Аблога Барысава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Абло́га Бары́сава адбывалася ад паловы ліпеня да пачатку жніўня 1660 году падчас Трынаццацігадовай вайны 1654—1667 гадоў.

Армія польска-літоўская паміж 10 і 15 ліпеня падышла да Барысава. Гарнізон крэпасьці складаўся з 900 маскоўскіх пехацінцаў.

Рэч Паспалітая плянавала пачаць наступ на ўсход. Стэфан Чарнецкі і Павал Сапега для забесьпячэньня сувязі паміж польскім і літоўскім войскам, пастанавілі абавязкова здабыць Барысаў.

У Чарнецкага было 3 тысячы коньніцы ды тысячу выбранецкай пяхоты, у Сапегі каля 6 тысячаў ваяроў[1]. Расейскі гарнізон меў дастатковыя запасы зброі і ежы, адбіў два прыступы. Нападаючыя захапілі і спалілі толькі неўмацаваны пасад і падзамак[2].

З-за недахопу пяхоты і артылерыі Чарнецкі вымушаны быў абмежавацца блякаваньнем крэпасьці. Сапега з войска неўзабаве рушыў на ўсход. Адзін з атрадаў, на чале Палубінскага, заняў Воршу, Копысь і Шклоў.

Міхал Пац атрымаў загад ад караля Яна Казімера, рушыць на дапамогу Чарнецкаму. Аднак той ігнараваў загад і сабранае 8 ліпеня пад Вількамірам войска рушыла на Вільню, якую і абклаў 13 ліпеня.

З-за таго, што Пац не рэагаваў ані на загады караля, ані на просьбы Чарнецкага, а таксама з-за малалікасьці сілаў, трэба было адмаўляцца ад далейшай аблогі Барысава. У першай палове жніўня Чарнецкі сышоў з-пад Барысава ў кірунку Магілёву. Баявыя дзеяньні перамясьціліся на ўсходнюю частку Беларусі, пакінуўшы так і ня ўзяты Барысаў у тыле.

Барысаў вярнуўся пад ўладу Рэчы Паспалітай толькі ў 1662 годзе.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]