Аэрафлёт
Каардынаты: 55°45′6″ пн. ш. 37°35′57″ у. д. / 55.75167° пн. ш. 37.59917° у. д.
«Аэрафлёт» | |
Эмблема | |
Вытворчая сядзіба на Міжнаронай шашы (Масква, 2019 год) | |
Заснаваная | 17 сакавіка 1923 (101 год таму) |
---|---|
Пачатак дзейнасьці | 15 ліпеня 1923 (101 год таму) |
№ сэртыфікату | 1 ад 30 ліпеня 2019 г.[1] |
Выкарыстоўваныя базы | Шарамецьцева (Маскоўская вобласьць) |
Вузлы | Краснаярск |
Дапаможныя вузлы | Унукава, Дамадзедава, Жукоўскі (Маскоўская вобласьць)[2] |
Фокусныя гарады | Масква, Санкт-Пецярбург, Краснаярск, Хабараўск, Уладзівасток[3] |
Бонусная праграма | «Аэрафлёт Бонус»[4] |
Заля чаканьня | 63 у Расеі, 43 за мяжой[5] |
Падразьдзяленьні | «Перамога» (Унукава), «Расея» (Санкт-Пецярбург) |
Колькасьць самалётаў | 171 (2024 год) |
Прызначэньні | 216 (2023 год) |
Старэйшая кампанія | Урад Расеі |
МІККП | RU0009062285[6] |
Штаб-кватэра | Масква, Цэнтральная адміністрацыйная акруга, вул. Арбат, д. 1[7] |
Ключавыя постаці | Сяргей Александроўскі (генэральны дырэктар) |
Абарачэньне | ▲612,2 млрд рас.руб (2023 год; 6,825 млрд $) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲182,3 млрд рас.руб (2023 год; 2,032 млрд $) |
Чысты прыбытак | ▲-14 млрд рас.руб (2023 год; -156 млн $)[8] |
Актывы | ▲1,114 трлн рас.руб (2024 год; 12,42 млрд $) |
Уласны капітал | ▲-98,754 млрд рас.руб (2024 год; -1,101 млрд $)[9] |
Лік супрацоўнікаў | 32 300 (2023 год)[10] |
Сайт | aeroflot.ru |
«Аэрафлё́т» (рас. «Аэрофлот») — дзяржаўнае прадпрыемства паветраных перавозак Расеі, заснаванае ў сакавіку 1923 году пад назвай «Дабралёт».
На 2024 год базаваўся на падмаскоўскім лётнішчы Шарамецьцеве (Хімкі). 31 траўня 2021 году адчыніў другі міжнародны вузел у Краснаярску. Уваходзіў у дваццатку найбольшых паветраных перавозчыкаў сьвету. За 2023 год перавёз 25 млн чалавек, а з улікам даччыных прадпрыемстваў — 47 млн (38% перавозак у Расеі). На 31 сакавіка 2024 году паветраны парк налічваў 171 самалёт (сярод іх было 65% заходнеэўрапейскіх «Аэробусаў»), зь іх 58 «Аэробусаў А320», 37 «Боінгаў 737-800», 35 «Аэробусаў А321», 22 «Боінгі 777-300ЕР», 12 «Аэробусаў А330» і 7 «Аэробусаў А350». Ад 2011 году ўтвараў холдынг, у які ўваходзілі два даччыныя перавозчыкі: унутраны «Расея» (Санкт-Пецярбург) і танны «Перамога» (Унукава, Заходняя адміністрацыйная акруга Масквы). Ураду Расеі належала 74% паёў «Аэрафлёту», а 25% знаходзіліся ў вольным абарачэньні на «Маскоўскай біржы»[11]. На пачатак 2023 году ў холдынгу налічвалася 32 300 супрацоўнікаў, зь іх 17 900 наймаў сам «Аэрафлёт», 7000 — «Расея», а 2300 — «Перамога»[10].
Самалётны парк і падразьдзяленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 30 красавіка 2024 году «Аэрафлёт» выкарыстоўваў 171 самалёт 5 відаў, якія мелі ад двух да трох клясаў абслугоўваньня. Сярод іх было 130 вузкафюзэляжных сярэднемагістральных самалётаў і 41 шырокафюзэляжны. Холдынгу, у які ўваходзілі даччыныя перавозчыкі «Расея» (Санкт-Пецярбург) і «Перамога» (Унукава, Заходняя адміністрацыйная акруга Масквы), належала 349 самалётаў, зь іх 212 вузкафюзэляжных, 78 расейскіх мясцовых «Супэрджэтаў 100» і 59 шырокафюзэляжных[12]. «Расея» мела 38% самалётаў холдынгу, а «Перамога» — 12%[13].
Даччынымі прадпрыемствамі холдынгу «Аэрафлёт» былі: авіяпрадпрыемствы «Перамога» (Маскоўскі, НАА) і «Расея», гасьцініца «Шэратэль» на лётнішчы Шарамецьцева (Хімкі, Маскоўская вобласьць) і вытворца харчаваньня «Аэрамар» (Хімкі; 51%), Авіяцыйная школа «Аэрафлёту» і рамонтнае прадпрыемства «Аэрафлёт Тэхнікс» (ПАА, Малжанінаўскі раён), «Аэрафлёт-Фінанс» (ЦАА, Цьвярскі раён) і прадпрыемства інфармацыйных тэхналёгіяў «АФЛТ-Сыстэмс» (ЦАА, раён Замаскварэчча; 66%)[14].
Маршуртная сетка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2023 годзе маршрутная сетка «Аэрафлёту» й даччынага ўнутранага перавозчыка «Расея» (Санкт-Пецярбург) улучала 216 рэгулярных кірункаў. Сетка таннага даччынага перавозчыка «Перамога» (Унукава, ЗАА Масквы) налічвала 94 маршруты, зь якіх 35 безь перасячэньня зь сеткай іншых перавозчыкаў холдынгу. За 2023 год перавозчыкі холдынгу «Аэрафлёт» выканалі 314 000 палётаў у 18 краінаў. Пры гэтым занятасьць месцаў вырасла да 87,5%[15]. Сярод 47 млн пасажыраў «Перамога» перавезла 13 млн, а «Расея» — 9 млн унутры краіны з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Краснаярска й Сочы (Краснадарскі край)[16].
На 2024 год «Аэрафлёт» ладзіў палёты ў 17 замежных краінаў:
- 14 у Азіі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (Дубай і Шарджа), Азэрбайджан (Баку), Армэнія (Гюмры й Ерэван), Індыя (Гоа й Дэлі), Іран (Тэгеран), Казахстан (7: Актабе, Актаў, Алматы, Астана, Атыраў, Караганда й Кастанай), Кітай (5: Ганконг, Гуанчжоў, Пэкін, Чэнду й Шанхай), Кыргыстан (3: Бішкек, Ісык-Куль і Ош), Мальдывы (Мале), Сэйшэлы (Мае), Тайлянд (Бангкок і Пхукет), Турэччына (4: Анталья, Бодрум, Даламан і Стамбул), Узбэкістан (5: Бухара, Самарканд, Ташкент, Ургенч і Фэргана) і Шры-Ланка (Каломба);
- 1 у Афрыцы — Эгіпет (3: Каір, Хургада й Шарм-эш-Шэйх);
- 2 у Эўропе — Беларусь (Менск) і Ўкраіна (Сімфэропаль)[17].
Унутры Расеі маршрутная сетка налічвала 68 кірункаў[17].
У Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2024 год «Аэрафлёт» меў прадстаўніцтва ў Менску па вуліцы Янкі Купалы, д. 25. У Нацыянальным аэрапорце «Менск» офіс продажаў працаваў на трэцім паверсе аэравакзалу[18].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]17 сакавіка 1923 году адчынілі падпіску на паі расейскага таварыства добраахвотнага паветранага флёту «Дабралёт». 30 красавіка 1923 году зацьвердзілі статут таварыства «Дабралёт». 15 ліпеня 1923 году адчынілі першую рэгулярную пасажырскую лінію Масква — Ніжні Ноўгарад даўжынёй 420 км. Першым пілётам стаў Якаў Майсееў на самалёце «Юнкерс Ф-13», які атрымаў назву «Прамбанк» у гонар асноўнага пайшчыка паветнага перавозчыка. Палёт доўжыўся 4 гадзіны над чыгункай і ладзіўся толькі ўдзень, каб пілёт трымаўся слушнага кірунку[19].
11 студзеня 1924 году «Дабралёт» адчыніў паветраныя лініі ва Ўкраінскай ССР: Харкаў — Палтава — Кіеў і Харкаў — Адэса. 1 траўня 1930 году адчынілі лінію ў Сярэднюю Азію: Масква — Пенза — Самара — Арэнбург (Сярэдне-Волская вобласьць) — Акцюбінск (Казаская Аўтаномная ССР) — Чалкар — Казалінск — Кызыл-Арда — Ташкент (Узбэцкая ССР) — Алма-Ата. 29 кастрычніка 1930 году «Дабралёт» пераўтварылі ва Ўсесаюзнае аб’яднаньне Цывільнага паветранага флёту пры Радзе працы й абароны. 25 лютага 1932 году яго пераўтварылі ў Галоўную ўправу Цывільнага паветранага флёту (ЦПФ) пры Савеце народных камісараў СССР. 26 сакавіка 1932 году тая атрымала скарочанае найменьне «Аэрафлёт». 26 ліпеня 1932 году ўхвалілі Дысцыплінарны статут Цывільнага паветранга флёту СССР. 21 лістапада «Аэрафлёту» перадалі сельскагаспадарчыя самалёты[19].
17 сакавіка 1933 году стварылі эскадрыльлю імя Максіма Горкага для абслугоўваньня дэлегацыяў. 19 траўня 1934 году ўтварылі 12 тэрытарыяльных управаў ЦПФ. 7 лютага 1935 году ўвялі Статут Цывільнага паветранага флёту. 19 чэрвеня 1937 году ўтварылі Ўправу міжнародных паветраных лініяў «Аэрафлёту». 5 траўня 1939 году адбыўся першы палёт з абслугоўваньнем сьцюардэсай, якой стала Эльза Гарадзецкая. Палёт ажыцьцявіў 21-мясцовы самалёт «ПС-84» з Масквы ў Ашгабад (Туркмэнская ССР)[19].
1940—1950-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 кастрычніка 1940 году ўтварылі Прыбалтыйскую тэрытарыяльную ўправу. У студзені 1941 году ў тэрытарыяльных управах заснавалі навучальныя эскадрыльлі, якія рыхтавалі лётчыкаў для Вайскова-паветраных сілаў Чырвонай арміі. У чэрвені 1941 году з пачаткам Нямецка-савецкай вайны ЦПФ перадалі ў апэратыўнае падначаленьне Народнаму камісарыяту абароны СССР. Пры гэтым утварылі 6 авіягрупаў ЦПФ асаблівага прызначэньня: Паўночную, Прыбалтыйскую, Беларускую, Кіеўскую, Паўднёва-Заходнюю й Маскоўскую. Таксама заснавалі 3 авіяатрады для Вайскова-марскога флёту СССР: Паўночны, Балтыйскі й Чарнаморскі. 20 верасьня 1941 году Дзяржаўны камітэт абароны даручыў Маскоўскай авіягрупе ЦПФ дастаўляць у абложаны нямецкім войскам Ленінград харчаваньне й боепрыпасы[20].
У лістападзе 1942 году на аснове авіягрупы ЦПФ асаблівага прызначэньня ўтварылі асобныя авіяпалкі ЦПФ, якія ўвайшлі ў склад паветраных арміяў франтоў. Па сканчэньні Нямецка-савецкай вайны ў траўні 1945 году 6 франтавых падразьдзяленьняў «Аэрафлёту» пераўтварылі ў гвардзейскія, 10 — узнагародзілі ордэнамі, а 12 — ганаровымі найменьнямі. Звыш 12 000 лётчыкаў ЦПФ узнагародзілі ордэнамі й мэдалямі, у тым ліку 15 лётчыкаў атрымалі годнасьці герояў Савецкага Саюзу[20].
1 студзеня 1946 году ўтварылі Краснаярскую ўправу ЦПФ. 15 траўня 1946 году адчынілі міжнародную лінію Масква — Кіеў — Львоў (Украінская ССР) — Будапэшт (Вугоршчына) — Бялград (Югаславія) — Тырана (Альбанія). Самалёт «С-47» лётаў тройчы на тыдзень і з улікам прамежкавых пасадак знаходзіўся ў паветры 12 гадзінаў. 30 лістапада 1946 году стварылі першую авіягрупу ЦПФ для палётаў унутры Савецкага Саюзу й Міжнародную авіягрупу ЦПФ на аснове дзясятай гвардзейскай авіятранспартнай дывізіі. 1 чэрвеня 1947 году зладзілі першы пасажырскі палёт самалётам «Іл-12». 23 жніўня 1948 году «Аэрафлёт» пачаў выкарыстаньне самалёту «Ан-2»[20].
26 жніўня 1952 году стварылі Маскоўскую ўправу транспартнай авіяцыі ЦПФ, у якую ўлучылі тры лётныя атрады, адзін зь якіх (63-і) абслугоўваў міжнародныя лініі «Аэрафлёту». 1 траўня 1953 году пачалі рэгулярныя пасажырскія палёты ў Кітай па маршруце Масква — Казань (Татарская Аўтаномная ССР) — Сьвярдлоўск — Омск — Новасыбірск — Краснаярск — Іркуцк — Улан-Батар (Манголія) — Пэкін. Пры гэтым палёт быў стыковачным, бо савецкія самалёты «Іл-12» лёталі да Іркуцка, дзе пасажыры начавалі. Ранкам іх садзілі на самалёты кітайскага перавозчыка, якімі везьлі далей. 1 верасьня 1953 году пачалі рэгулярныя пасажырскія палёты ў Паўночную Карэю. У 1954 годзе «Аэрафлёт» пачаў выкарыстаньне самалётаў «Іл-14». У траўні 1954 году «Аэрафлёт» падпарадкавалі Савету міністраў СССР[21].
15 верасьня 1956 году адкрылі рэгулярныя пасажырскія палёты на рэактыўным самалёце «Ту-104» па маршруце Масква — Іркуцк. 12 кастрычніка 1956 году «Ту-104» упершыню карысталі для перавозак па міжнароднай лініі Масква — Прага (Чэхаславаччына). 2 чэрвеня 1958 году «Аэрафлёт» пачаў рэгулярныя палёты на «Ту-104» па маршруце Масква — Амстэрдам (Нідэрлянды) — Брусэль (Бэльгія). 4 жніўня 1958 году адбыўся першы беспасадкавы палёт па маршруце Масква — Парыж (Францыя). У сталіцу Францыі сталі лётаць чатыры разы на тыдзень наўпрост, а вяртацца — з прамежкавай пасадкай у Варшаве (Польская Народная Рэспубліка). 18 жніўня 1958 году «Ту-104» сталі выкарыстоўваць для рэгулярных палётаў у Індыю. 5 сьнежня 1958 году адчынілі рэгулярныя палёты ў Эгіпет па маршруце Масква — Тырана — Каір[21].
У красавіку 1959 году «Аэрафлёт» вывеў на паветраныя трасы самалёт «Іл-18». 24 красавіка на далёкамагістральным лайнэры «Ту-114» выканалі першы рэгулярны палёт з Масквы ў Хабараўск. 14 траўня 1959 году пачалі рэгулярныя палёты ў Ангельшчыну па маршруце Масква — Капэнгаген — Лёндан на самалётах «Ту-104». 22 ліпеня 1959 году паступіў у эксплюатацыю турбавінтавы самалёт «Ан-10». 11 жніўня 1959 году пад Масквой адчынілі новае лётнішча Шарамецьцева, куды «Аэрафлёт» выканаў першы палёт зь Ленінграда самалётам «Ту-104»[21].
1960—1970-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]31 кастрычніка 1962 году на лініі сярэдняй далёкасьці вывелі турбавінтавы самалёт «Ан-24». 7 студзеня 1963 году адчынілі лінію Масква — Мурманск — Гавана (Куба). Самалёт «Ту-114» браў на борт да 70 пасажыраў. За 16 гадзінаў самалёт без пасадкі пераадольваў 11 000 км маршруту, што было найбольшай адлегласьцю сярод паветраных перавозчыкаў сьвету. 27 ліпеня 1964 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР ухваліў Указ аб пераўтварэньні «Аэрафлёту» ў Міністэрства цывільнай авіяцыі СССР[22].
3 лютага 1966 году адчынілі першую міжнародную грузавую лінію Масква — Рыга (Латвійская ССР) — Парыж. У красавіку 1967 году «Ту-114» ажыцьцявіў першы рэгулярны пасажырскі палёт з Масквы ў Токіё (Японія). 15 верасьня 1967 году на лінію Масква — Манрэаль (Канада) выйшаў самалёт «Іл-62». 15 ліпеня 1968 году выканалі першы пасажырскі палёт у ЗША па маршруце Масква — Манрэаль — Новы Ёрк. Палёты сталі ладзіць двойчы на тыдзень. 31 сьнежня 1968 году адбыўся першы пасажырскі пералёт на звышгукавым лайнэры «Ту-144»[22].
1 студзеня 1971 году «Іл-62» ажыцьцявіў рэгулярны палёт з Масквы ў Гавану. 29 студзеня 1971 году на аснове Транспартнае ўправы міжнародных паветраных лініяў утварылі Цэнтральную ўправу міжнародных паветраных зносінаў (ЦУМПЗ). 1 красавіка 1971 году сумесна з «Каралеўскім лётніцкім таварыствам» (Нідэрлянды) адчынілі маршруты: Масква (— Леніград) — Амстэрдам — Новы Ёрк. Для палётаў выкарыстоўвалі самалёты «Іл-62». 4 лютага 1972 году запусьцілі паветраныя зносіны з Заходняй Нямеччынай, куды «Іл-62» лётаў у Франкфурт-на-Майне. 9 лютага 1972 году ўвялі ў эксплюатацыю сярэднемагістральны рэактыўны самалёт «Ту-154», які стаў лётаць з Масквы ў Мінэральныя Воды (Стаўрапольскі край). Цягам лютага на ім таксама запусьцілі палёты ў Сімфэропаль (Крымская вобласьць, Украінская ССР) і Чалябінск. 21 красавіка 1972 году ўвялі сыстэму рэзэрваваньня на авіялініях «Сырэна-1» на аснове электронна-вылічальнай машыны М-300. Яна займала галоўную залю ў будынку Цэнтральнага агенцтва паветраных зносінаў і злучалася з маскоўскімі авіякасамі ды трансагенцтвамі ў 43 гарадах Савецкага Саюзу. 31 траўня 1972 году запусьцілі палёты ў Заграб (Югаславія)[23].
27 траўня 1973 году на самалёце «Іл-62» адчынілі паветраную трасу ў Лацінскую Амэрыку па маршруце: Масква — Рабат (Марока) — Гавана — Ліма (Пэру) — Сант’яга-дэ-Чылі. 1 сьнежня 1973 году «Аэрафлёт» увёў адзінае аздабленьне бакоў фюзэляжа самалётаў з эмблемай у выглядзе крылатых сярпа й молата. 8 студзеня 1974 году Міністэрства цывільнай авіяцыі СССР ухваліла Загад № 8 аб пачатку эксплюатацыі самалёту «Іл-62М», які мог праляцець да 10 500 км за кошт дадатковага паліўнага бака ў кілі. Спачатку яго скарысталі для палёту ў Хабараўск, а затым у Токіё. 5 красавіка 1974 году ўсталявалі паветраныя зносіны па маршруце Масква — Шэнан (Ірляндыя) — Вашынгтон (ЗША). У 1975 годзе расклад звыш 4000 унутраных рэйсаў «Аэрафлёту» сталі складаць з дапамогай кампутара, што дазволіла іх стыкоўваць з наземнымі перавозкамі. 6 сакавіка 1975 году «Іл-62М» пачаў лётаць у Партугалію па машруце Масква — Франкфурт — Лісабон (Партугалія) — Гавана. 2 ліпеня 1975 году рэгулярныя палёты ў Люксэмбург распачаў «Ту-154»[23].
16 ліпеня 1976 году «Ту-154» стаў лётаць у Гішпанію па маршруце Масква — Бэрлін — Мадрыд. 2 сьнежня 1976 году турбавінтавы самалёт «Ту-114» выканаў апошні палёт у Хабараўск. Па выніках 15 гадоў выкарыстаньня самалёт перавёз 6 млн чалавек. За 1976 год «Аэрафлёт» перавёз звыш 100 млн чалавек. У 1977 годзе пачалі рэгулярныя пасажырскія палёты ў афрыканскія гарады Антананарыву (Мадагаскар), Кано (Нігерыя) і Лусаку (Ангола), а таксама на востраў Сал (Астравы Зялёнага Мысу). Да таго ж запусьцілі палёты ў Мэхіка й Кувэйт. 1 лістапада 1977 году пачалі эксплюатацыю першага ў сьвеце звышгукавога пасажарыскага самалёту «Ту-144». Спачатку палёты ладзілі з падмаскоўнага Дамадзедава ў Алма-Ату на адлегласьць 3260 км. Палёт на вышыні 16 км доўжыўся 1,5 гадзіны на сярэдняй хуткасьці 2200 км/гадзіна. 17 красавіка 1979 году «Ту-154» распачаў рэгулярныя палёты ў Заір па маршруце Масква — Вена (Аўстрыя) — Трыпалі (Лібія) — Лагас (Нігерыя) — Кіншаса. 3 ліпеня 1979 году «Іл-62М» выканаў першы рэгулярны рэйс на Ямайку па маршруце Масква — Шэнан — Гавана — Кінгстан. 20 лістапада 1979 году рэактыўны самалёт «Ту-104» выканаў апошні пасажырскі рэйс з Адэсы (Украінская ССР) у падмаскоўнае Ўнукава. За 23 гады выкарыстаньня самалёт перавёз каля 100 млн чалавек[23].
1980—1990-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]3 ліпеня 1981 году «Аэрафлёт» пачаў рэгулярныя пасажырскія палёты на шырокафюзэляжных самалётах «Іл-86» за мяжу ў больш як 20 гарадоў Эўропы, Азіі й Амэрыкі. У 1982 годзе ўсталявалі рэгулярныя пасажырскія палёты ў такія афрыканскія краіны, як Бурундзі, Руанду й Джыбуці. На рэйсе Парыж — Масква — Токіё ўвялі скразную рэгістрацыю для працягу палёту. 27 сакавіка 1983 году «Іл-62М» пачаў рэгулярныя палёты ў Аргентыну па маршруце Масква — Будапэшт — Дакар (Сэнэгал) — Буэнас-Айрэс. Палёт даўжынёй 14 000 км займаў 20 гадзінаў. 15 верасьня 1983 году амэрыканскі прэзыдэнт Рональд Рэйган выдаў Указ аб забароне дзейнасьці «Аэрафлёту» ў ЗША, пасьля чаго зачынілі прадстаўніцтвы ў Вашынгтоне й Новым Ёрку. 31 сакавіка 1985 году адчынілі пасажырскую лінію Масква — Дзюсэльдорф (Заходняя Нямеччына). 1 чэрвеня 1985 году пачалі выкарыстоўваць лайнэр «Ту-154М», які ўпершыню паляцеў з Унукава ў Надым (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга). Самалёт браў на борт 164 пасажыры й пераадольваў да 5000 км[24].
29 красавіка 1986 году ўзнавілі паветраныя зносіны з ЗША па маршруце Масква — Шэнан — Новы Ёрк — Вашынгтон. У красавіку 1987 году адчынілі тры транзытныя маршруты: Франкфурт — Масква — Токіё, Амстэрдам — Масква — Токіё й Бэрлін — Масква — Пэкін. Для гэтага задзейнічалі самалёты «Іл-62М». У 1988 году дадалі рэгулярныя палёты з Масквы ў Гамбург (Заходняя Нямеччына) і Спліт (Югаславія), а таксама зь Ленінграда ў Зальцбург (Аўстрыя). У Шарамецьцеве «Аэрафлёт» і ірляндзкае прадпрыемства «Аэр Рыанта» адчынілі першую ў Савецкім Саюзе бязмытную краму «Аэрафэрст». 15 траўня 1988 году «Аэрафлёт» і «Панамэрыканскія сусьветныя паветраныя лініі» стварылі сумесны беспасадкавы маршрут Масква — Новы Ёрк. Выдаткі і прыбытак ад выкарыстаньня самалёту «Боінг-747» дзялілі папалам. У экіпажы было па 2—3 сьцюардэсы ад «Аэрафлёту». У 1989 годзе «Аэрафлёт» уступіў у Міжнароднае аб'яднаньне паветранага транспарту (Канада)[24].
У 1990 годзе адчынілі рэгулярныя палёты на лайнэрах «Іл-86» у Амэрыку — Новы Ёрк, Вашынгтон, Буэнас-Айрэс і Сан-Сальвадор. У чэрвені 1991 году ўтварылі вытворча-камэрцыйнае аб’яднаньне «Аэрафлёт — савецкія авіялініі». 28 ліпеня 1992 году ўрад Расеі ўхваліў Пастанову «Аб захадах арганізацыі міжнародных паветраных зносінаў Расейскае Фэдэрацыі», якім стварыў акцыйнае таварыства «Аэрафлёт — расейскія міжнародныя авіялініі». За 1993 год палёты выканалі па рэкорднай 181 лініі ў 146 лётнішчаў 105 краінаў. Новымі рэгулярнымі кірункамі з Масквы сталі Бахрэйн, Вільня (Летува), Яганэсбург (Паўднёвая Афрыка), Кіеў (Украіна), Любляна (Славенія), Панама, Рыга (Латвія), Рыю-дэ-Жанэйру (Бразылія), Тэсалёнікі (Грэцыя), Сыднэй (Аўстралія), Скоп'е (Македонія) і Талін (Эстонія). З Санкт-Пецярбурга распачалі чартэрныя палёты ў Тэль-Авіў (Ізраіль). 1 красавіка 1993 году згодна з Пастановай ураду Расеі № 267 «Аэрафлёт — савецкія авіялініі», ЦУМПЗ, Міжнародны аэрапорт Шарамецьцева, Міжнародную камэрцыйную ўправу цывільнай авіяцыі, Шарамецьцеўскае авіяцыйна-тэхнічнае прадпрыемства, Цэнтар міжнародных разьлікаў цывільнай авіяцыі й «Маскоўскія паветраныя лініі» пераўтварылі ў ААТ «Аэрафлёт — расейскія міжнародныя авіялініі». 14 ліпеня 1993 году «Іл-96-300» выканаў першы рэгулярны палёт з Масквы ў Новы Ёрк[25].
12 красавіка 1994 году ўрад Расеі ўхваліў Пастанову № 314, якой зацьвердзіў статут АТ «Аэрафлёт — расейскія міжнародныя авіялініі». 27 траўня 1994 году «Іл-96-300» пачаў лётаць з Масквы ў Сан-Францыска (ЗША). 1 кастрычніка 1994 году «Боінг-767», які належаў «Аэрафлёту», выканаў першы палёт з Масквы ў Франкфурт-на-Майне. 3 кастрычніка такі самалёт пачалі выкарыстоўваць для палётаў у Новы Ёрк. У 1995 годзе грузавы самалёт «Ту-204С» пачаў лётаць з Масквы ў Бангкок (Тайлянд). Адчынілі палёты ў Ніцу (Францыя), а таксама па маршрутах Масква — Браціслава (Славаччына) — Шэнан і Улан-Удэ (Буратыя) — Улан-Батар. У сакавіку 1995 году палёты ў Новы Ёрк на самалёце «Боінг-767» сталі штодзённымі. У красавіку 1995 году адчынілі палёты ў Японію па маршрутах Хабараўск — Аомары (поўнач вострава Хансю) і Ўладзівасток — Таяма (захад Хансю). 27 красавіка на самалёце «Аэробус А310» выканалі першы рэйс Парыж — Масква — Асака (Японія). У траўні 1995 году «Аэрафлёт» увайшоў у «Расейскі авіяцыйны кансорцыюм», які ствараў самалёт «Ту-204» і грузавы самалёт «Ту-330». У кастрычніку 1995 году грузавым шырокафюзэляжным самалётам «Макдонэл-Дуглас ДЦ-10-30Ф» пачалі палёты з Масквы ў Сэул (Паўднёвая Карэя) і Франкфурт-на-Майне[25].
У 1996 годзе закупілі 4 самалёты «Аэробус А 310—300» і адчынілі лініі Масква — Дубай (ААЭ) — Сэйшэлы — Маўрыцы й Масква — Шэнан — Маямі (ЗША) — Канкун (Мэксыка). Пачаў працаваць «Тэлефон даверу». Увялі паслугу афармленьня выязных дакумэнтаў для расейскіх грамадзянаў і візы з запрашэньнем для іншаземцаў. За 1996 год ладзілі палёты ў 94 краіны з пасадкай на 147 лётнішчах. У красавіку 1997 году адчынілі прадстаўніцтва ў Хабараўску. 1 ліпеня 1997 году адбыўся першы грузавы рэйс па маршруце Люксэмбург — Масква — Токіё — Масква — Франкфурт-на-Майне. Адчынілі чартэрныя палёты ў Таронта (Канада), а таксама палёты ў Растоў-на-Доне, Мурманск, Бранск, Уладзівасток, Петрапаўлаўск-Камчацкі, Калінінград і Нар’ян-Мар (Ненецкая аўтаномная акруга), Днепрапятроўск (Украіна), Бішкек (Кыргыстан) і Шымкент (Казахстан). Сярод іншага, цягам году адчынілі такія міжнародныя маршруты, як: Новасыбірск — Гановэр (Нямеччына), Уладзівасток — Сіетл — Анкарыдж (ЗША), Масква — Бранск — Стамбул (Турэччына) — Бургас (Баўгарыя), Масква — Санкт-Пецярбург — Новы Ёрк, Уладзівасток — Бангкок — Сынгапур. Урэшце, адчынілі палёты з Масквы на замежныя курорты ў Фару (Партугалія), Ціват (Чарнагорыя) — Бялград і Манасьцір (Туніс). У 1998 годзе «Аэрафлёт» заняў трэцяе месца сярод паветраных перавозчыкаў Расеі паводле абсягу перавозак[25].
31 сакавіка 2000 году запусьцілі Цэнтар кіраваньня паветраным рухам суднаў «Аэрафлёт» у бягучым часе. 11 верасьня адчынілі кругласодневы цэнтар інфармацыі й броні. 21 сьнежня 2000 году набыло моц пагадненьне «Аэрафлёту» зь «Нямецкім банкам» аб выпуску сусьветных дэпазытарных расьпісак шляхам канвэртацыі паёў авіяпрадпрыемства[26].
ХХІ стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лютым 2001 году дэпазытарныя расьпіскі «Аэрафлёту» разьмясьцілі на «Венскай біржы» (Аўстрыя). 26 сакавіка пачало дзейнасьць даччынае падарожніцкае прадпрыемства «Сьвет Аэрафлёту». 1 ліпеня 2001 году забарону на паленьне пашырылі на падарожніцкія палёты працягласьцю да чатырох гадзінаў улетку, тады як раней забарона тычылася палётаў да двух гадзінаў. 26 ліпеня адчынілі рэгулярныя палёты з Масквы ў Астрахань. У верасьні 2001 году адчынілі прадстаўніцтва ў Беларусі. 10 сьнежня выканалі першы рэгулярны палёт у Чыкага (ЗША)[27]. 6 жніўня 2002 году адчынілі такія палёты на «Ту-154М» у Нарыльск (Таймырская Даўгана-Ненецкая аўтаномная акруга)[28]. 12 траўня 2004 году «Аэрафлёт» пачаў рэгулярныя палёты ў Менск (Беларусь), а таксама ў Кемерава. 18 траўня дадалі рэгулярныя паветраныя зносіны з Барнавулам, а 20 траўня — зь Цюменьню[29]. 23 верасьня 2005 году ўвялі паслугу анлайн-броні квіткоў на вэб-бачыне прадпрыемства[30].
14 красавіка 2006 году «Аэрафлёт» стаў 10-м сябрам «Нябеснай дружыны» міжнародных паветраных перавозчыкаў. 27 красавіка дадалі рэгулярныя палёты ў Краснаярск, які стаў 28-м месцам у Расеі, куды выконвалі такія палёты. 5 чэрвеня 2006 году запусьцілі анлайн-аплату квіткоў на вэб-бачыне авіяпрадпрыемства па крэдытнай картцы празь Сеціва. 22 чэрвеня адчынілі аддзяленьне «Аэрафлёту» ў Санкт-Пецярбургу. 1 ліпеня сумесна з «Чэскімі авіялініямі» пачалі выкарыстаньне маршрутаў між Брытанскімі астравамі, Чэхіяй і Расеяй. «Аэрафлёт» стаў прадаваць квіткі на палёты праз Прагу ў Дублін, Корк (Ірляндыя), Манчэстэр (Ангельшчына) і Эдынбург (Шатляндыя). «Чэскія авіялініі» змаглі прадаваць квіткі на расейскія самалёты па маршрутах у Іркуцк, Барнавул, Кемерава і Омск. 3 ліпеня адчынілі рэгулярныя палёты з Масквы ў Паўднёва-Сахалінск (Сахалінская вобласьць), а 25 ліпеня — у Магадан[31].
У студзені 2007 году такія палёты зьвязалі Сочы (Краснадарскі край) з Франкфуртам. У красавіку адчынілі аддзяленьне «Аэрафлёту» ў Магадане, а таксама запусьцілі продаж электронных квіткоў у амаль 50 краінах праз разьліковую сетку пасярэднікаў Міжнароднага аб’яднаньня паветранага транспарту (МАПА). У траўні сталі выконваць рэгулярныя палёты з Масквы ў Сургут (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга). У чэрвені электронныя квіткі пачалі выпускаць у Расеі праз уласную вэб-бачыну й сетку ўласных і пасярэдніцкіх продажаў. У ліпені пачаліся рэгулярныя палёты з Магадана ў Новасыбірск і Іркуцк, а ў Сочы адчынілі аддзяленьне. У сьнежні 2007 году скончылі выкарыстаньне самалётаў «Ту-134»[32]. У студзені 2008 году частасьць палётаў на лініі Масква — Санкт-Пецярбург павялічылі да 7 за дзень. 27 траўня ўвялі рэгулярныя палёты ў Браціславу, а ў чэрвені — у Іракліён (Грэцыя). 1 кастрычніка адчынілі аддзяленьне ў Краснаярску[33]. 24 чэрвеня 2009 году рэгістраваць пасажыраў на рэйсы з Шарамецьцева пачалі празь Сеціва. 31 сьнежня завяршылі выкарыстаньне самалётаў «Ту-154М»[34].
1 студзеня 2010 году вытворчую сядзібу прадпрыемства перанесьлі ў Мелькісарава (ПАА) каля Шарамецьцева. 1 жніўня ўпершыню ў Расеі ўкаранілі рэгістрацыю на палёт праз смартфон. 27 жніўня згодна з пастановай швайцарскага суду ўдалося вярнуць 53,5 млн франкаў, заблякаваных па крымінальнай справе аб крадзяжы супраць мільярдэра Барыса Беразоўскага. 23 сьнежня «Мэгафон» пачаў забясьпечаць сотавую сувязь для пасажыраў «Аэрафлёту»[35]. У 2011 годзе згодна з пастановай ураду Расеі карпарацыя «Растэхналёгіі» перадала «Аэрафлёту» пяць мясцовых перавозчыкаў: «Расея» (Санкт-Пецярбург), «Арэнбурскія авіялініі», «Ўладзівасток Авія», «Саратаўскія авіялініі» й «Сахалінскія авіятрасы». 16 чэрвеня выканалі першы рэгулярны палёт на самалёце «Сухі Супэрджэт 100» у Санкт-Пецярбург[36]. У 2012 годзе першымі ў Эўропе ўвялі пляншэты з мапамі для пілётаў[37].
10 кастрычніка 2013 году запусьцілі даччынае прадпрыемства «Дабралёт» для танных паветраных перавозак. 6 лістапада на аснове «Сахалінскіх авіятрасаў» і «Ўладзівастока Авія» стварылі паветранага перавозчыка «Аўрора» (Паўднёва-Сахалінск), які зладзіў першы палёт 14 лістапада па маршруце Ўладзівасток — Хабараўск — Магадан[38]. 10 сакавіка 2014 году «Аэрафлёт» аднавіў палёты ў Казахстан пасьля шматгадовага перапынку па маршруце Масква — Караганда. 30 сакавіка адбыўся апошні палёт шырокафюзэляжнага лайнэра «Іл-96-300», які ладзілі з Ташкента ў Шарамецьцева. 1 сьнежня 2014 году першы палёт у Валгаград ажыцьцявіла даччынае прадпрыемства «Перамога», якое замяніла «Дабралёт», зачынены пад націскам абмежаваньняў Эўразьвязу за палёты ва ўкраінскі Крым, захоплены расейскім войскам[39].
3 верасьня 2015 году да даччынага перавозчыка «Расея» далучылі «Арэнбурскія авіялініі» й «Донавія» (Растоў-на-Доне) для ўнутрырасейскіх перавозак. 26 кастрычніка зачынілася прыватнае авіяпрадпрыемства «Трансаэра», пасьля чаго «Аэрафлёт» узяў на сябе перавозку каля двух млн пасажыраў з ужо прададзенымі квіткамі «Трансаэра». Таксама «Аэрафлёт» адкрыў для былых супрацоўнікаў зачыненага прадпрыемства звыш 6000 працоўных месцаў. 7 сьнежня заснавалі даччынае прадпрыемства «А-Тэхнікс» для рамонту самалётаў[40]. 20 верасьня 2017 году прадалі яшчэ 5% дзяржаўных паёў «Аэрафлёт», пасьля чаго доля паёў у вольным абарачэньні вырасла да 45%[41]. Па выніках 2017 году «Аэрафлёт» увайшоў у дваццатку найбольшых паветраных перавозчыкаў сьвету паводле пасажырапатоку. 27 чэрвеня 2018 году ўпершыню абслужылі звыш 60 000 пасажыраў за содні пры вылеце з Шарамецьцева 382 рэйсамі[42].
15 студзеня 2019 году заключылі пагадненьне аб сумесным выкарыстаньні палётаў з «Авіялініямі Мэксыкі». 1 красавіка адчынілі прадстаўніцытвы ў Ніжнякамску (Татарстан) і Саранску (Мардовія). 1 чэрвеня на лайнэрах «Аэробус А320» адчынілі палёты з Масквы ў Марсэль (Францыя) і Пальму (Гішпанія). 2 чэрвеня запусьцілі палёты па маршрутах Валгаград — Сочы й Краснадар — Сімфэропаль (Аўтаномная Рэспубліка Крым, Украіна). 11 чэрвеня дамовіліся пра сумеснае выкарыстаньне палётаў зь «Віетнамскімі нацыянальнымі авіялініямі» (Ханой), а 25 сьнежня — з «Брусэльскімі авіялініямі» (Бэльгія)[43]. Па выніках 2019 году 55% перавозак прыпала на ўнутрырасейскія палёты.
10 лютага 2020 году дамовіліся аб сумесных палётах зь «Японскімі авіялініямі». У сакавіку ў сувязі з пандэміяй каронавірусу ў Расеі прыпынілі міжнародныя паветраныя зносіны, што прывяло да спыненьня большасьці палётаў да канца вясны. За 2020 год перавозкі «Аэрафлёт» абваліліся да 14,6 млн чалавек, а з улікам даччыных прадпрыемстваў — да 30,2 млн 18 ліпеня адчынілі рэгулярныя палёты ў Пензу й Орск (Арэнбурская вобласьць). У жніўні пасьля ўвядзеньня нашэньня мэдычных масак аднавілі палёты ў Вялікабрытанію, Турэччыну й Швайцарыю. На падставе ўрадавай парукі з «Ашчадбанкам Расеі» заключылі дамову аб пазыцы на 70 млрд расейскіх рублёў (1 млрд даляраў). У верасьні аднавілі рэдкія палёты ў Дубай, Каір, Мале (Мальдывы), Менск, Бішкек і Нур-Султан (Казахстан). 26 кастрычніка шляхам продажу 1,7 млрд паёў прыцягнулі 80 млрд расейскіх рублёў (1,1 млрд $). 17 сьнежня «Карпарацыі разьвіцьця Сахалінскай вобласьці» за 1 рубель перадалі 51% паёў авіяпрадпрыемства «Аўрора», якія належалі «Аэрафлёту»[44]. Па выніках каля 136 000 пералётаў за 2020 год «Аэрафлёт» увайшоў у тройку перавозчыкаў у Эўропе па колькасьці выкананых рэйсаў. У чэрвені 2021 году праз сумесныя палёты з даччыным прадпрыемствам «Перамога» пачалі лётаць з Шарамецьцева ў Барнавул, Махачкалу (Дагестан), Уфу (Башкартастан), Ульянаўск, Уладзікаўказ (Паўночная Асэтыя), Мінэральныя Воды, Чабаксары (Чувашыя), Горна-Алтайск (Рэспубліка Алтай), Петразаводзк (Карэлія), Нальчык (Кабардзіна-Балкарыя) і Перм. Унутрырасейскія палёты здолелі аднавіць пасьля прышчэпкі ад уханьскага каронавірусу звыш 90% супрацоўнікаў. За 2021 год перавезьлі 21,4 млн чалавек, а з улікам даччыных перавозчыкаў — 45,8 млн[45].
У сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну ў лютым 2022 году замежныя прадпрыемствы разарвалі дамовы з «Аэрафлётам» аб лізінгу самалётаў. Замежныя ведамствы паветраплаваньня адклікалі пасьведчаньні лётнай прыдатнасьці ў расейскіх самалётаў. У Расею забаранілі пастаўляць самалёты й вузлы да іх. Праз гэта ў сакавіку закрылі большасьць міжнародных кірункаў палётаў. За 2022 год перавозкі «Аэрафлёту» зноў упалі да 20,5 млн чалавек, а з улікам даччыных прадпрыемстваў — да 40,7 млн. 27 траўня запусьцілі палёты з Санкт-Пецярбурга ва Ўладзівасток. 13 ліпеня дадаткова прадалі 5,4 млн паёў па 34 рублі за кожную на агульную суму 186 млрд расейскіх рублёў (2,7 млрд $), у выніку чаго вырас удзел ураду Расеі ў статутным капітале прадпрыемства. Папярэдне ўрад Расеі вылучыў 172 млрд расейскіх рублёў (2,55 млрд $) для падтрымкі галіны. 27 сьнежня адчынілі палёты з 6 гарадоў Расеі ў Мінэральныя Воды[46]. 28 красавіка 2023 году «Аэрафлёт» перадаў даччынаму перавозчыку «Расея» астатнія самалёты «Супэрджэт 100». 5 чэрвеня ўпершыню запусьцілі палёты з Санкт-Пецярбурга ў Хабараўск. 11 верасьня заключылі дамову лізінгу 34-х самалётаў «Супэрджэт 100» з «Авіякапітал-Сэрвіс». 2 кастрычніка 2023 году пачалі палёты ў Бангкок зь Екацярынбурга, а 5 кастрычніка — з Хабараўска. 29 кастрычніка запусьцілі палёты ў Пхукет (Тайлянд) з Санкт-Пецярбурга, 30 кастрычніка — зь Екацярынбурга й 27 сьнежня — зь Іркуцка. Таксама 27 кастрычніка пачалі палёты з Масквы на кітайскі востраў Хайнань. На канец 2023 году для міжнародных палётаў без абмежаваньняў засталося 153 самалёты. Новымі кірункамі палётаў сталі Абу Дабі (ААЭ), Ганконг (Кітай) і Ўргенч (Узбэкістан). За 2023 год перавезьлі 25,2 млн чалавек, а разам з даччынымі перавозчыкамі — 47,3 млн[47].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Аляксандар Нерадзько. Пасьведчаньне эксплюатанта № 1 (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 30 ліпеня 2019 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Лётнішчы Масквы (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Грузавыя перавозкі (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Правілы праграмы «Аэрафлёт Бонус» (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Залі чаканьня (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ «Аэрафлёт» (анг.) // Партал «Інвэставаньне», 19 траўня 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Рэквізыты (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Ключавыя паказьнікі (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Сяргей Александроўскі, Уладзімер Каноплін. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2023 год у адпаведнасьці зь Міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасьці (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 4 сакавіка 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ а б Сяргей Александроўскі, Уладзімер Каноплін. Справаздача за 2022 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 5 ліпеня 2023 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Профіль прадпрыемства (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Самалётны парк (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Флёт (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Прадпрыемствы Групы (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Аб прадпрыемстве (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Будова Групы (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ а б Маршрутная сетка (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Авіякампаніі // Нацыянальны аэрапорт «Менск», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ а б в Летапіс падзеяў — 1923—1939 гады (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ а б в Летапіс падзеяў — 1940—1949 гады (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ а б в Летапіс падзеяў — 1950—1959 гады (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ а б Летапіс падзеяў — 1960—1969 гады (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ а б в Летапіс падзеяў — 1970—1979 гады (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ а б Летапіс падзеяў — 1980—1989 гады (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ а б в Летапіс падзеяў — 1990—1999 гады (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2000 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2001 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2002 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2004 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2005 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2006 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2007 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2008 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2009 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2010 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2011 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2012 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2013 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2014 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2015 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2017 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2018 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2019 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2020 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2021 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2022 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- ^ Летапіс падзеяў — 2023 год (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны (рас.) // ПАТ «Аэрафлёт», 2024 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
- Анлайн-таблё, расклад (рас.)
|