Жалейка (зборнік)
«Жалейка» | |
Вокладка зборніка «Жалейка» | |
Жанр: | верш, паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Публікацыя: | 1908 |
Электронная вэрсія | |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Жалейка» — першы зборнік Янкі Купалы, выдадзены ў пачатку 1908 году ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ» тыражом 4300 асобнікаў, дзе былі надрукаваныя 95 лірычных вершаў 1905—1907 гг. і паэма «Адплата каханьня».
У зборніку ўпершыню публікуецца праграмны верш паэта «А хто там ідзе?», які заняў асаблівае месца ў творчасьці Купалы, на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам і зьяўляецца перакладзеным на 82 мовы сьвету[1]. Зборнік двойчы канфіскоўваўся царскімі ўладамі[1][2]. Публікацыя «Жалейкі» адыграла надзвычайную ролю ў станаўленьні беларускай літаратуры і творчага крэда яе аўтара[2]. Літаратурны крытык Леў Клейнбарт адзначыў, што «Жалейка» выражала нацыянальны ўздым тагачаснага грамадзтва[3].
Крытычныя водгукі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зборнік быў з энтузыязмам успрыняты беларускім культурным асяродкам[2]. У сваім 17-м нумары газэта «Наша Ніва» адгукнулася на выхад кнігі рэцэнзіяй Владака з Казіміраўкі (Уладзімера Самойлы), які акрэсьліў своечасовасьць і значэньне гэтага зборніка тагачаснай Беларусі:
Творы Янука Купалы дагэтуль друкавала толькі «Наша Ніва», але цяпер песьні яго выйшлі ў сьвет у асобнай кніжцэ, каторую малады песьняр наш назваў «Жалейкай». Песьні Купалы — гэта люстра, ў каторым сьвеціцца душа беларуса, яго жыцьце, яго родны край; гэта праўдзівы, непадроблены голас, што выходзіць з самай глыбі народнай душы, гэта — «крык, што жыве Беларусь!»[4]
— Владак з Казіміроукі. «Жалейка», песьні Янука Купалы
Тагачасны аналітык беларускай літаратуры Максім Багдановіч у сваім літаратуразнаўчым артыкуле «Глыбы і слаі» быў больш стрыманым у ацэнках раньняй купалаўскай паэзіі:
Як і ў 1909 гаду, найбольш увагі зьвяртае на сябе Я. Купала; зьвяртае не толькі велічынёй сваёй здольнасьці, але гібкасьцю яе, здатнасьцю да ўсестароньняга разьвіцьця <...> Каб даць паняццье аб усёй моцы жыцьцёвых сокаў яго таленту, мы на мінуту вернемся аж да першых крокаў яго пісьменьніцкай працы.
Пачаў ён з шурпатых вершаў, амаль не зусім зьліваўшыхся з тагачасным слоем беларускай паэзіі; напісаныя пад Бурачка, залішне расьцягненыя, слаба апрацаваныя з боку формы і мовы, яны ўвесь час перапявалі некалькі адных і тых жа тэм[5].— Максім Багдановіч. Глыбы і слаі
Янук Купала
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першапачаткова, псэўданімам Івана Луцэвіча, пад якім павінен быў выйсьці яго першы зборнік, мусіў быць «Янук Купала», але рэдактар зборніка Браніслаў Эпімах-Шыпіла падчас публікацыі памылкова напісаў яго як «Янка Купала». З таго часу Іван Дамінікавіч Луцэвіч пачаў карыстацца псэўданімам менавіта ў такой форме[1].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Янка Купала: асоба і творчасць // Архивы Беларуси
- ^ а б в Ірына Багдановіч. «Жалейка» Янкі Купалы як прадвесьце маладой Беларусі // Роднае слова. 2008. № 3. С. 3—6
- ^ Клейнборт, Л.М. Янка Купала // ЛМЯНК. — Фонд У. — Воп. Vp-1. — Адз. зах. 78. — 265 арк.
- ^ Владак з Казіміроукі. «Жалейка», песьні Янука Купалы // Наша Ніва, №17, 15 жніўня 1908
- ^ Максім Багдановіч. Глыбы і слаі // Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 2. Маст. проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. — Мн:. Навука і тэхніка, 1993.— С. 186
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Жалейка» / Аўтар — А.Лойка. — C. 214—215.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала. «Жалейка»(недаступная спасылка) на сайце Родныя Вобразы
- Зборнік вершаў «Жалейка» на сайце Архівы Беларусі
- Апазыцыя «сваё-чужое» ў раньняй лірыцы Янкі Купалы: нацыятворчы аспэкт / Аўтар Тацьцяна Вабішчэвіч. — Літературознавчі обріï. Випуск 16. — С.106—111.(недаступная спасылка)