Перайсьці да зьместу

Алматы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Алма-Ата»)
Алматы
Населены пункт
Сьцяг Герб
Краіна
Дата заснаваньня 1854
Кіраўніцтва і ўлада
Акім Darkhan Satybaldy[d]
Геаграфія
Плошча
  • 682 км²
Вышыня НУМ 893 м[1]
Часавы пас UTC+6 і Азія/Алматы[d][2]
Каардынаты 43°14′ пн. ш. 76°57′ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
Афіцыйная мова казаская мова і расейская мова
Этнахаронімы Almatais[4] і Almataise[5]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код 727
Паштовы індэкс 050000 і 050063
Нумарны знак 02 і A
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР
Сайт almaty.kz
Алматы на мапе Казахстану
Алматы
Алматы
Алматы

Алматы́ (па-казаску: Алматы) — горад у Казахстане. З насельніцтвам 2 211 198 чалавек (на кастрычнік 2023 году) уважаецца найбуйнейшым горадам краіны[6], буйным прамысловым, культурным і навуковым цэнтрам.

З 1927 па 1936 гады Алматы быў сталіцай Казаскай АССР, з 1936 па 1991 гады — сталіцай Казаскай ССР, з 1991 па 1997 гады — першай сталіцай Рэспублікі Казахстан. 1 сьнежня 2011 году ў горадзе быў адкрыты Алмацінскі мэтрапалітэн.

Паводле помнікаў старажытнасьці, выяўленых археолягамі на тэрыторыі сучаснага места, можна меркаваць, што мясцовасьць здаўна была заселеная качавымі і паўаседлымі плямёнамі. Найбольш характэрнымі помнікамі гэтага рэгіёну ёсьць курганы сакаў VI—III стагодзьдзяў да н. э., большасьць зь якіх сёньня пахаваная пад жылой забудовай гораду[7]. У VIII—X стагодзьдзях на тэрыторыі сучаснай Алматы знаходзілася некалькі невялікіх паселішчаў, адно зь якіх меркавана звалася Алмату[8] і месьцілася на Вялікім шаўковым шляху[9]. У пачатку XIII стагодзьдзя Семірэчча было заваяванае манголамі. У крыніцах, якія апісваюць падзеі XIV стагодзьдзя, горад завецца Алмалыкам. Гэтак, Шараф-ад-Дын Язьдзі, апісваючы паход Тымура ў Магулістан у 1390 годзе, пісаў, што тымурыдзкае войска рухалася з Ташкенту да Ісык-Куля, затым — на Как-Табэ, абмінула Алмалык і далей — праз Каратал рушыла на Іртыш[10].

Палацавы пляц на фатаздымку 1880-х гадоў.

Пачатак сучаснаму гораду быў пакладзены 4 лютага 1854 году, калі расейскім урадам было пастаноўлена пабудаваць на левым беразе ракі Малая Алмацінка вайсковыя ўмацаваньні. Месцазнаходжаньне гэтага апорнага пункта абралі, зыходзячы з мэтаў забесьпячэньня бясьпекі расейскіх камэрцыйных інтарэсаў і гандлёвых шляхоў з Арэнбургу на поўдзень[11]. Зь сярэдзіны 1855 году ва ўмацаваньне пачалі прыбываць расейскія перасяленцы. У 1858 годзе ў Верны прыбыў падпалкоўнік Герасім Калпакоўскі, які кіраваў горадам больш за 20 гадоў.

У 1918 годзе ў Верным была ўсталяваная савецкая ўлада. Горад з вобласьцю ўвайшлі ў склад Туркестанскай аўтаноміі ў складзе РСФСР. 5 лютага 1921 году была зацьверджаная новая сучасная назва. У траўні 1929 году[12] з Кызыларды ў Алматы была перанесеная сталіца Казаскай АССР у складзе РСФСР. Гэта стала дадатковым штуршком да інтэнсіўнай забудовы. У 1936 годзе горад стаў сталіцай Казаскай ССР. Пасьля 1941 году, праз масавую эвакуацыю заводаў і працоўных з эўрапейскай часткі СССР за часам Другой сусьветнай вайны, Алматы з гораду з слабаразьвітай прамысловасьцю ператварыўся ў адзін з найбуйных прамысловых цэнтраў Савецкага Саюза. Толькі за 1941—1945 гады прамысловы патэнцыял гораду павялічыўся шматкроць. Эканамічна актыўнае насельніцтва гораду вырасла з 104 тысяч чалавек у 1919 годзе да 365 тысяч у 1968 годзе. У 1967 годзе ў горадзе налічвалася 145 прадпрыемстваў, пры гэтым ладную іхную частку фармавалі прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасьці, што адрозьнівала горад ад узорнага савецкага цэнтру, дзе пераважалі прадпрыемствы цяжкай прамысловасьці і вытворчасьці сродкаў вытворчасьці. На завяршальным этапе савецкага часу места ўважалася адным з самых «зялёных» гарадоў СССР і паводле ступені азеляненьня была на трэцім месцы ў агульнасаюзным рэйтынгу.

На Астанінскім пляцы ў 1999 годзе.

Пачынаючы з 1991 году цэнтральныя раёны гораду пачалі моцна зьмяняцца, на тле ўзрослай аўтамабілізацыі павялічылася шчыльнасьць вулічнага руху, што ў сваю чаргу нэгатыўна адбілася на ўзроўні забруджанасьці ў горадзе. На дарогах звыклай зьявай сталі аўтамабільныя коркі ў ранішнія і вячэрнія гадзіны. Па здабыцьці незалежнасьці гарадзкая грамадзкая інфраструктура пачала абнаўляцца, то бок былі пабудаваныя новыя гатэлі, паўсталі рэстараны і гандлёвыя цэнтры[11]. У 1997 годзе ўказам прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева сталіца была перанесена ў Акмалу, перайменаваную праз паўгады ў Астану. Алматы была фактычна адсунутая на пэрыфэрыю палітычнага жыцьця краіны, што істотна адбілася на ўзроўні гарадзкога адміністраваньня[11]. З канца 1990–х да сярэдзіны 2008 году горад перажываў час эканамічнага і інвэстыцыйнага буму, а таксама інтэнсіўнага будаўніцтва.

У студзені 2022 году ў Алматы пачаліся забурэньні ў час агульнанацыянальнага палітычнага крызісу[13][14][15].

Вуліца Панфілава.

Алматы месьціцца на паўднёвым усходзе Казахстану, амаль за 1000 км ад сталіцы Астаны. Сталіца Кыргызстану горад Бішкек месьціцца за 190 км на захад, а да кітайскага гораду Ўрумчы амаль 1000 км на ўсход. У рэгіёне таксама месьціцца горнае плято Мынжылкы, то бок узвышаная раўніна, разьмешчаная ў вытоку ракі Малая Алмацінка на вышыні 3000 мэтраў над узроўнем мора.

У Алматы назіраецца вільготны кантынэнтальны клімат з гарачым летам і прахалоднай зімою. Характарызуецца ўплывам горна-раўніннай цыркуляцыі. Асабліва гэта выяўляецца ў паўночнай частцы гораду, якая беспасярэдне месьціцца ў зоне пераходу горных схілаў да раўнінаў.

Сярэднегадавая тэмпэратура паветра роўная 10 °C, а самым халодным месяцам лічыцца студзень, калі сярэдняя тэмпэратуры зьніжаецца да −4,7 °C. Самым цёплым месяцам уважаецца ліпень, у які паветра ў сярэднім праграваецца да 23,8 °C. Замаразкі звычайна пачынаюцца блізу 14 кастрычніка і сканчваюцца прыкладна 18 красавіка, з устойлівымі экстрэмальнымі зімовымі днямі зь 19 сьнежня да 23 лютага, то бок у пэрыяд цягам 67 дзён. Надвор’е з тэмпэратурай вышэй за 30 °C складае ў сярэднім блізу 36 дзён. У цэнтры Алматы, як і іншых буйных гарадах, маецца гэтак званы астравок цяпла. Такім чынам, замаразкі ў цэнтры гораду пачынаюцца прыкладна на 7 дзён пазьней і заканчваюцца на 3 дні раней, чым на паўночных ускрайках[7]. Гадавая колькасьць ападкаў скаладае блізу 650—700 мм. Красавік і травень найболей вільготныя месяцы, у якія выпадае каля траціны гадавога аб’ёму ападкаў у горадзе.

Алматы лічыцца культурным цэнтрам рэспублікі. Тут працуюць 270 установаў культуры, у тым ліку 10 тэатраў, 7 канцэртных заляў, філярмонія. У Алматы разьмешчаная буйная кінастудыя Казахфільм, а таксама малыя прыватныя студыі.

Казаскі нацыянальны акадэмічны тэатар опэры і балету імя Абая.

Тэатральнае мастацтва паўстала ў горадзе яшчэ за расейскім часам. 21 лістапада 1872 году быў пастаўлены першы гарадзкі спэктакль, якім была п’еса Аляксандра Астроўскага «Не ў свае сані не сядай». Займалася гэтай пастаноўкай Таварыства аматараў драматычнага мастацтва.

Першая опэра ў горадзе была пастаўленая Гарадзкой вучэльняй імя генэрала Калпакоўскага 23 лютага 1913 году у Камэрцыйным сходзе ва ўшану 300-гадовага юбілею валадараньня дынастыі Раманавых. Гэта была опэра Міхаіла Глінкі «Жыцьцё за цара»[16]. Росквіт тэатральнага мастацтва ў горадзе прыпаў на савецкі час. Гэта было павязанае зь пераносам сталіцы Казаскай ССР з Кызыларды ў Алматы. Гэтак, у горад пераехаў Казаскі тэатар драмы — першы казаскі прафэсійны тэатар[17]. У 1930-я гады ў горадзе былі створаныя Тэатар опэры і балету і Лялечны тэатар.

Таксама многія казаскія тэатры, якія спачатку паўсталі ў розных гарадах рэспублікі, пачалі пераязджаць у сталіцу. Гэта Расейскі тэатар драмы, які зьявіўся ў горадзе ў 1934 годзе зь Сяміпалацінску[18], Уйгурскі тэатар музычнай камэдыі, які пераехаў у горад у 1962 годзе з Чыліку[19], Карэйскі тэатар музычнай камэдыі, які ў 1968 годзе пераехаў з Кызыларды[20], і Нямецкі драматычны тэатар, які ў 1989 годзе зьмяніў сваю лякацыю, пераехаўшы зь Цеміртаў[21]. Па здабыцьці незалежнасьці ў горадзе зьявілася вялікая колькасьць новых незалежных тэатраў. Часта гэта моладзевыя сучасныя канцэртныя пляцоўкі, створаныя энтузіястамі. Яны сутыкаюцца з праблемамі фінансаваньня, бо ўтрыманьне сталай трупы вымагае даволі вялікіх выдаткаў[22].

У доме-музэі Мухтара Аўэзава.

Значны ўнёсак у вывучэньне гісторыі культуры, этнаграфіі паўднёвых казахаў у канцы XIX і пачатку XX стагодзьдзяў унесьлі навукоўцы і краязнаўцы, якія аб’ядналіся вакол навуковых таварыстваў і культурна-асьветных установаў Ташкенту. У 1874 годзе з прыватных калекцыяў падарожнікаў, якія наведвалі Семірэчча з навукова-краязнаўчай мэтай і пры дапамозе мясцовай інтэлігенцыі, у Верным упершыню паўстаў музэй, які пазьней быў пераўтвораны ў музэй Семірэчанскага казацкага войска. Гэтая дата і лічыцца днём стварэньня першага музэя ў Сямірэччы[23].

Пачатак музэю мастацтваў імя Абылхана Касьцеева паклала Казаская дзяржаўная мастацкая галерэя імя Тараса Шаўчэнкі, заснаваная ў 1935 годзе. Галоўнымі ейнымі задачамі былі зьбіраньне найлепшых твораў казаскіх мастакоў і арганізацыя іхных творчых выставаў. У 1936 годзе музэі Масквы і Ленінграду перадалі ў галерэю значную колькасьць твораў жывапісу, графікі, скульптуры і прыкладнога мастацтва. Да канца 1950–х гадоў фонды галерэі налічвалі звыш 5000 экспанатаў, у тым ліку карціны, рэпрадукцыі твораў дарэвалюцыйных і савецкіх мастакоў, заходнеэўрапейскіх і ўсходніх майстроў мастацтваў[24].

У 1970—1980–х гадах былі пабудаваныя новыя будынкі для дзейных музэяў, а таксама адчынены дзьверы новых тэматычных музэяў, як то музэяў кнігі, музычных інструмэнтаў, археалягіі і іншых. Значным унёскам у разьвіцьцё музэйнай справы было адкрыцьцё Музэю Алматы[25]. Фактычна ён аб’яднаў чатыры музэі, што дазволіла сыстэматызаваць навуковую працу.

  1. https://it-ch.topographic-map.com/map-zm9qtj/Almaty/?zoom=19&center=43.23626%2C76.94573&popup=43.23632%2C76.94573
  2. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
  3. https://stat.gov.kz/api/iblock/element/196779/file/kk/
  4. https://web.archive.org/web/20220920163624/http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
  5. http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
  6. Численность населения Республики Казахстан по полу и по типу местности на 1 октября 2023 года. Камітэт па статыстыцы Міністэрства нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Казахстану.
  7. 1 2 Алма-Ата. Энциклопедия / Гл. ред. Козыбаев М. К.. — Алма-Ата: Гл. ред. Казахской советской энциклопедии, 1983. — С. 24—25. — 608 с. — 60 000 экз.
  8. Айгуль Турысбекова. Научные факты подтверждают, что Алматы более 1000 лет — академик К.Байпаков». Казинформ.
  9. История возникновения бывших русских и некоторых не русских городов Казахстана. Зона KZ.
  10. Бартольд В. В. Отчёт о поездке в Среднюю Азию с научной целью. Сочинения. — М., 1963. — Т. 4. — С. 85—86.Бартольд В. В. 1 // Очерк истории Семиречья. Сочинения. — М., 1963. — Т. 2. — С. 83.
  11. 1 2 3 C. Alexander (2007). «Almaty. Rethinking the Public Sector» // Urban Life in Post-Soviet Asia / C. Alexander, V. Buchli, C. Humphre. — University College London Press. — С. 70. — ISBN 978–0–203–94487–5.
  12. «Алма-Ата». БСЭ.
  13. «Kazakhstan protests: government resigns amid rare outbreak of unrest». The Guardian.
  14. «Kazakhstan protests: Russia sends in troops to stop deadly uprising». The Independent.
  15. Picheta, Rob (5.01.2022). «Russia-led military alliance CSTO will send 'peacekeepers' to protest-hit Kazakhstan, Armenian PM says». CNN.
  16. Театральная жизнь Верного. Alnaz.ru.
  17. Казахский театр драмы им. М. Ауэзова. Акімат Алматы.
  18. Русский театр драмы им. М. Лермонтова. Акімат Алматы.
  19. Уйгурский театр музыкальной комедии. Акімат Алматы.
  20. Корейский театр музыкальной комедии. Акімат Алматы.
  21. Немецкий драматический театр. Акімат Алматы.
  22. «Маленькие театры в Алматы — живут или выживают?». Капитал.
  23. Лунин Б. В. (1961). «Научные общества Туркестана и их прогрессивная деятельность». — Ташкент. — С. 85.
  24. Вуколов В. Н. (1991) «По Северному Тянь-Шаню. Горные туристские маршруты по Заилийскому Алатау и Кунгей-Алатау». — Москва, «Профиздат».
  25. Назарбаев посетил новый музей в Алматы. Информбюро.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]