Ясон Смагаржэўскі
Ясон Смагаржэўскі | |
Герб Юноша | |
XV мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі | |
---|---|
1780 — 1788 | |
Папярэднік | Леў Шаптыцкі |
Наступнік | Тэадосі Растоцкі |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 3 сакавіка 1715[1] |
Памёр | 1 лютага 1788 (72 гады) або 1 лістапада 1788 (73 гады) |
Род | Смагаржэўскія |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп |
Ясон Смагаржэўскі (3 сакавіка 1715 — 1 лютага 1788[2]) — царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Уніяцкі арцыбіскуп полацкі (1762—1780), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі (з 1780). Кавалер Ордэна Сьвятога Станіслава (1767)[3].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З шляхецкага роду Смагаржэўскіх гербу Юноша, што паходзілі з Ваўкавыскага павету. Сьпярша быў рыма-каталіком, аднак каля 1731 году ўступіў у ордэн базылянаў Сьвятога Язафата.
Вывучаў тэалёгію і філязофію ў Грэцкім калегіюме ў Рыме (1734—1740). У 1740 годзе стаў сьвятаром. З 1747 году был генэральным афіцыялам і вікарыям Кіеўскай мітраполіі. Каля 1752—1758 гадоў на даручэньне мітрапаліта Флярыяна Грабніцкага знаходзіўся ў Рыме.
Па першым падзеле Рэчы Паспалітай 16 верасьня 1772 году мусіў прысягнуць на вернасьць Кацярыне II, у выніку чаго атрымаў 2 дэканаты мітрапаліцкай япархіі (Гомельскі і Рагачоўскі, 1773) і Смаленскую япархію (1778). Гэта паставіла пад ягоную ўладу ўсе парафіі ў землях, улучаных у склад Расейскай імпэрыі.
Абараняў пазыцыі Грэцка-Каталіцкай Царквы як ад спробаў пераводу сваіх вернікаў да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі, так і ў каталіцтва лацінскага абраду. Імкнуўся абмежаваць дзейнасьць праваслаўнага япіскапа Віктара Садкоўскага, вярнуць парафіі, якія прынялі праваслаўе, забараніць сьвятарам з Расеі працаваць у прыходах.
У 1774 годзе дамогся ад рымскай курыі пацьвярджэньня даўняй пастановы (1624 год) аб забароне ўніятам пераходзіць у лацінскі абрад. Таго ж году падрыхтаваў праект епархіяльнай сэмінарыі ў вёсцы Струні каля Полацку (адкрылася ў 1806 годзе). Заахвочваў разьвіцьцё базылянскіх школаў.
З прычыны супрацьстаяньня памкненьням уладаў Расейскай імпэрыі ў рэлігійнай сфэры 2 ліпеня 1780 году Кацярына II пазбавіла Ясона Смагаржэўскага расейскага падданства. Выехаў у Рэч Паспалітую, жыў у сваёй рэзыдэнцыі ў месьце Радамысьлі (Кіеўскае ваяводзтва). Заснаваў сэмінарыі ў Радамысьлі і Жытоміры.
Намаганьні Ясона Смагаржэўскага не спынілі агульнай тэндэнцыі паслабленьня Грэцка-Каталіцкай Царквы[4].
Ліцьвіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1785 годзе вызначыў сябе як «рускі ліцьвін родам»[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Jason Smogorzewski h. Junosza // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ Казуля С. Смагаржэўскі Ясон // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 597.
- ^ Zbigniew Dunin-Wilczyński. Order Świętego Stanisława. — Warszawa, 2006. S. 179.
- ^ Казуля С. Смагаржэўскі Ясон // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 598.
- ^ Марозава С. Етос Унійної Церкви та національна ідентичність білорусів у XIX столітті // Ковчег. Науковий збірник статей з церковної історії. Ч. 4, 2003. С. 119.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8