Пружанскі раён
Пружанскі раён | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Берасьцейская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Пружаны |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1940 |
Кіраўнік | Юры Бісун[d][1] |
Насельніцтва (2009) | 52 511[2] |
Шчыльнасьць | 21 чал./км² |
Плошча | 2834[3] км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 151 м[4] |
Месцазнаходжаньне Пружанскага раёну | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Пружа́нскі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Мяжуе з Камянецкім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім і Кобрынскім раёнамі Берасьцейскай вобласьці, Слонімскім, Ваўкавыскім, Сьвіслацкім раёнамі Гарадзенскай вобласьці, а таксама з Рэспублікай Польшча.
У складзе раёну 245 населеных пунктаў, у тым ліку места Пружаны, пасёлкі гарадзкога тыпу — Ружаны і Шарашоў. Тэрыторыя адміністрацыйна падзеленая на 2 пасялковыя і 10 сельскіх саветаў.
Геаграфія
Плошча 2834 км², у тым ліку на сяльгасугодзьдзі даводзіцца 1280,12 км²[5]. Асноўныя рэкі — Ясельда, Мухавец, Зальвянка, Ружанка, Нараўка. Азёры і вадасховішчы: Паперня, Гута, Пружанскае, Рудніцкае і іншыя.
У заходняй частцы Пружанскага раёну пачынаецца нацыянальны парк Белавеская пушча. На тэрыторыі раёну месьцяцца таксама заказьнікі рэспубліканскага значэньня — «Міхалінска-Бярозаўскі», «Ружанская пушча», «Буслаўка», «Дзікае» (гідралягічны), а таксама заказьнікі мясцовага значэньня — «Выдранка» ды «Зяльвянка».
Помнікі прыроды рэспубліканскага значэньня: Ліноўскі піхтарнік і сасна Веймутава ў Пружанскім лясьніцтве.
Карысныя выкапні — торф.
Гісторыя
Як сьцьвярджаюць археолягі, землі Пружанскага раёну пачалі засяляцца блізу 8—9 тысячаў гадоў таму. Першыя паселішчы, што паўсталі ўздоўж берагоў Ясельды і Мухаўца, далі пачатак будучым вёскам Носкі, Харава, Труханавічы, Смаляніца, Руднікі. Зьмяшчаючыся на адлегласьці 3—5 кілямэтраў адна ад аднае, гэтыя паселішчы нібы пунктырна пазначаюць найстаражытнейшы і найкарацейшы шлях «з варагаў у грэкі», які зьвязвае цераз рэкі Нараў і Ясельду Прыбалтыку ды Прычарнамор’е. Пазьней гэты шлях страціў значэньне праз забалочваньне міжрэчча і ўтварэньне балотнага масіву Дзікае. У гэты ж час існаваў і іншы шлях у Балтыйскі басэйн — па рэках Ружанка, Зальвянка і Нёман. Балтыйскія плямёны рухаліся ўверх па далінах гэтых рэк і паступова засялялі ўсю сучасную тэрыторыю Пружаншчыны, асымілюючыся зь індаэўрапейскімі плямёнамі, якія пасяліліся тут раней.
У VIII—X стагодзьдзях усю тэрыторыю Берасьцейшчыны засялялі дрыгавічы. Найбольш старажытныя іх помнікі — курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспаленьня, з канца X стагодзьдзя — з пахавальным абрадам трупапалажэньня на гарызонце або ў падкурганнай яме, часам на попельна-вугальнай падсыпцы. Самы раньні курганны могільнік Берасьцейшчыны, які датуецца не пазьней за VIII стагодзьдзе, вядомы яшчэ з канца XIX стагодзьдзя ва ўрочышчы Пель за 1,1 км на паўднёвы захад ад вёскі Бярэзьніца Пружанскага раёну.
Пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да фэадалізму ў плямён, якія засялялі тэрыторыю Беларусі, адбываўся ў VI—IX стагодзьдзях. Пачала разьвівацца папарная сыстэма земляробства, хатнія рамёствы паступова ўтваралі асобную галіну рамеснай вытворчасьці — апрацоўку жалеза, каляровых мяталаў, наладжваліся зьнешнія сувязі.
У канцы 1-га тысячагодзьдзя на тэрыторыі расьсяленьня дрыгавічоў склалася Тураўскае княства, у якое ўвайшла ўся тэрыторыя сучаснай Берасьцейскай вобласьці. Першы верагодны князь — Сьвятаполк Уладзімеравіч (Акаянны), загінуў у барацьбе за вялікакняскую ўладу. Пасьля ягонай сьмерці ў 1019 Яраслаў Мудры ўключыў княства ў склад Кіеўскай Русі.
Вялікае Княства Літоўскае
За часамі сярэднявечча Пружаншчына апынулася на скрыжаваньні істотных гандлёвых і вайскова-транспартных шляхоў між Заходняй Эўропай і Масковіяй, а таксама Прыбалтыкай і Ўкраінай.
Першыя гістарычныя зьвесткі пра Прушанскую воласьць адносяцца да 1433 году. Пад 1563 рокам у «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі праз каралеўскага рэвізора Дзьмітрыя Сапегу» згадваецца эканамічны абшар, які ўлучаў эканомію мястэчка Дабучын (Пружаны). На той час Дабучынская воласьць складалася зь дзьвюх частак: абшара двара Дабучынскага і абшара двара Блудзенскага[6].
Захавалася мноства гістарычных дакумантаў, курганаў, помнікаў, вядомых і безыменных пахаваньняў, якія сьведчаць пра тагачасныя вайсковыя канфлікты: войны Рэчы Паспалітай з Расеяй 1654—1667 гадоў і Паўночная (1700—1721), напалеонаўскае нашэсьце 1812 году, Першую і Другую сусьветныя войны.
Адзін зь першых беларускіх летапісаў XVI стагодзьдзя «Хроніка Быхаўца» быў знойдзены ў вёсцы Магілёўцы.
Расейская імпэрыя
Пра бітву часоў 1812 году між расейскім і напалеонаўскімі войскамі нагадвае адноўленая каплічка каля вёскі Паддубна.
Не абмінулі Пружаншчыну і падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Актыўна дзейнічаў на Кобрыншчыне паўстанцкі атрад, сфармаваны ў родавым маёнтку кіраўніка паўстаньня Тытуса Пуслоўскага — Плянта. У атрадзе Антона Бронскага на Ружаншчыне прымалі актыўны ўдзел і мясцовыя сяляне[7].
У 1846—1848 гадах Пружанскі павет стаў месцам, дзе разгарнуўся антыалькагольны рух сялянаў. Неўзабаве ён перакінуўся на іншыя паветы Беларусі й Расеі як форма пратэсту супраць увядзеньня манаполіі памешчыкаў на прыгатаваньне і продаж алькаголю.
Паўстаньне 1863 году
Падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў супраць царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага мелі шырокую падтрымку значнае часткі шляхты, жыхароў гораду і мястэчак, сялянаў-аднадворцаў, каталіцкага духавенства. З дасягненьняў паўстанцаў — захоп гораду Пружаны ў ноч з 12 на 13 лютага 1863, напад дзеля пакараньня здраднікаў і даносчыкаў на мястэчка Шарашова ў жніўні 1863, баі ля вёсак Міхалін, Гута, Ласасін ды іншых.
Другая Рэч Паспалітая
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
Самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР раён стаў 15 студзеня 1940.
У гады нямецка-фашысцкай акупацыі на Пружаншчыне дзейнічаў падпольны антыфашысцкі камітэт, а з 1943 году — падпольныя райкамы камуністычнае партыі і камсамолу.
Насельніцтва
Раён знаходзіцца на мяжы Заходнепалескага (дзе пераважае славянская тапаніміка) і Цэнтральнабеларускага (суіснуе славяна-балцкая тапаніміка) тапанімічных рэгіёнаў.
Сучасныя гісторыкі сьцьвярджаюць, што поўнач Пружаншчыны засялялася пераважна балтамі. Этнографы мяжы XIX—XX стст. адзначалі, што насельніцтва, якое жыло на поўнач ад лініі, утворанай вярхоўямі Нарава і Ясельды — Белавеская пушча — Пружана — Бяроза — рэкі Шчара, Бобрык — Лунінец, называла паўднёвых суседзяў палешукамі, а тыя, у сваю чаргу, сваіх паўднёвых суседзяў — ліцьвінамі[8].
Падчас «вялікага перасяленьня народаў» гэтыя землі насяліла племя дрыгавічоў. У другой палове XIII ст. з дазволу вялікалітоўскага князя Трайдзеня тут пасяліліся прусы.
Насельніцтва раёну складае 52 511 чалавек (2009)[2].
Агулам, чалавек |
У тым ліку | Мескае насельніцтва |
Вясковае насельніцтва |
У адсотках | ||
---|---|---|---|---|---|---|
мужчыны | жанчыны | |||||
Усё насельніцтва | 52 511 | 24 404 | 28 107 | 24 074 | 28 437 | 100 |
беларусы | 45 940 | 21 362 | 24 578 | 21 140 | 24 800 | 87,49 |
расейцы | 3378 | 1540 | 1838 | 1661 | 1717 | 6,43 |
украінцы | 1786 | 848 | 938 | 500 | 1286 | 3,4 |
палякі | 972 | 425 | 547 | 554 | 418 | 1,85 |
цыганы | 91 | 38 | 53 | 75 | 16 | 0,17 |
татары | 49 | 24 | 25 | 26 | 23 | 0,09 |
малдаване | 39 | 21 | 18 | 12 | 27 | 0,07 |
армяне | 31 | 17 | 14 | 2 | 29 | 0,06 |
летувісы | 28 | 16 | 12 | 16 | 12 | 0,05 |
узбэкі | 16 | 11 | 5 | 9 | 7 | 0,03 |
немцы | 14 | 14 | — | 3 | 11 | 0,03 |
азэрбайджанцы | 12 | 7 | 5 | 6 | 6 | 0,02 |
чувашы | 9 | 2 | 7 | 3 | 6 | 0,02 |
мардва | 7 | 2 | 5 | 1 | 6 | 0,01 |
удмурты | 6 | 1 | 5 | 2 | 4 | 0,01 |
грэкі | 4 | 3 | 1 | 1 | 3 | < 0,01 |
жыды | 4 | 2 | 2 | 4 | — | < 0,01 |
латышы | 4 | 2 | 2 | 2 | 2 | < 0,01 |
асэтыны | 3 | 2 | 1 | 3 | — | < 0,01 |
башкіры | 3 | 3 | — | 2 | 1 | < 0,01 |
грузіны | 3 | 3 | — | 2 | 1 | < 0,01 |
казахі | 2 | 2 | — | 1 | 1 | < 0,01 |
марыйцы | 2 | 1 | 1 | — | 2 | < 0,01 |
эстонцы | 2 | 2 | — | 1 | 1 | < 0,01 |
баўгары | 1 | 1 | — | — | 1 | < 0,01 |
кітайцы | 1 | — | 1 | 1 | — | < 0,01 |
Национальный состав населения Брестской области (рас.) // Общая численность населения, его состав по возрасту, полу, состоянию в браке, уровню образования, национальностям, языку и источникам средств к существованию. Брестская область. — Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, паводле вынікаў перапісу 2009. |
Палітыка
Эканоміка
Прамысловасьць
Прамысловы комплекс раёну складаюць 15 прадпрыемстваў (сярэднесьпісавая колькасьць працаўнікоў 2,7 тысячы чалавек). Вядучыя месцы займаюць ААТ «Пружанскі малочны камбінат», філія Пружанскага райва (райпо) «Камбінат каапэратыўнай прамысловасьці», УП «Ружанская мэблевая фабрыка» і РУП «Пружанскі завод радыёдэталяў», на долю якіх даводзіцца адпаведна 47,7%, 16,4%, 6,9% і 4,9% ад агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасьці.
Прадпрыемствы раёну выпускаюць пладовагароднінавыя кансэрвы, цьвёрдыя сыры, жывёльнае масла, цэльнамалочную прадукцыю, кандытарскія і кілбасныя вырабы, крухмал, пладовыя віны, піва, безалькагольныя напоі, будаўнічыя матэрыялы, піламатэрыялы, мэблю, мэблевыя дадаткі, прадукты радыёэлектронікі, ільновалакно, нятканыя матэрыялы і іншыя віды прадукцыі.
Пастаўка лесаматэрыялаў, мэблі, ільну-сырцу, цьвёрдых сыроў і іншых відаў прадукцыі зьдзяйсьняецца ў Расейскую Федэрацыю, Украіну, Нямеччыну, Бэльгію, Францыю, Нідэрлянды[9].
Сельская гаспадарка
Агульная плошча сяльгаснадзелаў 131,2 тысячы гектараў, зь іх асушана 47,6 тысячы гектараў. Сярэдні бал сяльгаснадзелаў па раёне складае 29,4, у тым ліку пашні — 32,1.
Сельскую гаспадарку раёну складаюць 21 калгас, 5 камунальных унітарных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 3 адкрытыя акцыянэрныя таварыствы, 2 рэспубліканскія ўнітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, 27 фэрмэрскіх гаспадарак.
Сялянская гаспадарка спэцыялізуецца пераважна на малочна-мясной жывёлагадоўлі. На 100 га сяльгаснадзелаў даводзіцца 48,6 галавы буйнога рагатага скату, у тым ліку 17,3 каровы.
Узрошчваюцца зерневыя і кармавыя культуры, лён, бульба і цукровыя буракі.
Сярэднегадавая колькасьць працаўнікоў сельскай гаспадаркі складае болей за 6 тысячаў чалавек.
На тэрыторыі раёну працуюць установа адукацыі «Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж», РУП «Берасьцейская дзяржаўная абласная сельскагаспадарчая вопытная станцыя», КУСГП «Берасьцейская абласная праектна-дасьледчая станцыя хімізацыі»[10].
Гандаль
На тэрыторыі раёну разьмешчаныя 286 гандлёвых прадпрыемстваў, у тым ліку 181 крама Пружанскага райва, 12 крамаў РУГВП «Ваенсервіс г. Пружаны», 14 фірмовых і ведамасных гандлёвых прадпрыемстваў і 72 гандлёвыя аб’екты індывідуальных прадпрымальнікаў. Працуе 51 прадпрыемства грамадзкага харчаваньня[11].
Транспарт
Цераз раён праходзіць чыгунка Берасьце — Менск — Ворша, а таксама аўтадарогі:
- Р47 Сьвіслач — Поразава — Пружаны,
- Р85 Слонім — Высокае,
- Р98 Пяшчатка — Дзьмітравічы — Клепачы — Лыскава — Сьвіслач,
- Р101 Пружаны — Бяроза,
- Івацэвічы — Ваўкавыск,
- Кобрынь — Пружаны.
Культура і адукацыя
У раёне дзейнічаюць дамы культуры, адзін аўтаклюб, 2 школы народнае творчасьці, 12 народных калектываў, раённая бібліятэка, гарадзкая бібліятэка, 2 гарпасялковыя бібліятэкі, 3 дзіцячыя, 40 сельскіх бібліятэк, 5 сельскіх бібліятэк-клюбаў, музэй, дзіцячы парк, 4 дзіцячыя школы мастацтваў, 2 музычныя школы[12].
Выдатныя мясьціны
На тэрыторыі раёну знаходзіцца 6 помнікаў археалёгіі, 42 помнікі архітэктуры, 115 помнікаў гісторыі і 9 старажытных паркаў.
- Палацавы комплекс князёў Сапегаў у г. п. Ружаны (XVI—XVIII стагодзьдзі);
- Траецкі касьцёл дамініканцаў у г. п. Ружаны (XVII—XIX стагодзьдзі);
- Петрапаўлаўская царква (Ружаны);
- Кляштар базылянаў (Ружаны) (другая палова XVII — пачатак XVIII стагодзьдзя);
- Сынагога ў вёсцы Шарашова (XIX ст.);
- Касьцёл і кляштар місыянэраў у вёсцы Лыскава (1763—1785);
- Лыскаўскі замак (XV—XVI стагодзьдзі).
Вядомыя выхадцы і жыхары
Выхадцы
- Міхась Забэйда-Суміцкі (1900—1981) — сьпявак. З посьпехам выступаў у Міляне. Выконваў клясычныя, народныя партызанскія сьпевы. Працаваў у Празе, там і пахаваны. Нарадзіўся ў вёсцы Шэйпічы.
- Мікола Засім (1908—1957) — беларускі паэт. Нарадзіўся ў вёсцы Шані Пружанскага раёну.
- Каэтан Крашэўскі (1827—1896) — пісьменьнік, астронам-аматар, уладальнік бібліятэкі, што налічвала больш за 10 тысячаў тамоў (у тым ліку і зборы Сапегаў). Родны брат Язэпа Крашэўскага. Нарадзіўся ў вёсцы Доўгае Пружанскага раёну.
- Люцыян Крашэўскі (1820—1892) — беларускі і польскі мастак, фатограф.
- Мікалай Пружанскі (Ліноўскі) (1844—1919) — габрэйскі пісьменьнік.
- Васіль Сёмуха (1936) — перакладнік.
- Янка Хвораст (1902—1983) — беларускі танцоўшчык, балетмайстар, зьбіральнік беларускага харэаграфічнага фальклёру. Нарадзіўся ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага раёну.
Жыхары
- Міхал Баброўскі (1785—1848) — беларускі славіст, арыенталіст, філёзаф, доктар тэалёгіі, сябра Археалягічнай Акадэміі ў Рыме, Парыскага і Лёнданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Зь ягоным імем зьвязанае адкрыцьцё Супрасьлеўскага рукапісу. Пахаваны ў Шарашове.
- Павал Баброўскі (1832—1905) — гісторык і этнограф. Пляменьнік Міхаіла Баброўскага. У дзяцінстве жыў у вёсцы Абруб Пружанскага раёну. Скончыў Пружанскую дваранскую вучэльню.
- Станіслаў Жукоўскі (1875—1944) — мастак, сябра таварыства перасоўных выставаў (з 1903 году), Саюзу расейскіх мастакоў (з 1907 году). Дзяцінства правёў у вёсцы Стараволя.
- Францішак Карпінскі (1741—1825) — паэт-драматург, адзін з родапачынальнікаў польскага сэнтымэнталізму. З 1793 па 1825 гады арандаваў маёнткі Красьнік і Хораўшчызна на тэрыторыі цяперашняга Пружанскага раёну.
- Язэп Крашэўскі (1812—1887) — пісьменьнік, гісторык, грамадзкі дзяяч лібэральнага кірунку, акадэмік Кракаўскай Акадэміі навук. Нарадзіўся ў сям’і пружанскага харунжага.
- Міхал Федароўскі (1853—1923) — зьбіральнік фальклёру і дасьледнік беларускай культуры і гісторыі.
Крыніцы
- ^ https://www.sb.by/articles/kadrovye-resheniya-prezidenta1605.html
- ^ а б Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Район (рас.). Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 16 кастрычніка 2011 г.
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь (рас.) (па стане на 1 студзеня 2010 г.)
- ^ Мікола Валошчык. З сівой мінуўшчыны. «Гістарычная брама» №6 (10) 1998. Праверана 27 лютага 2012 г.
- ^ Пракаповіч, Натальля Ружаны: позірк у мінулае. Усё пра Ружаны. Праверана 17 кастрычніка 2011 г.
- ^ Наталля Пракаповіч. Загадкавыя імёны зямлі Пружанскай // Газета для вас. — 9 кастрычніка 2009. — № 719.
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Промышленность (рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Сельское хозяйство (рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Торговля (рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Культура (рас.)
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4 — С. 49-50.
Вонкавыя спасылкі
Пружанскі раён — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Старонка Пружанскага райвыканкаму (анг.) (рас.)
- Пружанскі раён , Radzima.org
- Пружанскі раён (рас.), Глёбус Беларусі