Бітва пад Мірам (1792)
Бітва пад Мірам адбылася 11 чэрвеня 1792 году.
Ґенэрал Юдзіцкі сабраў асноўныя сілы літоўскай арміі ў Міры. Неўзабаве да іх далучыўся атрад Беляка, які адыходзіў пасьля перамогі пад Стоўпцамі.
Мелін, які заняў пазыцыі пад Залужжам, раніцай 11 чэрвеня паслаў дзьве калёны жаўнераў, па 2000 у кожнай для таго, каб яны абыйшлі паўночней і паўднёвей пазыцыі літоўскіх войскаў у Міры. Адной калёнай камандаваў Фёдар Буксгаўдэн, а другой Левін Бэнігзэн. З астатняй часткай корпусу Мелін чакаў другой паловы дня, каб потым разам з дзьвюма калёнамі, якія ён адправіў у тыл ліцьвінаў, накрыць апошніх адразу з трох бакоў.
У той жа час Юдзіцкі накіраваў моцны атрад, які складаўся з 900 жаўнераў і чатырох гарматаў, на чале з ґенэралам Станіславам Косткам Патоцкім. Калі Патоцкі каля чатырнаццатай гадзіны падыйшоў незаўважаным да расейскага лягеру, ён ацаніў, што расейскія войскі слабыя й паведаміў пра гэта Юдзіцкаму. Калі расейскія войскі заўважылі атрад Патоцага, пачалі пагоню. Уцякаючы ад Меліна, Патоцкі далучыўся да галоўных сілаў Літвы прыкладна за 3 км ад Міру.
Войска літоўскае ўладкавалася ў дзьве лініі. Першая лінія ўключала ў сябе 2 батальёны пяхоты й пінская брыгада, у той час як у другім радку — 4 і 1/2 пяхотных батальёна, ковенская кавалерыйская брыгада, і два палкі артылерыі. Мелін, які меў на гэты час 5600 жаўнераў і 13 гармат, разьмясьціў усе свае войскі ў адну лінію і пачаў страляць артылерыяй. Аднак ён устрымаўся ад нападу, чакаючы прыбыцьця высланых калёнаў.
Юдзіцкі ня змог прыняць рашэньне, каб пачаць бой, ён склікаў вайсковую раду, якая працягвалася 2 гадзіны. У той жа час яго войскі знаходзіліся пад агнём расейскіх гармат. У літоўскіх войсках, якія складаліся ў асноўным з рэкрутаў, якія стаялі занадта доўга пад агнём расейцаў, пачалася паніка. У кірунку Міру спачатку пачала бегчы ковенская і часткі пінскай брыгады. Неўзабаве зрабіў тое ж самае кавалерыйскі полк Беляка. Калі каля 19:30 у задняй частцы літоўскіх войскаў зьявіліся з абодвух бакоў калёны Бэнігзэна й Буксгаўдэна, Юдзіцкі ў 20:00 загадаў адыходзіць.
У задняй частцы літоўскай арміі таленавіты палкоўнік Якуб Ясінскі адбіў расейскую атаку й не перасьледуючы іх, адыйшоў у кірунку Нясьвіжу. Гарнізон Міру таксама пакінуў горад і пачаў адыходзіць.
Літоўцы страцілі ў бітве каля 120 жаўнераў і адну гармату, у той час як расейцы — каля 250 жаўнераў.
У гэты ж дзень адбыўся штурм і ўзяцьце расейскімі войскамі Мірскага замку. Сам Юдзіцкі пакінуў сваё войска і зьбег у Горадню, афіцыйна зьняты з пасады галоўнакамандуючага 24 чэрвеня 1792 году, а фактычна 19 чэрвеня.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Mała Encyklopedia Wojskowa, Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, Warszawa 1967, Wydanie I, Tom 2
- Wolański Adam, Wojna polsko-rosyjska 1792 r, t. 2, Kampanija litewska, Wielkopolska Księgarnia Nakładowa Karola Rzepeckiego, Poznań 1922.
- Wolański Adam, Wojna polsko-rosyjska 1792 r, Wydawnictwo Volumen, Warszawa 1996, ISBN 83-85218-48-3
- Derdej Piotr, Zieleńce Mir Dubienka 1792, Wydawnictwo Bellona, Warszawa 2000, ISBN 83-11-09108-0