Перайсьці да зьместу

Гісторыя Ўшачаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Касьцёл Сьвятога Гераніма пры кляштары дамініканаў, 1833 г.

Ушачы — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны, якое пэўны час было цэнтрам рэгіёну. Галоўную тутэйшую славутасьць — касьцёл Сьвятога Гераніма і кляштар дамініканаў (1796), пры якім дзейнічалі школа і шпіталь, — зьнішчылі ў два этапы: сьпярша ў 2-й палове XIX ст. расейскія ўлады загадалі разабраць мураваны кляштарны корпус, а па апошняй вайне савецкія ўлады зруйнавалі будынак касьцёла. Да нашага часу захаваўся нэагатычны касьцёл Сьвятога Лаўрэна (1913).

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Ўшачы як сяло ў Полацкім ваяводзтве датуецца XVI ст. У гэты час яны знаходзіліся ў валоданьні А. Сялявы[1]. У 1594 годзе паселішча стала цэнтрам воласьці.

У 1624 годзе маёнткам Ушачы валодаў Юзэф Кляноўскі, стольнік полацкі. На 1667 год маёнтак складаўся з трох вёсак; тут была прыстань і карчма, дзейнічалі царква і манастыр, рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы. Наступным гаспадаром Ушачоў у 1672 годзе стаў Давыд Радзімінскі Францкевіч, які ў 1677 годзе разам з жонкай заснаваў у мястэчку базылянскі манастыр. Пазьней мясьцінай валодалі Шчыты, Жабы, Плятэры.

У 1716 годзе падваявода полацкі Геранім Жаба разам з жонкай фундавалі ўва Ўшачах касьцёл і кляштар дамініканаў, пры якім дзейнічалі шпіталь і школа[1]. 23 чэрвеня 1758 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку Магдэбурскае права і герб: «у белым полі каля залатой ракі выява Сьвятога Лаўрэна». Адначасна места атрымала права праводзіць таргі ў нядзелі і чацьвяргі, а таксама два кірмашы: першы — на Грамніцы, другі — на дзень Сьвятой Ганны. Кожны з кірмашоў працягваўся 4 тыдні[2].

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772) Ушачы сталі сталіцай рэшты Полацкага ваяводзтва, якая засталася ў Рэчы Паспалітай. Тут зьбіраліся павятовыя соймікі. У 1787 годзе дамініканы збудавалі ў месьце двухпавярховы мураваны кляштар, а таксама заклалі школку на 6 клясаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Праект маскоўскай перабудовы касьцёла дамініканаў, 1888 год

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ушачы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі заштатным местам Лепельскага павету. У 1805 годзе статус паселішча панізілі да мястэчка, цэнтру воласьці Віцебскай губэрні. У вайну 1812 году тут на кароткі час спыняўся аддзел расейскага генэрала Вітгенштэйна, было некалькі сутычак з францускімі войскамі, пра што як памяць засталіся курганы. На думку доктара гісторыі, прафэсара, дырэктара Цэнтру напалеонаўскіх дасьледаваньняў Фэрнанда Бакура, ува Ўшачах з 22 на 23 ліпеня начаваў імпэратар Напалеон Банапарт[3]. На 1846 год у мястэчку было 22 двары, працавалі вадзяны млын, 2 карчмы.

У 1863 годзе дзеля здушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады зачынілі касьцёл і кляштар дамініканаў ува Ўшачах разам з 3 касьцёламі ў ваколіцах мястэчка (Кублічы, Чашнікі і Палюдовічы) Пры закрыцьці каталікам дазволілі вынесьці ўсе касьцёльныя рэчы, якія зь вялікай працэсіяй перавезьлі да Селішча. На 1880 год ува Ўшачах працавалі вінакурны завод, млын, былі 2 царквы, касьцёл, 18 крамаў, 3 юдаісцкія малітоўныя школы. У 1890 годзе ў мястэчку адкрылася царкоўнапрыходзкая школа. Паводле выніка перапісу (1897) тут было 170 двароў, працавалі гарбарны і паташны заводы, млын, лячэбніца, аптэка, 16 крамаў, 8 шынкоў, заезныя дамы.

Касьцёл Сьвятога Гераніма, 1941 год

У пачатку XX ст. Ушачы ня мелі палітычнага або гандлёвага значэньня. Тутэйшая парафія мела 1600 вернікаў, 13 мяшчанскіх двароў, рэшта — арандатарская шляхта. Насельніцтва займалася пераважна земляробствам і часткова сплавам лесу, карыстаючыся добрымі воднымі камунікацыямі. Эканамічны стан істотна пагаршаўся, таму шмат маёнткаў пераходзіць у рукі чужынцаў. У 1905 годзе па рэлігійнай лібэралізацыі ў Расейскай імпэрыі распачаліся масавыя звароты па вяртаньне касьцёла і кляштару дамініканаў каталікам. У адказ на гэта расейскія ўлады пачалі праводзіць у колішнім касьцёле набажэнствы Маскоўскага патрыярхату. Неўзабаве вернікі-каталікі атрымалі зацьверджаньне філіі. Набажэнствы адпраўляліся спачатку ў малой драўлянай капліцы на цьвінтары, якая, згарэла ў 1911 годзе. Першым пробашчам па адкрыцьці філіі на працягу двух гадоў быў ксёндз Кілбаса. У 1908 годзе местачкоўцы дамагліся дазволу на будаваньне новага касьцёла, аднак ім бракавала фундушаў. Касьцёльныя ўлады з сродкаў рэзэрвовага капіталу вылучылі дапамогу памерам у 1000 рублёў, пан Рэўт склаў увесь свой капітал 14 000 рублёў, вялікую суму грошай ахвяравала пані Івашэўская. Новы касьцёл збудавалі ў гатычным стылі. Па ксяндзы Кілбасы парафію ўзначаліў ксёндз Шылінскі, які энэргічна працягваў будоўлю. Па ім касьцёл будаваў ксёндз Баркоўскі, пры якім набажэнствы ў новым храме адпраўляліся ўжо на часовым алтары. Да Ўшацкай парафіі належала гатычная капліца ўва Ўхвічах, маёнтку сям’і Івашэўскіх. Капліцу пад тытулам Сьвятога Тадэвуша фундаваў Аркадзь Лубенскі ў 1861 годзе. Ягоная сястра, пані Івашэўская, была вядомай у акрузе філянтропкай. Яна не карысталася маёнткам, а частку свайго капіталу ахвяравала на сельскагаспадарчую школу для сялянаў, складала значныя грошы на выхаваньне беднай моладзі, актыўна ўдзельнічала ў працы Полацкага таварыства дабрачыннасьці.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ушачы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Лепельскі павет («падраён») Віцебскага раёну[4], аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Ўшачы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Полацкай, з 1935 году Лепельскай акругі. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, у Віцебскай вобласьці. На 1941 год ува Ўшачах было 600 двароў.

У Другую сусьветную вайну з 7 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Згодна з афіцыйнай савецкай статыстыкай, немцы зьнішчылі тут 735 чалавек. У канцы верасьня 1942 году партызаны разьбілі мясцовы нямецкі гарнізон і занялі Ўшацкі і суседнія зь ім раёны, утварылася Полацка-Лепельская партызанская зона. У сьнежні 1943 — красавіку 1944 году ва Ўшачах дысьляцыраваліся штабы Полацка-Лепельскай апэратыўнай групы ЦК КП(б)Б і Беларускага штабу партызанскага руху, партызанскай брыгады імя В. Чапаева. Тут разьмяшчалася падпольная друкарня, дзейнічалі партызанскі тэлефонны вузел, электрастанцыя, лесазавод.

З 1944 году Ўшачы знаходзілся ў Полацкай, а з 1954 году — у Віцебскай вобласьці. У 1962—1966 гадах у Лепельскім раёне. У 1982 годзе ў мястэчку збудавалі аўтавакзал, адкрыўся музэй. 26 ліпеня 2002 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гістарычнага гербу Ўшачаў, а 28 лютага 2011 году — сьцяга мястэчка[5].