Перайсьці да зьместу

Юрка Моніч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ю́рка (Ягор Адамавіч) Мо́ніч (1890, Малыя Жаберычы[1] Лошніцкай воласьці Барысаўскага павету, цяпер у Крупскім раёне Менскай вобласьці — 23 траўня 1924, каля станцыі Крупкі) — беларускі паўстанец-атаман.

Паўстанцы атамана Лукаша Сяменіка (у цэнтры). Па правую руку ад яго – Юрка Моніч. За ім – Васіль Муха. Вялікае Стахава, 1919 г.

Юрка Моніч нарадзіўся у 1890 годзе ў сялянскай сям’і. Адвучыўся на настаўніка, настаўнічаў. Быў мабілізаваны на фронт, за асабістую мужнасьць атрымаў Георгіеўскі крыж. Дэмабілізаваны ў званьні падпаручніка.

Кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральных раёнах Беларусі з 1919 да 1924 году, быў кіраўніком штабу І партызанскага беларускага аддзелу войскаў БНР.

У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Семенюка, служыў у яго аддзеле. Па сьмерці Лукаша аддзел пад камандаваньнем Моніча пачаў дзейнічаць аўтаномна. Апэраваў пад выглядам атраду аршанскае міліцыі ў раёне Барысаўскага, Лепельскага і Аршанскага паветаў. Займаўся вяртаньнем сялянам забранага ў іх праз харчразьвёрстку харчу, зьдзяйсьняў напады на чыгуначныя станцыі, цягнікі, заводы, валвыканкамы, забойствы камуністаў і савецкіх працаўнікоў. Атрад сыходзіў ад перасьледаў бяз стратаў, на зімоўку пераходзячы ў Польшчу[2].

10 кастрычніка 1923 году атрад монічаўцаў прыкладна за 2 кілямэтры ад станцыі Слаўнае (на перагоне БобрТалачын) спыніў цягнік «Бэрлін — Масква», у якім ехалі ангельскія, францускія ды італьянскія дыпляматы, а таксама савецкія чыноўнікі. Замежнікі былі абрабаваныя, а камуністам на загад Моніча далі ў прысутнасьці дыпляматаў па сорак шомпалаў. Сваю частку здабычы Моніч аддаў на карысьць «Зялёнага дубу»[3].

Гісторыя з рабаваньнем міжнароднага цягніка выклікала гістэрыку ў Маскве, адкуль быў кінуты спэцаддзел ГПУ для зьнішчэньня Моніча і ягоных паплечнікаў. Да канца году большасьць паплечнікаў Моніча была арыштаваная, агулам да крымінальнай адказнасьці прыцягнута 75 чалавек, 22 зь якіх у лютым 1924 былі прыгавораныя да найвышэйшай меры пакараньня. Сярод іх была й грамадзянская жонка Моніча Соф’я Рыбак[4] (сапр. Хяўроньня Наўроцкая).

23 траўня 1924 году Моніч загінуў падчас страляніны з атрадамі ЧОН, ягонае зьнявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках, каб застрашыць магчымых прыхільнікаў і пасьлядоўнікаў. Пазьней яго перавезьлі ў Барысаў для апазнаньня ягоным таварышам па барацьбе, што ўтрымліваліся ў Доме папярэдняга расьсьледаваньня[4]. Месца пахаваньня невядомае. Паводле аднае з вэрсіяў, мог быць пахаваны на Барысаўскіх батарэях разам зь іншымі расстралянымі сябрамі свайго атраду.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Уладзімер Давыдоўскі. (27 лістапада 2008) Дзьве вёскі — два лёсы…. Радыё «Свабода». Праверана 29 лютага 2012 г. Архіўная копія
  2. Советская деревня глазами ВЧК Том 2.34 (рас.) Советская деревня глазами ВЧК ОГПУ НКВД Том 2. Blogspot (26 жніўня 2008). Праверана 29 траўня 2012 г.
  3. Боні і Клайд антыбальшавіцкай партызанкі Гісторыя. Наша Ніва (28 сакавіка 2012). Праверана 29 траўня 2012 г.
  4. 1 2 Валеры Раховіч. (20 лютага 2011) Юрка Моніч. Правы альянс. Праверана 29 траўня 2012 г.