Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк лац. Ihar Marzaluk | |
па-беларуску: Ігар Аляксандравіч Марзалюк | |
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га скліканьня | |
---|---|
11 верасьня 2016 — цяперашні час | |
Прэзыдэнт: | Аляксандар Лукашэнка |
Прэм’ер-міністар: | Андрэй Кабякоў |
Член Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-скліканьня | |
23 верасьня 2012 — 11 верасьня 2016 | |
Прэзыдэнт: | Аляксандар Лукашэнка |
Прэм’ер-міністар: | Міхаіл Мясьніковіч, Андрэй Кабякоў |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
11 верасьня 1968 (56 гадоў) пасёлак Краснапольле, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
Партыя: | |
Сужэнец: | жанаты |
Дзеці: | сын Альгерд |
Бацька: | Аляксандар Марзалюк |
Адукацыя: | Магілёўскі пэдагагічны інстытут (1992) |
Узнагароды: |
Прэмія Магілёўскага аблвыканкаму «Чалавек году» (2012) грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ордэн Пашаны (Беларусь) (2019) |
Ігар Аляксандравіч Марзалюк (нар. 11 верасьня 1968 г., Краснапольле, Магілёўская вобласьць, цяпер Беларусь) — гісторык і палітык, прапагандыст і ідэоляг рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Доктар гістарычных навук (2003), прафэсар (2011), загадчык катэдры археалёгіі і спэцыяльных гістарычных навук Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А. Куляшова.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька працаваў настаўнікам гісторыі. Пад уплывам бацькі Ігар Марзалюк яшчэ ў пачатковай школе вырашыў, што стане гісторыкам. У дзяцінстве прачытаў кнігі археолягаў «Замкі Беларусі» Міхася Ткачова і «Ажываюць сівыя стагодзьдзі» Георгія Штыхава. Апошні пазьней стаў ягоным навуковым кіраўніком пры напісаньні кандыдацкай дысэртацыі. Улетку на вакацыях назіраў за працай археолягаў у Мірскім замку[1].
Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага пэдінстытуту (1992). Завочна скончыў асьпірантуру. У 1996 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 2003 годзе — доктарскую.
Займаўся археалягічнымі раскопкамі на Магілёўшчыне, вёў дасьледніцкую работу ў архівах Магілёва, Менску, Вільні. На пачатку 1990-х гадоў адкрыў гарадзішча XII—XIII стагодзьдзяў з умацаваным дзядзінцам, ад якога пайшоў Магілёў. Раскопкі тады праводзіліся на месцы магілёўскага парка імя Горкага. Большасьць знаходак зьмясьцілі ў Музэй гісторыі Магілёва.
У 2007 годзе крытыкаваў Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату за зьнішчэньне Магілёўскага Замчышча — нацыянальнага помніка археалёгіі[2].
У 2010 годзе стаў суаўтарам кнігі «Грунвальдзкая бітва — бітва народаў», якую выдалі па-летувіску і па-ўкраінску да 600-годзьдзя бітвы. Кніга складалася з працаў гісторыкаў краінаў з абшараў Вялікага Княства Літоўскага.
У 2011 годзе правёў археалягічныя раскопкі ў Старым Шклове, дзе знайшлі некалькі тысячаў прадметаў пераважна XVI стагодзьдзя.
Увосень 2012 году выдаў 1-ы нумар Беларускага гістарычнага альманаха[1]. Узначальвае абласную грамадзкую арганізацыю «Магілёўскае краязнаўчае таварыства».
Аўтар больш як 100 навуковых і навукова-папулярных публікацыяў па гісторыі і археалёгіі Беларусі.
Палітычная і прапагандысцкая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2009 годзе выдаў кнігу «Міфы „Адраджэнскай“ гістарыяграфіі Беларусі», дзе сярод шэрагу несумяшчальных тэзаў заявіў, што назвы Літва і ліцьвіны не былі этнічнай саманазваю беларусаў у часы Вялікага Княства Літоўскага або нават эндаэтнонімам славянскага насельніцтва Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Наваградчыны, што існаваў адзіны эндаэтнонім беларускага этнасу — «рускі» («русін», «русь») і што продкі большасьці сучасных беларусаў-каталікоў мелі летувіскае паходжаньне[3].
Ад верасьня 2012 году быў абвешчаны дэпутатам розных палатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У якасьці члена Савету Рэспублікі і дэпутата Палаты прадстаўнікоў адзначыўся як актыўны публічны апалягет аўтарытарнага рэжыму А. Лукашэнкі, у тым ліку падчас масавых агульнабеларускіх пратэстаў, якія былі выкліканыя фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 і суправаджаліся беспрэцэдэнтным гвалтам прадстаўнікоў сілавых органаў супраць дэманстрантаў, у тым ліку забойствам некалькіх удзельнікаў пратэстаў. Займаўся дыскрэдытацыяй і ачарненьнем беларускіх нацыянальных сымбаляў і дзеячоў беларускай дыяспары[4]. Выступаў з апраўданьнем непрадстаўленьня дзяржаўных паслугаў на беларускай мове[5].
10 лістапада 2017 году адзначыў на «круглым стале» ў газэце Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі: «Мая папраўка ў закон аб маркіроўцы тавараў прайшла. І цяпер на кожнай упакоўцы беларускага тавару будзе маркіроўка і на расейскай, і на беларускай мовах». Таксама заявіў: «гэта самае вялікае расчараваньне, калі не далi (Нобэлеўскую) прэмію Васілю Быкаву, а далі Сьвятлане Алексіевiч, якая для мяне па-за беларускiм дыскурсам»[6].
У 2018 годзе выступаў супраць прыняцьця закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту», спасылаючыся на абарону «традыцыйных каштоўнасьцяў»[7]. У студзені 2019 году апублікаваў артыкул, у якім абазначыў паўстаньне на чале з Кастусём Каліноўскім як польскае нацыянальнае і выступіў супраць таго, каб Каліноўскі лічыўся беларускім нацыянальным героем[8]. У 2019 годзе пагражаў судовымі позвамі журналістам, якія крытыкавалі яго[9]. У 2020 г. прапаноўваў караць за распаўсюд інфармацыі пра цяжкую сытуацыю з пандэміяй COVID-19 у Беларусі[10]. У 2020 годзе ўваходзіў у склад так званай Мiжведамаснай камiсii бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь, якая масава пазбаўляла акрэдытацыі журналістаў, якія асьвятлялі пратэсты супраць А. Лукашэнкі ў Беларусі[11].
15 сакавіка 2021 году ўключаны ў склад канстытуцыйнай камісіі, якая на даручэньне нелегітымнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі мае распрацаваць новы варыянт Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь[12].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ордэн Пашаны (Беларусь) (2019)[13] і іншыя
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах» (1997, у суаўтарстве з А. Р. Агеевым і І. А. Пушкіным; 2-е выд. перапрац. і дап. 1999).
- «Гісторыя рэлігіі Беларусі (Х—XVIII ст.)» (1997)
- Магілёў у ХІІ—XVIII стст.: Людзі і рэчы. — Мн., 1998.
- Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х—ХVII стст.). — Магілёў, 2003.
- Этнічны і канфесійны свет беларускага горада XVI—XVII стст. — Магілёў, 2007.
- Марзалюк І. А. Міфы «Адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія / І. А. Марзалюк. — Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2009. — 148 с.
- «Наша страва: сапраўдная беларуская кухня» (глава «Кароткі нарыс гіторыі беларускай бульбы»).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Ілона Іванова. Старажытнае смецьце — скарбніца для сапраўднага гісторыка // Зьвязда : газэта. — 19 красавіка 2012. — № 76-77 (27191-27192). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Заведзена справа супраць будаўнікоў храма на Магілёўскім замчышчы // Наша Ніва. 14 ліпеня 2007 г.
- ^ Марзалюк І. Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія. — Магілёў: МДУ імя А. Куляшова, 2009. С. 48, 59, 95—96.
- ^ Компетентный вторник: эксперты о формах и методах противостояния героизации нацизма [Кампэтэнтны аўторак: экспэрты пра формы і мэтады супрацьстаяньня гераізацыі нацызму], СБ. Беларусь сегодня, 1 чэрвеня 2021 г. (на расейскай мове)
- ^ Дзяржаўныя мовы раўнапраўныя, таму сыстэму АРІП па-беларуску ня зробяць, Радыё Свабода, 5 чэрвеня 2020 г.
- ^ Людміла Рублеўская. Жывая спадчына (Лёс беларускай мовы павінен стаць агульным клопатам для ўсяго грамадзтва) // Беларусь сёньня : газэта. — 11 лістапада 2017. — № 25353. — ISSN 1991-2978.
- ^ Марзалюк: законапраект супраць хатняга гвалту «супярэчыць традыцыйным каштоўнасьцям», Радыё Свабода, 28 верасьня 2018 г.
- ^ Дэпутат Марзалюк далучыўся да дыскусіі пра паўстаньне Каліноўскага. Устаў на «польскі» бок, Радыё Свабода, 9 студзеня 2019 г.
- ^ «Яны адкажуць праз суд»: Марзалюк рыхтуе пазовы да сваіх крыўдзіцеляў сярод СМІ, Эўрарадыё, 19 лістапада 2019 г.
- ^ Марзалюк прапаноўвае караць «распаўсюднікаў чутак і фэйкаў» пра COVID-19, Эўрарадыё, 4 красавіка 2020 г.
- ^ Хто ўваходзіць у камісію, якая пазбавіла акрэдытацыі замежных журналістаў, Радыё Свабода, 29 жніўня 2020 г.
- ^ У Беларусі пачала працу Канстытуцыйная камісія. Хто ў яе ўвайшоў?, Радыё Свабода, 15 сакавіка 2021 г.
- ^ Марзалюку далі ордэн, а Шчоткінай — ганаровае званне, Эўрарадыё, 22 лістапада 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 11 верасьня
- Нарадзіліся ў 1968 годзе
- Кавалеры ордэна Пашаны (Беларусь)
- Нарадзіліся ў Краснапольскім раёне
- Беларускія прапагандысты
- Беларускія гісторыкі
- Дактары гістарычных навук
- Выкладчыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А. А. Куляшова
- Палітыкі Рэспублікі Беларусь
- Сябры Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га скліканьня
- Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га скліканьня
- Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га скліканьня
- Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га скліканьня