Бітва пад Барушкаўцамі
Бітва пад Барушкаўцамі адбылася 14 чэрвеня 1792 году (Барушкаўцы, цяперашняя Жытомірская вобласьць).
Галоўныя польска-ліцьвінскія сілы пад камандаваньнем князя Юзэфа Панятоўскага адступалі ад Палоны пад прыкрыцьцём з поўдня дывізіяй пад камандаваньнем Касьцюшкі. Абоз польскай арміі, які ахоўвала дывізія ґенэрала Вельгорскага (6500 жаўнераў, 12 гармат), ішоў найкароткім шляхам празь сяло Барушкаўцы, якое пралягала празь лясістую і забалочаную мясцовасьць. Мясцовасьць абцяжарвала магчымасьці абароны для палякаў, затое давала магчымасьць расейцам неўзаметку наблізіцца да польскага абозу. Пасьля атрыманьня інфармацыі пра шлях польскіх войскаў расейскі камандуючы ґенэрал Міхаіл Кахоўскі загадаў двум казацкім палкам пад камандаваньнем Арлова й часткі кавалерыі пад камандаваньнем Тармасава атакаваць палякаў. Расейскія часткі атакавалі й зьнішчылі тыл польскага абозу. Польская коньніца вытрымала першы націск расейцаў, пасьля чаго адступіла. Абоз абаранялі 1000 польскіх пяхотнікаў і артылерыя. Адступленьню палякаў перашкодзіў той факт, што мост праз забалочаную рачулку Дзярэвічка (недалёка ад вёскі Дзярэвічы, куды адступілі палякі) паваліўся. Да расейцаў падышлі падмацаваньні, і палякі сталі адыходзіць пад агнём праціўніка.
Польская дывізія панесла цяжкія страты ў жывой сіле (981 чалавек), страціла 7 гарматаў і абоз: зброю, боепрыпасы, правіянт і частку грашовай казны. Расейцы страцілі 98 чалавек. Адзіным станоўчым для палякаў вынікам было тое, што расейскі перасьлед галоўных польскіх сілаў быў затрыманы. Страты кароннага войска былі б больш, калі б расейскі ґенэрал Леванідаў здолеў зачыніць ім шлях на Палоннае.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Каховский, граф Михаил Васильевич (Большая биографическая энциклопедия)
- Piotr Derdej, Zieleńce — Mir — Dubienka 1792, Dom Wydawniczy Bellona, Warszawa 2000