Перайсьці да зьместу

Прамова Мялешкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прамова Мялешкі
Жанр: сатыра
Аўтар: Цыпрыян Камуняка
Мова арыгіналу: старабеларуская мова
Год напісаньня: 1-я пал. XVII ст.
Публікацыя: 1822 год

«Прамова Мялешкі» — помнік беларускай літаратуры першай паловы XVII стагодзьдзя. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатырычных твораў аратарскай прозы. Узор беларускай патрыятычнай літаратуры. Створаная ў форме прамовы на сойме, прыпісанай смаленскаму кашталяну Івану Мялешку.

Напісаная невядомым аўтарам, які, як вынікае з тэксту, належаў да шляхоцкага стану. У ёй, бадай, упершыню ў беларускім пісьменстве прагучала думка пра небясьпеку канчатковай і незваротнай страты беларускім народам сыстэмы ўласных нацыянальных каштоўнасьцяў — маральных, эстэтычных, грамадзкіх, дзяржаўных, палітычных. Пісьменьнік сфармуляваў ідэю непарушнасьці беларускіх сямейных і побытавых традыцыяў, адзначыў іх высокую каштоўнасьць для ўсіх часоў і ўсіх пакаленьняў.[1]

У творы сьцьвярджаецца неабходнасьць вяртаньня грамадзтва да старасьвеччыны, калі, на думку аўтара, панавалі шчырасьць, адкрытасьць, разважлівасьць, не было месца балбатні і палітыканству, падману й дэмагогіі. Праз ухваленьне мінуўшчыны, нават ідэалізаваньне яе пісьменьнік даказваў, што праўда, сумленнасьць, ахвярнасьць дзеля Бацькаўшчыны — найвышэйшыя каштоўнасьці, нязьменны ідэал. Аўтар пісаў пра кругабег княжаньня Жыгімонта Старога (1506—48), як пра «залаты час Літвы». Гэта адбылося, як гаворыцца ў «Прамове Мялешкі», дзякуючы дбайнасьці манарха, які даходзіў да ўсяго сам, клапаціўся пра ўвядзеньне ў дзяржаве справядлівых законаў, заахвочваў абаронцаў Айчыны.

На старонках твора ўздымаецца балючая тэма аслабленьня дзяржавы. Заняпад краіны пачаўся з часоў Жыгімонта Аўгуста (1548—1572), які, паводле словаў пісьменьніка, забыўся на цікавасьці Княства, падпаў пад ляскі ўплыў, перадаў Польшчы Валынь з Падляшшам, урэшце, сам пачаў лічыць сябе «ляхам». Але галоўная прычына крызісу Вялікага Княства Літоўскага, на думку аўтара «Прамовы Мялешкі», — здрада магнатаў, найвышэйшых саноўнікаў, якія сьледам за манархам пачалі выракацца сваіх традыцыяў, жыць на чужы лад. Міжусобнымі звадкамі яны загубілі дзяржаву, давялі да галечы просты люд. Уласныя амбіцыі і непамерная пыха засьляпілі ім вочы.

Аўтар публіцыстычнай «Прамовы Мялешкі» закрануў тэму ролі й адказнасьці шляхоцкага саслоўя за становішча ў гаспадарстве. Ён дакарае шляхту за яе згодніцтва, якая бачыла заняпад, але баялася «баламутных радных паноў», маўчала, замест таго каб супрацьдзейнічаць. Народ-шляхта, як найвышэйшы носьбіт улады ў Княстве, павінны быў, паводле аўтара, узнавіць колішнія парадкі і праз сваіх абраньнікаў усталяваць справядлівасьць, пакараць злачынцаў.

У «Прамове Мялешкі» асуджалася палянізацыя краю. Аўтар крытыкаваў норавы прышлых іншаземцаў — «ляхаў» і «немчыкаў». Першыя, паводле яго словаў, увільвалі як маглі ад працы, кралі, усё паганілі й псавалі, пры гэтым не забываліся смачна есьці й шыкоўна апранацца. Нязвыклая нямецкая ахайнасьць і акуратнасьць выклікаюць усьмешку ліцьвіна. У «Прамове Мялешкі» высьмейваецца малпаваньне чужых нораваў, мудрагелістасьць вопраткі, ненатуральнасьць, манэрнасьць паводзінаў, перанятых у іншаземцаў. Адмаўленьне ад традыцыйнай маралі, народнай этыкі й эстэтыкі, паводле высновы аўтара, стала адной з прычынаў грамадзкага заняпаду, разбэшчанасьці і распуснасьці.

«Прамова Мялешкі» — твор значнага грамадзкага гучаньня, накіраваны супраць іншаземнага засільля на беларускіх землях, разбурэньня народных традыцыяў, нацыянальнага рэнэгацтва. Напісаная жывой беларускай мовай, багатай народнай фразэалёгіяй. Разам зь «Лістом да Абуховіча» «Прамова Мялешкі» — яскравая зьява пераходнага пэрыяду разьвіцьця беларускае літаратуры на шляху яе набліжэньня да народных вытокаў, дэмакратызацыі.

Упершыню апублікавана Ю. Нямцэвічам ў 1822 годзе ў перакладзе ў польскую мову.

У 2011 годзе часопіс «ПрайдзіСвет» апублікаваў «Прамову Мялешкі» ў трасянцы ў перакладзе Анкі Упалы.

  1. ^ І. Саверчанка (2010)
  • Даўгяла 3. 3 беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927.
  • Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
  • Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
  • Чамярыцкі В. «Прамова Мялешкі» // БЭ ў 18 т. Т. 13. Мн., 2001.