Бітва пад Рацлавіцамі
Бітва пад Рацлавіцамі | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
«Бітва пад Рацлавіцамі». Карціна Яна Матэйкі | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Рэч Паспалітая | Расейская імпэрыя | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Тадэвуш Касьцюшка | Аляксандар Тармасаў | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
2440 жаўнераў, 2000 сялянаў, 11 гарматаў | 5000 жаўнераў, 30 гарматаў | ||||||||
Страты | |||||||||
500 чалавек | 500 чалавек | ||||||||
Бітва пад Рацлавіцамі, Рацлавіцкая бітва — бітва каля в. Рацлавіцы пад Кракавам у часе паўстаньня 1794 году, што адбылася 4 красавіка 1794 году між польскімі паўстанскімі сіламі (Тадэвуш Касьцюшка; 4,4 тысячы чалавек, зь іх 2,4 тыс. рэгулярнай пяхоты і кавалерыі і 2 тыс. узброеных сялянаў-касінераў, 11 або 12 гарматаў), і расейскай вайсковай калёнай (Аляксандар Тармасаў; 5 тысячаў чалавек, 30 гарматаў). Бітва скончылася перамогай паўстанцкага войска.
Перад бітвай
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сама бітва была ў пэўным сэнсе выпадковай і непажаданай для польскага боку. 1-я Вялікапольская кавалерыйская брыгада (кам. Мадаліньскі), чый выхад на Кракаў з базы пад Астраленкай фактычна паскорыў абвяшчэньне самога паўстаньня, прыцягнула за сабою да Кракава некалькі калёнаў расейскіх войскаў. Тымчасам галоўнакамандуючы Касьцюшка сабраў польскія рэгіянальныя часткі з-пад Кракава (у т. л. брыгаду Мадалінскага), дадаючы да іх атрады мабілізаваных падкракаўскіх сялянаў, і выйшаў з гэтым войскам з ваколіцы Кракава, спрабуючы адкрыць дарогу на Варшаву.
Каля в. Рацлавіцы адна з расейскіх калёнаў пад камандаваньнем генэрала Тармасава загарадзіла шлях польскаму войску, і, ведаючы пра блізкасьць яшчэ адной расейскай калёны (генэрала Дзянісава), якая дала б колькасную перавагу расейскім войскам, Касьцюшка быў вымушаны прыняць бітву[1].
Бітва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бітва пачалася безвыніковым змаганьнем рэгулярных войскаў абодвух бакоў. Далей Тармасаў аслабіў свой цэнтар, дзе стаяла і яго артылерыя, спрабуючы арганізаваць ахоп левага польскага флянгу. Гэта выкарыстаў Касьцюшка, які, карыстаючыся мясцовасьцю (яр, які вёў да расейскай пазыцыі), употай падвёў атрад з 320 касінераў да расейскай батарэі і асабіста павёў атрад у атаку на гарматы. Нечаканая атака бегма мела поўны посьпех, коштам 13 забітых касінеры ўзялі ўсе 12 гармат. Пазьней яшчэ адна атака касінераў зламала супраціў расейскіх войскаў на левым крыле і вымусіла расейскія войскі да агульнага адступленьня. Калёна генэрала Дзянісава пасьпела зьявіцца толькі на паратунак разьбітым сілам генэрала Тармасава.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перамога пад Рацлавіцамі была ўсяго тактычным посьпехам, аднак падняла маральны дух паўстаньня, да яго далучыліся новыя рэгіёны: большасьць польскіх земляў, Вялікае Княства Літоўскае і Курляндыя. Перамога таксама стала сыгналам да Варшаўскага паўстаньня, якое змусіла расейскія войскі пакінуць сталіцу Польшчы 17 красавіка. У гонар атрыманай перамогі Касьцюшка надаў некаторым асабліва адзначыўшымся сялянам-дабраахвотнікам званьне харунжых, а ў гонар іхняе адвагі на парадзе прайшоў перад войскамі ў нацыянальным малапольскім строі: сукмане — даматканым сялянскім кафтане. Адным з крэпасных сялянаў, якія вызначыўся падчас атакі на гарматы[2], быў селянін Войцех Барташ, які пасьля стаўся нацыянальным героем Польшчы.
«Канфэдэратка», якую насілі войскі паўстаньня, і дзьве скрыжаваныя касы сталі ў часе Другой сусьветнай вайны эмблемай польскай 303-й зьнішчальнай эскадрыльлі.
Сцэны бітвы паказаныя на панараме «Рацлавіцкая бітва» ва Ўроцлаве.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бачына музэю (анг.) (ням.) (пол.) «Рацлавіцкая панарама»