Нойбурскія маёнткі
Нойбургі (па-нямецку: Neuburger) — дынастыя князёў нямецкага княства Нойбург, прадстаўнікі якой на працягу 1695—1744 гадоў валодалі так званымі Нойбурскімі маёнткамі ў ВКЛ — Слуцкім княствам, Себескім і Невельскім графствамі, Копысьсю, Раманавам, Беліцай, Кейданамі, Біржамі, Заблудавам, Койданавым.
Пачатак утварэньню гэтага своеасаблівага анклява на тэрыторыі ВКЛ паклаў другі шлюб (10 жніўня 1688) адзінай дачкі Багуслава Радзівіла (1620—1669) Людвікі Караліны (па-нямецку: Люізы Шарлёты; 27 лютага ці 9 сакавіка 1667 — 25 сакавіка 1695) з князем нойбурскім Карлам Філіпам (4 лістапада 1661 — 31 сьнежня 1742), у 1697 годзе беспасьпяховым прэтэндэнтам на польскую карону, з 1716 году курфюрстам-пфальцграфам Райнскім. Пасьля сьмерці Людвікі Караліны яе ўладаньні ў ВКЛ, спадчына Багуслава Радзівіла, перайшлі да двухгадовай дачкі Лізаветы Аўгусты Сафіі (17 сакавіка 1693 — 30 студзеня 1728), якой апекаваўся бацька, князь Карл Філіп Нойбург. З 1717 году Лізавета Аўгуста Сафія была замужам за пфальцграфам Зульцбаскім Ёзэфам Карлам Эмануэлем (1693—1729); пасьля яе сьмерці «Нойбурскія маёнткі» перайшлі да трох дачок ад гэтага шлюбу: Лізаветы Аўгусты (17 студзеня 1721 — 17 жніўня 1794), Марыі Анны Шарлоты (22 чэрвеня 1722 — 25 красавіка 1790) і Марыі Францыскі Даратэі (16 чэрвеня 1724 — 15 лістапада 1794), якімі ізноў апекаваўся Карл Філіп. Яго сьмерць у 1742 годзе прысьпешыла аднаўленьне спадчынных праў Радзівілаў на «Нойбурскія маёнткі», якія на працягу паўстагодзьдзя былі сталым аб’ектам судовых разьбіраньняў і ўзброеных наездаў прэтэндэнтаў з буйных магнацкіх родаў ВКЛ. Пасьля працяглых перамоваў з Нойбургамі і іншымі зацікаўленымі бакамі іх уладальнікам 22 траўня 1744 году стаў князь Геранім Флярыян Радзівіл, якому давялося заплаціць 230 тысячаў дукатаў кампэнсацыі новаму курфюрсту-пфальцграфу Райнскаму Карлу Тэадору (1724—1799), мужу Лізаветы Аўгусты, а таксама 2 млн злотых Сапегам, 1 млн злотых прускаму каралю Фрыдрыху II і іншым у якасьці кампэнсацыі.
Цэнтрам вялізарнай латыфундыі Нойбургаў у ВКЛ, у якой пасьля Людвікі Караліны ніхто зь іх не бываў, быў Слуцак. Усё кіраваньне адбывалася праз эканомаў (з 1682 па 1714 год гэтую пасаду займаў Станіслаў Незабытоўскі), злоўжываньні якіх выклікалі рэзкія пратэсты мясцовага насельніцтва, якія часта перарасталі ў паўстаньні (1684, 1685, 1695, 1699 і г. д.). Нягледзячы на высокія падаткі і злоўжываньні, Слуцак пры Нойбургах быў буйнейшым эканамічным цэнтрам Беларусі, які па колькасьці мануфактур і цэхаў і аб’ёме іх вытворчасьці далёка пераўзыходзіў іншыя гарады. Экстэрытарыяльнасьць «Нойбурскіх маёнткаў» спрыяла і большай, чым у іншых частках ВКЛ, рэлігійнай талерантнасьці: праваслаўным Слуцкага княства было дазволена заставацца па-за уніяй (толькі ў Слуцку налічвалася 14 праваслаўных цэркваў); Людвіка Караліна, гарачая прыхільніца кальвінізму, усяляк падтрымлівала гэтую канфэсію, якой у 1693 годзе падаравала слуцкую друкарню, выдаткавала значныя сродкі на выданьне тут Новага Тэстамэнту на летувіскай мове. Працяглая эканамічная і культурная адасобленасьць «Нойбурскіх маёнткаў» ад ВКЛ праяўлялася і пазьней: тут быў галоўны асяродак рэлігійнага «дысідэнцтва» ў ВКЛ, што выявілася, напрыклад, у Слуцкай канфэдэрацыі 1767 году.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Алесь Белы // . — Мн.: .
- Jelski A. Neuburskie dobra na Litwie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. VII. Warszawa, 1886.
- Грицкевич А. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв. Мн., 1975.
- Idem. Древний город на Случи. Мн., 1985.
- Грыцкевіч А. Маргінальныя тэрыторыі Беларусі. Невель і Себеж у XVII—XVIII стст. // Спадчына, № 1. 1995.
- Mörz S. Die letzte Kurfürstin. Elisabeth Augusta von der Pfalz, die Gemahlin Karl Theodors. Stuttgart etc., 1997.
- Радзівілы. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 80.