Нясьвіскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Архітэктурны, жылы і культурны комплекс роду Радзівілаў у Нясьвіжы
Architectural, Residential and Cultural Complex of the Radzivił Family at Niaśviž[a]*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Палацава-замкавы комплекс Радзівілаў
Краіна Беларусь
Тып Культурны
Крытэры ii, iv, vi
Спасылка 1196
Рэгіён** Эўропа і Паўночная Амэрыка
Каардынаты 53°13′22.36″ пн. ш. 26°41′30.25″ у. д. / 53.2228778° пн. ш. 26.6917361° у. д. / 53.2228778; 26.6917361Каардынаты: 53°13′22.36″ пн. ш. 26°41′30.25″ у. д. / 53.2228778° пн. ш. 26.6917361° у. д. / 53.2228778; 26.6917361
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 2005  (29-я сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Пала́цава-па́ркавы ко́мплекс Радзіві́лаў або Нясьві́скі за́мак — унікальны помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVI—XVIII стагодзьдзяў у Нясьвіжы, старажытная рэзыдэнцыя князёў Радзівілаў. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне места, на паўвысьпе, на правым беразе ракі Вушы. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі і сьпісу Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Комплекс складаецца з палаца, створанага ў выніку некалькіх перабудоваў рэнэсанснага замка, бастыённых фартыфікацыяў і вялікага паркавага комплексу з Замкавым, Старым, Новым, Японскім і Ангельскім паркамі, а таксама Замкавым, Дзікім і Бэрнардынскім ставамі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Радзівіл «Сіротка»

Першы драўляны замак у Нясьвіжы пачалі будаваць за Мікалаем Радзівілам «Чорным» у 1551 годзе паводле прывілею вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. У замку ўпершыню ў краіне зьявілася ліцейная гарматная майстэрня — людвісарня. Ужо ў 1576 годзе у ёй зрабілі першыя сем гарматаў. Магчымасьць адліваць у замку зброю не аднойчы дапамагала на доўгі час стрымліваць варожую аблогу.

Замак, 1583 г.

У 1583 годзе Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка» пачаў будаваньне мураванага замка паводле праекту італьянскага архітэктара Яна Марыі Бэрнардоні. Выгляд гэтага замка ў пачатку XVII ст. адлюстраваў на сваёй гравюры Тамаш Макоўскі. Фактычна ў Нясьвіжы збудавалі першы ў Вялікім Княстве Літоўскім замак новага тыпу бастыённых фартыфікацыяў — г. зв. новаітальянскай сыстэмы[1]. У XVII ст. на кутох бастыёнаў збудавалі чатыры абарончыя вежы.

Замак у панараме Нясьвіжу. Гравюра Т. Макоўскага, XVII ст.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) замак вытрымаў доўгія аблогі маскоўскіх войскаў у 1654 і 1659 гадох[2]. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе замак па працяглай аблозе штурмам захапілі швэдзкія войскі. Яны ўзарвалі ўмацаваньні і бастыёны, зьнішчылі большую частку вайсковая амуніцыі, раскапалі валы, утапілі гарматы. Толькі праз дваццаць гадоў замак аднавілі. Перабудаваньне замка ўзначаліў Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька». Паводле праекту архітэктара Казімера Ждановіча, вакол сьценаў узьвялі новыя валы. Сам замак у выніку рэканструкцыі пераўтварыўся ў палацава-замкавы ансамбль. У 1740 годзе побач з брамай зьявілася палацавая капліца. Паводле інвэнтару 1767 году, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Налева і направа ад замкавай брамы па-за межамі фартыфікацыяў каля ставоў было два комплексы жылых, гаспадарчых і вытворчых пабудоваў. У замкавых бастыёнах былі арсэналы і каморы[3].

Міхал Радзівіл «Рыбанька»

У XVIII ст. у будаваньні палаца бралі ўдзел М. Пэдэці (у 1748—1752 гадох), М. Фларыяновіч (у 1775—1778 гадох), К. Спампані (у 1778—1779 гадох), А. Лоцы (у 1783 годзе, праект галерэі)[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся заняпад места і замка. У 1809 годзе комплекс рамантаваўся архітэктарам М. Цэйзікам.

Па вайне 1812 году, падчас якой уладальнік замка Дамінік Геранім Радзівіл выступіў на баку Францыі, сам замак на доўгі час застаўся ў занядбаньні. Толькі ў 1865 годзе ён вярнуўся да законных нашчадкаў. Замак пачаў аднаўляцца. У 1879 годзе ў абалоне ракі заклалі пэйзажныя паркі, у пачатку XX ст. — Японскі сад. У 1913—1914 гадох праводзіліся працы ў паляпшэньні паркавых ляндшафтаў[5].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак на купюры ў 100 000 беларускіх рублёў

Род Радзівілаў валодаў замкам да 1939 году, пакуль апошнія нашчадкі ня мусілі пакінуць Нясьвіж. За савецкім часам з 1945 году ў замку знаходзілася санаторыя «Нясьвіж». За гэтыя часы будынак палаца дэградаваў, адбылося зьнішчэньне шматлікіх элемэнтаў дэкору.

Толькі па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі будынак перадалі пад кантроль Міністэрства культуры, а ў 2001 годзе пачалася рэстаўрацыя замка. У ноч з 24 на 25 сьнежня 2002 году цэнтральны корпус палаца з прычыны неахайнасьці будаўнікоў-рэстаўратараў ахапіла полымя. Пажар зьнішчыў унікальныя драўляныя перакрыцьці і аўтэнтычныя росьпісы столі. Па пажары пачалося чарговае аднаўленьне палаца. Але праз брак грошай рэстаўрацыя ішла павольна, прытым выкарыстоўваліся сучасныя матэрыялы і спрэчныя разьвязкі ў абнаўленьні палаца. Рэстаўратары спрабавалі дадаць элемэнты пачатковага будынку XVI стагодзьдзя ў барокаы выгляд замка, які сфармаваўся ў XVIII ст. Афіцыйны беларускі бок неаднойчы атрымліваў прапановы з-за мяжы ў дапамозе рэстаўрацыі замка, але іх адкідалі.

У 2005 годзе ЮНЭСКО ўлучыла палацава-замкавы комплекс Радзівілаў ў Сьпіс сусьветнай спадчыны. Таго ж году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне купюру наміналам 100 тысячаў рублёў, прысьвечаную Нясьвіскаму палацу. На рэвэрсе банкноты зьмяшчаўся адрэтушаваны малюнак Напалеона Орды, на якой замест радзівілаўскіх арлоў выявілі ўкосныя расейскія крыжы[6].

У 2012 годзе скончылася рэстаўрацыя палаца. Таго ж году Нацыянальны гістарычна-культурны музэй-запаведнік «Нясьвіж» стаў найбольш наведванай культурнай славутасьцю Беларусі, што прыцягнула 431 000 гасьцей. Найбольшы лік наведнікаў назіраўся ў суботы, калі замежныя падарожнікі прыяжджалі на аўтобусах з усіх 5 сумежных краінаў. Музэй-запаведнік налічваў 230 супрацоўнікаў, сярод якіх пераважалі маладыя археолягі і архівісты. На 2013 год вылучылі 250 000 эўра для папаўненьня музэйных збораў, што было найбольшым паказьнікаў сярод музэяў Беларусі. На кастрычнік 2013 году налічвалася каля 190 аўдыёгідаў па музэі на некалькіх мовах. Пры музэі прадавалі звыш 1000 найменьняў сувэніраў ад 76 пастаўнікоў, сярод якіх пераважалі беларускія вытворцы. У крамах пры музэі пераважна прадавалі кераміку, шкло, саломку, друкаваныя вырабы і шакаляд, у тым ліку шакалядкі «Чорная панна Нясьвіжа»[7].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Макет замка ў XVII ст.

Першы замак у стылі рэнэсансу быў у форме чатырохкутніка (памерамі 170 на 120 мэтраў) і меў разьвітую фартыфікацыйную сыстэму. Пэрымэтрам ён атачаўся высокім земляным валам, абкладзеным каменьнем, з бастыёнамі на кутох. За валам ішоў роў, узровень вады ў якім рэгуляваўся. Апроч таго, з двух бакоў знаходзіліся штучныя вадаёмы — вялікія копанкі. Унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. Уверсе вал пераходзіў у бруствэр з дадатковымі ўмацаваньнямі. За бруствэрам былі стралковыя вочкі, акопы. З боку замка бруствэр абараняўся яшчэ адной каменнай сьцяной.

Трапіць у замак зь места можна было толькі доўгім драўляным мостам, які ішоў цераз возера і ў выпадку небясьпекі хутка разьбіраўся. Гэты мост даводзіў да абарончага рова зь перакінутым церазь яго пад'ёмным мостам. Ён падыходзіў да масіўнай 2-павярховай мураванай брамы, прыстасаванай да абароны[8].

Вялікі замкавы двор атачалі тры будынкі. Насупраць уяздной брамы знаходзіўся галоўны корпус — трохпавярховы палац, у кутох якога ўзвышаліся 8-гранныя мураваныя вежы. З правага боку ад уваходу стаяў 3-павярховы корпус з высокай вартавой вежай. Там, хутчэй за ўсё, зьмяшчаліся казармы ды іншыя службы. Трэці будынак, 2-павярховы гаспадарчы корпус, стаяў зь левага боку ад уезду.

Макет замка ў XVIII ст.

У выніку рэканструкцыі XVIII ст. галоўны палацавы корпус надбудавалі, дапоўніўшы 3-павярховымі аб’ёмамі. Разам з двума іншымі перабудаванымі карпусамі яны ўтварылі адчынены двор. Ускладнілася аздоба фасадаў, сьцены сталі падзяляцца пілястрамі. Рызаліт паднялі да чатырох з паловай паверхаў і завершылі франтонам, аздобленым багатым рэльефным дэкорам і скульптурнымі ўстаўкамі ў стылі позьняга барока. Бакавыя карпусы злучыліся з цэнтральным корпусам 3-павярховымі будынкамі, а з уязной брамай — галерэямі. У выніку перабудоў палац набыў замкнёную пэрымэтрам, блізкую да пяцікутніка форму.

Галоўны корпус палаца разьмяшчаецца на адной восі з уязной брамай і выступае цэнтрам палацавай кампазыцыі. Уваход вылучаецца вынасным тамбурам на шырыню рызаліта. Над тамбурам — шырокая тэраса з мэталічнай агароджай. Два бакавыя прастакутныя ў пляне карпусы далучаюцца пад кутом да галоўнага, зь якім злучаюцца 3-павярховымі кутнімі ўстаўкамі. У тарцовай частцы правага корпуса ўзвышаецца 2-ярусная 6-гранная вежа, завершаная купалам-баняй з ратондай.

У інтэр’ерах палаца кафляныя і фаянсавыя печы, аздобленыя стукавай ляпнінкай, і каміны з мэталічнымі геральдычнымі выявамі. Сьцены аздабляюцца дубовымі разнымі панэлямі, палатнянымі і скуранымі шпалерамі ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь пакрываецца пазалотай і росьпісам. Мэбля інкруставаная і размаляваная, аздобленая мастацкімі тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. З больш чым 300 памяшканьняў палаца вылучаліся 12 парадных заляў (Залатая, Каралеўская, Гетманская, Мармуровая, Зорная, Рыцарская, Паляўнічая ды іншыя), у якіх захоўваліся[9]:

  • бібліятэка, у якой налічвалася 20 тысячаў тамоў;
  • партрэтная і мастацкая галерэі, дзе было шмат палотнаў, якія належалі пэндзьлям вядомых мастакоў;
  • багатая калекцыя эўрапэйскай, арабскай, японскай і кітайскай зброі
  • славутыя слуцкія паясы, карэліцкія і нясьвіскія шпалеры, калекцыя манэтаў і мэдалёў, раскошная мэбля.

Вялікае значэньне ў ансамблі інтэр’еру мелі творы малярства, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактураў ды іншае).

Паркі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марысін парк

Плошча паркаў разам з ставамі складае каля 100 гектараў. Складаюцца зь пяці аўтаномных кампазыцыяў: Замкавы парк, Стары парк, Новы парк, Японскі сад і Ангельскі парк. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на правабярэжную і левабярэжную часткі.

На правабярэжжы знаходзяцца палац з фрагмэнтам парку (Замкавы парк) і Стары парк зь Японскім садам. З дэкаратыўнай аздобы — старая студня з дэталямі мастацкай коўкі і скульптура «Амур з чашай». Да Замкавага парку далучаецца Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкаратыўнымі групамі дрэваў, памятнымі камянямі і архітэктурай малых формаў (не захаваліся): Галяндзкім млынам, Бярозавым дамком, помнікам тхору. За Старым паркам месьціцца Японскі сад з паплавамі. Алеямі ён злучаўся з узгоркам, на якім стаяла капліца.

На левабярэжжы разьмяшчаецца Новы (Марысін) парк з гэтак званым іпадромам. У кампазыцыях Новага парку адбіўся ўплыў натуралізму: павелічэньне памераў асобных паркавых групаў, пераход асобных курцінаў у гаі і зялёныя масівы, а на ўсходняй ускраіне — у гэтык званы «рускі лес», які ў асноўным складаецца зь мясцовых пародаў з рэдкімі экзотамі. У гэтай частцы парку былі студня-крыніца, круглы стаў з выспай, ручай, астранамічны абэліск ды іншае. Іпадром дэкаратыўна афармляецца елкамі.

У парках растуць інтрадукаваныя пароды і дэкаратыўныя формы: елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніца даўрская і сыбірская, хвоі вэймутава і чорная, дуб звычайны (форма пірамідальная), ліпа амэрыканская (форма буйналістая), шмат дэкаратыўных кустоў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Памылковая назва ў афіцыйным сьпісе: «Architectural, Residential and Cultural Complex of the Radziwill Family at Nesvizh»

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 53—54.
  2. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 54.
  3. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 372.
  4. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 373.
  5. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 374.
  6. ^ На 100 000 да замка Радзівілаў прымалявалі… праваслаўныя крыжы, Наша Ніва, 1 жніўня 2012 г.
  7. ^ Раманчук П. Нясьвіскія славутасьці: культура плюс разьлік // Зьвязда : газэта. — 4 кастрычніка 2013. — № 187 (27552). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  8. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 53.
  9. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 55.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  610Г000466