Зальцбург
Зальцбург | |||||
ням. Salzburg | |||||
| |||||
Краіна: | Аўстрыя | ||||
Зямля: | Зальцбург | ||||
Кіраўнік: | Гаральд Пройнэр[d] | ||||
Плошча: | 65,678 км² | ||||
Вышыня: | 424 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2019) | |||||
колькасьць: | 154 211 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 2347,99 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +43 662 | ||||
Паштовы індэкс: | 5020 | ||||
Нумарны знак: | S | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 47°48′0″ пн. ш. 13°2′42″ у. д. / 47.8° пн. ш. 13.045° у. д.Каардынаты: 47°48′0″ пн. ш. 13°2′42″ у. д. / 47.8° пн. ш. 13.045° у. д. | ||||
Зальцбург | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
https://www.stadt-salzburg.at/ |
За́льцбург (па-нямецку: Salzburg, па-баварску: Såizburg, літаральна — «Замак солі») — горад на захадзе Аўстрыі, сталіца фэдэральнай зямлі Зальцбург. Чацьверты паводле велічыні горад Аўстрыі пасьля Вены, Грацу й Лінцу. Стары горад Зальцбургу сусьветнавядомы сваёй архітэктурай у стылі барока і зьяўляецца адным з найболей захаваных цэнтраў гарадоў на нямецкамоўных тэрыторыях. Цэнтральная гістарычная частка гораду ў 1997 годзе была ўключаная ў сьпіс аб’ектаў сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Радзіма Вольфганга Амадэя Моцарта і горад студэнтаў: тут разьмяшчаюцца чатыры ўнівэрсытэты.
Геаграфічнае становішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зальцбург знаходзіцца на абодвух берагах ракі Зальцах ля паўночнай мяжы Альпаў. На поўдзень ад Зальцбургу разьмяшчаюцца горы, на поўнач — раўніны. Найбліжэйшая да Зальцбургу альпійская вяршыня — гара Унтэрсбэрг вышынёй 1972 мэтры. Яна знаходзіцца ўсяго за некалькі кілямэтраў ад цэнтру гораду. У частцы гораду, якая завецца Altstadt альбо «Стары горад», пераважаюць вежы і цэрквы, пабудаваныя ў стылі барока. Таксама ў цэнтры гораду знаходзіцца масіўная фартэцыя Гоэнзальцбург. Паабапал старога гораду знаходзяцца дзьве меншыя гары Мёнхсбэрг і Капуцынэрбэрг, якія зьяўляюцца зялёнымі лёгкімі гораду.
Зальцбург знаходзіцца за 150 км на ўсход ад Мюнхэну і за 300 км на захад ад Вены.
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Год | Насельніцтва |
---|---|
1900 | 48 945 |
1951 | 102 927 |
1961 | 108 114 |
1971 | 129 919 |
1981 | 139 426 |
1991 | 143 978 |
2001 | 142 662 |
2007 | 150 269 |
Крыніцы: Statistik Austria[1], сайт гораду Зальцбург[2]
Кожнае трэцяе працоўнае месца ў горадзе проста ці ўскосна зьвязанае з турызмам, а велічыня беспрацоўя — самая нізкая ў Аўстрыі — каля 5 адсоткаў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Антычныя часы і сярэднявечча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як паказваюць археалягічныя раскопкі пасяленьні на тэрыторыі сучаснага Зальцбургу існавалі ўжо ў час нэаліту — новакаменнага стагодзьдзя. Пазьней на гэтым месцы разьмяшчалася кельцкае пасяленьне, якое ў I стагодзьдзі да н. э. было заваяванае рымлянамі. З 45 году н. э. створаная на месцы сучаснага Зальбургу калёнія Ювавум была адным з галоўных населеных пунктаў рымскай правінцыі Норык. Згодна зь легендай, у 477 годзе правадыр ругіяў Адавакар на чале аб’яднанай арміі ругіяў, гэпідаў, готаў і гэрулаў захапіў Ювавум і пакараў сьмерцю сьвятога Максіма і 50 ягоных вучняў.
У 696 годзе баварскі герцаг падараваў гэтыя землі біскупу Рупэрту (які пазьней быў кананізаваны). Каля 700 году сьв. Рупэрт заснаваў два манастыры, якія захавалія да нашых дзён і зрабіліся цэнтрам будучага гораду — мужчынскае бэнэдэктынскае абацтва Сьвятога Пятра і жаночы манастыр Нонбэрг. У 739 годзе горад стаў біскупскай рэзыдэнцыяй, а ў канцы VIII стагодзьдзя пры біскупах Віргіліі і Арно горад зрабіўся цэнтрам мэсіянэрскай актыўнасьці хрысьціянскай царквы ў альпійскім рэгіёне. З гэтых часоў горад мае назву Зальцбург, якую атрымаў ад шматлікіх радовішчаў солі ў прылеглых мясьцінах. У 798 годзе зальцбурскія біскупы падвысілі статус і зрабіліся арцыбіскупамі.
У 1077 годзе на гары над горадам быў пабудаваны замак і пазьней крэпасьць Гоэнзальцбург, які пазьней неаднаразова перабудоўваўся.
У 1278 годзе арцыбіскупства было прызнанае сувэрэнным княствам Сьвятой Рымскай імпэрыі і паступова ператварылася ў адносна незалежную клерыкальную дзяржаву. Канчатковая незалежнасьць ад Баварыі была атрыманая ў XIV стагодзьдзі. У прыкладна той жа час ад эпідэміі чумы памерла прыблізна траціна насельніцтва гораду.
Часы рэфармацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найвышэйшага росквіту княства дасягнула напрыканцы XVI — напачатку XVII стагодзьдзя. Пры арцыбіскупах Вольфу Дытрыху фот Райтэнаў, Маркусу фон Гоэмэсэ і Парысу Лядрону горад быў моцна перабудаваны пад кіраўніцтвам італьянскіх архітэктараў, пасьля чаго стаў вядомы як адна з сталіцаў эўрапейскага барока. У 1622 годзе ў горадзе быў заснаваны ўнівэрсытэт, зачынены ў 1810 годзе і адчынены наноў у 1963. У 1628 годзе была пабудавана гарадзкая катэдра, у 1767 годзе — высечаны адзін з найстарэйшых дарожных тунэляў пад гарой Мёнхсбэрг.
Улада князёў-арцыбіскупаў працягвалася да 1803 году і ў пэрыяды свайго найбольшага росквіту распаўсюджвалася далёка за межы сёньняшняй фэдэральнай зямлі Зальцбург.
У гады рэфармацыі Зальцбург быў адным з галоўных цэнтраў каталіцтва ў нямецкіх землях. У 1731 годзе ўсе пратэстанты былі выгнаныя з гораду.
Прамысловасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У горадзе пасьпяхова разьвіваліся рамёствы, броварства. Першы бровар быў заснаваны яшчэ ў 1492 годзе. Але галоўнай крыніцай прыбытку гораду ўвесь гэты час была вытворчасьць і продаж солі.
З пачаткам напалеонаўскіх войнаў княства спыніла сваё існаваньне. У 1810 годзе горад быў перададзены Баварыі, а ў 1816 годзе па рашэньні Венскага кангрэсу Зальцбург увайшоў у склад Аўстрыі.
З 18 да 23 жніўня 1867 году ў Зальцбургу праходзіла сустрэча паміж Францам Ёсіфам і Напалеонам III.
XX стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1938 годзе ў выніку аншлюсу ў Зальцбург увайшлі нямецкія войскі. У час Другой сусьветнай вайны горад неаднакроць бамбаваўся саюзьнікамі, аднак амаль усе выбітныя месцы Зальцбургу захаваліся. Зальцбург быў вызвалены войскамі ЗША 5 траўня 1945 году. Пасьля вайны горад быў цэнтрам амэрыканскай акупацыйнай зоны.
XXI стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]27 студзеня 2006 году ў горадзе адзначалася 250 гадоў з дня нараджэньня Вольфганга Амадэя Моцарта. З гэтай нагоды крыху пазьней за 8 гадзінаў вечара мясцовага часу ўсе 35 цэркваў Зальцбургу пачалі біць у званы. Асноўныя сьвяткаваньні адбываліся на працягу ўсяго году.
Выдатныя мясьціны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стары горад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стары горад разьмешчаны на левым беразе Зальцаху на вузкай паласе паміж ракой і скалістымі гарамі Мёнхсбэрг (гара манахаў) і Фэстунгбэрг (гара фартэцыі), на якой знаходзіцца Гоэнзальцбург.
Увесь Стары горад у 1996 намінаваўся на аб’ект сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
- Рэзыдэнцпляц (па-нямецку: Residenzplatz). Цэнтральны пляц старога гораду. Выгляд пляцу быў сфармаваны ў пачатку XVII стагодзьдзя падчас перабудовы гораду пад кіраўніцтвам італьянскіх архітэктараў.
- Рэзыдэнцыя арцыбіскупа. Знаходзіцца на заходнім баку пляцу. Пабудаваная ў 1619 годзе. Інтэр’ер аздабляўся ажно да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя. На трэцім паверсе знаходзіцца музэй «Галерэя рэзыдэнцыі» — збор сярэднявечнага эўрапейскага жывапісу.
- Новая рэзыдэнцыя. Разьмешчаная насупраць Старой рэзыдэнцыі. Пабудаваная ў 1602 годзе і першапачаткова зьяўлялася гасьцёўным домам біскупа. На вежы Новай рэзыдэнцыі ўсталяваны стары гадзіньнік (1873) і 35 званоў (1705). У будынку знаходзіцца музэй Затлера, галоўным экспанатам якога зьяўляецца панарама гораду, створаная Затлерам у 1824—1828 гадах.
- Фантан Рэзыдэнцбрунэн. Знаходзіцца ў цэнтры пляцу Рэзэдэнцпляц, створаны ў 1661 годзе.
- Бэнэдыктынскае абацтва сьвятога Пятра. Заснавае сьвятым Рупэртам каля 690 году, з чаго пачалося разьвіцьцё гораду. Функцыянуе ў якасьці мужчынскага манастыра да цяперашняга часу. Да 1100 году ў абатстве разьмяшчалася рэзыдэнцыя арцыбіскупа. Разьмяшчаецца ў падгор’і гары Мёхнсбэрг. Пэўныя часткі абацтва і манастырскі збор адчыненыя для наведваньня турыстамі.
- Сабор Сьвятога Пятра. Пабудаваны ў абацтве ў 1143 годзе. Іншыя будынкі абацтва пабудаваныя ў XVII—XVIII стагодзьдзях. Сабор аздоблены карцінамі і ляпнінай, у правым нэфэ захаваныя мошчы сьвятога Рупэрта.
- Катакомбы высечаныя ў сьцяне гары Мёнхсбэрг, да якой далучаецца абацтва. У пячорах жылі пустэльнікі раньнехрысьціянскай эпохі, яшчэ да заснаваньня абацтва. У вузкай прасторы між скалой і бакавой сьцяной збора сьвятога Пятра заціснутыя маленькія, але вельмі старажытныя могілкі, дзе хавалі манахаў абацтва.
- Катэдра. Першы царкоўны будынак на гэтым месцы — невялікая базыліка — быў пасьвечаны яшчэ біскупам Віргіліям ў 774 годзе. У 1200 годзе на месцы базылікі быў пабудаваны збор у раманскім стылі, які цалкам згарэў у 1598 годзе. Сучасны будынак быў пабудаваны ў 1614—1628 гадох, які зрабіўся першым барочным зборам на нямецкамоўных землях. Купал збору абрынуўся падчас бамбаваньняў у 1944 годзе. Гэта было адзіным сур’ёзным пашкоджаньнем, якое нанесла вайна выдатным мясьцінам гораду. Аднаўленьне збору скончылася ў 1959 годзе. Вежы збору маюць вышыню 79 мэтраў. Каля дзьвярэй усталяваныя статуі заступнікаў гораду — сьвятых Рупэрта і Віргілія, якія трымаюць у руках копію збору і бочку з сольлю. У паўднёвай частцы збору — музэй, дзе зьмешчаныя прадметы царкоўнага мастацтва і экспанаты калекцыі арцыбіскупа.
- Францысканская царква (па-нямецку: Franziskanerkirche). Пабудаваная ў 1223 годзе, неаднаразова перабудоўвалася. Сярод стыляў, у якіх пабудаваная царква, пераважае барока, але таксама прысутнічаюць элемэнты раманскага стылю і готыкі.
- Калегіенкірхэ (па-нямецку: Kollegienkirche). Былая ўнівэрсытэцкая царква, пабудаваная ў 1707 годзе. У будынку разьмешчаны музэй.
- Вуліца Гэтрайдэгасэ (па-нямецку: Getreidegasse). Невялікая старая вуліца, якая ідзе ад Рэзыдэнцплац праз увесь Стары горад.
Гоэнзальцбург
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фартэцыя Гоэнзальцбург (па-нямецку: Hohensalzburg) знаходзіцца на вяршыні гары Фэстунгбэрг на вышыні 120 мэтраў над вышынёй гораду. Фартэцыя Зальцбургу — адна з найбуйнейшых сярэднявечных крэпасьцяў Эўропы, якія захаваліся цалкам. Яе плошча — 30 тысячаў м². Патрапіць у туды можна на фунікулёры з старога гораду альбо пехам.
У 1077 годзе тут быў пабудаваны раманскі замак, ад якога захаваўся толькі падмурак. Замак шматразова перабудоўваўся і ўмацоўваўся, пакуль не пераўтварыўся ў магутную фартэцыю. Свой цяперашні выгляд Гоэнзальцбург у агульных рысах атрымаў у XVI стагодзьдзі. Крэпасьць перажыла толькі адну аблогу за ўсю гісторыю: у 1525 годзе яе ўзялі ў кола паўстаўшыя сяляне. Гараджане, якія туліліся за сьценамі крэпасьці, вытрымалі 61-дзённую аблогу.
- Палац. Да пабудовы Рэзыдэнцыі ў Старым горадзе арцыбіскупы жылі ў палацы ў крэпасьці. Сярод князеўскіх пакояў асабліва выбітным зьяўляецца Залаты пакой. У вежы палацу разьмешчаны самы стары і вядомы орган гораду — «Зальцбурскі бык».
- Музэй фартэцыі. У музэі знаходзяцца экспанаты па гісторыі гораду, фартэцыі, ваеннай гісторыі Аўстрыі. Вялікая калекцыя зброі розных эпохаў.
- Кляштар Нонбэрг. Жаночы кляштар, заснаваны Сьв. Рупэртам, як і мужчынскае абацтва. Першай плябанкай кляштару была Сьвятая Эрэнтрудыс, пляменьніца Сьвятога Рупэрта. Нонбэрг — самы стары дзейны жаночы кляштар у нямецкамоўных краінах. Для турыстаў адчыненая толькі царква пры кляштары.
Правы бераг
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Правы бераг альбо Новы горад пачаў забудоўвацца напрыканцы XVII — напачатку XVIII стагодзьдзя, калі горад перастаў зьмяшчацца на левым беразе.
- Парк Мірабэльгартэн. Парк спраектаваны ў 1690 годзе.
- Палац Мірабэль. Пабудаваны ў 1606 годзе. У бягучы час — рэзыдэнцыя гарадзкога бургамістра.
- Музэй барока
- Сад карлікаў. У 1715 годзе тут былі ўсталяваныя 28 сьмежных фігураў карлікаў. Пазьней яны выдаляліся і зноў вярталіся ў сад. Некалькі фігураў былі згубленыя.
- Гара Капуцынэнбэрг. Гара Капуцынаў узвышаецца над ракой і Новым горадам. Вышыня — 214 мэтраў над узроўнем гораду. На вяршыні разьмешчаная глядзельная пляцоўка і абацтва капуцынаў.
- Дом Моцарта. Дом, у якім Моцарт жыў ў 1773—1780 гадах. У 1780 годзе малады Вольфганг пераехаў у Вену, а бацька вялікага кампазытара жыў у гэтым доме да самай сьмерці. Цяпер у будынку знаходзіцца музэй.
- Мацартэўм. Вялікі будынак у стылі мадэрн, пабудова якога была скончаная ў 1914 годзе. У будынку разьмяшчаецца Музычны ўнівэрсытэт, тэатральна-канцэртная заля, бібліятэка і міжнародны культурны фонд «Мацартэўм».
- Вуліца Лінцгэргасэ. Галоўная шпацыровачная вуліца правага берагу. На вуліцы знаходзіцца царка сьвятога Себасьцяна, пабудаваная ў 1512 годзе. На могілках пры царкве пахаваныя Парацэльс, бацька В. Моцарта — Леапольд Моцарт і самы вядомы арцыбіскуп Зальцбургу — Вольф Дытрых фон Райтэнаў.
Ваколіцы гораду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гэльбрун — палац і парк за 6 кілямэтраў на поўдзень ад Зальцбургу. Зьяўляўся летняй рэзыдэнцыяй арцыбіскупа.
- Палац Гэльбрун. Пабудаваны ў 1613—1615 гадах па праекце італьянскага архітэктара С. Салары ў стылі раньняга барока. Захаваўся насьценны і столевы жывапіс 17 стагодзьдзя.
- Мэханічны тэатар. Створаны ў 1752 годзе і зьяўляўся цудам тэхнікі таго часу. 256 мэханічных фігураў мадэлююць жыцьцё мініятурнага гораду.
- Палац Монатшлёсэль. Пабудаваны ў 1615 годзе. Выкарыстоўваўся ў якасьці паляўнічага будынку. З 1924 году ў ім разьмяшчаецца Зальцбурскі краязнаўчы музэй.
- Каменны тэатар. Старая адкрытая тэатральная пляцоўка (1617)
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кампазытар Вольфганг Амадэй Моцарт нарадзіўся 26 студзеня 1756 году ў Старым горадзе Зальцбургу. Пазьней сям’я Моцартаў пераехала на правы бераг. Моцарт там жыў у пэрыяд з 1773—1780 гадоў. Дом Моцарта прываблівае вялікую колькасьць турыстаў.
- Крыстыян Доплер — матэматык і фізык, экспэрт тэорыі акустыкі. Нарадзіўся ў Зальцбургу ў 1803 годзе. Вынайшаў эфэкт зьмяненьня даўжыні хвалі, якую выпускае крыніца, якая рухаецца. Эфэкт названы ў ягоны гонар і носіць назву эфэкт Доплера.
- Штэфан Цвайг — вядомы аўстрыйскі пісьменьнік. Жыў у Зальцбургу ў пэрыяд з 1918 па 1934 гады.
- Георг Тракль — паэт. Нарадзіўся ў Зальцбургу ў 1887 годзе і пражыў у горадзе большую частку свайго жыцьця.
- Томас Бэрнгард — аўстрыйскі пісьменьнік. Жыў у Зальцбургу, граў у тэатры Мацартэўма.
- Эбэрнгард Гопф — матэматык, нарадзіўся ў Зальцбургу ў 1902 годзе.
- Ролянд Ратцэнбэргэр — аўстрыйскі пілёт Формулы-1, нарадзіўся і вырас у Зальцбургу. Загінуў у 1994 годзе ў гонцы Гран-Пры Сан-Марына.
Падзеі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зальцбурскі фэстываль
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зальцбурскі фэстываль — вядомы музычны фэстываль, які зьбірае гледачоў кожны год ад канца ліпеня да канца жніўня. Меншы Зальцбурскі Велікодны фэстываль праводзіцца штогод ў час Вялікадня.
Зальцбурскі фэстываль бярэ свой пачатак з музычных сьвятаў, якія праводзіліся ў XIX стагодзьдзі. Першае «Моцартаўскае музычнае сьвята» адбылося ў 1842 годзе, але праводзіліся яны не рэгулярна.
У сярэдзіне 1960-х гадоў была праведзеная маштабная рэканструкцыя былых прыдворных стайняў і школы верхавой язды, якія знаходзіліся побач з стромым скалістым схілам гары Мёхнсбэрг, якая пераўтварыла старыя будынкі XVII стагодзьдзя ў Малы і Вялікі фэстывальныя тэатры. Пры рэканструкцыі былі высечаныя больш за 50 тысячаў м³ скалаў. Дзякуючы гэтаму зьявілася магчымасьць паглыбіць фэстывальны комплекс углыб скалы. Пасьля свайго стварэньня фэстывальны комплекс застаецца нязьменна галоўнай сцэнай фэстывалю.
У праграму фэстывалю ўваходзяць канцэрты аркестравай, камэрнай, царкоўнай музыкі, а таксама пастаноўкі опэр і музычных спэктакляў.
Апроч двух згаданых фэстываляў таксама штогод праводзіцца Траецкі фэстываль — на сьвята Тройцы.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Горад зьвязаны ўсебаковымі чыгуначнымі лініямі з такімі гарадамі як Вена, Мюнхэн, Інсбрук і Цюрых, па якіх таксама курсуюць высокахуткасныя дзённыя цягнікі ICE. Таксама горад зьяўляецца чыгуначнай разьвязкай для цягнікоў праз Альпы ў Італію.
З аэрапорту Зальцбургу ажыцьцяўляюцца рэйсы ў такія эўрапейскія гарады як Франкфурт-на-Майне, Вена, Лёндан, Амстэрдам і Цюрых, а таксама ў Дублін і Шарлеруа. У дадатак да гэтага ажыцьцяўляецца вялікая колькасьць чартэрных рэйсаў.
У цэнтры гораду існуе сетка тралейбусных і аўтобусных лініяў, якая налічвае больш за 20 маршрутаў з інтэрваламі кожныя 10 хвілінаў. У Зальцбургу таксама існуюць чатыры лініі цягнікоў S-Bahn: S1, S2, S3 і S11. Цягнікі адпраўляюцца ад галоўных станцый кожныя 30 хвілінаў. Прыгарадная лінія S1 дасягае сусьветнавядомай Капэлі Ціхай ночы ў Обэрндорфе за 25 хвілінаў.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шмат вякоў падмуркам эканомікі Зальцбургу і прылеглых гарадоў была здабыча, ачыстка і продаж солі. З XV стагодзьдзя пачала разьвівацца вытворчасьць піва, а таксама горная здабыча і мэталюргія. У прылеглых гарадох былі закладзены залатыя і срэбраныя шахты, таксама былі знойдзеныя радовішчы медзі і цынку. У выніку паступовага вычэрпваньня радовішчаў ў XVIII—XIX стагодзьдзях прамысловасьць пачала зьмяняцца ў бок апрацоўвальных фабрык. Таксама разьвіваліся транспарт і банкаўская справа. У пачатку XX стагодзьдзя недахоп вугалю прывёў да інтэнсіўнага будаўніцтва ГЭС на горных рэках рэгіёна для забесьпячэньня прамысловасьці электраэнэргіяй.
Сучасны Зальцбург — высокаразьвіты індустрыяльны і постіндустрыяльны горад. У горадзе і ваколіцах разьмяшчаюцца шматлікія прадпрыемствы аўтаматызацыі, высокіх тэхналёгіяў, распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня, тэлекамунікацыйнага сэктару, індустрыі мультымэдыя. У Зальцбургу знаходзіцца штаб-кватэра аўтамабільнага канцэрну Porsche. Штаб-кватэра Red Bull — вытворцы разнастайных напояў — знаходзіцца недалёка ад Зальцбургу.
Найважнейшую ролю ў эканоміцы гораду грае турызм — горад штогод наведваюць да 7 мільёнаў турыстаў, а таксама гандаль і банкаўская справа. Адзінай галіной, якая грае важную ролю ў эканоміцы гораду яшчэ з часоў сярэднявечча, застаецца вытворчасьць піва і мінэральнай вады.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Зальцбургу разьмяшчаюцца чатыры ўнівэрсытэты.
- Унівэрсытэт Парыса Ладрона.
- Зальцбурскі ўнівэрсытэт быў заснаваны князем-арцыбіскупам Парысам Ладронам у 1622 годзе. У 1810 годзе ён быў зачынены баварскімі ўладамі, і пасьля адчынены зноў ў 1963 годзе і названы ў гонар свайго заснавальніка. У Зальцбургу заўсёды былі моцна разьвітыя традыцыі рэлігійнай адукацыі, і ў нашыя часы тэалягічны факультэт Унівэрсытэту лічыцца вельмі прэстыжным.
- Музычны ўнівэрсытэт Мацартэўм. Сярод мноства вядомых выпускнікоў асабліва вылучаецца вялікі дырыгент Гэрбэрт фон Караян.
- Прыватны мэдычны ўнівэрсытэт імя Парацэльса. Адзін зь нешматлікіх у Аўстрыі прыватных унівэрсытэтаў.
- Політэхнічны ўнівэрсытэт.
Апроч чатырох унівэрсытэтаў, у горадзе таксама існуюць больш за 30 інстытутаў, вышэйшых школаў, акадэмій і гімназій.
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спорт у Зальцбургу вельмі папулярны. Футбольная каманда Зальцбург (поўная назва «Рэд Бул Зальцбург» па назьве фундатара; раней называлася «Казіно») зьяўляецца адной з наймагутнейшых у краіне, тройчы выйгравала чэмпіянат Аўстрыі — у 1994, 1995 і 1997 гадах. У 1994 годзе каманда гуляла ў фінале Кубку УЭФА. На хатнім стадыёне каманды, які носіць назву Вальс-Зыцэнхайм, праходзілі гульні чэмпіянату Эўропы па футболе 2008 году.
Хакейная каманда гораду Хакейны клюб Рэд Бул Зальцбург таксама носіць імя фундатара.
У 1996 і 2006 гадох ў Зальцбургу праходзіў чэмпіянат сьвету па вэляспорце.
У ваколіцах гораду існуе выдатная магчымасьць займацца зімовымі відамі спорту, асабліва горнымі лыжамі. Зальцбург прэтэндаваў на правядзеньне Зімовых Алімпійскіх гульняў 2010 году, але прайграў на выбарах канадзкаму Ванкувэру. Горад таксама быў прэтэндэнтам на правядзеньне зімовай Алімпіяды 2014 году, але прайграў гораду Сочы.
Гарады-партнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Атланта, ЗША
- Вэрона, Італія
- Мэрана, Італія
- Шанхай, Кітай
- Вільня, Летува
- Ліён, Нікарагуа
- Дрэздэн, Нямеччына
- Сынгіда, Танзанія
- Рэймс, Францыя
- Бэрн, Швайцарыя
- Кавасакі, Японія
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ціхая ноч. Эўрапейскі калядны гімн «Ціхая ноч» (па-нямецку: Stille Nacht) быў напісаны ў 1818 годзе ў вёсачцы Обэрндорф пад Зальцбургам мясцовым настаўнікам і сьвятаром.
- Мыйнікі быкоў. Старое прозьвішча Stierwascher — мыйнік быкоў — хутчэй за ўсё было дадзенае жыхарам Зальцбургу з-за звычая мыць мяса сьвежазабітай жывёлы прама ў хуткай і чыстай плыні ракі Зальцах. Аднак існуе легенда, згодна зь якой падчас аблогі крэпасьці Хоэнзальцбург у 1525 годзе ўдзельнікамі сялянскага паўстаньня абаронцы крэпасьці моцна пакутвалі з-за голаду і каб падмануць ворагаў, фарбавалі адзінага, які ў іх застаўся, быка ў розныя колеры і пры гэтым нібы выпадкова паказвалі яго з гарадзкіх сьценаў. Падманутыя ворагі, пераканаўшыся ў вялікай колькасьці запасаў у абаронцаў крэпасьці, сышлі, а бык быў урачыста вымыты ў рацэ ад фарбы шчасьлівымі жыхарамі.