Януш Радзівіл (1579—1620)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Януш Радзівіл
Януш Радзівіл. Невядомы мастак, XVII ст.
Януш Радзівіл. Невядомы мастак, XVII ст.

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 21 ліпеня 1579
Памёр 6 або 7 ліпеня 1620
Чарлін
Род Радзівілы
Бацькі Крыштап Радзівіл «Пярун»
Кацярына з Астроскіх
Жонка Соф’я з Алелькавічаў
Альжбета Соф’я Гагэнцолерн
Дзеці ад 2-га шлюбу: Альжбета Элеанора, Соф’я Агнешка, Багуслаў, Ян Юры
Рэлігія кальвінізм
Дзейнасьць вайсковец

Януш Радзівіл (21 ліпеня 1579, Вільня — 6 або 7 ліпеня 1620) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы вялікі літоўскі (1599—1619), кашталян віленскі (з 1618).

Быў старостам барысаўскім[1]. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках і Ліхтэнбэргу, князь слуцкі і капыльскі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Соф'я Алелькавіч

Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Крыштапа «Перуна», гетмана вялікага літоўскага, і Кацярыны з Астроскіх. Меў зводнага брата Крыштапа.

Атрымаў кальвінісцкае выхаваньне, навучаўся ў Страсбурскім і Базэльскім унівэрсытэтах, падарожнічаў Нямеччынай, Чэхіяй, Аўстрыяй, Вугоршчынай, Францыяй.

У вайну з Швэцыяй (1600—1629) у 1600—1602 гадох удзельнічаў у ваенных дзеяньнях супраць швэдзкіх войскаў у Інфлянтах, удзельнік бітвы пад Кокенгаўзенам 1601 году. Камандаваў коннымі харугвамі, быў фактычным палкоўнікам у Інфлянтах пры сваім бацьку — Крыштапе «Перуне». У 1599 годзе атрымаў урад падчашага вялікага літоўскага, у 1619 годзе — кашталяна віленскага. Абіраўся паслом на соймы 1603, 1605 і 1606 гадоў, дзе ўзначальваў кальвінісцкую і праваслаўную групоўкі, адстойваў рэлігійныя і палітычныя правы некаталікоў.

Альжбета Соф’я Гогенцолерн

Пакрыўджаны на Жыгімонта Вазу за перадачу ў 1603 годзе некалькіх трыманьняў яго бацькі і малой гетманскай булавы Вялікага Княства Літоўскага Яну Каралю Хадкевічу, выступаў супраць палітыкі караля і вялікага князя. Абвінаваціўшы таго ў парушэньні «актаў абраньня» ад 1587 году, спробах увесьці ў Рэчы Паспалітай «тыранію» замест «рэспублікі» і намаганьнях абмежаваць правы некаталіцкай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай. У 1606—1607 гадох разам з ваяводам кракаўскім М. Зэбжыдоўскім узначаліў рокаш супраць гэтых парушэньняў «залатых шляхецкіх вольнасьцяў» і абсалютысцкай палітыкі караля. 5 чэрвеня 1606 году абвешчаны маршалкам (кіраўніком рокашу) зьезду ракашанаў у Любліне, а 10 жніўня 1606 году — у Сандаміры. Выдаў унівэрсал з зьвінавачваньнямі караля ў парушэньні шляхецкіх правоў і свабодаў. 6 жніўня 1607 году каля Гузава (непадалёк ад Радама) адбылася бітва з каралеўскімі войскамі, у якой Януш Радзівіл камандаваў левым крылом войска ракашанаў. Нягледзячы на паразу, ракашане вымусілі караля пайсьці на кампраміс: Жыгімонт Ваза адмовіўся ад рэформы ўлады, ад сваіх абсалютысцкіх намераў, а ракашане адмовіліся ад спробы скінуць з стальцу караля. Ужо ўвосень 1607 году польскія ракашане выбачыліся перад каралем і здаліся, але Я. Радзівіл разам з сваім братам К. ІІ Радзівілам працягваў зьбіраць сілы. На заклікі М. К. Радзівіла (тагачаснага сеньера роду) зьявіцца ў Нясьвіж казаўся хворым. Толькі 20 чэрвеня 1608 году падпісаў замірэньне з кіраўніком войска рэгалістаў у Вялікім Княстве Літоўскім Янам Каралем Хадкевічам і распусьціў свае ўзброеныя сілы. Па чым зьехаў на 2 гады ў Нямеччыну, Францыю, Швайцарыю. Потым жыў у Данцыгу займаючыся асабістымі і маёмаснымі справамі.

Шукаючы пад ціскам роду і Льва Сапегі паразумення з каралём, але адмаўляючыся прыехаць і асабіста прабачыцца, у 1610 годзе адправіў Слуцкую артылерыю пад Смаленск. Па тым як Слуцак у 1613 годзе разрабавалі нізавыя казакі, спансаваў перабудову яго ўмацаваньняў ў сучасную бастыённую фартэцыю.

У 1618 годзе набыў места Ліхтэнбэрг у баварскай Франконіі пад Байротам, што дало яму, акрамя тытулярнага радавога найменьня «князя Сьвятой Рымскай імпэрыі», рэальныя правы землеўласьніка імпэрыі. У намеціўшымся супрацьстаяньні імпэрскіх улад з апазыцыяй абраў бок пратэстанцкіх князёў. Атрымаўшы ўрад кашталяна віленскага ў 1618 г., некаторы час жыў у Вільні. Прыязджаючы ў Вялікае Княства Літоўскае актыўна выступаў супраць вайны з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618). На соймах 1611, 1613, 1615 і 1618 гадоў бараніў роўныя правы пратэстантаў і праваслаўных з каталікамі.

Першы раз ажаніўся 1 кастрычніка 1600 году ў Берасьці з князёўнай Соф’яй Алелькавіч, спадчыньніцай Слуцкага і Капыльскага княстваў, якія па яе сьмерці ў 1612 годзе перайшлі ў валоданьне роду Радзівілаў і зрабілі яго найбагацейшым у Вялікім Княства Літоўскім. У шлюбе меў некалькі дзяцей, якія памерлі неўзабаве па нараджэньні[2]. Толькі адна з дачок — Кацярына — памерла праз 16 гадзінаў па сьмерці маці[3].

7 ліпеня 1613 году ў Бэрліне ажаніўся з Альжбетай Соф’яй, дачкой брандэнбурскага курфюрста Ёгана Георга Гагэнцолерн. У гэтым шлюбе нарадзіліся дзеці[4]:

  • Альжбета Элеанора (1615—1633),
  • Ян Юры (нар. і пам. 1616)
  • Соф’я Агнешка (1618—1637)
  • Багуслаў (1620—1669), харунжы і канюшы вялікі літоўскі

Памёр у лістападзе 1620 году ў Чапліне па хросьце свайго найменшага сына Багуслава, вярагодна ад чумы. Пасля хаўтураў у Вільні спачыў у кальвінскім зборы ў Дубінках.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Януш // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 500.
  2. ^ Wasilewski T. Radziwiłł Janusz herbu Trąby (1579—1620) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź : Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987. — Tom XXX/2, zeszyt 125. S. 207.
  3. ^ Калнофойскій А. Эпитафіи фундаторам лавры // Отделъ ІІ. Извѣстія очевидцевъ, современниковъ и иностранныхъ писателей / Сборникъ матеріаловъ для исторической топографіи Кіева и его окрестностей. — К. : типографія Е. Я. Федорова, 1874. С. 30.
  4. ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Януш // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 501.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]