Перайсьці да зьместу

Алматы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алматы
каз. Алматы
Герб Алматы Сьцяг Алматы
Дата заснаваньня: 1854
Краіна: Казахстан
Акім: Ербалат Дасаеў[d]
Плошча:
  • 682 км²
Вышыня: 893 м н. у. м.
Насельніцтва:
Тэлефонны код: 727
Паштовы індэкс: 050000, 050063
Нумарны знак: 02, A
Геаграфічныя каардынаты: 43°14′24″ пн. ш. 76°54′54″ у. д. / 43.24° пн. ш. 76.915° у. д. / 43.24; 76.915Каардынаты: 43°14′24″ пн. ш. 76°54′54″ у. д. / 43.24° пн. ш. 76.915° у. д. / 43.24; 76.915
Алматы на мапе Казахстану
Алматы
Алматы
Алматы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.almaty.kz/

Алматы́ (па-казаску: Алматы) — горад у Казахстане. З насельніцтвам 2 211 198 чалавек (на кастрычнік 2023 году) уважаецца найбуйнейшым горадам краіны[2], буйным прамысловым, культурным і навуковым цэнтрам.

З 1927 па 1936 гады Алматы быў сталіцай Казаскай АССР, з 1936 па 1991 гады — сталіцай Казаскай ССР, з 1991 па 1997 гады — першай сталіцай Рэспублікі Казахстан. 1 сьнежня 2011 году ў горадзе быў адкрыты Алмацінскі мэтрапалітэн.

Паводле помнікаў старажытнасьці, выяўленых археолягамі на тэрыторыі сучаснага места, можна меркаваць, што мясцовасьць здаўна была заселеная качавымі і паўаседлымі плямёнамі. Найбольш характэрнымі помнікамі гэтага рэгіёну ёсьць курганы сакаў VI—III стагодзьдзяў да н. э., большасьць зь якіх сёньня пахаваная пад жылой забудовай гораду[3]. У VIII—X стагодзьдзях на тэрыторыі сучаснай Алматы знаходзілася некалькі невялікіх паселішчаў, адно зь якіх меркавана звалася Алмату[4] і месьцілася на Вялікім шаўковым шляху[5]. У пачатку XIII стагодзьдзя Семірэчча было заваяванае манголамі. У крыніцах, якія апісваюць падзеі XIV стагодзьдзя, горад завецца Алмалыкам. Гэтак, Шараф-ад-Дын Язьдзі, апісваючы паход Тымура ў Магулістан у 1390 годзе, пісаў, што тымурыдзкае войска рухалася з Ташкенту да Ісык-Куля, затым — на Как-Табэ, абмінула Алмалык і далей — праз Каратал рушыла на Іртыш[6].

Палацавы пляц на фатаздымку 1880-х гадоў.

Пачатак сучаснаму гораду быў пакладзены 4 лютага 1854 году, калі расейскім урадам было пастаноўлена пабудаваць на левым беразе ракі Малая Алмацінка вайсковыя ўмацаваньні. Месцазнаходжаньне гэтага апорнага пункта абралі, зыходзячы з мэтаў забесьпячэньня бясьпекі расейскіх камэрцыйных інтарэсаў і гандлёвых шляхоў з Арэнбургу на поўдзень[7]. Зь сярэдзіны 1855 году ва ўмацаваньне пачалі прыбываць расейскія перасяленцы. У 1858 годзе ў Верны прыбыў падпалкоўнік Герасім Калпакоўскі, які кіраваў горадам больш за 20 гадоў.

У 1918 годзе ў Верным была ўсталяваная савецкая ўлада. Горад з вобласьцю ўвайшлі ў склад Туркестанскай аўтаноміі ў складзе РСФСР. 5 лютага 1921 году была зацьверджаная новая сучасная назва. У траўні 1929 году[8] з Кызыларды ў Алматы была перанесеная сталіца Казаскай АССР у складзе РСФСР. Гэта стала дадатковым штуршком да інтэнсіўнай забудовы. У 1936 годзе горад стаў сталіцай Казаскай ССР. Пасьля 1941 году, праз масавую эвакуацыю заводаў і працоўных з эўрапейскай часткі СССР за часам Другой сусьветнай вайны, Алматы з гораду з слабаразьвітай прамысловасьцю ператварыўся ў адзін з найбуйных прамысловых цэнтраў Савецкага Саюза. Толькі за 1941—1945 гады прамысловы патэнцыял гораду павялічыўся шматкроць. Эканамічна актыўнае насельніцтва гораду вырасла з 104 тысяч чалавек у 1919 годзе да 365 тысяч у 1968 годзе. У 1967 годзе ў горадзе налічвалася 145 прадпрыемстваў, пры гэтым ладную іхную частку фармавалі прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасьці, што адрозьнівала горад ад узорнага савецкага цэнтру, дзе пераважалі прадпрыемствы цяжкай прамысловасьці і вытворчасьці сродкаў вытворчасьці. На завяршальным этапе савецкага часу места ўважалася адным з самых «зялёных» гарадоў СССР і паводле ступені азеляненьня была на трэцім месцы ў агульнасаюзным рэйтынгу.

На Астанінскім пляцы ў 1999 годзе.

Пачынаючы з 1991 году цэнтральныя раёны гораду пачалі моцна зьмяняцца, на тле ўзрослай аўтамабілізацыі павялічылася шчыльнасьць вулічнага руху, што ў сваю чаргу нэгатыўна адбілася на ўзроўні забруджанасьці ў горадзе. На дарогах звыклай зьявай сталі аўтамабільныя коркі ў ранішнія і вячэрнія гадзіны. Па здабыцьці незалежнасьці гарадзкая грамадзкая інфраструктура пачала абнаўляцца, то бок былі пабудаваныя новыя гатэлі, паўсталі рэстараны і гандлёвыя цэнтры[7]. У 1997 годзе ўказам прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева сталіца была перанесена ў Акмалу, перайменаваную праз паўгады ў Астану. Алматы была фактычна адсунутая на пэрыфэрыю палітычнага жыцьця краіны, што істотна адбілася на ўзроўні гарадзкога адміністраваньня[7]. З канца 1990–х да сярэдзіны 2008 году горад перажываў час эканамічнага і інвэстыцыйнага буму, а таксама інтэнсіўнага будаўніцтва.

У студзені 2022 году ў Алматы пачаліся забурэньні ў час агульнанацыянальнага палітычнага крызісу[9][10][11].

Вуліца Панфілава.

Алматы месьціцца на паўднёвым усходзе Казахстану, амаль за 1000 км ад сталіцы Астаны. Сталіца Кыргызстану горад Бішкек месьціцца за 190 км на захад, а да кітайскага гораду Ўрумчы амаль 1000 км на ўсход. У рэгіёне таксама месьціцца горнае плято Мынжылкы, то бок узвышаная раўніна, разьмешчаная ў вытоку ракі Малая Алмацінка на вышыні 3000 мэтраў над узроўнем мора.

У Алматы назіраецца вільготны кантынэнтальны клімат з гарачым летам і прахалоднай зімою. Характарызуецца ўплывам горна-раўніннай цыркуляцыі. Асабліва гэта выяўляецца ў паўночнай частцы гораду, якая беспасярэдне месьціцца ў зоне пераходу горных схілаў да раўнінаў.

Сярэднегадавая тэмпэратура паветра роўная 10 °C, а самым халодным месяцам лічыцца студзень, калі сярэдняя тэмпэратуры зьніжаецца да −4,7 °C. Самым цёплым месяцам уважаецца ліпень, у які паветра ў сярэднім праграваецца да 23,8 °C. Замаразкі звычайна пачынаюцца блізу 14 кастрычніка і сканчваюцца прыкладна 18 красавіка, з устойлівымі экстрэмальнымі зімовымі днямі зь 19 сьнежня да 23 лютага, то бок у пэрыяд цягам 67 дзён. Надвор’е з тэмпэратурай вышэй за 30 °C складае ў сярэднім блізу 36 дзён. У цэнтры Алматы, як і іншых буйных гарадах, маецца гэтак званы астравок цяпла. Такім чынам, замаразкі ў цэнтры гораду пачынаюцца прыкладна на 7 дзён пазьней і заканчваюцца на 3 дні раней, чым на паўночных ускрайках[3]. Гадавая колькасьць ападкаў скаладае блізу 650—700 мм. Красавік і травень найболей вільготныя месяцы, у якія выпадае каля траціны гадавога аб’ёму ападкаў у горадзе.

Алматы лічыцца культурным цэнтрам рэспублікі. Тут працуюць 270 установаў культуры, у тым ліку 10 тэатраў, 7 канцэртных заляў, філярмонія. У Алматы разьмешчаная буйная кінастудыя Казахфільм, а таксама малыя прыватныя студыі.

Казаскі нацыянальны акадэмічны тэатар опэры і балету імя Абая.

Тэатральнае мастацтва паўстала ў горадзе яшчэ за расейскім часам. 21 лістапада 1872 году быў пастаўлены першы гарадзкі спэктакль, якім была п’еса Аляксандра Астроўскага «Не ў свае сані не сядай». Займалася гэтай пастаноўкай Таварыства аматараў драматычнага мастацтва.

Першая опэра ў горадзе была пастаўленая Гарадзкой вучэльняй імя генэрала Калпакоўскага 23 лютага 1913 году у Камэрцыйным сходзе ва ўшану 300-гадовага юбілею валадараньня дынастыі Раманавых. Гэта была опэра Міхаіла Глінкі «Жыцьцё за цара»[12]. Росквіт тэатральнага мастацтва ў горадзе прыпаў на савецкі час. Гэта было павязанае зь пераносам сталіцы Казаскай ССР з Кызыларды ў Алматы. Гэтак, у горад пераехаў Казаскі тэатар драмы — першы казаскі прафэсійны тэатар[13]. У 1930-я гады ў горадзе былі створаныя Тэатар опэры і балету і Лялечны тэатар.

Таксама многія казаскія тэатры, якія спачатку паўсталі ў розных гарадах рэспублікі, пачалі пераязджаць у сталіцу. Гэта Расейскі тэатар драмы, які зьявіўся ў горадзе ў 1934 годзе зь Сяміпалацінску[14], Уйгурскі тэатар музычнай камэдыі, які пераехаў у горад у 1962 годзе з Чыліку[15], Карэйскі тэатар музычнай камэдыі, які ў 1968 годзе пераехаў з Кызыларды[16], і Нямецкі драматычны тэатар, які ў 1989 годзе зьмяніў сваю лякацыю, пераехаўшы зь Цеміртаў[17]. Па здабыцьці незалежнасьці ў горадзе зьявілася вялікая колькасьць новых незалежных тэатраў. Часта гэта моладзевыя сучасныя канцэртныя пляцоўкі, створаныя энтузіястамі. Яны сутыкаюцца з праблемамі фінансаваньня, бо ўтрыманьне сталай трупы вымагае даволі вялікіх выдаткаў[18].

У доме-музэі Мухтара Аўэзава.

Значны ўнёсак у вывучэньне гісторыі культуры, этнаграфіі паўднёвых казахаў у канцы XIX і пачатку XX стагодзьдзяў унесьлі навукоўцы і краязнаўцы, якія аб’ядналіся вакол навуковых таварыстваў і культурна-асьветных установаў Ташкенту. У 1874 годзе з прыватных калекцыяў падарожнікаў, якія наведвалі Семірэчча з навукова-краязнаўчай мэтай і пры дапамозе мясцовай інтэлігенцыі, у Верным упершыню паўстаў музэй, які пазьней быў пераўтвораны ў музэй Семірэчанскага казацкага войска. Гэтая дата і лічыцца днём стварэньня першага музэя ў Сямірэччы[19].

Пачатак музэю мастацтваў імя Абылхана Касьцеева паклала Казаская дзяржаўная мастацкая галерэя імя Тараса Шаўчэнкі, заснаваная ў 1935 годзе. Галоўнымі ейнымі задачамі былі зьбіраньне найлепшых твораў казаскіх мастакоў і арганізацыя іхных творчых выставаў. У 1936 годзе музэі Масквы і Ленінграду перадалі ў галерэю значную колькасьць твораў жывапісу, графікі, скульптуры і прыкладнога мастацтва. Да канца 1950–х гадоў фонды галерэі налічвалі звыш 5000 экспанатаў, у тым ліку карціны, рэпрадукцыі твораў дарэвалюцыйных і савецкіх мастакоў, заходнеэўрапейскіх і ўсходніх майстроў мастацтваў[20].

У 1970—1980–х гадах былі пабудаваныя новыя будынкі для дзейных музэяў, а таксама адчынены дзьверы новых тэматычных музэяў, як то музэяў кнігі, музычных інструмэнтаў, археалягіі і іншых. Значным унёскам у разьвіцьцё музэйнай справы было адкрыцьцё Музэю Алматы[21]. Фактычна ён аб’яднаў чатыры музэі, што дазволіла сыстэматызаваць навуковую працу.

  1. ^ https://stat.gov.kz/api/iblock/element/196779/file/kk/
  2. ^ Численность населения Республики Казахстан по полу и по типу местности на 1 октября 2023 года. Камітэт па статыстыцы Міністэрства нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Казахстану.
  3. ^ а б Алма-Ата. Энциклопедия / Гл. ред. Козыбаев М. К.. — Алма-Ата: Гл. ред. Казахской советской энциклопедии, 1983. — С. 24—25. — 608 с. — 60 000 экз.
  4. ^ Айгуль Турысбекова. Научные факты подтверждают, что Алматы более 1000 лет — академик К.Байпаков». Казинформ.
  5. ^ История возникновения бывших русских и некоторых не русских городов Казахстана. Зона KZ.
  6. ^ Бартольд В. В. Отчёт о поездке в Среднюю Азию с научной целью. Сочинения. — М., 1963. — Т. 4. — С. 85—86.Бартольд В. В. 1 // Очерк истории Семиречья. Сочинения. — М., 1963. — Т. 2. — С. 83.
  7. ^ а б в C. Alexander (2007). «Almaty. Rethinking the Public Sector» // Urban Life in Post-Soviet Asia / C. Alexander, V. Buchli, C. Humphre. — University College London Press. — С. 70. — ISBN 978–0–203–94487–5.
  8. ^ «Алма-Ата». БСЭ.
  9. ^ «Kazakhstan protests: government resigns amid rare outbreak of unrest». The Guardian.
  10. ^ «Kazakhstan protests: Russia sends in troops to stop deadly uprising». The Independent.
  11. ^ Picheta, Rob (5.01.2022). «Russia-led military alliance CSTO will send 'peacekeepers' to protest-hit Kazakhstan, Armenian PM says». CNN.
  12. ^ Театральная жизнь Верного. Alnaz.ru.
  13. ^ Казахский театр драмы им. М. Ауэзова. Акімат Алматы.
  14. ^ Русский театр драмы им. М. Лермонтова. Акімат Алматы.
  15. ^ Уйгурский театр музыкальной комедии. Акімат Алматы.
  16. ^ Корейский театр музыкальной комедии. Акімат Алматы.
  17. ^ Немецкий драматический театр. Акімат Алматы.
  18. ^ «Маленькие театры в Алматы — живут или выживают?». Капитал.
  19. ^ Лунин Б. В. (1961). «Научные общества Туркестана и их прогрессивная деятельность». — Ташкент. — С. 85.
  20. ^ Вуколов В. Н. (1991) «По Северному Тянь-Шаню. Горные туристские маршруты по Заилийскому Алатау и Кунгей-Алатау». — Москва, «Профиздат».
  21. ^ Назарбаев посетил новый музей в Алматы. Информбюро.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]