Мікалай Фаўстын Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мікалай Фаўстын Радзівіл
Мікалай Фаўстын Радзівіл
Мікалай Фаўстын Радзівіл
POL COA Radziwiłł Książę Ia.svg
Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 21 траўня 1688
Дзятлава, Слонімскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая
Памёр 2 лютага 1746 (57 гадоў)
Дзятлава, Слонімскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая
Пахаваны пахавальня Радзівілаў
Род Радзівілы
Бацькі Дамінік Мікалай Радзівіл
Ганна Мар’яна з Палубінскіх
Жонка Барбара з Завішаў
Дзеці Удальрык Крыштап, Альбрэхт, Юры, Станіслаў
Дзейнасьць палітык

Мікалай Фаўстын Радзівіл (21 траўня 1688, мястэчка Зьдзецел Слонімскага павету — 2 лютага 1746) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік (1706—1709) і мечнік вялікі літоўскі (1710—1729), ваявода наваградзкі (1729—1740). Генэрал-лейтэнант (1725).

Валодаў Зьдзецелам у Слонімскім павеце, Глускам, Парэччам і Уселюбам у Наваградзкім павеце, Крожамі ў Жамойці, набыў места Бярдычаў у Брацлаўскім ваяводзтве. Быў старостам бабруйскім[2]. Кавалер ордэнаў Белага Арла і расейскага Аляксандра Неўскага (1742)[3].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Дамініка Мікалая, канцлера вялікага літоўскага, і Ганны Мар’яны з Палубінскіх. Меў старэйшага брата Яна Мікалая, ваяводу наваградзкага, які апекваўся ім па сьмерці бацькі.

Атрымаў адукацыю ў Нясьвіскім калегіюме езуітаў. У 1699 годзе зьехаў на пяць гадоў за мяжу, каб працягваць навучаньне.

Па вяртаньні ў Вялікае Княства Літоўскае, актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці дзяржавы. У 1706 годзе атрымаў урад чашнікі вялікага літоўскага, у 1710 годзе — мечніка вялікага літоўскага. Абіраўся паслом на соймы 1718 (ад Слонімскага павету[4]), 1720, 1722 і 1726 гадоў. У 1725 годзе атрымаў чын генэрал-лейтэнанта пяхоты. Камандаваў войскам Вялікага Княства Літоўскага. У 1729 годзе стаў ваяводам наваградзкім.

Барбара з Завішаў

У 1733 годзе як хаўрусьнік Расеі спрыяў абраньню каралём і вялікім князем Аўгуста Саса, далей заставаўся агентам Пецярбургу (атрымліваў штогод 5 тыс. руб.)[5].

У Зьдзецеле на ўласныя сродкі распачаў будаваньне палаца, скончанага ў 1751 годзе. У Глуску на бэрнардынскім касьцёле быў вялікі звон, на баку якога знаходзіўся герб з выявай арла і лебедзя і надпіс: «Nicolai Faustin Xsonze Radzivill Woievoda Novogrodzki-Barbara z Zaviszow Xienzna Radzivillowa … 1743».

Ажаніўся 4 сьнежня 1710 году ў Раготне з Барбарай, дачкой кашталяна менскага Крыштапа Станіслава Завішы (1660—1721) і Тэрэзы з Тышкевічаў. У шлюбе нарадзіліся дзеці:

  • Удальрык Крыштап (1712—1770), пісар вялікі літоўскі, паэт і гісторык
  • Тэрэза Барбара
  • Альбрэхт (1717—1790), староста рэчыцкі, генэра-маёр
  • Марыя Гертруда
  • Юры (1721—1754), ваявода наваградзкі
  • Станіслаў (1722—1787), генэрал-лейтэнант
  • Ганна Аўгустына
  • Брыгіта Пэтранэля
  • Францішка
  • Удальрыка
  • Крыштап
  • Фэлікс
  • Караль
  • Дамінік

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт, напісаны ў 1720—1730 гадох невядомым мастаком, зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Цела М. Ф. Радзівіла пахавалі ў Нясьвіжы, а сэрца — у Зьдзецельскім касьцёле.
  • У Нацыянальным мастацкім музэй Беларусі ў 2007 годзе ўпершыню выставілі ўнікальны надмагільны партрэт, створаны ў 1746 годзе, які доўгі час лічыўся выявай невядомага магната. У 2006 годзе яго атрыбутавалі — гэта Мікалай Фаўстын Радзівіл[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б The Peerage — 717826 экз.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 496.
  3. ^ Бантыш-Каменский Н.Н. Списки кавалерам российских императорских орденов Св. Андрея Первозванного, Св. Екатерины, Св. Александра Невского и Св. Анны с учреждения до установления в 1797 году орденского капитула. Москва, 2005. С. 130.
  4. ^ Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy, wojewody mińskiego, (1666-1721). Warszawa, 1862. S. 350.
  5. ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 495—496.
  6. ^ Кірпічэнкава Н. Востраў скарбаў у цэнтры мегаполіса // «Культура» № 10 (776), 2007 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Мікалай Фаўстын Радзівілсховішча мультымэдыйных матэрыялаў