Іван Раманчук

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Раманчук.
Іван Раманчук
«Ястраб»
Дата нараджэньня 1920
Месца нараджэньня вёска Баяры, цяпер Нясьвіскі раён
Дата сьмерці 1987
Месца сьмерці Барысаў, БССР

Іван Раманчук (псэўд. «Ястраб»; 1920, вёска Баяры, цяпер Нясьвіскі раён — 1987, Барысаў) — беларускі пэдагог, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў узброенага антысавецкага падпольля ў Беларусі.

Пад нямецкай акупацыяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь лістапада 1941 па ліпень 1942 працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Еськавічы (цяпер Нясьвіскі раён), потым інструктарам Нясьвіскага раённага аддзелу Беларускай народнай самапомачы, забясьпечваў бяднейшых навучэнцаў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі харчаваньнем і жытлом. З канца 1943 да сакавіка 1944 году працаваў кіраўніком Беларускага дома культуры ў Нясьвіжы.

Пад савецкай уладай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля прыходу савецкіх уладаў зарэгістраваўся як настаўнік у Нясьвіскім раённым аддзеле народнай адукацыі і быў прызначаны загадчыкам школы ў вёсцы Высокая Ліпа. Працаваў там толькі 3 тыдні, бо даведаўся пра цікавасьць да сябе органаў НКВД. Каб стаць менш заўважным, пакінуў работу ў сфэры адукацыі і ў жніўні 1944 году ўладкаваўся сталяром у майстэрню Баранавіцкага дэпо.

На нелегальным становішчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У верасьні 1944 пад пагрозай арышту перайшоў на нелегальнае становішча, хаваўся ў лясах Нясьвіскага раёну. У 1946 Раманчук пачынае стварэньне падпольнае арганізацыі «Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі», а ў 1947 арганізоўвае невялікую партызанскую групу зь вялікаю сеткаю сувязных.

У траўні 1947 да Раманчука далучыўся ягоны аднагодак Мікола Дэмух, былы франтавік, які на нелегальным становішчы знаходзіўся з восені 1946, а вясной 1948 — Браніслаў Бука, былы жаўнер БКА і Войска Польскага, які ў пачатку 1948 уцёк у лес ад арышту.

На працягу 19471949 група Раманчука зьдзейсьніла шэраг нападаў на партыйна-савецкіх супрацоўнікаў, фінансавых агентаў і служачых унутраных сілаў, а таксама правяла рэквізыцыі на поштах і ў крамах. Сябра СЗНБ Уладзімер Кісель прыгадвае ва ўспамінах пра адзін з выпадкаў, агучаных падчас судовага працэсу СЗНБ у Менску:

«…у адной зь вёсак фінагент забраў карову ў удавы франтавіка, у жанчыны было трое дзяцей. Яна падняла крык, бо карміць дзетак акрамя малака не было чым. Непадалёку ў лесе былі хлопцы з атраду Раманчука (нас абвінавачвалі ў сувязі зь ім). Яны пачулі лямант жанчыны. На дарозе зь вёскі забілі фінагента, і карова вярнулася да ўдавы. Пасьля такіх зьвестак канваіры адразу па-іншаму пачалі да нас адносіцца, бо яны былі франтавікамі. Адзін потым казаў, што пакінуў у калгасе галодную жонку».

Ліквідацыя атраду і судовы працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні або ўлетку 1949 на хутары ў Нясьвіскім раёне савецкія атрады акружылі атрад Раманчука зь сям’ю партызанамі. Пасьля зацятага бою чатыры хлопцы застрэліліся. Трое, у тым ліку Раманчук, былі паранены і схоплены.

На допытах Раманчук вёў сябе вельмі мужна. Размаўляў са сьледчымі па-беларуску і толькі ў прысутнасьці перакладчыка. У ходзе сьледзтва Раманчуку інкрымінавалася таксама стварэньне «Саюза змаганьня за незалежнасьць Беларусі», распрацоўка яго статуту і праграмы, а таксама прыцягненьне ў шэрагі арганізацыі больш за 40 чалавек.

Ад расстрэлу Івана Раманчука выратаваў тагачасны мараторый на сьмяротную кару ў СССР. Суд прысудзіў яму 25 гадоў, якія Раманчук поўнасьцю адседзеў у Варкуце і ў Мардоўскіх канцлягерах.

У ходзе перагляду справы пастановай трыбунала Беларускай Вайсковай Акругі 10 сьнежня 1955 абвінавачаньне ў стварэньні падпольнай арганізацыі было зьнята.

Вызваленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беларусь вярнуўся ў 1970-я. Жыў у Барысаве, стварыў сям’ю. Памёр у 1987 годзе падчас апэрацыі ў шпіталі. Не рэабілітаваны.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]