Перайсьці да зьместу

Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Паўночная Карэя»)
Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка
조선민주주의인민공화국
Сьцяг Паўночнай Карэі Герб Паўночнай Карэі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: «Калі верыць у народ, абапіраесься на яго — сто разоў пераможаш»
Дзяржаўны гімн: «Aegukka»
Месцазнаходжаньне Паўночнай Карэі
Афіцыйная мова карэйская
Сталіца Пхэньян
Найбуйнейшы горад Пхэньян
Форма кіраваньня
найвышэйшы лідэр
прэм’ер-міністар
камуністычная дзяржава
Кім Чэн Ын
Чхвэ Ён Рым
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
98-е месца ў сьвеце
120 540 км²
4,87
Насельніцтва
 • агульнае (2011)
 шчыльнасьць
51-е месца ў сьвеце
24 051 218
198,3/км²
СУП
 • агульны (2011)
  на душу насельніцтва
95-е месца ў сьвеце
$45 млрд
$2400
Валюта Паўночнакарэйская вона (KPW)
Незалежнасьць
ад Японіі
15 жніўня 1945
Аўтамабільны знак KP
Дамэн верхняга ўзроўню .kp
Тэлефонны код +850
Мапа Паўночнай Карэі
Мапа Паўночнай Карэі

Карэ́йская Наро́дна-Дэмакраты́чная Рэспу́бліка (Chosŏn Minjujuŭi Inmin Konghwaguk, КНДР, таксама вядомая як Паўно́чная Карэ́я) — камуністычная дзяржава, разьмешчаная на поўначы Карэйскага паўвостраву, узьнікшая пасьля Другой сусьветнай вайны пры падтрымцы савецкіх войскаў. Мяжуе з Расеяй на паўночным усходзе, Кітаем на поўначы, Рэспублікай Карэяй (Паўднёвай Карэяй) на поўдні і аддзелена ад яе дэмілітарызаванай зонай. З захаду мае выхад да Жоўтага мора, з усходу да Японскага мора. Сталіца — Пхэньян. Улада належыць Працоўнай партыі Карэі, узначаленай Кім Чэн Ынам.

Да сярэдзіны XX стагодзьдзя Карэя была адзінай дзяржавай, але знаходзілася пад уладай Японскай імпэрыі з 1910 году. Паражэньне Японіі ў Другой сусьветнай вайне прывяло да вызваленьня Карэйскага паўвострава. Аднак тэрыторыя была часова падзелена па 38-й паралелі на дзьве зоны ўплыву: савецкую на поўначы й амэрыканскую на поўдні. Гэты часовы падзел, прызначаны для прыняцьця капітуляцыі японскіх войскаў, хутка стаў пастаянным з-за пачатку Халоднай вайны.

У 1948 годзе на поўначы была абвешчана Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР) пад кіраўніцтвам Кім Ір Сэна. Урад сфармаваўся на камуністычных прынцыпах пры падтрымцы Савецкага Саюза. У 1950 годзе КНДР, імкнучыся абʼяднаць паўвостраў, напала на Поўдзень, што прывяло да Карэйскай вайны (1950-1953). Канфлікт быў надзвычай спустошлівым і скончыўся падпісаньнем перамірʼя, а не мірнага дагавора. Мяжа між дзяржавамі прайшла прыблізна па тых жа шыратах, што прывяло да ўтварэньня дэмілітарызаванай зоны. Мірны дагавор не падпісаны да гэтага часу.

Пасьля вайны Кім Ір Сэн распачаў будаўніцтва краіны на прынцыпах самастойнасьці (ідэя «чучхэ»). Была створана цэнтралізаваная плянавая эканоміка, праведзена калектывізацыя сельскай гаспадаркі, разьвівалася цяжкая прамысловасьць. У гэты пэрыяд таксама фармаваўся культ асобы кіраўніка й умацоўвалася ўлада Працоўнай партыі Карэі. Была створана моцная армія, а палітычная сыстэма стала аднапартыйнай з поўнай канцэнтрацыяй улады ў кіраўніка.

Пасьля сьмерці Кім Ір Сэна ў 1994 годзе ўладу ўспадкаваў яго сын, Кім Чэн Ір. У 1990-я гады краіна сутыкнулася з глыбокім эканамічным крызысам, распадам СССР і стратай дапамогі са старых хаўрусьнікаў. Моўныя нэўраджаі прывялі да вялікага голаду, які забраў жыцьці, па розных ацэнках, сотняў тысяч або нават мільёнаў жыхароў. Нягледзячы на гэта, рэжым працягваў разьвіваць ядзерную праґраму й ракетныя тэхналёгіі, бачачы ў іх ґарантыю нацыянальнай бясьпекі, што выклікала рэзкую крытыку й ізаляцыю з боку міжнароднай супольнасьці. Прыход да ўлады Кім Чэн Ына ў 2011 годзе спачатку выклікаў пытаньні, але ён хутка замацаваў сваю ўладу. Яго кіраваньне адзначылася значным паскарэньнем ядзернага й ракетнага праґрам. КНДР правяла шэсьць падземных ядзерных выпрабаваньняў і мноства выпрабаваньняў балістычных ракетаў розных далякнісьцей, абвясьціўшы сябе ядзернай дзяржавай. У адносінах са сьветам спалучаюцца пэрыяды рэзкай ваеннай рыторыкі, абмен пагрозамі з ЗША і эпізоды дыялёгу (саміты з паўднёвакарэйскім прэзыдэнтам і прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам). Унутраная палітыка застаецца жорсткай, з поўным кантролем партыі і дзяржавы над усімі сфэрамі жыцьця, пры гэтым у вапошнія гады назіраецца абмежаваны рост прыватнай ініцыятывы й пэўныя эканамічныя зьмены.

Месцазнаходжаньне й памежжа

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

КНДР знаходзіцца ва Ўсходняй Азіі, займаючы паўночную частку Карэйскага паўвострава. На поўначы яна мяжуе з Кітаем (уздоўж ракі Ялуцзян) і Расеяй (невялікая ўчастак мяжы на беразе ракі Туманная). На поўдні праходзіць ваенізаваная мяжа з Рэспублікай Карэя (Поўдень), якая была ўсталявана па выніках Карэйскай вайны 1950-1953 гадоў і адзначана Дэмілітарызаванай зонай. З захаду краіну абмывае Жоўтае мора, з усходу — Японскае мора (у самой КНДР яго называюць Усходня-Карэйскім морам).

Большую частку тэрыторыі КНДР (каля 80%) займаюць горы і ўзгорыстыя раўніны. Асноўная горная сыстэма — Паўночна-Карэйскія горы. Да іх належаць некалькі буйных хрыбтоў, такія як Наньлім, Хамгён, Каннам і Мачхонь. Самая высокая кропка Карэі — гара Пэктусан (2750 мэтраў) — знаходзіцца на мяжы з Кітаем. Гэты стратавулкан мае глыбокае сымбалічнае значэньне для ідэалёгіі КНДР, бо, згодна зь дзяржаўнай міталёгіяй, тут нарадзіўся й узначаліў антыяпонскую барацьбу заснавальнік дзяржавы Кім Ір Сэн, а таксама, паводле афіцыйнай вэрсіі, тут нарадзіўся яго сын Кім Чэн Ір.

Раўніны і сельскагаспадарчыя землі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Нягледзячы на пераважаньне гор, на захадзе і па берагах мораў ёсьць адносна невялікія, але густанаселеныя раўніны. Найбольш значныя зь іх: Пхэньянская, Чачжонская, Ёнхынская і Хамхынская. Менавіта тут разьвіта сельская гаспадарка й разьмешчаны буйныя гарады, у тым ліку сталіца Пхэньян. З-за гарыстага рэльефу апрацоўвальныя землі складаюць толькі каля 20% тэрыторыі краіны, што стварае складанасьці для забесьпячэньня прадуктамі харчаваньня.

Водныя рэсурсы й рэкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

На тэрыторыі КНДР густая сетка рэк, якія ў асноўным бяруць пачатак у гарах і цякуць на захад або на ўсход. Найважнейшыя водныя артэрыі: Амнаккан (Ялуцзян) на паўночнай мяжы, Тэданган, каля вусьця якога стаіць Пхэньян, Чхончхонган і Намган. На многіх рэках пабудаваны ГЭС, што зьяўляецца крыніцай энэргіі для прамысловасьці. Аднак муссонны клімат прыводзіць да рэзкіх ваганьняў узроўню вады — ад паводак улетку да малаводзьдзя ўзімку.

Для КНДР характэрны ўмераны мусонны клімат з выразна адзначанымі чатырма парамі году. Зіма звычайна халодная й маласьнежная, асабліва на поўначы, з тэмпэратурамі, якія могуць апускацца да -20°C. Лета цёплае і дажджлівае, з частымі тайфунамі і моцнымі ліўнямі, якія часам выклікаюць паводкі і разбуральныя паводзіны. Вясна й восень — кароткія, але даволі прыемныя пары году.

Карысныя выкапні й прыродныя рэсурсы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Недры КНДР багатыя на розныя карысныя выкапні, што абумовіла разьвіцьцё горназдабыўной і цяжкай прамысловасьці. Тут здабываюць вуголё (антрацыт), жалезную руду, вальфрам, малібдэн, магнезіт, графіт, золата, медзь і інш. Гэтыя рэсурсы лічацца асноўнай прычынай для правядзеньня палітыкі самазабесьпячэньня (ідэя «чучхэ»). У той жа час, лясныя рэсурсы значна зьменшыліся з-за вырубак у пэрыяд японскага панаваньня і пасьляваеннага аднаўленьня, што прыводзіць да праблем эразіі глебы.

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

З 2004 году ў Паўночнай Карэі існуюць два гарады дзяржаўнага падпарадкаваньня, тры спэцыяльныя рэгіёны і дзевяць правінцыяў.

Гэтыя 14 адміністрацыйных адзінак дзеляцца на спэцыяльныя гарады (Тукупсі), гарады (Сі), раёны (Кун), падраёны (Гу), акругі. Яны ў сваю чаргу дзеляцца на суседзтвы (Тонг), вёскі (Ры), працоўныя акругі (Радонгуянду).

Эканоміка Паўночнай Карэі, заснаваная на дактрыне самазабесьпячэньня і цэнтральнага кіраваньня, знаходзіцца ў стане стагнацыі. Урад краіны адмаўляецца ўдзельнічаць у міжнародным гандлі і прадстаўленьня эканамічных паказчыкаў, абмяжоўваючы такім чынам колькасьць інфармацыі на гэту тэму. Дзяржаўныя прадпрыемствы вырабляюць тавары, якія спажываюцца выключна на мясцовым рынку. Цэнтральнае плянаваньне, палітычны тэрор зьяўляюцца прычынамі эканамічнай стагнацыі. Сэрыя экалягічных катастрофаў, карупцыя, зьнікненьне камуністычнага блёку ў Эўропе пагоршылі і так безнадзейны стан. Сельская гаспадарка таксама ў гаротным стане, сваю прадукцыю, яна пастаўляе ў асноўным для патрэбаў дзяржаўнай арміі.

Структура эканомікі выглядае наступным чынам: 30,2% — сельская гаспадарка, 33,8% — прамысловасьць, 36% — паслугі.

З прычыны поўнай самаізаляцыі, недастатковай колькасьці ўгнаеньняў, некалькіх неўраджаяў, вытворчасьць харчовай прадукцыі амаль на мільён тонаў меней за патрэбы краіны.

Паўночная Карэя атрымлівае харчовую дапамогу з боку Кітаю і ЗША за абяцаньне спыненьня дасьледаваньняў ў вобласьці ядзернай зброі. Але гэта дапамога не заўсёды даходзіць да тых, каму яна патрэбная.

Зь ліпеня 2002 году быў распачаты рынкавы экспэрымэнт ў прамысловым рэгіёне Каэсонг, які разьмешчаны амаль на мяжы з Кітаем. Кітай і Паўднёвая Карэя зьяўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнэрамі краіны. За 2003 год гандлёвы абарот з Кітаем узрос на 38% і склаў 1,02 млрд даляраў, а з поўднем на 12% і склаў 724 млн даляраў з пачатку экспэрымэнту. На працягу году, з 2002 да 2003, колькасьць сотавых абанэнтаў павялічылася з 3000 да 20 000. Але з чэрвеня 2004 году сотавыя тэлефоны зноў сталі забароненыя.

Карэйскі паўвостраў першапачаткова быў заселены тунгускімі народамі, якія прыйшлі сюды з паўночна-заходняй Азіі. Некаторыя з гэтых плямёнаў засялілі паўночны Кітай (Манчжурыю).

Насельніцтва КНДР аднароднае, але ёсьць невялікія нацыянальныя меншасьці: кітайцы (50 000 чалавек) і японцы (1800 чалавек).

Узроставая структура насельніцтва КНДР выглядае наступным чынам:

  • 0—14 гадоў — 24%;
  • 15—64 гады — 68%;
  • 65 і старэй — 8%.

Прырост насельніцтва складае 0,84%. Нараджальнасьць — 15,54 немаўлятаў на 1000 насельніцтва, сьмяротнасьць — 7,13 сьмерцяў на 1000 насельніцтва, эміграцыя адсутнічае. Сьмяротнасьць сярод немаўлятаў — 23,29 чалавек на 1000, працягласьць жыцьця — 71,65 году. Фэртыльнасьць — 2,1 немаўлятаў на адну жанчыну.

Традыцыйная рэлігія — будызм і канфуцыянства, але рэлігійная дзейнасьць у краіне забароненая.

Ад 1972 году дзейнічае Сацыялістычная Канстытуцыя КНДР, якая замяніла першую канстытуцыю КНДР 1948 году і зазнала з 1992 па 2016 год 7 паправак. Паводле 11-га артыкула Сацыялістычнай Канстытуцыі, «КНДР мае ажыцьцяўляць усю дзейнасьць пад кіраўніцтвам Працоўнай партыі Карэі». 13 красавіка 2012 г. Вярхоўны народны сход КНДР унёс папраўку ў прэамбулу канстытуцыі, паводле якой КНДР абвяшчалася ядзернай дзяржавай. Папярэдне Паўночная Карэя правяла ў 2006 і 2009 гадах выпрабаваньні ядзернай зброі[1].

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]