Перайсьці да зьместу

Гюмры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гюмры
Населены пункт
Сьцяг Герб
Краіна Армэнія
Рэгіён Шырак
Першыя згадкі V стагодзьдзе да н. э.
Дата заснаваньня V ст. да н. э.
Кіраўніцтва і ўлада
Кіраўнік адміністрацыі Vardan Ghukasyan[d][1]
Геаграфія
Плошча 36 км²
Вышыня НУМ 1509 м
Часавы пас
Каардынаты 40°47′22″ пн. ш. 43°50′51″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 146 100 чал. (2011)
Афіцыйная мова армянская мова
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код 312
Паштовы індэкс 3101—3126
Нумарны знак 45 am
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў
Сайт www.gyumricity.am
Гюмры на мапе Армэніі
Гюмры
Гюмры
Гюмры

Гюмры́ (па-армянску: Գյումրի) — горад на захадзе Армэніі і адміністрацыйны цэнтар правінцыі Шырак у паўночна-заходняй частцы краіны. Зьяўляецца другім паводле велічыні горадам Армэніі. У канцы XIX стагодзьдзя быў вядомы пад назовам Александропаль і быў адным з найбуйнейшых гарадоў Усходняй Армэніі, якая знаходзілася пад кіраваньнем Расеі, з насельніцтвам, амаль супастаўным з насельніцтвам Ерэвану. У савецкі час насіў назву Ленінакан. У Гюмры разьмяшчаецца Шырацкая эпархія, якая ёсьць часткай Армянскай апостальскай царквы.

Археалягічныя раскопкі, праведзеныя за часам савецкага пэрыяду, паказалі, што тэрыторыя сучаснага Гюмры была заселеная як мінімум з 3 тысячагодзьдзя да н. э. Наваколіцы ўваходзілі ў склад старажытнага каралеўства Ўрарту. Пры заняпадзе апошняга да другой паловы VI стагодзьдзя да н. э. паселішча стала часткай імпэрыі Ахемэнідаў. Аднак на пачатку V стагодзьдзя да н. э. мясцовасьць стала часткай сатрапіі Армэніі пад уладай Эрвандыдаў. Паводле альтэрнатыўнай тэорыі, мясцовае паселішча было заснаванае прыблізна ў 401 да н. э. грэцкімі каляністамі[2].

Пасьля падзелу Армэніі ў 387 годзе паміж бізантыйцамі і пэрсамі і ў выніку падзеньня Арсацыдскага каралеўства ў 428 годзе Шырак, уключаючы сучасны Гюмры, стаў часткай Сасанідзкай імпэрыі. У 658 годзе, за часам актыўных арабскіх ісламскіх уварваньняў, Гюмры быў заваяваны і стаў часткай эмірата Армэнія пад кіраваньнем халіфата Амэядаў. У Сярэднявеччы Гюмры быў значным і даволі разьвітым гарадзкім паселішчам. Паводле словах армянскага навукоўца Гевонда Гісторыка, горад быў цэнтрам паўстаньня, ачоленага Артаваздам Маміканянам супраць ісламскага халіфату паміж 733 і 755 гадамі. Пасьля двух стагодзьдзяў ісламскага панаваньня Армэнія абвесьціла незалежнасьць у 885 годзе, стаўшы каралеўствам Багратыдаў.

Дыярама старога Александропалю з царквой Сьвятога Збавіцеля на выяве.

Пасьля падзеньня Армэніі горад быў далучаны да Бізантыйскай імпэрыі ў 1045 годзе і пазьней да туркаў-сэльджукаў у 1064 годзе. Пры чужых правіцелях горад паступова страціў сваё значэньне на працягу наступных стагодзьдзяў, аж да стварэньня Закарыдзкага княства ў 1201 годзе пад грузінскім пратэктаратам. За часам панаваньня Закарыдаў усходнеармянскія тэрыторыі, галоўным чынам Лоры і Шырак, увайшлі ў новы пэрыяд росту і стабільнасьці, стаўшы гандлёвым цэнтрам паміж усходам і захадам. Пасьля захопу манголамі Ані ў 1236 годзе Армэнія ператварылася ў мангольскі пратэктарат як частка Ільганату, а Закарыды сталі васаламі манголаў. Пасьля падзеньня Ільганату ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя князі Закарыды кіравалі Лоры, Шыракам і Арарацкай раўнінай да 1360 году, калі яны трапілі пад напады цюркскіх плямёнаў[3]. У 1400 годзе Тымур уварваўся ў Армэнію і Грузію і захапіў у палон больш за 60 тысяч мясцовых жыхароў, а шмат суседніх раёнаў і сам Шырак абязьлюдзелі[3].

У 1501 годзе большасьць усходнеармянскіх тэрыторыяў, уключаючы Гюмры, былі заваяваны новай пэрсыдзкай дынастыяй Сэфэвідаў на чале з шагам Ісмаілам I[4]. На працягу першай паловы XVIII стагодзьдзя Гюмры стаў часткай Эрыванскага ханства пад уладай дынастыі Афшарыдаў, а пазьней пад Пэрсыдзкай імпэрыяй. У чэрвені 1804 году расейскія войскі занялі Шырак на пачатку расейска-пэрсыдзкай вайны 1804—1813 гадоў. Гюмры афіцыйна ўвайшоў у склад Расейскай імпэрыі паводле Гюлістанскай дамовы, падпісанай 1 студзеня 1813 году паміж Расеяй і Пэрсіяй.

Буйная расейская крэпасьць была пабудаваная ў горадзе ў 1837 годзе, які на той час ужо меў назоў Александропаль на загад расейскага імпэратара Мікалая I. Канчаткова Александропаль быў сфармаваны як горад у 1840 годзе, каб стаць цэнтрам наваўтворанага Александропальскага павета, які зьведаў хуткі рост на працягу першага дзесяцігодзьдзя новага стагодзьдзя. У 1902 годзе быў адкрыты першы ў горадзе банк. Да саветызацыі Армэніі ў 1920 годзе ў Александропалі быў 31 вытворчы цэнтар, уключаючы прадпрыемствы па вытворчасьці піва, мыла, тэкстылю ды іншых тавараў. Пасьля Расейскай рэвалюцыі 1917 году і адыходу Расеі з Паўднёвага Каўказу асманскія войскі пачалі новы наступ, захапіўшы і Александропаль. 11 траўня 1918 году падчас Каўкаскай кампаніі ў Першай сусьветнай вайне асманы 24 сьнежня 1918 году адышлі ад гораду паводле вынікаў Мудраскага замірэньня.

Горад уваходзіў у склад нядаўна створанай рэспублікі Армэніі, абвешчанай 28 траўня 1918 году. 10 траўня 1920 году мясцовыя бальшавікі пры дапамозе мусульманскага насельніцтва паспрабавалі зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот у горадзе супраць дашнацкага ўраду. Паўстаньне было задушанае армянскім урадам 14 траўня, а ягоныя кіраўнікі былі пакараныя сьмерцю. Аднак падчас чарговага ўварваньня турэцкія войскі атакавалі Александропаль і занялі горад 7 лістапада 1920 году, у выніку Армэнія была вымушаная падпісаць Александропальскую дамову 3 сьнежня, каб спыніць прасоўваньне асманаў да Ерэвану, аднак адначасовае савецкае ўварваньне прывяло да падзеньня армянскага ўраду 2 сьнежня. Турэцкія сілы выйшлі з Александропаля пасьля падпісаньня Карскай дамовы ў кастрычніку 1921 году.

За савецкім часам назва гораду ў 1924 годзе была замененая на Ленінакан у гонар памерлага савецкага лідэра Ўладзімера Леніна. Горад пацярпеў ад землятрусу 1926 году, калі шмат якія ягоныя выбітныя будынкі былі разбураныя, у тым ліку грэцкая царква Сьвятога Георгія. Ленінакан стаў буйным прамысловым цэнтрам Армянскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і другім паводле велічыні пасьля сталіцы Ерэвану. Горад зьведаў сур’ёзны ўрон падчас землятрусу ў Армэніі 1988 году, які разбурыў шмат якія будынкі ў значнай частцы краіны.

У горадзе разьмяшчаецца футбольны клюб «Шырак». Маецца гарадзкі стадыён умяшчальнасьцю 3000 чалавек, які ёсьць самым старым стадыёнам у краіне. Ураджэнец Гюмры і былы гулец «Шыраку» Артур Петрасян быў галоўным бамбардзірам нацыянальнай зборнай Армэніі, пакуль ягоны рэкорд ня быў пераўзыдзены Генрыхам Мхітаранам у 2013 годзе.

  1. https://gyumricity.am/Pages/Staff/
  2. «Gyumri Armenia». Encyclopædia Britannica.
  3. 1 2 «The Turco-Mongol Invasions». Rbedrosian.com.
  4. Steven R. Ward (2014). «Immortal, Updated Edition: A Military History of Iran and Its Armed Forces». Georgetown University Press. — С. 43. — ISBN 1626160325.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]