Перайсьці да зьместу

Беларуская народная партыя сацыялістаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуская народная партыя сацыялістаў
Лідэр партыі Язэп Сушынскі
Дата заснаваньня 1917
Штаб-кватэра Менск
Саюзьнікі і блёкі БСГ
Ідэалёгія сацыялістычная

Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС) — нацыянальная партыя праванародніцкага кірунку. Заснавана ў Менску на арганізацыйным сходзе 15—16 траўня 1917 году[1].

Аб’ядноўвала нешматлікую групу інтэлігентаў, якія былі блізкімі да Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), але лічылі яе праграму і тактыку залішне радыкальнымі.

У Арганізацыйнае бюро БНПС уваходзілі Язэп Сушынскі (старшыня), А. І. Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Самуіл Плаўнік (Зьмітрок Бядуля), Ф. Стульба; значным уплывам у партыі карыстаўся Павал Аляксюк і Раман Скірмунт. З канца ліпеня 1917 існаваў аддзел БНПС м. Сьмілавічы (Ігуменскі павет) на чале з ксяндзом Аляксандрам Астрамовічам.

Праект праграмы БНПС спалучаў ідэі палітычнага самавызначэньня беларускага народу з рэфармісцкімі ўяўленьнямі пра шляхі сацыялістычнай перабудовы грамадзтва. Выстаўляў патрабаваньне абвясьціць Расею фэдэратыўна-дэмакратычнай рэспублікай, у якой Беларусь павінна мець статус аўтаноміі з заканадаўчым органам — Беларускай краёвай радай, абранай на падставе ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні. У далёкай пэрспэктыве прадугледжвалася ажыцьцяўленьне шляхам паступовых рэформ сацыялістычнага ідэалу — абагульненьня вытворчасьці і спажываньня.

Цэнтральнае месца ў праекце праграмы займала аграрнае пытаньне. БНПС падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі («уся зямля павінна быць агульнанароднай уласнасьцю»). Нацыяналізаваныя землі павінны былі паступаць у распараджэньне Беларускай краёвай рады і складаць нацыянальны народны фонд, зь якога ў адпаведнасьці з працоўнай нормай меркавалася надзяляць безьзямельных і малазямельных сялянаў. Праграма не прадугледжвала неадкладнага пераходу ўсіх зямель у агульнанародную ўласнасьць. У нацыянальны народны фонд бясплатна павінны былі паступаць землі кабінэцкія, казённыя, удзельныя, царкоўныя, падараваныя каралямі Рэчы Паспалітай і расейскімі імпэратарамі, а таксама купленыя за гады Першай суьсветнай вайны. Сялянскія надзельныя землі і дробныя ўчасткі, якія не перавышалі працоўныя нормы, заставаліся ў прыватнай уласнасьці. З мэтай выключэньня прыватнаўласьніцкіх зямель з гандлёвага абароту права іх куплі давалася толькі нацыянальнаму народнаму фонду. Захоўвалася палажэньне аб выкупе: землі, купленыя «за грошы запрацаваныя», павінны перайсьці да народа «за памяркоўную плату» за кошт нацыянальнага народнага фонду. Дапускалася поўная свабода прыватнай ініцыятывы ў галіне прамысловасьці і гандлю, БНПС выказвалася за 8-гадзінны працоўны дзень, увядзеньне сыстэмы страхаваньня, ахову жаночай і дзіцячай працы. Абвяшчаўся прынцып адзінства школы, бясплатнае навучаньне на роднай мове ў школах усіх разрадаў.

Імкнучыся знайсьці апору ў масах, БНПС летам 1917 правяла ў Менску некалькі мітынгаў, але адчувальнай падтрымкі не атрымала. У пачатку ліпеня 1917 г. прадстаўнікі БНПС удзельнічалі ў рабоце зьезду беларускіх арганізацый і партый, дзе выказваліся супраць скасаваньня Беларускага нацыянальнага камітэту; у выніку канфлікту з фракцыяй БСГ, якая складала большасьць зьезду, пакінулі яго. Летам 1917 на муніцыпальных выбарах у Менску БНПС выставіла кандыдатуру ў блёку зь мясцовымі арганізацыямі БСГ, жыдоўскіх, украінскіх і летувіскіх партыяў (Блёк нацыянальных сацыялістычных партыяў) і атрымала адно месца ў Менскай гарадзкой думе. Кастрычніцкі пераварот не прыняла, разам зь іншымі беларускімі арганізацыямі падпісала «Грамату да беларускага народу» 27 кастрычніка (9 лістапада) 1917 г., дзе рэвалюцыя характарызавалася як праяўленьне анархіі, у віхуры якой можа загінуць справа абароны нацыянальных правоў беларусаў.

У сьнежні 1917 г. удзельнічала ва Ўсебеларускім зьезьдзе. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва ня мелі посьпеху. Ня здолеўшы выйсьці з зародкавай стадыі разьвіцьця, яна неўзабаве зьнікла з палітычнай арэны.

  1. ^ Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 48.
  • Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.) / Е.Г. Богданович // Гуманітарна-эканамічны веснік. — 1996. — №1. — С. 9—15.
  • Ж.Х.З. [Жылуновіч З.] Уступамі да Акцябра // Полымя. — 1923. — № 5—6.
  • Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня–Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 368 с.
  • Рудовіч, С. С. Беларуская народная партыя сацыялістаў / С. С. Рудовіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 383—384.
  • Сташкевич, Н.С. Приговор революции: Крушение антисоветского движения в Белоруссии, 1917—1925. — Мн., 1985. — С. 55—56.
  • Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М.Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.
  • Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.