Перайсьці да зьместу

Беларуская сялянская партыя Зялёны Дуб

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Зялёны Дуб»)

Беларуская сялянская партыя «Зялёны Дуб» — беларуская партызанская арганізацыя, якая дзейнічала на тэрыторыі БССР цягам 1920-х гадоў. Адзьдзелы «Зялёнага Дубу» вялі ўзброеную барацьбу супраць улады бальшавікоў. Асноўнай мэтай арганізацыі было аднаўленьне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гісторыя «Зялёнага Дубу» пачалася ў 1910 годзе. Напачатку гэта была культурніцкая моладзевая арганізацыя, якая арыентавалася на сялянства ды інтэлігенцыю.

Баявыя дзеяньні арганізацыя пачала ўлетку 1919 году. Тады ж газэты «Звон» і «Беларусь» надрукавалі «Дзёньнік арміі Зялёнага Дубу», складзены кіраўніком арганізацыі Вячаславам Адамовічам-малодшым (вядомы таксама як атаман Дзяргач). Увосень 1920 году быў створаны Галоўны штаб партызанскіх аддзелаў, які ўзначаліў палкоўнік Уладзімер Ксяневіч (партыйная мянушка Грач), і складзены тэкст Статуту.

Згодна са Статутам, дзяржаўны лад Беларусі і зямельнае пытаньне павінен быў вызначыць Устаноўчы сход. Прадугледжвалася інтэнсыўная беларусізацыя, а таксама арыентацыя на Захад, Польшчу і Ўкраіну.

Галоўны штаб «Зялёнага Дубу» знаходзіўся ў Лунінцы, які ў той час уваходзіў у склад Польшчы. Там аддзелы камплектаваліся, узбройваліся і накіроўваліся ў БССР. Напачатку ваяроў было ўсяго 400 чалавек. Яны падзяляліся на «пяцёркі», якія ў сваю чаргу станавіліся ядром асобных паўстанцкіх аддзелаў, цэнтрамі прыцягненьня незадаволенага бальшавіцкім рэжымам сялянства. «Зялёнадубцы» вялі баявыя дзеяньні ў Слуцкім, Мазырскім, Бабруйскім, Барысаўскім, Ігуменскім паветах. Атаман Дзяргач кіраваў палескімі адзьдзеламі «Зялёнага Дубу». Адным з атаманаў арганізацыі быў Цімафей Хведашчэня.

На пячатцы «Зялёнага Дубу» зьмяшчалася выява «Пагоні», а таксама чэрап і скрыжаваныя косьці. У той жа час штаб арганізацыі і атаман Дзяргач карысталіся пячаткаю з выявай трох дубовых лісьцікаў.

Апісаньне сьцяга аднаго з атрадаў «Зялёнага Дубу» утрымліваецца ва ўспамінах атамана Крэчата:[1]

На ядвабным зялёным фоне, з аднаго боку, сумнымі вачыма глядзела аблічча Спаса, зь іншага боку быў крыж у дубовым трылісьніку й чэрап…

Вядомыя сябры арганізацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]