Правы Альянс
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Правы Альянс | |
Дата заснаваньня | 2004 |
---|---|
Штаб-кватэра | Менск |
Ідэалёгія | кансэрватызм, традыцыяналізм, нацыянальная дэмакратыя, нацыяналізм |
Орган партыйнага друку | бюлетэнь «Паходня», газэта «Вартаўнік дзяржавы», раённая газэта «Паўднёвы Захад» |
Дэвіз |
«Наша справа правая!» «Душу богу, жыцьцё Беларусі, годнасьць дзеля сябе!» |
Афіцыйны сайт | aljans.org |
«Правы Альянс» (ПА) — моладзевая недзяржаўная арганізацыя ў Беларусі.
Знаходзіцца ў фармаце аргкамітэту і спрабуе зарэгістравацца як грамадзкае аб’яднаньне (2012). Арганізацыя прытрымліваецца (правых) кансэрватыўных, традыцыяналісцкіх каштоўнасьцяў і выступае за нацыянальнае адраджэньне. 19 чэрвеня 2009 году прыхільнікамі ПА для арганізацыі легальнай дзейнасьці была зарэгістраваная некамэрцыйная інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова «Правы Альянс». Але ўжо праз год, у верасьні 2010 году Мінстэрства юстыцыі накіравала ў Гаспадарчы суд Менску пазоў аб ліквідацыі ІКУ «Правы Альянс». Менскі гаспадарчы суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі структуры[1], але працэдура ліквідацыі ўстановы дагэтуль не распачатая.
Мэты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэтамі дзейнасьці «Правага Альянсу» зьяўляюцца садзейнічаньне пабудове моцнай, прававой, сувэрэннай дзяржавы, абарона правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь і беларусаў замежжа, разьвіцьцё нацыянальнай культуры, адукацыі, прапаганда здаровага ладу жыцьця і патрыятычных ідэяў ў грамадзтве.
Задачы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- садзейнічаньне забесьпячэньню незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, падвышэньню яе міжнароднага аўтарытэту;
- дапамога і садзейнічаньне дзяржаўным і грамадзкім органам у пабудове беларускай дзяржавы, заснаванай на сваіх нацыянальных, гістарычных і сацыяльных традыцыях;
- ажыцьцяўленьне культурна-асьветніцкай дзейнасьці, уключаючы вывучэньне гісторыі Беларусі, захаваньне роднай мовы і традыцый беларусаў;
- прапаганда здаровага ладу жыцьця і падтрымка спорту з мэтаю выхаваньня духоўна і фізычна здаровага пакаленьня;
- ажыцьцяўленьне эфэктыўнай моладзевай палітыкі, падтрымка актыўнай і таленавітай моладзі ў рэалізацыі яе грамадзка-карыснай дзейнасьці;
- разьвіцьцё і прапаганда турызму ў Беларусі як сродку выхаваньня асобы ў гармоніі з навакольлем.
Таксама да сваіх галоўных задачаў ПА адносіць адбор і прыцягненьне да дзейнасьці арганізацыі «самаадданых сыноў і дачок беларускай нацыі (будучай эліты) гатовай і здольнай працаваць на карысьць свабоднай, незалежнай і сацыяльна-пасьпяховай Беларускай Рэспублікі».
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Правы Альянс» быў заснаваны ў канцы 2003 году пасьля таго, як самараспусьцілася[2] Беларуская партыя свабоды (БПС), і паўстаў як аб’яднаньне беларускіх патрыятычных моладзевых ініцыятываў.[2]
На сёньня мае некалькі соцень валянтэраў[2] і прадстаўнікоў ва ўсіх абласьцях краіны.
За часы існаваньня «Альянсам» былі праведзены дзясяткі акцыяў і кампаніяў нацыянальна-патрыятычнай і грамадзка-сацыяльнай скіраванасьці: узнаўленьне памятнай шыльды ў гонар Кастуся Каліноўскага на вул. Каліноўскага ў Менску, адзначэньне дню гораду ў Магілёве, усталяваньне памятнага крыжа ў вёсцы Дражна, фаернае шэсьце ў дзень Герояў у Слуцку, кампанія «Антымак» за забарону продажу опіюмаўтрымоўваючага макавага насеньня і інш.
На працягу 2004—2008 гадоў аб’яднаньне ўзаемадзейнічала з правым спэктрам беларускай апазыцыі. Займаліся арганізацыяй бясьпекі пад час першага кангрэсу дэмакратычных сілаў (кастрычнік 2005).
Пад час прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году сябры «Правага Альянса», акрамя інфармацыйна-агітацыйнай працы ў штабе, забясьпечвалі бясьпеку адзінага кандыдата ад АДС А. Мілінкевіча.
На мясцовых выбарах у 2007 годзе 12 сябраў «Альянсу» вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты (4 чалавекі ў Менску). У выбарах 2008 году ў Палату Прадстаўнікоў — прымалі ўдзел трое прадстаўнікоў арганізацыі.
Падчас апошніх прэзыдэнтскіх выбараў ў 2010 годзе «Правы Альянс» не падтрымаў ні воднага з кандыдатаў і афіцыйна не ўдзельнічаў у гэтай кампаніі. Але сябры арганізацыі працавалі ў камандах асобных апазыцыйных кандыдатаў, якім дапамагалі весьці выбарчыя кампаніі. Пасьля выбараў хваля рэпрэсій закранула і Правы Альянс. Некалькі чалавек былі затрыманыя і асуджаныя на суткі, у дзясяткаў актывістаў па ўсёй краіне прайшлі ператрусы. Частка актывістаў, у тым ліку і кіраўнік Правага Альянсу Юрась Карэтнікаў, пад пагрозай крымінальнага перасьледу, былі вымушаныя зьехаць з краіны. Па вяртаньні на Радзіму, Юрась Карэтнікаў быў арыштаваны беларускімі спэцслужбамі і правёў 10 сутак у турэмным ізалятары, пад час зьняволеньня трымаў галадоўку[3][4]
Ад часу заснаваньня арганізацыі яе лідэрам зьяўляўся Юрась Карэтнікаў. 7 верасьня 2011 году Цэнтральнаай Радай «Правага Альянсу» было прынятае рашэньне аб скасаваньні інстытуту лідэрства ў арганізацыі. Наўзамен лідэрству было ўведзена калегіяльнае кіраваньне Цэнтральнай Рады «Правага Альянсу», якая складаецца з 6 чалавек, ранейшы кіраўнік арганізацыі Юрась Карэтнікаў увайшоў у Раду і стаў яе ганаровым сябрам. Таксама было прынятае рашэньне аб выхадзе «Правага Альянсу» з усіх палітычных блёкаў і саюзаў і спыненьні палітычнай дзейнасьці арганізацыі (ад гэтага часу сябры арганізацыі могуць удзельнічаць у палітыцы толькі як прыватныя асобы)[5].
Маюць стасункі з правымі арганізацыямі Ўкраіны, Летувы, Польшчы.