Перайсьці да зьместу

Славянскі сабор Белая Русь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Славянскі сабор «Белая Русь»
па-беларуску: Славянскі сабор Белая Русь
Лідэр партыі Мікалай Сяргеяў
Дата заснаваньня 1992 год
Распушчаная 1999 год
Штаб-кватэра Менск, вул. Першамайская, 24/1-80
Саюзьнікі і блёкі Усеславянскі сабор, Расейскі нацыянальны сабор
Ідэалёгія антыбеларуская, прарасейская, захадафобія, імпэрыялістычны шавінізм
Орган партыйнага друку Часопіс «Белая Русь»

Славя́нскі сабо́р «Бе́лая Русь» — палітычная партыя, якая існавала ў 1992—1999 гадах у Беларусі. Ідэйнай плятформай партыі было русафільства й беларусафобія. Арганізацыя аб’ядноўвала прыхільнікаў імпэрыялістычна-шавіністычнай ідэі трыадзінства расейскага народу (гэта значыць ідэі аб тым, што расейскі народ складаецца зь велікаросаў, маларосаў і беларусаў) і выступала за аб’яднаньне Расеі, Украіны і Беларусі.

Старшыня — Мікалай Сяргеяў. Кіравальны орган — Дума.

Абарона славяна-расейскіх інтэрэсаў ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця на аснове яднаньня славяна-расейскіх народаў і прыярытэту традыцыйных каштоўнасьцяў іх цывілізацыі.[1]

Устаноўчы збор партыі адбыўся 6 чэрвеня 1992 году. Былі прынятыя статут і праграма, абраныя Дума і тры сустаршыні: Мікалай Сяргееў, палкоўнік Валер Сураеў і падпалкоўнік Міхаіл Ільлін. З моманту стварэньня партыя выступала за наданьне расейскай мове дзяржаўнага статусу, супраць арыентацыі на Эўропу і за паглыбленьне сувязяў з Расеяй да поўнага аб’яднаньня.

У 1993 годзе ССБР быў адным з ініцыятараў стварэньня Народнага руху Беларусі, які аб’ядноўваў прарасейскія і беларусафобскія арганізацыі. Рух узначаліў Сяргей Гайдукевіч, які затым стаў старшынём Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. ССБР выступаў таксама супраць нацыяналістычнай апазыцыі і празаходніх палітычных сілаў, падтрымлівала прэзыдэнта ў яго супрацьстаяньні зь Вярхоўным Саветам і імкненьні правесьці рэфэрэндумы.

Асноўны занятак партыі — арганізацыя розных сэмінараў і агітацыя праз СМІ. Супрацоўнічала з газэтамі «Знамя юности», «Славянский набат».

У ССБР уступілі Ўсевалад Янчэўскі, Юры Азаронак і іншыя беларускія грамадзкія дзеячы.

Арганізацыя выкарыстоўвала расейскі манархічны чорна-жоўта-белы сьцяг (імпэрскі сьцяг).[2]

Пры чарговай перарэгістрацыі, што праходзіла ў 1999 годзе, партыя не змагла падаць у Міністэрства юстыцыі сьпісы неабходнага ліку сяброў у 1000 чалавек і спыніла сваю дзейнасьць.[3][4]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]