудаўнічае прадпрыемства Расеі, заснаванае ў верасьні 1940 году ў якасьці «Ленінградзкага авіязаводу № 387».

З 1941 году месьціцца ў Казані (Татарстан). На 2019 год ПАТ «Казанскі верталётны завод» выпускала 3 мадэлі верталётаў:

  • сярэдні «Мі-8» — хуткасьць да 250 км/гадзіна, далёкасьць палёту да 610 км, практычная столь 6 км, карысная нагрузка да 4 тонаў, 3 чалавекі лётнага экіпажу і да 26 пасажыраў[5], выкарыстоўваўся як грузавы, пасажырскі, пошукава-ратавальны і супрацьпажарны[6];
    • вайсковы «Мі-8» — да 36 дэсантнікаў або 12 параненых на насілках, далёкасьць палёту з 2 дадатковымі паліўнымі бакамі да 1065 км, ракеты С-8 (калібр 80 мм), 23-мілімэтровыя гарматы, да 8 агнявых кропак, у тым ліку насавы і кармавы танкавыя кулямёты Калашнікава, па бартах мадэрнізаваныя аўтаматы АКМ і кулямёты Калашнікава, у тым ліку ручныя[7];
  • лёгкі «Ансат» — хуткасьць да 275 км/гадзіна, далёкасьць палёту да 510 км, практычная столь 5,5 км, карысная нагрузка 1234 кг, 1-2 чалавекі лётнага экіпажу і да 8 пасажыраў[8]
  • пасажырскі «Мі-38» — хуткасьць да 290 км/гадзіна, далёкасьць палёту 420 км з 5 тонамі грузу, практычная столь 5,9 км, 1-3 чалавекі экіпажу і да 30 пасажыраў[9].
Верталёт «Мі-17» (Маскоўскі авіясалён, 2007 г.)

4 верасьня 1940 году Народны камісарыят авіяцыйнай прамысловасьці СССР зацьвердзіў Загад аб стварэньні «Ленінградзкага авіяцыйнага заводу № 387» (Расейская СФСР). Улетку 1941 году авіязавод вывезьлі ў Казань (Татарская АССР) у сувязі зь нямецкай блякадай Ленінграда, дзе аб’ядналі з заводам абозных дэталяў № 169. Падчас Нямецка-савецкай вайны прадпрыемства вырабіла каля 10 500 біплянаў «По-2», што склала 10 % выпушчаных у СССР баявых самалётаў. У 1947—1951 гадах на заводзе выпусьцілі звыш 9000 самаходных камбайнаў «Сталінец-4», якія былі першымі ў СССР. У 1951 годзе «Казанскі верталётны завод» пачаў вырабляць верталёты «Мі-1», якія сталі першымі сэрыйнымі ў СССР. У 1950—1960-х гадах выпускаў верталёты «Мі-4», што былі першымі пастаўленымі за мяжу. З 1965 году пачаў вырабляць верталёты «Мі-8», якія сталі найбольш пашыранымі. У 1976—2016 гадах «Казанскі верталётны завод» выпускаў марскі верталёт-амфібію «Мі-14». У 1980 годзе пачалі вырабляць мадыфікаваны верталёт «Мі-17» зь сілавой устаноўкай на 2 рухавікі ТВЗ-117. У 1993 годзе «Казанскі верталётны завод» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У 1999 годзе сталі выпускаць верталёт «Ансат» (з тат. лёгкі). У 2007 годзе «Казанскі верталётны завод» увайшоў у склад холдынга «Верталёты Расеі» (Масква, Цэнтральная адміністрацыйная акруга, раён Замаскварэчча)[10].

Верталёт «Ансат» (Масква, 2005 г.)

У 2018 годзе пад заказ Міністэрства абароны Расеі пачалі выпускаць верталёт «Мі-38», прыдатны для безангарнага захоўваньня. Ад заснаваньня да 2019 году на заводзе выпусьцілі звыш 12 000 верталётаў[11].

  • І.В. Федзін (1941—1945)
  • М.П. Сямёнаў (1945—1948)
  • Уладзімер Максімаў (1948—1961)
  • Фёдар Арыстаў (1961—1975)
  • Вадзім Бівойна (1975—1983)
  • Аляксандар Лаўрэнцьеў (1984—2007)
  • Вадзім Лігай (2007—2018)
  • Юры Пустаўгараў (з 2018 году)
  1. ^ Кантакты (рас.) // АТ «Верталёты Расеі», 2019 г. Праверана 1 траўня 2019 г.
  2. ^ Кіраўніцтва «Казанскага верталётнага заводу» (рас.) // АТ «Верталёты Расеі», 2019 г. Праверана 1 траўня 2019 г.
  3. ^ Бухгальтарская справаздачнасьць ПАТ «Казанскі верталётны завод» за 2016 год (рас.) // Цэнтар раскрыцьця карпаратыўнай інфармацыі (Інтэрфакс), 10 лютага 2017 г. Праверана 1 траўня 2019 г.
  4. ^ Аўдытарскае заключэньне ТАА «Фінансавыя і бухгальтарскія кансультанты» аб бухгальтарскай справаздачнасьці ПАТ «Казанскі верталётны завод» за 2016 год (рас.) // Цэнтар раскрыцьця карпаратыўнай інфармацыі, 29 сакавіка 2017 г. Праверана 1 траўня 2019 г.
  5. ^ Уласьцівасьці «Мі-8» (рас.) // АТ «Верталёты Расеі», 2019 г. Праверана 1 траўня 2019 г.
  6. ^ Апісаньне «Мі-8» (рас.) // АТ «Верталёты Расеі», 2019 г. Праверана 1 траўня 2019 г.
  7. ^ Уласьцівасьці вайсковага «Мі-8» (рас.) // АТ «Верталёты Расеі», 2019 г. Праверана 1 траўня 2019 г.
  8. ^ Уласьцівасьці «Ансату» (рас.) // АТ «Верталёты Расеі», 2019 г. Праверана 1 траўня 2019 г.
  9. ^ Уласьцівасьці «Мі-38» (рас.) // АТ «Верталёты Расеі», 2019 г. Праверана 1 траўня 2019 г.
  10. ^ Гісторыя «Казанскага верталётнага заводу» (рас.) // АТ «Верталёты Расеі», 2019 г. Праверана 1 траўня 2019 г.
  11. ^ Прадпрыемства «Казанскага верталётнага заводу» (рас.) // АТ «Верталёты Расеі», 2019 г. Праверана 1 траўня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]