Соф’я Слуцкая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Соф’я Слуцкая
SofiaSlutsk.jpg
Сьвятая
Імя Соф’я Юр’евічаўна Алелькаўна
Сьвецкае імя Соф’я Радзівіл
Нарадзілася 1 траўня 1585
Слуцак, Наваградзкі павет, Вялікае Княства Літоўскае
Памерла 19 сакавіка 1612
маёнтак Амелева, Ігуменская воласьць, Менскі павет, Вялікае Княства Літоўскае
Шануецца Беларуская праваслаўная царква, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква[1]
Услаўленая Каля 1643 г.
Кананізаваная 3 красавіка 1984 (35 гадоў таму)
У ліку Праведная
Галоўная сьвятыня Катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу (Менск)
Дзень памяці 1 красавіка
Патрон Слуцка і хворых жанчынаў, дзяцей; сужонства, ад голаду, пажару і галаўнога болю, пры цяжбе з уладай
Падзьвіжніцтва Крыжанашэньне ў шлюбе[2]

Со́ф’я Слу́цкая (1 траўня 1585, Слуцак, цяпер Менская вобласьць, Беларусь — 9 (19) сакавіка 1612, м. Амелева, цяпер Ігуменскі раён, Менская вобл., Беларусь) — беларуская праваслаўная сьвятая і асьветніца Вялікага Княства Літоўскага[3].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дачка слуцкага князя Юрыя III і Барбары з Кішкаў[3], апошняя з княскага роду Алелькавічаў. Выхоўвалася ў праваслаўі.

У раньнім веку страціла бацьку, адразу за ім сышла з жыцьця і маці. Па сьмерці дзядзькоў Аляксандра (1591) і Яна Сымона (1592) да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства зь местамі Слуцак і Капыль, мястэчкамі Раманаў, Старобін, Любань, Пясочнае і Ленін, 32 фальваркі.

Сіратой апекваліся сваякі Хадкевічы: староста жамойцкі Юры, па ягонай сьмерці — кашталян віленскі і староста берасьцейскі Геранім. Яны запазычылі князям Радзівілам значныя грашовыя сумы і вырашылі выплаціць даўгі пасагам Соф’і, якую сасваталі за нясьвіскага князя Януша Радзівіла, сына ваяводы віленскага Крыштапа. Напярэдадні вясельля абвастрыліся фінансавыя спрэчкі двух кланаў, і Хадкевічы скасавалі заручыны сваёй выхаванкі. Аднак Радзівілы рашуча абвясьцілі, што не жадаюць адмаўляцца ад нявесты і падалі на Хадкевічаў у суд. Вырак суду на карысьць Радзівілаў вельмі ўдарыў па гонару апекуна Соф’і. Новы дзень вясельля прызначылі на 1 кастрычніка 1600, на сьвята Пакрова Багародзіцы. Хоць муж вызнаваў кальвінізм, Соф’я заставалася праваслаўнай[3]. У якасьці адступнога Хадкевічы атрымалі 360 080 злотых, 500 валокаў зямлі і скасаваньне доўгу[1].

20 ліпеня 1600 г. жаніх Януш Радзівіл зьвярнуўся да папы рымскага Клімэнта VIII (1592—1605) з прашэньнем аб дазволе на шлюб, дзе згадвалася: «мною было дакладна прадпісана, каб сама дзяўчына магла жыць са мною, каталіком, без перашкоды адносна ейнае рэлігіі». 1 кастрычніка ў праваслаўным саборы Берасьця адбылося вянчаньне паводле праваслаўнага абраду. У выніку наступных рознагалосьсяў з папскім стальцом муж перайшоў у кальвінізм[1].

У 1604 г. у хуткім часе пасьля родаў памёр нованароджаны сын Мікалай. У 1608 г. — дачка Кацярына[1].

Шмат увагі надавала дабрачынным справам, падтрымлівала праваслаўныя цэрквы і манастыры ў Слуцкім княстве. Ахвяравала сродкі для пабудовы лякарань для бедных, учыняла паломніцтвы ў сьвятыя мясьціны. Дамаглася ад мужа здабыцьця ў вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы (1587—1632) граматы, паводле якой у Слуцкім княстве забаранялася прымушаць праваслаўных хрысьціянаў да пераходу ў склад Уніяцкай царквы[4] і адбіраць царкоўную маёмасьць у праваслаўных прыходаў і манастыроў[2]. Брала ўдзел у якасьці праваслаўнай братчыцы ў Слуцкім Зьмяненскім брацтве[1].

Памерла 19 сакавіка 1612, нарадзіўшы дачку Кацярыну, якая таксама памерла ў той самы дзень[2].

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Княгіню пахавалі ў Слуцкім Трайчанскім манастыры. Да цынкавай грабніцы прымацавалі герб слуцкіх князёў Алелькавічаў. На вонкавым баку грабніцы зьмясьціл надпіс літымі літарамі: «1612 года, сакавіка 19, спачыла дабраверная Соф’я, княгіня слуцкая Алелькаўна Юр’евічаўна, Альгердава племя, і пакладзена была ў Слуцку, у манастыры Сьвятой Жываначальнай Тройцы». Паэт Салямон Рысінскі, які працаваў пісарам пры мужы, прысьвяціў ёй пасьмяротную эпітафію[1]:

Ты захавалася ў сузор’і Слуцкім адзіна,
Паміж літоўскімі, славай найяскравейшая першая дачка!
Хіба ты ня меней рыцар, чым горды муж твой вялікі?
Моц якая, наляцеўшы, нечакана цябе забрала

—Салямон Рысінскі, Эпітафія Соф'і Слуцкай

Да 1904 году мошчы захоўваліся пад алтаром Спаскай царквы Траецкага манастыра ў Слуцку, адкуль грабніцу перанесьлі ў зімнюю капліцу манастыра. У 1912 годзе мошчы зьмясьцілі пад правым клірасам Траецкага сабору Слуцка. 21 лютага 1930 году раку грабніцы адчыніла дзяржаўная камісія з удзелам начальніка аддзела Бабруйскага выканаўскага камітэту Антонава, дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Чарвакова і кіраўніка Бабруйскай лякарні Сурава ў прысутнасьці настаяцеля Траецкага сабору япіскапа Слуцкага БАПЦ Мікалая (Шамяцілы). У пратаколе з прыкладаньнем заключэньня і фатаздымкаў адзначалася нятленьне мошчаў пры адсутнасьці адмысловага бальзамаваньня цела[1].

Затым мошчы даставілі ў музэй Беларускага мэдычнага інстытуту (Менск), адкуль пасьля нямецкага захопу Менску ў 1941 г. перанесьлі ў катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу (Менск), дзе мошчы захоўваюцца дагэтуль[1].

Кананізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неўзабаве сярод месьцічаў пайшлі чуткі пра дзівосы, што адбываліся ля труны. Менавіта тады Соф’ю пачалі ўшаноўваць як сьвятую, але кананізавалі княгіню значна пазьней, у 1984.

У 2000 годзе да 2000-годзьдзя хрысьціянства быў усталяваны помнік Соф’і Слуцкай.[5] У 2009 у Менску асьвяцілі новую царкву ў гонар сьвятой Соф’і Слуцкай.

У наш час сьвятыя мошчы Соф’і Слуцкай захоўваюцца ў Катэдральным саборы Сашэсьця Сьвятога Духу ў Менску. Дзень яе памяці адзначаецца 1 красавіка.

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2008 г. беларуская архівістка Вольга Бабкова выявіла ў зборах Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі непадпісаны[6] дакумэнт ад 6 лютага 1600 г., дзе ад імя Соф’і Алелькавіч пры заключэньні шлюбнай дамовы зь Янушам Радзівілам сьцьвярджалася, што яна зьяўлялася каталічкай[7][8]. Пагатоў на 6 лютага 1600 г. Соф’я Алелькавіч ужо была паўналетняй, то бок правамоцнай[6].

Радавод[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж Сохвія Слуцкая // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 5 студзеня 2016 г.
  2. ^ а б в Ёсіф Заяц. Самая багатая нявеста Рэчы Паспалітай // Ігуменскі тракт. — 30 красавіка 2013. — № 3 (27118). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в Анатоль Грыцкевіч. Радзівіл Соф’я // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 497.
  4. ^ Мітрапаліт Філарэт. Пасланьне на Раство Хрыстова // Зьвязда : газэта. — 6 студзеня 2012. — № 3 (27118). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ В Слуцке пройдёт крестный ход, посвящённый 10-летию со дня установки памятника Софии Слуцкой, Інфа-Кур’ер (рас.)
  6. ^ а б Япіскап Антоній. Яшчэ раз пра веравызнаньне сьвятой Сафіі Слуцкай // Слуцкая япархія, 6 студзеня 2015 г. Праверана 5 студзеня 2016 г.
  7. ^ В. Бабкова: «Я бачу гісторыю хутчэй празь літаратуру» // «Радыё Свабода», 3 лістапада 2008.
  8. ^ Як лаяліся сярэднявечныя мінчукі і пра што марылі тагачасныя аптэкары? // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 9 красавіка 2010.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Соф’я Слуцкаясховішча мультымэдыйных матэрыялаў