Бітва пад Зяленцамі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карціна Аляксандра Арлоўскага «Бітва пад Зяленцамі»
Юзэф Панятоўскі
Станіслаў Макраноўскі

Бітва пад Зяленцамі — бітва вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году, мэтай якой была абарона канстытуцыі 3 мая 1791 году. Бітва адбылася 18 чэрвеня 1792 году паміж арміяй Рэчы Паспалітай пад камандаваньнем Юзафа Панятоўскага і войскамі Расейскай імпэрыі пад камандаваньнем Іраклі Маркова.

Пасьля посьпеху ў Барушкаўцах расейскі камандуючы ґенэрал Міхаіл Кахоўскі паслаў з корпуса ґенэрала Кутузава наўздагон адыходзячай на захад кароннай арміі 8000-ую дывізію ґенэрал-маёра Іраклія Маркова з 24 гарматамі, узмоцненую казакамі Арлова[1]. Атрад ґенэрал-маёра Маркава меў задачу абыйсьці палякаў, якія адступалі на Заслаў празь Зяленцы, і ўдарыць ім ва флянг. Маркаў павінен быў адрэзаць палякам адступленьне ад Гарыні, а таксама захапіць іх лягер з ваенным інвэнтаром і боепрыпасамі. Маркаў хутка рушыў на досьвітку 18 чэрвеня і ў 7 гадзін раніцы прыбыў у Зяленцы, дзе яго сустрэлі 3000 палякаў ґенэрала Юзэфа Заёнчыка і Людвіка Трокіна.

Кароннае войска адступіла 15 чэрвеня пад Палоннае. Польскія ґенэралы вырашылі працягнуць адступленьне, паколькі вырашылі, што ня маюць магчымасьці абараніць гораду, які ня мае ўмацаваньняў. 17 чэрвеня Панятоўскі адышоў да Шапятоўкі, дзе атрымаў інфармацыю пра тое, што дывізія Любамірскіх знаходзіцца ў Заслаўі. Ён загадаў Любамірскім далучыцца да яго сіл паблізу Зяленцаў.

У Зяленцах польскі атрад ґенэрала Заёнчака заняў пазыцыю на пагорку ля дарогі Палоннае — Заслаў, з топкай далінай на левым крыле, плыўным уздымам на правым і лесам у тыле. Трокін і Заёнчак не занялі паміж тым сяло Зяленцы, а лес перашкаджаў аглядаць і прадбачыць магчымае разьвіцьцё падзеяў. Польскі баявы парадак складаўся з кавалерыі на флянгах і пяхоты ў цэнтры. Заёнчак паслаў ганца да Панятоўскага з просьбай пасьпяшацца на дапамогу.

Ґенэрал-лейтэнант Тадэвуш Касьцюшка
Пачатак бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

А шостай раніцы расейскія сілы падышлі ў калёнах і пад агнём польскай артылерыі разгарнуліся ў баявы парадак на раўніне, з кавалерыяй на флянгах, у цэнтры стаяла пяхота, два егерскія і 4 грэнадэрскія батальёны, зь егерскім батальёнам Екацерынаслаўскага палка ў рэзэрве, і яшчэ адным батальёнам кацярынаслаўцаў і эскадронам кавалерыі ў ахове лягера. Карыстаючыся адсутнасьцю польскага процідзеяньня, расейцы занялі Зяленцы і распачалі пад завесай вёскі прыцэльны абстрэл польскіх шэрагаў.

А сёмай раніцы на поле бітвы прыбыў князь Юзэф Панятоўскі, што прывяло да ўтрыманьня атакі расейцаў і да відавочнага ўмацаваньня польскіх сілаў. Левае крыло падпёр кавалерыйскі полк, правае брыгада нацыянальнай кавалерыі ґенэрала Станіслава Макраноўскага, а цэнтар узмацнілі яшчэ два батальёны пяхоты і 12 гарматаў. Іншыя атрады прыбывалі на працягу тэрміну бітвы й спыняліся пад завесай лесу.

Дывізія Касьцюшкі не падышла пад Зяленцы, забясьпечваючы прыкрыцьцё ад карпусоў Дуніна і Леванідава.

Улічваючы абстрэл з боку вёскі, Панятоўскі загадаў ачысьціць Зяленцы ад ворага, што ўсё ж не атрымалася ажыцьцявіць, і сяло падпалілі. Дым засланіў палякам поле бітвы, і расейцы пад яго палогам забілі кавалерыю на правым крыле (полк булавы кароннай), якая замест наступу на ворага сустрэла яго атаку на месцы, была хутка разьбіта й зьвярнулася да панічных уцёкаў.

Пералом у бітве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзякуючы ўмяшаньню князя Сангушкі й афіцэраў атрымалася вярнуць кавалерыстаў, а тым часам расейскія коньнікі патрапілі пад моцны абстрэл польскай артылерыі. Далей па іх з флянгу ўдарыла нацыянальная кавалерыя Макраноўскага, якая вярнулася з уцёкаў і хацела змыць зь сябе ганьбу, а з фронту іх атакавала польская кавалерыя з другой лініі. Расейская коньніца ня вытрымала і адступіла, страціўшы сьцяг. Для ўмацаваньня эфэкту Панятоўскі загадаў ґенэралу Чапскаму ўмацаваць польскі націск, але той запатрабаваў пісьмовага загаду, спасылаючыся на тое, што вусна незразумела (Чапскі быў прыхільнікам Таргавіцкай канфэдэрацыі). Такім чынам была страчаная магчымасьць цалкам разьбіць расейскае крыло.

Пасьля артылерыйскай падрыхтоўкі ў цэнтры ў атаку рушылі расейскія грэнадэры Екацерынаслаўскага палку, а тры батальёны польскай пяхоты, якія складаліся пераважна з навабранцаў, ня вытрымаўшы моцнага абстрэлу і штыкавой атакі расейцаў, уцяклі. Уцякаючы, пяхота ўтварыла пралом у цэнтры, які выкарысталі расейцы, і ў дадатак паўстала замяшаньне ў рэзэрвовым польскім батальёне. У той пралом рушыў Панятоўскі на чале двух батальёнаў. Нягледзячы на ​​моцны абстрэл польскай артылерыі й агонь палякаў, грэнадэры некалькі разоў падымаліся ў напад на штыкі, але бяз посьпеху, панесьлі страты ад польскага агню і былі вымушаныя адступіць.

На левым крыле гэтак жа пачаўся расейскі націск, пад сілай якога палякі пачалі адступаць. Калі расейцы падышлі пад агонь польскай артылерыі, удалося іх адагнаць контратакамі пяхоты й заняць ранейшыя пазыцыі.

Нягледзячы на ​​супраціў расейцаў на ўсіх участках фронту, Юзэф Панятоўскі пастанавіў узяць ініцыятыву, сфармаваўшы баявую групу з частак дывізіі ґенэрала Вяльгорскага (3 пяхотных батальёна з палкоў Патоцкага, Малчаўскага й астроскай ардынацыі, брыгада нацыянальнай кавалерыі Дзержка і авангард палку Юзэфа Любамірскага). Польская кавалерыя адціснула расейцаў, але ґенэрал Вяльгорскі, баючыся, што яго пяхота саступае расейскай, дзейнічаў самавольна і нерашуча, дзякуючы чаму Маркаў змог перафармаваць свае атрады. Але расейскі ґенэрал не адчуваў сябе ўпэўнена і пасылаў Кахоўскаму ганцоў з просьбамі аб дапамозе. Маркаў не атрымаў дапамогі і вырашыў пабудаваць сваё войска ў карэ й выходзіць з поля бою.

Ордэн Virtuti Militari, зацьверджаны пасьля перамогі ў бітве пад Зяленцамі
Канец бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Жаўнеры лінейнай пяхоты Расейскай імпэрыі

Прыкладна а 5-й гадзіне апоўдні бітва скончылася, і поле бою засталося за палякамі. Адпачынак доўжыўся 2 гадзіны, а затым адступленьне на Заслаў аднавілася. Поле бою зноў заняў Маркаў, абвясьціўшы сябе пераможцам, за што атрымаў ордэн Сьвятога Георгія другой ступені. Ён заступіў дарогу дывізіі Тадэвуша Касьцюшкі, што падцягнулася да месца падзеяў. Касьцюшка, ацаніўшы, што вораг яго пераўзыходзіць, празь дзьве гадзіны супрацьстаяньня адышоў, даўшы некалькі артылерыйскіх залпаў па расейскіх шэрагах. На наступны дзень Касьцюшка далучыўся да галоўных сілаў кароннай арміі пад Заслаў.

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У бітве пад Зяленцамі палякі страцілі калі 1000 чалавек, а расейцы каля 2000 жаўнераў.

Бітва стала першай вялікай перамогай Войска Польскага за шмат гадоў, і ў гонар гэтай падзеі кароль Станіслаў Панятоўскі заснаваў вышэйшую вайсковую ўзнагароду Польшчы, ордэн Віртуці Мілітары. Але гэтая перамога не спыніла паход расейцаў на Варшаву, і польскае войска працягнула адступ. Спробы спыніць расейцаў, абапіраючыся на крэпасьць у Астрогу, былі пакінутыя з-за пагрозы акружэньня. Быў яшчэ адзін шанец даць бой пад Дубнам, але з-за недахопу прыпасаў было вырашана адступаць далей на захад да лініі Бугу.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Па зьвестках «Ваеннай энцыклапедыі» Сытина, т.10 арт. «Зѣлинцы»: 8 батальёнаў пяхоты, 22 эскадрону кавалерыі, усяго 8000

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Piotr Derdej, Zieleńce — Mir — Dubienka 1792, Dom Wydawniczy Bellona, Warszawa 2000