Радзівілы
Радзівілы лац. Radziviły | |
Герб Трубы
| |
Дэвіз: «Бог нам радзіць!» | |
Краіна паходжаньня: | Вялікае Княства Літоўскае |
Тытул: | князі |
Прызнаныя ў: | Сьвятая Рымская імпэрыя |
Радзіві́лы[a] — магнацкі род гербу Трубы, найбуйнейшы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Выхадцы з роду займалі найвышэйшыя дзяржаўныя адміністрацыйныя і вайсковыя пасады. Па падзелах Рэчы Паспалітай увайшлі ў лік арыстакратыі Расейскай імпэрыі, Прусіі, Аўстра-Вугоршчыны[1].
Род Радзівілаў быў у сваяцтве з арыстакратычнымі радзінамі Эўропы, кіроўнымі дамамі Прусіі, Ангальта, Нойнбургу, Курляндыі, Малдовы. У наш час выхадцы з роду жывуць у Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе і іншых краінах[2]. Большасьць Радзівілаў па Рэфармацыі засталася каталікамі[3]
У час перапісу 1917 году некалькі выхадцаў з роду Радзівілаў, што валодалі маёнткамі на Случчыне, назвалі сябе беларусамі паводле нацыянальнасьці[4]. Па стварэньні ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі ўладальнік Нясьвіжу Альбрэхт Радзівіл згадзіўся прадстаўляць яго ў розных эўрапейскіх краінах[4]. Яшчэ раней у 1912 годзе Марыя Магдалена з Завішаў, жонка Вацлава Мікалая Радзівіла, публічна абвясьціла на старонках прэсы: «Лічу сябе беларускай, паходжаньня літоўскага. Як і муж мой, за польку сябе не лічу[5]».
Прозьвішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ратвіл (Ratwilius[6]) і Вілірад або Вілрад (Willirad, Wilrad) — імёны германскага паходжаньня[7]. Іменная аснова -рад- (-рат-) (імёны ліцьвінаў Раталт, Радавін, Конрад; германскія імёны Ratolt, Radowin, Konrad) паходзіць ад гоцкага *rêþs[8], германскага rad- 'рада'[9], а аснова -віл- (імёны ліцьвінаў Вільбут, Вільгейда, Мунтвіл; германскія імёны Willebut, Williheid, Muntwil) — ад гоцкага wilja 'воля'[10]. Такім парадкам, імя Радзівіл азначае «рада волі»[11].
Адпаведнасьць імя Радзівіл германскаму імю Ratwilius сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[12][13]. Адпаведнасьць імя Радзівіл германскім імёнам Ratwilius і Wilrad прызнае летувіскі лінгвіст Ёзас Юркенас(lt)[14].
Генэтыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]ДНК-тэст парэшткаў Мікалая Радзівіла «Рудога» сьведчыць пра прыналежнасьць усяго роду Радзівілаў да гаплягрупы Y-храмасомы R1a1[15][16].
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пра паходжаньне Радзівілаў існуе некалькі легендарных паданьняў: паводле некаторых зьвестак, род мае зьвязкі з найвышэйшым жрэцкім станам паганскай Літвы, а ягоным пачынальнікам быў Лізьдзейка. Гэтыя паданьні, а таксама характэрны канчатак слова (аднагучныя — Эрдзівіл, Манцівіл і інш.) сьведчаць пра глыбокую старажытнасьць роду.
У пытаньні паходжаньня Радзівілаў гісторык Павал Урбан зьвяртае на ўвагу на тое, як іх характарызаваў Сымон Будны. Адпаведную прадмову-прысьвячэньне ён зьмясьціў у выдадзеным у Нясьвіжы Катэхізьме[17]:
Абы вашы княжацкія міласьці ня толька ў чужаземскіх языцах кахалі, але бы ся тэж… і таго здаўна слаўнага языка славянскага разьмілаваці і оным ся бавіці рачылі. Слушная бо рэч ёсьць, абы вашы княжацкія міласьці таго народу язык мілаваці рачылі, у каторам даўныя продкі і іх княжацкія міласьці панове атцы вашых княжацкіх міласьці слаўне праднейшыя пралажэнства нясуць. | ||
Сучасная навука лічыць заснавальнікам роду Радзівіла Осьцікавіча (?—1477), сына кашталяна віленскага Осьціка. Сын Радзівіла Осьцікавіча Мікалай «Стары» (?—1509) меў 4 сыноў, ад якіх пайшлі 3 галіны роду:
- Першая (старэйшая) з тытулам князёў на Гонядзі (цяпер Польшча) і Мядзелі (Беларусь) пайшла ад Мікалая, згасла ў 1542 годзе
- Другая (фактычна малодшая), з тытулам князёў на Біржах і Дубінках (Летува) — ад Юрыя «Геркулеса Літоўскага», згасла ў 1669 годзе
- Трэцяя, з тытулам князёў на Нясьвіжы (Беларусь) і Алыцы (Украіна) — ад Яна «Барадатага»
Упершыню тытул князя Сьвятой Рымскай імпэрыі для ўласнай гонядзка-мядзельскай галіны атрымаў 25 лютага 1518 году Мікалай (каля 1470—1521). Для ўсіх выхадцаў з роду імпэрскі княскі тытул 10 сьнежня 1547 году здабыў Мікалай «Чорны» (1515—1565).
Нашчадак роду і апошні ардынат на Нясьвіжы Альбрэхт Антоні Вільгельм валодаў Палацава-замкавым комплексам у Нясьвіжы у часы Польскай Рэспублікі, а ў 1935 годзе эміграваў на Захад. У траўні 2009 ягоная дачка Альжбета Радзівіл наведала Нясьвіж[18], дзе зрабіла наступную заяву[19]:
Ведаеце, я зараз скажу вам не зусім прыемную рэч… Гэта вялікая ганьба, што вы ў Беларусі не гаворыце па‑беларуску… Я адмыслова прыслухоўваюся ўжо колькі дзён… Ведаеце, калі б нас не пагналі адсюль у 1939‑м, я сёньня размаўляла б па‑беларуску. Бо мой бацька зь нясьвіжцамі размаўляў выняткова па‑беларуску. | ||
Уладаньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Радзівілы — буйныя зямяне, якія сваім эканамічным значэньнем у сярэдзіне XVI — першай палове XVIII стагодзьдзяў займалі першае месца сярод магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Ужо ў другой палове XVI ст. яны валодалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі местамі і мястэчкамі: Геранёны, Давыд-Гарадок, Клецак, Койданаў, Копысь, Лахва, Мір, Нясьвіж, Чарнаўчыцы, Шчучын, мноствам вёсак; на тэрыторыі сучаснай Украіны — местам Алыкай зь дзясяткамі вёсак (Валынскае ваяводзтва); на тэрыторыі сучаснай Польшчы — местам Шыдлоўцам зь вёскамі (Сандамірскае ваяводзтва), на тэрыторым сучаснай Летувы — Біржамі, Дубінкамі (Віленскае ваяводзтва), Кейданамі (Жамойць) і інш. Пэўны час у XV—XVI стагодзьдзях адна з галінаў роду мела маёнткі зь местамі Гонядзю і Райгорадам на Падляшшы. У XVII—XVIII стагодзьдзях мелі шэраг іншых маёнткаў. У 1612 годзе атрымалі Слуцкае княства зь местамі Слуцкам і Капылём. Таксама валодалі маёнткамі ў Францыі і Італіі.
Апрача гэтых уласных спадчынных маёнткаў рэгулярна атрымлівалі ў пажыцьцёвае карыстаньне дзяржаўныя маёнткі (староствы) разам з пасадамі старостаў: Ашмяны, Барысаў, Берасьце, Крычаў, Ліда, Мазыр і інш.
У 1586 годзе браты Мікалай Крыштап, Альбрэхт і Станіслаў склалі пагадненьне пра стварэньне Нясьвіскай, Клецкай і Алыцкай ардынацыяў (непадзельных уласных маёнткаў, што перадаваліся ў спадчыну толькі паводле мужчынскай лініі, пазьней — толькі старэйшаму сыну). Іншыя маёнткі Радзівілаў знаходзіліся на аляідальным праве (маглі перадавацца ў спадчыну жанчынам, свабодна адчужацца). У XIX ст. утварылася Давыд-Гарадоцкая ардынацыя.
Радзівілы мелі ўласныя фартэцыі з залогамі — Нясьвіж, Біржы, Кейданы, Мір, Любчу і іншыя. За часамі росквіту ў XVII стагодзьдзі Радзівілам належалі 23 замкі, 426 местаў і мястэчак, 2032 маёнткі і звыш 10 000 вёсак у Вялікім Княстве Літоўскім і за мяжой[20].
Найбольш вядомыя з роду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод выхадцаў з роду Радзівілаў былі каралева і вялікая княгіня Барбара Радзівіл (1520—1551) і віленскі кардынал Юры Радзівіл (1556—1600), 7 канцлераў і 8 гетманаў вялікіх літоўскіх, 3 япіскапы і 27 ваяводаў[20].
Пакаленьне 1
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Радзівіл Осьцікавіч (? — 1477) — кашталян віленскі, пачынальнік роду
Пакаленьне 2
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай «Стары» (каля 1440—1509) — ваявода віленскі і канцлер вялікі літоўскі; заснаваў лятыфундыю, якая забясьпечыла магутнасьць роду
Пакаленьне 3
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай (1470—1521) — ваявода віленскі і канцлер вялікі літоўскі; у 1518 годзе атрымаў ад імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Максіміляна I тытул князя «на Гонядзі і Мядзелі».
- Ян «Барадаты» (1474—1522) — маршалак земскі літоўскі і кашталян троцкі.
- Войцех (каля 1476—1519) — першы зь літоўскіх магнатаў біскуп віленскі
- Ганна (1476—1522) — жонка Конрада III Рудога, апошняя княгіня мазавецкая
- Юры Радзівіл (1480—1541) — гетман польны літоўскі; застаўся пераможцам у 30 бітвах, за што атрымаў мянушку «Літоўскі Геркулес»
Пакаленьне 4
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай (каля 1492—1529/1530) — біскуп жамойцкі
- Ян (1492—1542) — староста генэральны жамойцкі; апошні мужчына з гонядзка-мядзельскай лініі роду
- Мікалай «Чорны» (1515—1565) — намесьнік вялікага князя; у 1553 годзе прыняў кальвінізм і зрабіўся ягоным апантаным прыхільнікам, у 1563 уласным коштам надрукаваў у Берасьці Біблію
- Мікалай «Руды» (1512—1588) — гетман вялікі літоўскі; як брат Барбары наблізіўся да Жыгімонта Аўгуста, а па ягонай сьмерці быў амаль неабмежаваным кіраўніком дзяржавы
- Барбара Радзівіл (1520—1551) — каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта Аўгуста
Пакаленьне 5
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Крыштап Мікалай (1547—1603) — гетман вялікі літоўскі; за вайсковы талент атрымаў мянушку «Пярун»
- Мікалай Крыштап «Сіротка» (1549—1616) — ваявода віленскі, I ардынат на Нясьвіжы (1586); мэцэнат і пісьменьнік
- Юры Радзівіл (1556—1600) — біскуп віленскі і кракаўскі, першы каталіцкі кардынал зь Літвы; памёр у Рыме
- Альбрэхт (1558—1592) — маршалак дворны літоўскі, I ардынат на Клецку
- Станіслаў (1559—1599) — маршалак вялікі літоўскі і староста генэральны жамойцкі, I ардынат на Алыцы
Пакаленьне 6
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Януш (1579—1620) — кашталян віленскі; ажаніўся з Соф’яй Алелькавіч, за якой атрымаў Слуцкае княства
- Альжбета (1583—?) — жонка Льва Сапегі
- Крыштап (1585—1640) — гетман вялікі літоўскі; за ўласны кошт фінансаваў навучаньне літоўскіх студэнатаў-кальвіністаў ўва ўнівэрсытэтах Нямеччыны
- Ян Юры (1588—1625) — кашталян троцкі
- Альбрэхт Уладзіслаў (1589—1636) — кашталян віленскі, адзін з найбагацейшых магнатаў Літвы свайго часу
- Жыгімонт Караль (1591—1642) — ваявода наваградзкі; кавалер Мальтыйскага ордэна, збудаваў касьцёлы ў Сталовічах, і Дзераўной
- Аляксандар Людвік (1594—1654) — маршалак вялікі літоўскі і ваявода полацкі; збудаваў замак у Белай
- Альбрэхт Станіслаў (1595—1656) — канцлер вялікі літоўскі, за актыўную палітычную дзейнасьць атрымаў мянушку «Абаронца Правоў»; заснаваў Пінскі езуіцкі калегіюм
Пакаленьне 7
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Януш (1612—1655) — гетман вялікі літоўскі, меў вайсковы талент; склаў Кейданскую унію з Швэцыяй
- Багуслаў (1620—1669) — канюшы вялікі літоўскі, асабісты дарадца швэдзкага караля Карла X Густава ў часе Паўночнай вайны 1655—1660 гадоў; мэцэнат, заснавальнік Жодзіна
- Міхал Казімер (1635—1680) — ваявода віленскі і гетман польны літоўскі; перад сьмерцю ў 1679 наведаў з каралеўскай дэлегацыяй імпэратара Леапольда ў Вене і Папу Інакенцыюса XI у Рыме
- Дамінік Мікалай (1648/1653—1697) — канцлер вялікі літоўскі; заснавальнік малодшай (клецкай) лініі роду
Пакаленьне 8
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Станіслаў Казімер (1648—1690) — маршалак вялікі літоўскі; заснаваў кляштар дамініканаў у Клецку
- Караль Станіслаў (1669—1719) — канцлер вялікі літоўскі; заснаваў базылянскі кляштар у Міры, збудаваў касьцёл у Налібаках
- Ганна Кацярына з Сангушкаў (1676—1746) — жонка Караля Станіслава, зь якім мела 13 дзяцей; гаспадарчая дзяячка і мэцэнатка
- Ян Мікалай (1681—1729) — ваявода наваградзкі; першы з роду атрымаў Ордэн Белага арла
- Мікалай Фаўстын (1688—1746) — ваявода наваградзкі; збудаваў палац у Зьдзецеле
- Барбара з Завішаў (1690—1770) — жонка Мікалая Фаўстына, зь якім мела 14 дзяцей; актыўная палітычная дзяячка
Пакаленьне 9
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхал Казімер «Рыбанька» (1702—1762) — гетман вялікі літоўскі і ваявода віленскі; адбудаваў Нясьвіскі замак, заснаваў друкарню і кадэцкі корпус
- Францішка Ўршуля зь Вішнявецкіх; (1705—1753) — жонка Міхала Казімера «Рыбанькі»; першая ў Вялікім Княстве Літоўскім жанчына-драматург, стваральніца самабытнага тэатра ў Нясьвіскай рэзыдэнцыі
- Удальрык Крыштап (1713—1770) — пісар вялікі літоўскі; спрабаваў увесьці ў спэктаклі прыдворных тэатраў беларускую мову
- Геранім Флярыян (1715—1760) — харунжы вялікі літоўскі, уладальнік г.зв. «Нойбурскіх маёнткаў», заснаваў Слуцкі тэатар Радзівілаў
- Юры (1721—1754) — ваявода наваградзкі
Пакаленьне 10
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Караль Станіслаў «Пане Каханку» (1734—1790) — ваявода віленскі; найбольш заможны магнат Рэчы Паспалітай 2-й паловы XVIII стагодзьдзя і адзін з найбагацейшых арыстакратаў у Эўропе
- Міхал Геранім (1744—1831) — апошні ваявода віленскі
- Мацей (1749—1800) — апошні кашталян віленскі; кампазытар і драматург
- Геранім Вінцэнт (1759—1786) — падкаморы вялікі літоўскі; кавалер Ордэна Сьвятога Губэрта
Пакаленьне 11
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Антоні Генрых Радзівіл (1775—1833) — адзіны кампазытар, зь якім Ёган Вольфганг фон Гётэ супрацаваў як лібрэтыст; заснавальнік бэрлінскай лініі роду
- Дамінік Геранім Радзівіл (1786—1813) — апошні мужчына зь нясьвіскай лініі; кавалер Ордэна Ганаровага легіёну
- Канстантын Радзівіл (1793—1869) — мэцэнат, адзін зь першых беларускіх фальклярыстаў
Пакаленьне 15
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Марыя Магдалена з Завішаў (1861—1945) — жонка Вацлава Мікалая; дзяячка беларускага культурнага руху, мэцэнатка
Пакаленьне 17
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Канстанты Радзівіл (1958) — польскі лекар і палітык.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мужчынскі партрэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жаночы партрэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Марыя Радзівіл (з Ганзагаў)
-
Крыстына Яўхімія Радзівіл
-
Марыя Радзівіл (з Лупаў)
-
Альжбета Радзівіл (з Шыдлавецкіх)
-
Соф’я Радзівіл (з Баторыяў)
-
Соф’я Радзівіл (з Рэяў)
-
Антаніна Радзівіл (зь Мячынскіх)
-
Марыя Радзівіл (зь Любамірскіх)
-
Анжаліка Марта Радзівіл (зь Мячынскіх)
Спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1950 годзе ў рэчышча палітыкі русіфікацыі Беларусі (расейскага этнацыду беларусаў) савецкія ўлады падаравалі Польшчы абсалютную большасьць партрэтаў (63 адзінкі) зь Нясьвіскай галерэі[21].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ У гістарычных дакумэнтах на лаціне (у адз. ліку): Radzivil, Radziwil; польская форма прозьвішча: Radziwiłłowie
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Грыцкевіч А. Радзівілы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 503.
- ^ Грыцкевіч А. Радзівілы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 504.
- ^ Грыцкевич А. Радзівілы // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 216.
- ^ а б Абламейка С. У 1917 годзе нашчадак Рурыка і іншыя магнаты Меншчыны абвясьцілі сябе беларусамі, Радыё Свабода, 19 верасьня 2019 г.
- ^ Багадзяж М. Я — беларуска… (Марыя Магдалена Радзівіл) // Беларуская мінуўшчына. № 1, 1996.
- ^ Series episcoporum ecclesiae catholicae. — Ratisbonae, 1873. P. 618.
- ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1219, 1605.
- ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 193.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24.
- ^ Schmittlein R. Les noms d’eau de la Lituanie (suite) // Revue internationale d’onomastique. Nr. 3, 1964. P. 162.
- ^ Schmittlein R. Les noms d’eau de la Lituanie (fin), le nom de Radziwill // Revue internationale d’onomastique. Nr. 4, 1964. P. 281—292.
- ^ Юркенас, Ю. Основы балтийской и славянской антропонимики. — Вильнюс, 2003. С. 38.
- ^ Radvilų tėvonija Dubingiuose. — Vilnius, 2009.
- ^ Maciamo Hay, Haplogroup R1a, Eupedia, студзень 2021 г.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 17.
- ^ Валянціна Аксак (25.05.2009) Нашчадкі Радзівілаў вандруюць па былых уладаньнях. Радыё Свабода. Праверана 18 ліпеня 2011 г.
- ^ Глеб Лабадзенка. Эльжбета Радзівіл: Калі б мы жылі сёньня ў Беларусі, то размаўлялі б па-беларуску // Зьвязда : Газэта. — 30 ліпеня 2009. — № 140 (26498). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Ніна Шчарбачэвіч. Што не падзялілі Пане Каханку і барон Мюнхгаўзэн // Ігуменскі тракт. — 19 лістапада 2013. — № 38 (53).
- ^ Кірпа С. Скарбы Нясвіжа: гісторыя стварэння і рабавання // Туризм и отдых. № 39 (724), 8 кастрычніка 2009 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта Князь Радзівіл гэрбу ўласнага. «Згуртаваньня Беларускай Шляхты». Праверана 18 ліпеня 2011 г.
- Сайт, прысьвечаны гісторыі роду князёў Радзівілаў (рас.) Праверана 18 ліпеня 2011 г.
- Міхал Равуцкі. Радзівілы. Тайны сям’і (частка 1) // Белтэлерадыёкампанія, 4 сьнежня 2012 г. Праверана 1 сьнежня 2013 г.
- Міхал Равуцкі. Радзівілы. Тайны сям’і (частка 2) // Белтэлерадыёкампанія, 5 сьнежня 2012 г. Праверана 1 сьнежня 2013 г.
- Міхал Равуцкі. Радзівілы. Тайны сям’і (частка 3) // Белтэлерадыёкампанія, 6 сьнежня 2012 г. Праверана 1 сьнежня 2013 г.