Чашнікі
Чашнікі | |||||
трансьліт. Čašniki | |||||
У цэнтры места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1504 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Чашніцкі | ||||
Вышыня: | 136 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 8817 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2133 | ||||
Паштовы індэкс: | 211150 | ||||
СААТА: | 2251501000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°51′12″ пн. ш. 29°9′53″ у. д. / 54.85333° пн. ш. 29.16472° у. д.Каардынаты: 54°51′12″ пн. ш. 29°9′53″ у. д. / 54.85333° пн. ш. 29.16472° у. д. | ||||
± Чашнікі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://chashniki.vitebsk-region.gov.by/ |
Ча́шнікі — места ў Беларусі, на рацэ Вуле. Адміністрацыйны цэнтар Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 8817 чалавек[1]. Знаходзяцца за 95 км на паўднёвы захад ад Віцебску, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі (лінія Ворша — Лепель). Аўтамабільныя дарогі на Лепель, Новалукомаль, Сянно.
Чашнікі — даўняе мястэчка гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятога Спаса ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Лукі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Назва
Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму «Чашнікі». Паводле найбольш пашыранага зь іх, назва места ўтварылася ад слова чашнік — пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Іншая вэрсія зьвязвае тапонім з разьмяшчэньнем паселішча ў нізкім месцы на Чашніцкай нізіне (у «чашы»)[2]. Апроч гэтага, назву часам тлумачаць разьвіцьцём ганчарнай справы (месца выстворчасьці чашак)[3].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра Чашнікі зьмяшчаецца ў пераліку буйных паселішчаў Полаччыны і датуецца 1504 годам. У Інфлянцкую вайну, на загад Івана Жахлівага, на правым беразе Вулы збудавалі ўмацаваны замак (спалены ў 1708 годзе). У 1564 годзе каля Чашнікаў на Іванскіх палях абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Мікалая Радзівіла «Рудога» нечаканым ударам разьбілі 25-тысячнае маскоўскае войска Шуйскага. Сам Шуйскі загінуў у бітве. У 1567 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага зноў разьбілі маскоўскіх захопнікаў. З 1568 году Чашнікі знаходзіліся ў валоданьні Ганны Радзівілаўны. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы прымаў у мястэчку Шышмарова, пасла Івана Жахлівага.
З пачатку XVI стагодзьдзя Чашнікі знаходзіліся ў складзе Полацкага ваяводзтва, у валоданьні князёў Лукомскіх. У канцы XVI стагодзьдзя мясьціна перайшла да Кішкаў, у пачатку XVII стагодзьдзя — да Друцкіх-Сакалінскіх, пазьней Сапегаў. На 1633 год у Чашніках было 109 будынкаў, 16 крамаў[4], паселішча належала Казаноўскім. З 1649 году маёнтак быў у валоданьні Слушкаў. У 1664 годзе[4] харунжы Дамінік Служка фундаваў тут кляштар дамініканаў. У 1722 годзе мястэчка перайшло да С. Быкоўскага-Лапоты, у 1785 годзе — да Валадковічаў. У 1786 годзе пры дамініканскім кляштары збудавалі мураваны касьцёл, у якім захоўвалася цудоўная фігура Пана Езуса, шанаваная мясцовымі жыхарамі. У XVIII стагодзьдзі дзейнічала прыстань, больш за 40 складоў[4], працавалі майстэрні вырабу стругаў — гандлёвых суднаў. У гэты час Чашнікі атрымалі шэраг прывілеяў. У 1791 годзе мястэчка стала сталіцай Полацкага ваяводзтва.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Чашнікі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лепельскім павеце Полацкай, з 1796 году Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. У вайну 1812 году каля мястэчка адбылася бітва паміж расейскімі (пад камандай Вітгенштэйна) і францускімі (пад камандай Віктора) войскамі. У 1832 годзе па здушэньні вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады скасавалі кляштар дамініканаў, па чым парафію абслугоўвалі дыяцэзіяльныя ксяндзы. У 1843[5]—1845 гадох у мястэчку збудавалі Спаса-Праабражэнскую царкву. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў Чашніках налічвалася каля 2,5 тысячы жыхароў; сярод местачкоўцаў было нямала лёцманаў, якія наймаліся ўвесну на баркі, праводзячы іх Дзьвіною да Рыгі. У 1868 годзе па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл Сьвятога Лукі на царкву Маскоўскага патрыярхату.
У 1886 годзе ў Чашніках адкрылася папяровая фабрыка. Згодна з вынікамі перапісу 1897 году, у мястэчку было 703 будынкі, працавалі лячэбніца, аптэка, 2 народныя вучэльні. На 1906 год у Чашніках было 5 камяніц, 1332 драўляныя будынкі, зь якіх 642 жылыя, нежылыя — 695. У 1909 годзе адкрылася меская вучэльня, пераўтвораная ў 1913 годзе на вышэйшую пачатковую.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чашнікі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 17 ліпеня 1924 году Чашнікі вярнулі ў БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Віцебскай, пазьней Лепельскай акругаў. У 1925 годзе пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя Чашнікі. З 1938 году мястэчка знаходзіцца ў складзе Віцебскай вобласьці. 27 верасьня 1938 году Чашнікі атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 1962—1965 гадох Чашнікі ўваходзілі ў склад Бешанковіцкага раёну. 7 лютага 1966 году паселішча атрымала статус места. У 2004 годзе Чашнікі адзначылі сваё 500-годзьдзе. 20 студзеня 2006 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб[6].
-
Касьцёл Сьвятога Лукі і кляштар дамініканаў, 1913 г.
-
Касьцёл Сьвятога Лукі па руйнаваньні вежаў, 1941 г.
-
Галоўны алтар касьцёла, 1941 г.
-
Спаская царква, 1941 г.
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1838 год — 2783 чал. (1405 муж. і 1378 жан.), зь іх шляхты 3 муж. і 4 жан., духоўнага стану каталіцкага 6 муж. і 5 жан., духоўнага стану праваслаўнага 2 муж. і 3 жан., купцоў-юдэяў 35 муж. і 32 жан., мяшчанаў-юдэяў 767 муж. і 822 жан., сялянаў зямянскіх 80 муж. і 58 жан., сялянаў скарбовых 500 муж. і 450 жан., аднадворцаў 4 муж. і 2 жан., адстаўных салдатаў 8 муж. і 2 жан.[7]; 1880 год — 5 тыс. чал.[8]; 1897 год — 4590 чал.
- XX стагодзьдзе: 1906 год — 5530 чал, зь іх хрысьціянаў 1254, юдэяў 4276, шляхты 1, чыноўнікаў 26, духоўнага стану 8, купцоў 121, мяшчанаў 4390, сялянаў 985; 1939 год — 3,5 тыс. чал.[9]; 1970 год — 6,6 тыс. чал.; 1991 год — 10,5 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 10 тыс. чал.[10]; 2003 год — 9,6 тыс. чал.; 2006 год — 9,6 тыс. чал.[11]; 2009 год — 9203 чал.[12] (перапіс); 2010 год — 9,2 тыс. чал.; 2016 год — 8839 чал.[13]; 2017 год — 8752 чал.[14]; 2018 год — 8817 чал.[1]
Адукацыя
У Чашнінах працуюць 4 сярэднія школы, сацыяльна-пэдагагічны цэнтар, цэнтар дзіцячай творчасьці. 1 верасьня 2004 году на базе СШ № 2 утварылася гімназія.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, дом рамёстваў, 3 бібліятэкі (цэнтральная раённая бібліятэка, дзіцячая бібліятэка, меская бібліятэка сямейнага чытаньня), гістарычны музэй.
У месьце выдаецца раённая газэта «Чырвоны прамень»: наклад больш за 5 тыс. асобн., выходзіць 2 разы на тыдзень.
Забудова
Плян
У плянавальнай структуры Чашнікаў вылучаюцца 3 часткі: гістарычная, сучасны цэнтар і паселішча папяровай фабрыкі. Места забудоўваецца згодна з генэральнымі плянамі, распрацаванымі ў 1970 і 1980 гадох. Утвораны мікрараён з 5-павярховымі будынкамі. 2—5-павярховыя дамы пераважна ў цэнтры места і ў фабрычным паселішчы. У 1986 годзе створаны праект дэталёвага плянаваньня цэнтру. У паўднёва-ўсходняй частцы места канцэнтруюцца прамысловыя прадпрыемствы.
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Ленінская вуліца | Смалянецкая вуліца Талачынская вуліца |
Луначарскага вуліца | Лепельская вуліца |
Міра вуліца | Рынак пляц |
Пралетарская вуліца | Віленская вуліца |
Савецкая вуліца | Лукомская вуліца |
Урыцкага вуліца | Іванская вуліца |
Чырвонаармейскі завулак | Віленскі завулак |
? | Гарушка вуліца |
? | Старасельская вуліца |
? | Цяпінская вуліца |
Эканоміка
Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, лёгкай, харчовай прамысловасьці, па пачатковай апрацоўцы лёну.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Чашнікаў |
---|
Транспарт
Праз Чашнікі праходзяць аўтамабільныя дарогі: Р62 (Чашнікі — Клічаў — Бабруйск), Р86 (Багушэўск (ад М8) — Сянно — Мядзел) і Р111 (Бешанковічы — Чашнікі).
Аўтобусная станцыя злучае места з сталіцай краіны Менскам і абласным цэнтрам Віцебскам.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Дзейнічае Чашніцкі гістарычны музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Чашнікі» (пляц Волі, 5).
Славутасьці
- Забудова гістарычная (XIX — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Могілкі юдэйскія
- Царква Сьвятога Спаса (1843—1875)
Страчаная спадчына
- Замак (XVI стагодзьдзе)
- Касьцёл Сьвятога Лукі і кляштар дамініканаў (1674, зруйнаваныя ў 1960-я) — адзін з найбольш прыгожых помнікаў архітэктуры барока ў Вялікім Княстве Літоўскім[15]
- Кляштар марыявітак
Галерэя
-
Спаская царква
-
Будынак сьвечачнай крамы
-
Дом купца Гурэвіча
-
Гандлёвыя рады
-
Старая камяніца
-
Гістарычная забудова
-
Драўляны будынак на мураваным падмурку
-
Стары драўляны будынак
Асобы
- Янка Журба (1881—1964) — беларускі паэт (нар. у колішняй в. Купінцы — цяпер у межах м. Чашнікаў)
- Рыгор Рэлес (1913—2004) — беларускі жыдоўскі літаратар
Крыніцы
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Чашніцкі раён. Гісторыя. Дарэвалюцыйны пэрыяд на Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 399.
- ^ а б в Грынявецкі В. Чашнікі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 745.
- ^ Chmara A. Czaśniki // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 776
- ^ Указ Президента Республики Беларусь от 20 января 2006 г. №36 «Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской области»
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 415.
- ^ Chmara A. Czaśniki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 775
- ^ Грынявецкі В. Чашнікі // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 268.
- ^ Грынявецкі В. Чашнікі // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 267.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Ярашэвіч А. Чашніцкі кляштар дамініканцаў // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 268.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чашніцкага р-на. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 542 с. ISBN 5-343-01611-1.
- Святы Казімір у Паазер’і: 400 гадоў каталіцызма ў Лепельскім краі. — Лепель: Выдавецкая ініцыятыва LEPLE, 2004.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Вонкавыя спасылкі
Чашнікі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Чашнікі , Radzima.org
- Чашнікі на Прыдзвінскі край: Гісторыя і сучаснасць
- Чашнікі — парафія Перамянення Пана на Catholic.by
- Фатаздыкі на Globus.tut.by
- Надвор’е ў Чашніках
|