За Свабоду

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 53°53′1″ пн. ш. 27°35′39″ у. д. / 53.88361° пн. ш. 27.59417° у. д. / 53.88361; 27.59417

Рух «За свабоду»

Лягатып
Абрэвіятура РЗС
Папярэднік Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі
Дата ўтварэньня 25 сакавіка 2006 (16 гадоў таму)
Тып праваабаронча-асьветніцкае
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Мэта абарона правоў і свабодаў чалавека
Штаб-кватэра Менск, Ленінскі раён, Партызанскі прасп., д. 23а
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская
Старшыня Юры Губарэвіч
1-я намесьніца Галіна Скараход
Намесьнікі Юры Меляшкевіч, Кірыл Стаселька
Асноўныя асобы Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Сілкоў, Віктар Янчурэвіч[1]
Кіроўны орган Рада
Колькасьць валянтэраў 1500 (2009 г.)
Сайт pyx.by/bel

Рух «За Свабо́ду» — праваабаронча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне Беларусі, заснаванае ў сакавіку 2006 году.

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Канфэрэнцыя. Склікаецца аднойчы на 4 гады. Паўнамоцная ў прысутнасьці звыш паловы абраных дэлегатаў ад абласных аддзяленьняў Руху. Прымае рашэньні простай колькасьцю галасоў ад прысутных. Зьмяняе Статут Руху 2/3 галасоў. Выбірае Раду з прынамсі 5 сябраў і Рэвізійную камісію з 5 сябраў. Зацьвярджае кірункі дзейнасьці і справаздачы старшыні Руху і Рэвізійнай камісіі.
  • Рада. Склікаецца двойчы на год. Складаецца са старшыні, яго 1-га намесьніка і намесьнікаў. Правамоцная ў прысутнасьці звыш паловы сябраў. Прымае рашэньні адкрытым галасаваньнем простай большасьцю галасоў ад прысутных. Прымае і выключае сябраў Руху, вядзе іх улік. Зацьвярджае спосабы і праграму дзейнасьці. Вызначае прадстаўніцтва дэлегатаў на Канфэрэнцыю. Зацьвярджае стварэньне і скасаваньне аддзяленьняў, падпарадкаваных установаў і СМІ. Распараджаецца маёмасьцю і сродкамі Руху. Стварае Выканаўчы камітэт з прынамсі 3-х сябраў.
  • Выканаўчы камітэт. Склікаецца аднойчы на 4 месяцы. Прымае рашэньні простай большасьцю галасоў, калі ў паседжаньні ўдзельнічае звыш паловы сябраў. Выконвае пастановы Канфэрэнцыі і Рады.
  • Рэвізійная камісія. Склікаецца аднойчы на 4 гады. Правамоцная ў прысутнасьці звыш паловы сябраў. Зацьвярджае рашэньні адкрытым галасаваньнем простай большасьцю галасоў ад прысутных. Правярае і прымае скаргі на дзейнасьць Рады і Выканаўчага камітэту[2].

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле пункту 2.4 Статуту, Рух «За свабоду» дзейнічае наступнымі спосабамі:

  • падтрымка грамадзянскіх пачынаньняў у галіне абароны правоў чалавека;
  • правядзеньне грамадазнаўчых апытаньняў;
  • заснаваньне ўласных СМІ і ажыцьцяўленьне выдавецкай дзейнасьці;
  • правядзеньне грамадзкіх сустрэчаў, у выглядзе чытаньняў, сэмінараў, выставаў, прэзэнтацыяў, спаборніцтваў, фэстываляў, канцэртаў і нарадаў;
  • падрыхтоўка да выданьня даведкавай і навукова-папулярнай літаратуры, супраца са СМІ;
  • аналіз заканадаўства і ўдзел у выбарах;
  • прадстаўленьне і абарона правоў і законных зацікаўленасьцяў сябраў Руху ў гаспадарчых, грамадзкіх і дзяржаўных установах;
  • падтрымка мерапрыемстваў, якія спрыяюць умацаваньню сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі[2].

З 2008 году Рух «За свабоду» штогод прысуджае Прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Яе ляўрэатамі станавіліся: пісьменьнікі Рыгор Барадулін і Ўладзімер Арлоў, старшыня БХД Павал Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, паэт Уладзімер Някляеў, сьпевакі Лявон Вольскі і Алесь Белакоз, сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Марачкін, бард Віктар Шалкевіч, паэт Ніл Гілевіч і рэжысэр Валер Мазынскі[3]. Таксама штогод Рух ладзіць летнік у Летуве або Польшчы і праводзіць сустрэчы эўрапейскіх клюбаў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі ў падтрымку інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз. Падчас выбараў Рух ладзіць назіраньне «Права выбару» супольна зь іншымі грамадзкімі аб’яднаньнямі.

У траўні 2020 году была афіцыйна зарэгістраваная ініцыятыўная група па вылучэньні Юрася Губарэвіча ў прэзыдэнты.

Мэты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стратэгічнымі мэтамі Руху «За Свабоду» зьяўляюцца абарона правоў і свабодаў чалавека, а таксама асьвета грамадзян у гэтай сфэры, свабодныя выбары ў Беларусі, абарона незалежнасьці, давядзеньне ўзроўню жыцьця ў Беларусі да эўрапейскіх стандартаў, з канчатковай мэтай інтэграцыі Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз. Лідэр Руху «За Свабоду» выступае за пакрокавую стратэгію дыялёгу Беларусі і Эўропы, бо ізаляцыянісцкая палітыка з боку Эўропы ўзмацняе залежнасьць Беларусі ад Расеі.

Рух падтрымлівае грамадзянскія кампаніі па абароне правоў чалавека ў Менску і рэгіёнах, а таксама выдавецкія, асьветніцкія ініцыятывы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рух «За Свабоду» быў заснаваны ў 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкевічам. Запіс першых актывістаў адбыўся на менскіх вуліцах 25 сакавіка 2006 году падчас адзначэньня «Дня Волі».

У 2007 годзе рух «За Свабоду» актыўна падтрымаў барацьбу беларускіх вернікаў за свабоду веравызнаньня, быў ініцыятарам стварэньня Рады Эўрапейскай інтэграцыі. У 2008 годзе рух ініцыяваў кампаніі супраць пабудовы АЭС у Беларусі, «За Свабодныя выбары».

Зь вясны 2007 году рух «За Свабоду» спрабуе легалізавацца. Чатыры разы праводзіліся ўстаноўчыя канфэрэнцыі ГА Рух «За Свабоду» і перадаваліся ўсе неабходныя для рэгістрацыі дакумэнты ў Мін'юст Беларусі. Двойчы ў 2007 годзе і адзін раз у 2008 годзе Мін’юст адмаўляў у рэгістрацыі. Афіцыйнымі чыньнікамі былі прэтэнзіі да фармулёвак статуту, а таксама той факт, што адна з устаноўчых канфэрэнцыяў аб’яднаньня праводзілася з парушэньнямі закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Аргкамітэт спрабаваў апратэставаць рашэньні Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным судзе, але безвынікова.[4]

23 кастрычніка 2008 году на ўстаноўчай канфэрэнцыі грамадзкага аб’яднаньня Рух «За Свабоду» было прынята рашэньне аб стварэньні грамадзкай арганізацыі. У канфэрэнцыі прынялі ўдзел больш за 70 чалавек з розных рэгіёнаў краіны. Яны зацьвердзілі статут і сфармавалі кіравальныя органы аб’яднаньня. 25 лістапада 2008 году актывісты руху «За Свабоду» ізноў падалі дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі Беларусі на рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня. Гэта ўжо бала чацьвертая спроба зарэгістраваць аб’яднаньне. На online-канфэрэнцыі Радыё «Свабода» лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што колькасьць актыўных прыхільнікаў Руху скаладае паўтары тысячы чалавек[5]. 17 сьнежня 2008 году Міністэрства юстыцыі Беларусі з чацьвертага разу зарэгістравала рух «За Свабоду» (рэгістрацыйнае пасьведчаньне за №2020).

Рух быў ініцыятарам шматлікіх палітычных кампаній. «Народная праграма» ў 2011 годзе выпрацоўвала канцэпцыі рэформаў з дапамогай экспэртаў і шырокага грамадзкага абмеркаваньня. «Народны рэфэрэндум» у 2013 годзе павінен быў вызначыць, як разьвівацца краіне. Было сабрана 120 тысяч подпісаў грамадзянаў за рэфэрэндум. Рух таксама выступаў (сам ці поруч зь іншымі грамадзкімі арганізацыямі) ініцыятарам кампаній «Права выбару», «Страху няма!», «Байкот 101» ды іншых.

Актывісты руху бралі актыўны ўдзел у парлямэнцкіх выбарчых кампаніях 2016 і 2019 году. Да прыкладу, ад руху ў 2019 годзе было вылучана каля 90 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Большасьць зь іх не зарэгістравалі.

У 2016 годзе адбыліся перавыбары кіраўніка руху «За свабоду» — Аляксандар Мілінкевіч пасьля 10 гадоў старшыняваньня склаў свае паўнамоцтвы. Новым старшынём руху «За свабоду» абралі Юрася Губарэвіча. За яго прагаласавалі 59 з 115 дэлегатаў справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі. За галоўнага апанэнта Губарэвіча — Алеся Лагвінца — прагаласаваў 51 дэлегат.

Лідэр руху Юрась Губарэвіч вылучаўся і ў кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году. Аднак 19 чэрвеня зьняў сваю кандыдатуру, бо «ў цяперашняй выбарчай кампаніі не засталося і рэшткаў законнасьці», — заявіў ён.

У сярэдзіне ліпеня 2021 году распачалася комплексная праверка дзейнасьці руху. 13 ліпеня Мін’юст выняў дакумэнты; 14 ліпеня Сьледчы камітэт зладзіў ператрус і апячатаў офіс; 19 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці, 30 ліпеня заблякаваны банкаўскі рахунак. Прычына — Міністэрства юстыцыі нібыта мае сумненьні ў сапраўднасьці пратаколу, якім прынята рашэньне аб зьмене юрыдычнага адрасу руху, бо частка ўдзельнікаў паседжаньня адсутнічала ў Беларусі. Рух праводзіў сход анлайн, згодна з рэкамэндацыямі таго ж міністэрства.

18 кастрычніка Вярхоўны суд пачаў грамадзянскае вядзеньне па ліквідацыі руху. Аднак кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, у сваю чаргу, падаў скаргу ў Вярхоўны суд і будзе аспрэчваць папярэджаньні Мін’юсту.

19 лістапада 2021 году Вярхоўны суд Беларусі на прапанову Міністэрства юстыцыі прыняў рашэньне аб пазбаўленьні рэгістрацыі руху «За свабоду»[6]. Падставай стала другое папярэджаньне, вынесенае арганізацыі цягам году.

Старшыні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Каманда Руху // ГА «Рух «За свабоду», 2018 г. Праверана 28 жніўня 2018 г.
  2. ^ а б Статут // ГА «Рух «За свабоду», 2012 г. Праверана 28 жніўня 2018 г.
  3. ^ Прэмія «За свабоду думкі» імя Быкава // ГА «Рух «За свабоду», 2018 г. Праверана 28 жніўня 2018 г.
  4. ^ БелаПАН, Движение «За Свободу» пробует зарегистрироваться в четвертый раз(недаступная спасылка)(рас.)
  5. ^ Анлайн-канфэрэнцыя Аляксандра Мілінкевіча(недаступная спасылка) // Дата доступу: 11 лістапада 2008 г.
  6. ^ Вярхоўны суд ліквідаваў рух «За свабоду». Чым ён вядомы, Радыё Свабода, 19-11-2021
  7. ^ Старшынём руху «За свабоду» абраны Юрась Губарэвіч

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Навіны // ГА «Рух «За свабоду», 28 жніўня 2018 г. Праверана 28 жніўня 2018 г.