Бітва пад Палянамі
Бі́тва пад Паля́намі адбылася 26 красавіка (7 траўня) 1794 году падчас паўстаньня Тадэвуша Касцюшкі.
Сілы бакоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля бою пад Няменчынам расейскія аддзелы пад камандаваньнем палкоўніка Кірэева (150 данскіх казакоў) і падпалкоўніка Левіца (чатыры роты Нарвенскага і дзьве роты Пскоўскага палкоў колькасьцю 1170 чалавек), якія былі рэшткамі расейскага гарнізону Вільні, адступілі на Міхалішкі. У мястэчку яны злучыліся зь пяхотным палком М. І. Дзеева і батальёнам Эстляндзкага егерскага корпуса на чале з падпалкоўнікам Шылінга, які прыбыў з Паставаў. Палкоўнік Міхал Дзееў прыняў на сябе камандаваньне аб’яднаным войскам (каля 3300 чал.) і рушыў у бок Ашмянаў.
Віленскі камэндант палкоўнік Якуб Ясінскі, жадаючы ліквідаваць пагрозу Вільні з боку расейскага войска, 5 траўня рушыў зь Вільні двума шчыльнымі калонамі супраць палкоўніка М. Дзеева. Войска канфэдэратаў складалася з 1-га, 3-га, 4-га і 7-га пяхотных палкоў , 1-й і 3-й конных брыгад, 1-га палка стражы татарскай Кіркора пад камандаваньнем падпалкоўніка Бараноўскага. Да войска далучылася 5 тысяч мясцовых шляхціцаў і касінераў.
Ход бітвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]26 красавіка (7 траўня) 1794 году ў 11 гадзін раніцы адбылася зацятая бітва пад Палянамі (7 км на поўнач ад Ашмян). Паўстанцы падзяліліся на шэсць калон і рушылі ў атаку. Пры набліжэнні на гарматны стрэл, паўстанцы перашыхтаваліся ў два шэрагі і пачалі артыллерыйскі абстрэл. Палкоўнік М.І. Дзееў здолеў адбіць атакі і рушыў у штыкавую контратаку (5 рот Тамбоўскага палка, Эстляндскі батальён, 3 роты Нарвенскага палка і 2 роты Пскоўскага палка). Расейскія войскі наступалі больш дзесяці вёрст, аднак не здолелі зламіць баявы строй канфедэратаў. Са змярканнем палкоўнік Якуб Ясінскі вырушыў у бок Вільні. Палкоўнік М. Дзееў быў не ў стане арганізаваць пераслед паўстанцаў.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У паўстанцаў палкоўнік М.Дзееў захапіў 3 вялікія і 3 малыя гарматы. Падчас бойкі паўстанцы страцілі каля 500 жаўнераў; 34 канфедэрата былі захоплены ў палон, у тым ліку адзін афіцэр. Расейскія страты склалі 173 жаўнеры і адзін праваслаўны святар.
2 (15) траўня 1794 году М. Дзееў адправіў рапарт Л.Бенігсену аб бітве пад Палянамі. Па сведчанню М. Дзеева: "...вайскоўцы былі так раз’юшаны, што не давалі пардону" (г. зн. ня бралі ў палон).
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У часы міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Палянах быў усталяваны гранітны помнік, які пазней быў знішчаны па загаду мясцовага старшыні калгасу.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. ў Літоўскай правінцыі: Дакументы. - Мн.: Пейто. - 2002. - 208 с.
- Восстание и война 1794 года в литовской провинции (по документам российских архивов). М.: «Книжный дом «ЧеРо»,2000. - 176 с., ил.
- Grabski А. Jan Wimmer i inni, Zarys dziejów wojskowości polskiej do roku 1864. Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej. - Warszawa. - 1966.
- Kukiel М. Zarys historii wojskowości w Polsce. - London: Puls, 1993. ISBN 0-907587-99-2.
- Zahorski А. Wypisy źródłowe do historii polskiej sztuki wojennej. Polska sztuka wojenna w okresie powstania kościuszkowskiego. Zeszyt dziesiąty. - Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej. - Warszawa. - 1960.