Перайсьці да зьместу

Менск (аэрапорт)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Менск»
IATA: MSQICAO: UMMS
Асноўнае
Тып аэрапортуграмадзянскі
АбслугоўваеМенск, Беларусь
МесцазнаходжаньнеМенск, Беларусь
Адкрыты 1982
Вузел для
Пабудаваны 1979
Камандзір Вячаслаў Харанека (дырэктар)
Вышыня н. у. м. 204 м

«Менск» — нацыянальны аэрапорт Беларусі, адкрыты ў 1982 годзе пад назвай «Менск-2»[1].

Ёсьць галоўным міжнародным аэрапортам Беларусі, які месьціцца за 42 кілямэтры на ўсход ад Менску. Падпарадкаваны Кастрычніцкаму раёну Менску, але ґеаґрафічна знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне. Зьяўляецца вузлом для найбуйнейшага беларускага авіяперавозьніка «Белавія», а таксама грузавых авіяперавозьнікаў «Трансавіяэкспарт», «Рубістар» і «Ґенэкс». На 2021 год меў 2 узьлётна-пасадачныя паласы: 1) даўжынёй 3641 мэтру і шырынёй 60 мэтраў, 2) даўжынёй 3700 мэтраў і шырынёй 60 мэтраў. Для абслугоўваньня пасажыраў у аэрапорце дзейнічалі: мытны кантроль па «зялёным» і «чырвоным» калідорах, мэдычныя страхаўнікі, аддзел апрацоўкі багажу, залі бізнэс-клясы, тэлефонная сувязь, урадавы сэктар з заляй дэлегацыяў, прадстаўніцтвы авіяперавозьнікаў, банкаматы і аддзяленьні банкаў, кавярні і страўні, крамы і бары, сыстэма апавяшчэньня, пакой маці і дзіця, цырульня і майстэрня рамонту адзеньня, гасьцінічныя нумары і трэнажорная заля, паслугі перавозкі аўтобусам і мікрааўтобусам, таксі, аўтапракат і аўтастаянкі[2].

Ад 11 траўня 2020 году пры знаходжаньні ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» патрабавалася нашэньне мэдычных масак, як і ў аўтобусах, тэлетрапах і на борце самалёта цягам усяго палёту. На 2021 год рэгістрацыя пачыналася прынамсі за 2 гадзіны і сканчалася за 40 хвілінаў да адпраўленьня рэйса. Зарэгістравацца было магчыма: 1) празь Сеціва яшчэ да прыбыцьця ў аэрапорт, 2) з дапамогай кіёскаў і на стойках у аэрапорце. Пасьля рэгістрацыі і афармленьня багажу перадпалётны надгляд праходзілі ў пункце надгляду, пазначаным у пасадачным талёне[3]. Пры дапамозе смартфона, пэрсанальнага кампутара, пляншэта або мабільнага тэлефона было магчыма зарэгістравацца на вэб-бачыне авіяперавозчыка. Пры канцы такой рэгістрацыі пасадачны талён дасылаўся на электронную пошту, паслугай кароткага паведамленьня на мабільны тэлефон або штрыхкодам на пляншэт. Тады на стойцы дастаткова падаць пашпарт і багаж, паведаміўшы пра зарэгістраванасьць для раздрукоўкі талёна[4].

На рэйсы авіякампаніі «Белавія» было магчыма зарэгістравацца ў кіёсках на 3-м паверсе аэравакзалу перад стойкамі. Для гэтага патрабаваўся пашпарт і зьвесткі кода броні або нумара авіябілета. Пасьля рэгістрацыі кіёск выдаваў пасадачны талён, зь якім можна было здаць багаж на стойцы[5]. На 3-м паверсе аэравакзалу месьціліся стойкі, дзе варта было падаць пашпарт і білет. Маршрут-квітанцыя пацьвярджала набыцьцё электроннага білета. Яна патрабавалася пры палёце за мяжу ў час праходжаньня пашпартнага кантролю для доказу наяўнасьці зваротнага білету або далейшага палёту па маршруце[6].

На 2021 год у Нацыянальным аэрапорце «Менск» дзейнічала кампутарнае сартаваньне багажу па бірках на дакладны рэйс, што прадухіляла яго страту і нясвоечасовую загрузку. Пры ўліку багажу на стужку-транспартэр забаранялася ставіць: круглыя валізы, мячы і тубусы, якія могуць скаціцца; мяккія плястыкавыя пакеты і сумкі з доўгімі рамянямі, якія матляюцца; электроннае абсталяваньне і ломкае шкло; жывёлаў і мэталічныя вазкі. З багажу варта было прыбраць біркі і штрыхкоды ад папярэдніх рэйсаў. Для перамяшчэньня багажу прапаноўваліся бясплатныя вазкі. У зоне прылёту сэктару 5-6 знаходзіліся камэры захоўваньня, якія былі ў падвальным памяшканьні. На 3-м паверсе аэравакзалу месьціліся пункты ўпакоўкі багажу ў засьцерагальную плёнку, каб захаваць яго чысьціню пры перавозцы ў багажным адсеку самалёта. Для зьверкі ўласнага багажу нумар біркі на ім меў супадаць з нумарам адрыўнога талёна ў білеце па прылёце ў аэрапорт. Таксама ўпакаванымі ў багажы мелі быць шкляныя бутэлькі і слоікі, а таксама іншыя ломкія рэчы, каб забясьпечыць іх захаванасьць пры дастаўцы на самалёт і з самалёта ў аэравакзал. У якасьці ручной паклажы ў салён самалёта раілі браць: грошы і ўпрыгожваньні, каштоўныя мэталы і срэбраныя вырабы, пасьведчаньні і мэдычныя даведкі, каштоўныя паперы і лекі, справавыя і тэхнічныя дакумэнты, фотаздымачы і відэакамэры, кампутары і электронныя носьбіты зьвестак, ключы і акуляры, творы мастацтвы і футраныя вырабы, крохкія і хуткапсавальныя рэчы, а таксама незаменныя і непаўторныя рэчы[7].

Бясплатна прапаноўваліся звыш 590 багажных вазкоў, якія знаходзіліся ў зале вылету каля ўваходаў сэктары 1-2, 3-4 і 5-6, каля ліфтаў і ў зоне выдачы багажу, на прывакзальнай плошчы і на платных аўтастаянках[8]. Камэры захоўваньня на цокальным паверсе ў зоне прылёту сэктара 5-6 працавалі а: 1:00—6:00, 6:30—12:00, 13:00—18:00, 18:30—20:40 і 21:10—0:00. Захоўваньне ў камэры ручной паклажы за каляндарны дзень каштавала: 6 рублёў (2,4 даляра ЗША) — для багажу вагой да 50 кг пры памеры да 50х50х100 см, 7 рублёў (2,8 $) — пры вазе да 100 кг і 8 рублёў (3,2 $) — для багажу памерам звыш 50х50х100 см. Ад 1 сакавіка 2017 году можна было пакінуць паклажу на імя атрымальніка пры падачы пашпарта пасьля праверкі яе бясьпечнасьці на 1-м паверсе ў зоне прылёту сэктара 6. Захоўваньне такога багажу каштавала: пры вазе да 1 кг і памеры да 40х40х20 см — 2 рублі (0,8 $) за каляндарны дзень, да 5 кг — 3 рублі (1,2 $) і да 10 кг — 4 рублі (1,6 $), а пры вазе да 50 кг і памеры да 50х50х100 см — 5 рублёў (2 $) за дзень. Са складу часовага захоўваньня (СЧЗ) багаж вадавалі ўладальніку пасьля размытненьня пры падачы пашпарта і багажнай біркі (або квітанцыі аб вышуку багажу). Захоўваньне багажу на СЧЗ каштавала: 6 рублёў — пры вазе да 50 кг і памеры да 50х50х100 см, 7 рублёў — да 100 кг і 10 рублёў (4 $) — для багажу памерам звыш 50х50х100 см[9]. Упакоўка багажу на 3-м паверсе ў залях вылету каштавала 10 рублёў за валізу[10].

Агульны аб'ём перавозімых вадкасьцяў меў складаць да 1 літру. У ручной паклажы дазвалялася правозіць вадкасьці (гелі, аэразолі і крэмы) з аб'ёмам ёмістасьці да 100 мілілітраў. У якасьці зарэгістраванага багажу ў багажным адсеку самалёта забаранялася правозіць: едкія і каразійныя рэчывы, сьціснутыя і звадкаваныя газы, атруту і адбельвальнікі, акісьляльнікі і перакісы, выбуховыя рэчывы і радыяактыўныя матэрыялы, лёгказагаральныя вадкасьці і цьвёрдыя рэчывы. У дадатак у ручной паклажы забаранялі праносіць колючыя і рэжучыя прадметы[11]. У эканом-клясе бясплатна правозілі каля 20 кг багажу і да 8 кг ручной паклажы. У бізнэс-клясе — каля 40 кг багажу і да 10–15 кг ручной паклажы. Перавозку звышнарматыўнага багажу аплочвалі ў касе на 3-м паверсе аэравакзалу згодна з расцэнкамі авіяперавозчыка. Атрыманую ў касе квітанцыю платнага багажу падавалі на стойцы для выдачы пасадачнага талёна. Найбольшы памер стандартнага багажу складаў да 50 кг вагой і да 100х70х45,6 см габарытамі. Багаж вагой да 125 кг і памерам да 250х98х90 см афармляўся ў якасьці негабарытнага на 3-м паверсе аэравакзалу зьлева ад 1-й стойкі. Перад яго здачай змацоўвалі між сабой ручкі, лямкі і раменьчыкі, а таксама здымалі доўгія плечавыя рамяні. Пагатоў, негабарытны багаж здавалі прынамсі за гадзіну да вылету. Надгляд і разьмяшчэньне багажу яшчэ большага памеру ўзгадняліся з прадстаўнікамі аэрапорту і авіяперавозчыка на стойцы[12].

Рэклямны шчыт беларускім клясычным правапісам на выхадзе з 6-й брамы лётнішча (2021 год)

У 1977 годзе ў Смалявіцкім раёне (Менская вобласьць, Беларуская ССР) пачалі будаваць аэрапорт «Менск-2». У 1979 годзе адчынілі ўзьлётна-пасадачную паласу даўжынёй 3640 мэтраў і шырынёй 60 мэтраў. У 1982 годзе выканалі 1-ы пасажырскі рэйс на самалёце «Ту-134» пад кіраваньнем Васіля Тоўсьціка. У ліпені 1983 году пачаліся рэгулярныя рэйсы. 27 сакавіка 1989 году выканалі 1-ы міжнародны рэйс у Бэрлін (Нямеччына). У 1990 годзе, калі дабудавалі аэрапорт, пасажырапаток дасягнуў 2,2 млн чалавек. У 1997-м аэрапорт атрымаў статус нацыянальнага. У 2000-м яго перайменавалі ў Нацыянальны аэрапорт «Менск». Адначасна ўкаранілі нямецкае сьвятлосыгнальнае абсталяваньне «Сымэнс», што дазволіла прымаць самалёты 2-й катэгорыі ў клясыфікацыі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (МАГА; Манрэаль, Канада). У 2005—2007 годзе ў аэрапорце ўкаранілі паслугі ў адпаведнасьці са стандартам 9001 Міжнароднай арганізацыі стандартызацыі (МАС; Жэнэва, Швайцарыя): рэгулярнасьць і бясьпека палётаў; забесьпячэньне палётаў ратавальнай і пажарнай службамі, адмысловым аўтатранспартам, аэрадромнымі паслугамі, электрычным асьвятленьнем і радыёсувязьзю; харчаваньне на борце і апрацоўка грузаў; абслугоўваньне багажу і пасажыраў на вылет і прылёт; прыём самалётаў на пэроне аэрапорта. У 2008 годзе лік абслужаных пасажыраў аднавіўся да мільёна асобаў. Таксама ўкаранілі Агульны доступ да тэрмінальнага абсталяваньня (АДТА) «Міжнароднага таварыства паветранай сувязі» («МТПС»; Жэнэва), што дазволіла самастойную рэгістрацыю пасажыраў[13].

У 2013 годзе інструктары паветранай бясьпекі аэрапорта атрымалі пасьведчаньне Рэгіянальнага бюро МАГА (Францыя). У 2014-м Нацыянальны аэрапорт «Менск» прыняў звыш 2 млн пасажыраў. Грузавы комплекс аэрапорта пераўтварылі ў Транспартна-лягістычны цэнтар, які стаў аказваць паслугі апрацокі грузаў і мытнага афармленьня, складзкія і экспэдыцыйныя паслугі. У сьнежні 2014 году скончылі перабудову аэравакзала. У 2015 годзе Нацыянальны аэрапорт «Менск» стаў сябрам Міжнароднай рады эарапортаў (МРА; Манрэаль). Цэнтар прафэсійнай падрыхтоўкі ў авіябясьпецы аэрапорта «Менск» атрымаў пасьведчаньне Навучальнага цэнтру авіябясьпекі МАГА. 10 ліпеня 2016 году аэрапорт «Менск» упершыню прыняў 3-мільённага ад пачатку году пасажыра. У 2016 годзе пачалі будаваць 2-ю ўзьлётна-пасадачную паласу з абсталяваньнем дакладнага заходу 3-й катэгорыі пад францускі самалёт «А-380». 19 сьнежня 2017 году абслужылі 4-мільённага ад пачатку году пасажыра. За 2018 год абслужылі 4,5 млн пасажыраў. Па выніках 2018 году Нацыянальны аэрапорт «Менск» заняў 1-е месца ў сьвеце паводле пунктуальнасьці палётаў сярод аэрапортаў зь лікам абслужаных пасажыраў ад 2,5 да 5 млн за год. Паказьнік пунктуальнасьці склаў 92,35 %[13].

З нагоды сьвяткаваньня 500-годзьдзя беларускага і ўсходнеэўрапейскага кнігадрукарства ў 2017 годзе, беларускаю інтэліґенцыяй была зроблена прапанова надаць Нацыянальнаму аэрапорту імя Францыска Скарыны[14].

Авіякампаніі і кірункі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

На 2021 год свае прадстаўніцтвы ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» мелі 23 паветраныя перавозчыкі з 15 краінаў:

Наступныя авіякампаніі выконваюць лёты ў Нацыянальны аэрапорт «Менск»:

Авіякампаніі Кірункі
Aeroflot Масква-Шарамецьцева
airBaltic Рыґа
Air China Пэкін (Пэкін — Менск — Будапэшт)
Arkia Israeli Airlines Тэль-Авіў-Бэн-Ґурыён[16].
«Аўстрыйскія авіялініі» Вена-Швэхат
Azerbaijan Airlines Баку
Белавія Абу Дабі, Адэса, Алматы, Амстэрдам, Астана, Ашґабад, Баку, Барсэлёна, Батумі, Будапэшт, Бэйрут, Бэрлін-Шэнэфэльд, Бялград, Варшава-Шапэн, Вена-Швэхат, Вільня, Гановэр, Жэнэва, Калінінград, Кіеў-Барыспаль, Кіеў-Жуляны, Краснадар, Лярнака, Лёндан-Ґэтвік, Масква-Дамадзедава, Мілян-Мальпэнса, Ніцца, Парыж-Шарль-дэ-Ґоль, Прага, Рыґа, Рым, Санкт-Пецярбург, Сочы, Стакгольм-Арлянда, Стамбул-Атацюрк, Тбілісі, Тэгеран, Тэль-Авіў-Бэн-Ґурыён, Франкфурт-на-Майне, Харкаў, Хэльсынкі
Сэзонныя: Гомель, Караганда, Кастанай, Кіеў-Жуляны[17], Манчэстэр, Паланґа (з 19 чэрвеня 2016)[18], Паўладар
Сэзонныя чартэрныя: Алікантэ, Анталья, Атэны, Бургас, Варна, Закінтас, Іракліян, Керкіра, Патры, Родас, Тэнэрыфэ-Паўднёвы, Тэсалёнікі, Хурґада, Ціват, Шарм-эш-Шэйх[19]
Dniproavia Івана-Франкоўск
Etihad Airways Абу Дабі
«Лёт» Варшава-Шапэн
Lufthansa Франкфурт-на-Майне
Motor Sich Airlines Запарожжа
«Турэцкія авіялініі» Стамбул-Атацюрк
Turkmenistan Airlines Ашґабад
Ukraine International Airlines Кіеў-Барыспаль
UTair Aviation Масква-Ўнукава
Uzbekistan Airways Ташкент[20]
Vueling Сэзонны: Барсэлёна
Авіякампаніі Кірункі
Turkish Cargo Стамбул-Атацюрк

Зь лютага 2016 году ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» стартаваў конкурс «Самая пунктуальная авіякампанія». Конкурс праводзіцца ў дзьвюх намінацыях як да частаты выконваемых рэйсаў. Паводле вынікаў работы за сакавік у намінацыі «Авіякампаніі, якія выконваюць 100 і болей рэйсаў штомесяц» самым пунктуальным перавозьнікам прызнаная «ЮТЭйр», выканаўшая 114 з 124 рэйсаў без затрымак. У намінацыі «Авіякампаніі, якія выконваюць меней за 100 рэйсаў штомесяц» за мінулы месяц пераможцам стала польская авіякампанія «Лёт», якая выканала без затрымак 41 з 44 рэйсаў.[21]

  • Пэўныя факты сьведчаць пра наўмысную палітыку аэрапорту дзеля стварэньня неспрыяльных умоваў для іншых авіякампаніяў, захоўваючы высокія кошты на лёты і такім чынам забясьпечваючы штучны попыт на рэйсы «Белавія». У прыватнасьці, 7 красавіка 2016 году зьявіліся зьвесткі, што Беларусь прыстрашыла спыніць лёты Azerbaijan Airlines у Менск праз продаж квіткоў нізкімі коштамі. Са словаў віцэ-прэзыдэнта Azerbaijan Airlines Арыфа Мамедава, свае дзеяньні беларускі бок арґумэнтуе тым, што зьніжэньне коштаў квіткоў стварае для «Белавія» пэўныя праблемы.[22]
  • 23 траўня 2016 году стала вядома пра распачатую крымінальную справу супраць супрацоўніка аэрапорту які падазраецца ў крадзяжы наручнага гадзіньніка ў пасажыркі ў зоне перадпалётнага надгляду.[23]

9 жніўня 2021 году з-за датычнасьці да захопу самалёта рэйсу Ryanair 4978, які быў пасаджаны ў аэрапорце, у сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША быў дададзены ягоны дырэктар Вячаслаў Харанека[24][25].

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Менскі аэрапорт прызнаны адным з самых пунктуальных у Эўропе // Радыё «Рацыя», 14 красавіка 2018 г. Праверана 9 траўня 2019 г.
  2. Аб аэрапорце // УП «Нацыянальны аэрапорт «Менск», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
  3. Рэгістрацыя // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  4. Рэгістрацыя анлайн // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  5. Кіёскі самастойнай рэгістрацыі // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  6. Стойкі рэгістрацыі ў аэравакзале // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  7. Багаж // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  8. Багажныя вазкі // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  9. Камера захоўваньня // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  10. Упакоўка багажу // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  11. Правілы правозу // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  12. Нормы правозу багажу // УП «Нацыянальны аэрапорт Менск», 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  13. 1 2 Гісторыя // УП «Нацыянальны аэрапорт «Менск», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
  14. Інтэлігенцыя заклікала надаць аэрапорту «Менск-2» імя Скарыны // Газэта «Наша ніва», 16 чэрвеня 2016 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
  15. Авіякампаніі // УП «Нацыянальны аэрапорт «Менск», 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
  16. Ізраільская авіякампанія «Аркія» пачынае выконваць палёты з Тэль-Авіва ў Менск // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 красавіка 2016 г. Праверана 27 траўня 2021 г.
  17. «Белавія» будзе лётаць у Кіеў 5 разоў на дзень. Хартыя’97 (25 красавіка 2016). Праверана 25 красавіка 2016 г.
  18. «Белавія» адкрыла штотыднёвы рэйс у Палангу. Хартыя’97 (19 чэрвеня 2016). Праверана 23 чэрвеня 2016 г.
  19. «Белавія» аднавіла палёты ў Шарм-эш-Шэйх. Хартыя’97 (20 красавіка 2016). Праверана 20 красавіка 2016 г.
  20. Узбекская авіякампанія пачала выконваць палёты з Ташкента ў Мінск Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (2 ліпеня 2015). Праверана 12 красавіка 2016 г.
  21. Национальный аэропорт Минск будет ежемесячно определять самые пунктуальные авиакомпании (рас.) Общество. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (25 красавіка 2016). Праверана 27 красавіка 2016 г.
  22. Беларусь прыстрашыла спыніць палёты «азербайджанскіх авіяліній» у Менск. Хартыя’97 (7 красавіка 2016). Праверана 7 красавіка 2016 г.
  23. Супрацоўнік менскага аэрапорта скраў гадзіннік у пасажыркі. Хартыя’97 (23 траўня 2016). Праверана 23 траўня 2016 г.
  24. Treasury Holds the Belarusian Regime to Account on Anniversary of Fraudulent Election (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША[прыбраць шаблён] (2021-08-09). Праверана 2021-08-10 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.
  25. США расширили санкции в отношении официального Минска. Полный список (рас.). zerkalo.io(be) (2021-08-09). Праверана 2021-08-10 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]