Перайсьці да зьместу

Вялікабрытанія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Аб’яднанае каралеўства»)
Вялікабрытанія
брыт. анг.: United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Божа, барані караля
Дата заснаваньня: 12 красавіка 1927
Афіцыйная мова: ангельская мова
Сталіца: Лёндан
Форма кіраваньня: канстытуцыйная манархія
манарх Вялікабрытаніі[d]: Карл III
прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі[d]: Кір Стармэр
Заканадаўчы орган: Парлямэнт Вялікабрытаніі
Выканаўчы орган: урад Вялікабрытаніі[d]
Плошча:
  • 242 495 км²[1]
Насельніцтва:
Валюта: фунт стэрлінгаў
СУП (2022)
па ППЗ: 3,752 трлн $
— 8 месца
па ППЗ на душу насельніцтва: 55 301 $
— 28 месца
намінальны: 3,376 трлн $
— 6 месца
намінальны на душу насельніцтва: 49 761 $
— 25 месца
Мэдыянны прыбытак: 31 617 $
Індэкс дэмакратыі: 8,54[3]
Каэфіцыент Джыні: 32,8
ІРЧП: 0,929[4]
Часавы пас: UTC+0
Аўтамабільны знак: UK
Бок аўтамабільнага руху: леваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .uk і .gb[5][6]
Тэлефонны код: +44
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
gov.uk (анг.)

Злу́чанае Карале́ўства Вялі́кай Брыта́ніі і Паўно́чнай Ірля́ндыі (па-ангельску: United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), скарочана — Вялікабрыта́нія, Вялі́кая Брыта́нія — сувэрэнная краіна ў Эўропе, якая месьціцца на паўночным захадзе Эўропы на архіпэлягу Брытанскіх астравоў[7]. Да складу каралеўства ўваходзяць Ангельшчына, Ўэйлз, Шатляндыя і Паўночная Ірляндыя[8], а таксама мноства меншых астравоў у межах Брытанскіх астравоў і шэраг заморскіх тэрыторыяў ва ўсім сьвеце[9]. Паўночная Ірляндыя мае сумесную сухаземную мяжу з Рэспублікай Ірляндыяй, астатная асноўная частка дзяржавы ёсьць аточанай Атлянтычным акіянам, Паўночным морам, Ля-Маншам, Кельцкім і Ірляндзкім марамі. Агульная плошча Злучанага Каралеўства складае каля 242 500 км². Паводле стану на 2020 год насельніцтва Вялікабрытаніі перавышала 67 мільёнаў чалавек[10]. Краіна ёсьць унітарнай парлямэнцкай дэмакратыяй і канстытуцыйнай манархіяй[11]. Пасаду манарха на сёньня займае кароль Карл III. Да гэтага працяглы час з 1952[12] па 2022 гады пасаду займала каралева Лізавета II. Сталіцай і найбуйнейшым горадам ёсьць Лёндан, сусьветны горад і фінансавы цэнтар з насельніцтвам больш за 14 млн чалавек. Да ліку іншых буйных гарадоў улучаюць Бірмінггэм, Манчэстэр, Глазга, Лівэрпул і Лідс[13]. Шатляндыя, Ўэйлз і Паўночная Ірляндыя маюць уласныя ўрады, але кожны зь іх валодае рознымі паўнамоцтвамі[14]. Найбліжэйшыя да Вялікабрытаніі астравы Мэн, Гернсі і Джэрзі ня ёсьць часткай Вялікабрытаніі, але яны маюць статус залежных ад кароны, а брытанскі ўрад адказвае за іхнюю абарону і міжнароднае прадстаўніцтва[15]. Таксама налічваецца 14 брытанскіх заморскіх тэрыторыяў[16], то бок апошнія рэшткі Брытанскай імпэрыі, якая ў сваім росквіце ў 1920-х гадах ахоплівала амаль чвэрць сушы і траціну насельніцтва сьвету, і была самай вялікай імпэрыяй у гісторыі. Брытанскі ўплыў можна назіраць у мове, культуры, прававых і палітычных сыстэмах, які ёсьць узорам для шматлікіх былых калёніяў[17].

Фізычная мапа Вялікабрытаніі.
Краявіды Азёрнага краю.

Агульная плошча Вялікабрытыніі складае прыкладна 244 820 км². Краіна займае большую частку архіпэляга Брытанскіх астравоў і ўключае востраў Вялікабрытанія, паўночна-ўсходнюю шостую частку вострава Ірляндыя і некаторыя меншыя прылеглыя астравы. Каралеўства знаходзіцца паміж паўночнай часткай Атлянтычнага акіяну і Паўночным морам, а паўднёва-ўсходняе ўзьбярэжжа знаходзіцца ў межах 35 км ад узьбярэжжа паўночнай Францыі, ад якой яго аддзяляе Ля-Манш[18]. У 1993 годзе 10% тэрыторыі Вялікабрытаніі былі пакрытыя лясамі, 46% выкарыстоўваліся як выган для быдла і 25% апрацоўваліся сельскай гаспадаркай[19]. Каралеўская Грынвіцкая абсэрваторыя ў Лёндане была абраная ў якасьці вызначальнага пункту першага мэрыдыяну[20] ў 1884 годзе, хоць дзякуючы больш дакладным сучасным вымярэньням мэрыдыян на самой справе знаходзіцца ў 100 мэтрах на ўсход ад абсэрваторыі[21].

Вялікабрытанія знаходзіцца паміж шыротамі 49° і 61° пн. ш. і даўгатамі 9° з. д. і 2° у. д. Паўночная Ірляндыя мае сумежную мяжу з Рэспублікай Ірляндыяй працягласьцю 360 км[18]. Даўжыня берагавой лініі Вялікабрытаніі складае 17 820 км[22]. Каралеўства злучанае з кантынэнтальнай Эўропай тунэлем пад Ля-Маншам, які ёсьць самым доўгім падводным тунэлем у сьвеце[23]. На долю Ангельшчыны прыпадае крыху больш за палову (дакладна 53%) агульнай плошчы Вялікабрытаніі ці 130 395 км²[24]. Большая частка тэрыторыі краіны складаецца зь нізіннай мясцовасьці[19] з большай колькасьцю ўзвышшаў і некаторымі горнымі рэльефамі на паўночным захадзе ад лініі Тыс-Экс, у тым ліку Азёрны край, Пэнінскія горы, Эксмур і Дартмур. Асноўнымі рэкамі ёсьць Тэмза, Сэвэрн і Гамбэр. Самай высокім пунктам Ангельшчыны ёсьць гара Скофэл-Пайк, якая сягае ў вышыню на 978 мэтраў.

На Шатляндыю прыпадае крыху менш за адну траціну (дакладна 32%) агульнай плошчы Вялікабрытаніі ці 78 772 км²[25]. Шатляндыя ўлучае амаль 800 астравоў[26], пераважна на захад і поўнач ад вострава, самымі вялікімі зь якіх ён Гэбрыдзкія, Аркнэйскія і Шэтландзкія астравы. Шатляндыя ёсьць самым горным краем каралеўства, а ейны рэльеф адрозьніваецца геалягічным разломам горных пародаў, які праходзіць праз Шатляндыю ад вострава Аран на захадзе краю да места Стоўнгэйвэн на ўсходзе[27]. Разлом падзяляе Шатляндыю на два выразна адрозныя рэгіёны, як то высакагор’е на поўначы і захадзе і нізінны край на поўдні і ўсходзе. Больш суровы рэгіён Гайлэнд зьмяшчае большую частку горных сьцягоў Шатляндыі, у тым ліку Бэн-Нэвіс — найвышэйшы пункт ня толькі Шатляндыі, але і ўсёй Вялікабрытаніі, сягаючы да 1345 мэтраў[28][29]. У нізінным рэгіёне месьцяцца найбуйнейшыя гарады Шатляндыі, то бок Глазга і Эдынбург.

На Ўэйлз прыпадае менш за адну дзясятую частку (дакладна 9%) агульнай плошчы Вялікабрытаніі ці 20 779 км²[30]. Ўэйлз у асноўным горны рэгіён, хоць ягоная паўднёвая частак ёсьць менш горнай чымсьці паўночная і сярэдняя частка краю. Асноўная частка насельніцтва і прамысловыя раёны знаходзяцца ў Паўднёвым Ўэйлзе, дзе мясцяцца прыбярэжныя месты Кардыф, Сўонсі і Ньюпарт. Паўночная Ірляндыя, аддзеленая ад Вялікабрытаніі Ірляндзкім морам і Паўночным каналам, мае плошчу 14 160 км² і ў асноўным ёсьць пагорыстым краем. Тутака месьціца найбуйнейшае возера Брытанскіх астравоў паводле плошчы Лох-Но[31].

Большая частка каралеўства мае мерны клімат, з звычайна прахалоднымі тэмпэратурамі і багатымі ападкамі круглы год[18]. Тэмпэратура зьмяняецца паводле сэзонаў, рэдка апускаючыся ніжэй за 0°C або падымаючыся вышэй за 30°C[32][33]. У некаторых частках, асабліва ўдалечыні ад узьбярэжжа, то бок у высакагорнай Ангельшчыне, Ўэйлзе, Паўночнай Ірляндыі і большай частцы Шатляндыі назіраецца субпалярны акіянічны клімат. На вышынях Шатляндыі таксама часам сустракаецца кантынэнтальны субарктычны клімат, а ў горах — тундравы. Пераважае паўднёва-заходні вецер з частымі выпадкамі мяккага і вільготнага надвор’я з Атлянтычнага акіяну[18], хоць усходнія часткі ў асноўным ёсьць абароненымі ад гэтага ветру, паколькі большасьць дажджоў прыпадае на заходнія рэгіёны, таму ўсходнія рэгіёны краіны ёсьць самымі сухімі. Атлянтычныя плыні, разагрэтыя Гальфстрымам, прыносяць мяккую зіму[34], асабліва на захадзе краіны, дзе зіма ёсьць вільготнай. Лета ёсьць асабліва цёплым на паўднёвым усходзе Ангельшчыны, а самым прахалодным ёсьць на поўначы. Моцныя сьнегапады могуць выпадаць зімой і раньняй вясной на высотах.

Адметнай характарыстыкай дзяржаўнага ладу Вялікабрытаніі ёсьць адсутнасьць якога-небудзь адзінага дакумэнта, які можна было б назваць асноўным законам краіны. Не існуе аніякай пісанай канстытуцыі, і больш за тое, не існуе нават дакладнага пераліку дакумэнтаў, якія адносіліся б да канстытуцыі. Дачыненьні паміж народам і ўрадам рэгулююцца заканадаўчымі актамі, няпісанымі законамі і канвэнцыямі. Важную ролю гуляюць статуты, пагадненьні і міжнародныя дамовы. Адсутнасьць канстытуцыі дазваляе парлямэнту вельмі лёгка зьмяняць старыя і прымаць новыя законы. Аніводзін закон, прыняты аднойчы парлямэнтам, ня мае недатыкальнасьці і можа быць зьменены будучым парлямэнтам.

Лізавета II і Роналд Рэйган на сустрэчы ў 1982 годзе.

Вялікабрытанія ёсьць парлямэнцкай манархія на чале з каралём Карлам III, які паходзіць зь Віндзарскай дынастыі. Акрамя Вялікабрытаніі, Карл III дэ-юрэ кіруе яшчэ 15 дзяржавамі сьвету, як то Аўстраліяй, Новай Зэляндыяй і іншымі, вядомымі як Каралеўствы Садружнасьці. Не зважаючы на тое, што кароль ня мае рэальнай улады, яму належыць права раіць, заахвочваць і папярэджваць.

Ўэстмінстэрскі палац ёсьць месцам паседжаньняў брытанскага парлямэнту.

Парлямэнт ёсьць заканадаўчым органам і складаецца з двух палатаў — абіранай Палаты грамадаў і прызначаемай Палаты лордаў, якія маюць 650 і 780 крэслаў адпаведна. Закон, перад тым каб набыць статус ухваленага, мусіць прайсьці чытаньні ў абедзьвюх палатах і затым атрымаць каралеўскую санкцыю. Брытанская парлямэнцкая сыстэма вядомая як Ўэстмінстэрская, на ейны ўзор функцыянуюць усе парлямэнцкія дэмакратыі сьвету. Парлямэнт ёсьць найвышэйшым органам улады на ўсёй тэрыторыі дзяржавы, не зважаючы на наяўнасьць у Шатляндыі, Ўэйлзе і Паўночнай Ірляндыі ўласных кіроўных адміністрацыйных структураў. Урад узначальвае прэм’ер-міністар. Крэсла прэм’ера звычайна займае лідэр партыі або кааліцыі, якой належыць бальшыня ў Палаце грамадаў. Ён, як правіла, прызначае кабінэт міністраў зь сьпісу сваёй партыі або кіроўнай кааліцыяй, што фармальна зацьвярджаецца манархам. Палата грамадаў — адзінае месца ў Брытаніі, куды ня можа ўвайсьці ангельскі кароль, бо яна не зьяўляецца чальцом Палаты. Згодна з традыцыяй пасаду Першага лорда скарбніцы займае прэм’ер-міністар[35], а пасаду Першага лорда Адміралцейства — кароль.

У канцы ХХ і пачатку ХХІ стагодзьдзяў галоўную ролю у палітычным жыцьці Вялікабрытаніі гуляюць партыі лэйбарыстаў і кансэрватараў. Лейбарысцкая партыя, якая прадстаўляе традыцыі брытанскага сацыялізму, знаходзілася ва ўладзе ў 2000-х гадах, а ейныя прадстаўнікі Тоні Блэр і Гордан Браўн пасьлядоўна займалі пасаду прэм’ер міністра. У 2010-х гадах ініцыятыву перахапілі прадстаўнікі Кансэрватыўнай партыі, калі з 2010 году Дэйвід Кэмэран, Тэрэза Мэй і Борыс Джонсан займалі пасаду прэм’ера. Лібэральная партыя, якая была ўплывовай сілай з ХVIII стагодзьдзя па пачатак ХХ стагодзьдзя, на сёньня ў выніку аб’яданьня мае назоў Лібэральныя дэмакраты. Тым ня менш, нават пасьля аб’яднаньня партыя мае няшмат прыхільнікаў, а паводле колькасьці крэслаў у парлямэнце нават саступае левацэнтрысцкай Шатляндзкай нацыянальнай партыі. Астатнія месцы займаюць партыі ўскраінаў, як то валійская партыя Партыя Ўэйлза і ірляндзкія Дэмакратычная юніянісцкая партыя і ультрарэспубліканская Шын Фэйн, дэпутаты ад якой не займаюць сваіх крэслаў празь неабходнасць прысягаць на вернасьць каралю. Дэпутаты займаюць пасаду да пяці гадоў і заўсёды могуць быць пераабраныя на ўсеагульных выбарах[36].

Астраўное геаграфічнае становішча паўплывала на ход брытанскай гісторыі ды на рысы брытанскага характару. У ХХІ стагодзьдзі Вялікабрытанія, хоць і рухаючыся ў агульнаэўрапейскім цывілізацыйным накірунку, часта назірае за гэтым рухам з узбочча. Не зважаючы на тое, што краіна была сябрам у Эўрапейскім Зьвязе з 1973 па 2019 год, Вялікабрытанія не перайшлі на эўра і не далучыліся да Шэнгенскай зоны. Міграцыйны крызіс сярэдзіны 2010-х і ўнутрыэўрапейскія супярэчнасьці падштурхнулі Вялікабрытанію да выхаду з ЭЗ. Зь іншага боку, дзяржава захоўвае вельмі важную ролю ў сьвеце ў сілу гістарычнай інэрцыі як былая мэтраполія Брытанскай імпэрыі, ачольваючы Садружнасьць нацыяў. Да таго ж, лідэрскія пазыцыі краіна займае праз статус ангельскай мовы ў сучасным сьвеце, а таксама эканамічную, фінансавую, культурную і мэдыйную значнасьць.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікабрытанія складаецца з 4 адміністрацыйна-палітычных частак, вядомых у Вялікабрытаніі таксама як краіны:

Пад кантролем Вялікабрытаніі застаюцца 3 тэрыторыі на Брытанскіх астравах і 12 заморскіх тэрыторыяў. Да залежных тэрыяторыяў адносяцца:

Намінальным галоўнакамандуючым Брытанскіх Узброеных сілаў (па-ангельску: British Armed Forces) ёсьць брытанскі манарх. Узброеныя сілы знаходзяцца пад кіраваньнем ураду Вялікабрытанііі непасрэдна — Міністэрства абароны. Асноўнай задачай Брытанскіх узброеных сілаў ёсьць абарона Злучанага Каралеўства і ягоных заморскіх тэрыторыяў, пасоўваньне інтарэсаў бясьпекі Вялікабрытаніі і падтрымка міжнародных міратворчых высілкаў. Таксама УС Вялікабрытаніі былі актыўнымі і сталымі ўдзельнікамі апэрацыяў НАТО і сілаў кааліцыі ў Іраку і Аўганістане.

Будынак Банку Ангельшчыны, на ўзор якога працуюць большасьць цэнтрабанкаў сьвету.

Вялікабрытанія мае часткова рэгуляваную рынкавую эканоміку[37]. Зыходзячы з рынкавых абменных курсаў, Вялікабрытанія на сёньня ёсьць пятай паводле велічыні эканомікай у сьвеце і другой у Эўропе пасьля Нямеччыны. Скарбнiца, ачоленая канцлерам скарбніцы, адказвае за распрацоўку і выкананьне ўрадавай палітыкі ў галіне дзяржаўных фінансаў і эканамічнай палітыкі. Банк Ангельшчыны ёсьць цэнтральным банкам Вялікабрытаніі і адказвае за выпуск купюр і манэт нацыянальнай валюты фунту стэрлінгаў. Банкі Шатляндыі і Паўночнай Ірляндыі захоўваюць права выпускаць уласныя банкноты, пры ўмове ўтрыманьня дастатковай колькасьці банкнот Банка Ангельшчыны ў рэзэрве пакрыцьця іхняга выпуску. Фунт стэрлінгаў ёсьць чацьвёртай паводле папулярнасьці рэзэрвовай валютай у сьвеце, пасьля даляра ЗША, эўра і японскай ены[38]. З 1997 году Камітэт грашова-крэдытнай палітыкі Банка Ангельшчыны на чале з кіраўніком Банка Ангельшчыны адказвае за ўсталяваньне працэнтных ставак на ўзроўні, неабходным дзеля дасягненьня агульнага мэтавага паказчыка інфляцыі ў эканоміцы, які кожны год усталёўваецца канцлерам[39].

Бізнэсовы раён Лёндану Сіці ёсьць другім паводле велічыні фінансавым цэнтрам сьвету.
Рухавікі і крылы Airbus A380 распрацоўваюцца ў Вялікабрытаніі.

Сэктар паслуг Вялікабрытаніі фармуе каля 79% СУП[40]. Пры гэтым вядучую ролю ў брытанскай сфэры паслуг займае фінансавая дзейнасьць, якая вызначае спэцыялізацыю краіны ў сыстэме міжнародных эканамічных адносінаў. Лёндан ёсьць адным з найбуйнейшых фінансавых цэнтраў сьвету, займаючы другое месца ў сьвеце пасьля Нью-Ёрку ў сусьветным індэксе фінансавых цэнтраў на 2020 год[41]. Лёндан таксама мае самы вялікі гарадзкі СУП у Эўропе[42]. Таксама важкім сэктарам эканомікі краіны ёсьць турызм. Да прыкладу, толькі за 2004 год краіну наведалі 27 млн турыстаў, абсалютная большасьць зь якіх наведалі Лёндан[43]. Творчая ці гэтак званая крэатыўная індустрыя, як то рэкляма, дызайн, мода ды іншыя, зрабіла ўнёсак у 7% у агульны СУП краіны, маючы сярэдні рост у пэрыяд з 1997 па 2005 гады ў 6% на год[44]. Пасьля выхаду Вялікабрытаніі з складу Эўрапейскага Зьвязу функцыянаваньне ўнутранага эканамічнага рынку краіны было замацаванае Законам аб унутраным рынку Вялікабрытаніі 2020 году, які забясьпечвае працяг гандлю таварамі і паслугамі без унутраных бар’ераў у чатырох краінах Вялікабрытаніі[45].

Індустрыяльная рэвалюцыя пачалася ў Вялікабрытаніі, першапачаткова з галіны тэкстыльнай прамысловасьці[46], а затым пашырыўшыся ў іншыя галіны цяжкай прамысловасьці, як то суднабудаваньне, здабыча вугалю і сталі[47][48]. Брытанскія гандляры, грузаадпраўнікі і банкіры атрымалі вялізныя перавагі ў параўнаньні з іншымі краінамі, што дазволіла Вялікабрытаніі дамінаваць у міжнародным гандлі ў XIX стагоддзі[49][50], зьяўляючыся самай прамыслова разьвітай і эканамічна магутнай краінай сьвету. Аднак паступова тэмпы росту запавольваліся, асабліва праз падзеі Другой сусьветнай вайны, дэкалянізацыі і індустрыялізацыі іншых краінаў сьвету. Пачынаючы з 1950-х гадоў і да самага нядаўняга часу гісторыя Каралеўства ёсьць прасякнутая барацьбой з стагнацыяй і эканамічным адставаньнем. За апошнія два дзесягігодзьдзі мінулага стагодзьдзя вартасьць фунту зьменшылася амаль на сорак адсоткаў. Вытворчасьць застаецца значнай часткай эканомікі, але ў 2003 годзе яна складала толькі 16,7% нацыянальнай эканомікі[51].

Аўтамабіль Mini Electric, выраблены ў Вялікабрытаніі.

У аўтамабільнай прамысловасьці занята каля 800 тысячаў работнікаў, а абарот гэтае сфэры ў 2015 годзе складаў 70 млрд фунтаў стэрлінгаў. На экспарт аўтамабільнай вытворачасьці прыпала 34,6 млрд фунтаў стэрлінгаў альбо 11,8% ад агульнага аб’ёму экспартных тавараў Вялікабрытаніі. У 2015 годзе ў Вялікабрытаніі было выраблена каля 1,6 млн прыватных самаходаў і 94,5 тысяч камэрцыйных аўтамабіляў. Сярод славутых брытанскіх аўтамабільных брэндаў вылучаюцца Aston Martin, Bentley, Caterham Cars, Daimler, Jaguar, Lagonda, Land Rover, Lotus, McLaren, MG, Mini, Morgan і Rolls-Royce. Вялікабрытанія ёсьць буйным цэнтрам вытворчасьці рухавікоў, то бок у 2015 годзе іх было выраблена каля 2,4 млн. У індустрыі аўтаспорту Вялікабрытаніі занята каля 41 тысяч чалавек, 4,5 тысяч кампаніяў, а гадавы абарот гэтае індустрыі складае каля 6 млрд фунтаў стэрлінгаў[52]. Аэракасьмічная прамысловасьць Вялікабрытаніі ўваходзіць у лік найвялікшых у сьвеце і мае гадавы абарот каля 30 млрд фунтаў стэрлінгаў[53]. Кампанія BAE Systems займае вядучыя пазыцыі ў абарончай авіябудаўнічай прамысловасьці, вырабляючы кампанэнты зьнішчальнікаў Eurofighter Typhoon і F-35, а таксама самы пасьпяховы ў сьвеце навучальны рэактыўны самалёты Hawk[54]. Airbus UK таксама вырабляе крылы для вайсковага транспартэра A400 m. Rolls-Royce ёсьць другім паводле велічыні ў сьвеце вытворцам авіяцыйных рухавікоў. Ягонымі рухавікамі забясьпечваюцца каля 30 тыпаў камэрцыйных самалётаў.

Сельская гаспадарка ёсьць інтэнсіўнай, высокамэханізаванай і працуе на высокаэфэктыўных эўрапейскіх стандартах, забясьпечваючы каля 60% харчовых патрэбаў пры менш чым 1,6% працоўнай сілы, то бок толькі паўмільёна чалавек працуюць у гэтае галіне[55]. Пераважае малочнае і мяса-малочная жывёлагадоўля і бэконная сьвінагадоўля; мяса-воўнавая авечкагадоўля. Выгадоўваюць пераважна ячмень, пшаніцу, цукровы бурак, авёс, бульбу. Традыцыйна ёсьць пашыранай вытворчасьць віскі, піва. У Вялікабрытаніі захоўваецца значная, хоць і значна скарочаная рыбалоўная прамысловасьць. Краіна таксама багатая на прыродныя рэсурсы, як то вугаль, нафту, прыродны газ, цыну, вапняк, жалезную руду, соль, гліну, крэйду, гіпс, волава, крэмн, а таксама вялікую колькасьць ворных зямель. У 2023 годзе на атамныя электрастанцыі прыпадала 14,8 % вытворчасьці электраэнэргіі ў Вялікабрытаніі[56].

У 2012 годзе ў Вялікабрытаніі прадалі 3 млн ровараў, што перавысіла лік прададзеных аўтамабіляў (2 млн)[57]. У 2020 годзе празь меры ізаляцыі ў сувязі з пошасьцю каранавіруса эканоміка Вялікабрытаніі моцна пацярпела, скараціўшыся на 20,4% ў пэрыяд з красавіка па чэрвень у параўнаньні з першымі трыма месяцамі году, што афіцыйна падштурхнула яе да рэцэсіі ўпершыню за 11 гадоў[58].

Шчыльнасьць насельніцтва Вялікабрытаніі на 2011 год.

Перапіс праводзіцца адначасова ва ўсіх частках Вялікабрытаніі кожныя 10 гадоў[59]. Паводле перапісу 2011 году агульная колькасьць насельніцтва Злучанага Каралеўства складала 63 181 775 чалавек[60]. Гэта чацьвертая паводле колькасьці насельніцтва краіна Эўропы пасьля Расеі, Нямеччыны і Францыі, і пятая паводле гэтага паказчыку ў Садружнасьці нацыяў. У пэрыяд з 2001 па 2011 год насельніцтва павялічвалася ў сярэднім у год прыкладна на 0,7%[60]. Да параўнаньня гэты паказчык складаў 0,3% у год у пэрыяд з 1991 па 2001 год і 0,2% у дзесяцігодзьдзі з 1981 па 1991 год[61]. Перапіс 2011 году таксама выявіў, што ў параўнаньні за папярэднія 100 гадоў доля насельніцтва ва ўзросьце ад 0 да 14 гадоў скарацілася з 31% да 18%, а доля людзей ва ўзросьце ад 65 гадоў наадварот пашырылася з 5% да 16%[60]. У 2018 годзе сярэдні ўзрост насельніцтва Вялікабрытаніі складаў 41,7 год.

Насельніцтва Ангельшчыны на 2011 год складала 53 млн чалавек, што складае каля 84% ад агульнай колькасьці Вялікабрытаніі[60]. Гэта ёсьць адна з самых густанаселеных краінаў у сьвеце, то бок на сярэдзіну 2015 году тутака пражывала 420 чалавек на км²[62]. Асаблівай шчыльнасьцю вызначаецца Лёндан і паўднёвы ўсход Вялікабрытаніі[63]. Паводле перапісу 2011 году насельніцтва Шатляндыі складала 5,3 млн чалавек[64], ва Ўэйлзе налічвалася 3,06 млн жыхароў, а ў Паўночнай Ірляндыі жывуць 1,81 млн чалавек[60]. У 2017 годзе сярэдні агульны каэфіцыент нараджальнасьці ў Вялікабрытаніі складаў 1,74 дзіцяці, народжанага на жанчыну[65]. Не зважаючы на тое, што рост нараджальнасьці спрыяе росту насельніцтва, ён застаецца значна ніжэйшым за пік бэбі-буму ў 2,95 дзіцяці на жанчыну на 1964 год або максымуму 6,02 дзіцяці, народжанага на жанчыну ў 1815 годзе. Сёньняшні паказчык ёсьць ніжэйшым за ўзровень замяшчэньня насельніцтва ў 2,1[66]. У 2011 годзе 47,3% народжаных немаўлятаў прыпадалі на жанчынаў, якія ня мелі шлюбу[67].

Гістарычна лічылася, што карэнныя брытанцы паходзяць ад розных этнічных групаў, якія пасяліліся на востраве да XII стагодзьдзя, як то кельтаў, рымлянаў, англаў, саксаў і нарманаў. Валійцы лічацца найстарэйшай этнічнай групай у Вялікабрытаніі[68]. Генэтычнае дасьледаваньне 2006 году выявіла, што больш за 50% генафонду Ангельшчыны ўтрымліваюць германскія Y-храмасомы[69]. Іншы генэтычны аналіз 2005 году выяўляе, што каля 75% адсочваемых продкаў сучаснага брытанскага насельніцтва прыбылі на Брытанскія астравы прыкладна 6200 гадоў таму, у пачатку брытанскага нэаліту альбо каменнага веку, і што брытанцы ў цэлым маюць агульнае паходжаньне з народам баскаў[70].

Найстарэйшая дыяспара мурынаў у каралеўстве месьціцца ў Лівэрпулі і ўзыходзіць прынамсі да 1730-х гадоў да пэрыяду афрыканскага гандлю рабамі. Паводле ацэнак, у гэты пэрыяд афра-карыбскае насельніцтва Вялікабрытаніі складала ад 10 тыяч да 15 тысяч чалавек[71], якое пазьней скарацілася праз адмену рабства[72]. У Вялікабрытаніі таксама маецца найстарэйшая кітайская грамада ў Эўропе, якая датуецца прыбыцьцём кітайскіх маракоў у XIX стагодзьдзі[73]. У 1950 годзе ў Вялікабрытаніі было, верагодна, менш за 20 тысячаў нябелых жыхароў, амаль усе яны нарадзіліся за мяжой[74]. У 1951 годзе ў краіне пражывала каля 94,5 тысячы чалавек, якія нарадзіліся ў Паўднёвай Азіі, Кітаі, Афрыцы і краінах Карыбскага басэйну, што складала крыху менш за 0,2% насельніцтва Вялікабрытаніі. Да 1961 году гэтая колькасьць узрасла больш чым у чатыры разы і склала 384 тысячы чалавек, што сягала ўжо да крыху больш за 0,7% насельніцтва Злучанага Каралеўства. З 1948 году назіраецца значная іміграцыя з Афрыкі, рэгіёну Карыбскага басэйна і Паўднёвай Азіі, што абумоўлена сувязьзю былой мэтраполіі ўнутры Брытанскай імпэрыі[75]. У часы знаходжаньня краіны ў Эўрапейскім Зьвязе далучэньне да зьвязу новых дзяржаваў з Цэнтральнай і Усходняй Эўропы з 2004 году прывяло да росту гэтых групаў насельніцтва, хоць частка гэтай міграцыі была часовай[76]. Найбольшая дыяспара з эўрапейскіх краінаў у Вялікабрытаніі належыць Польшчы.

Дзьвюхмоўная шыльда на доме ў Паўночнай Ірляндыі. Подпіс зьверху па-ангельску, а зьнізу — на ольстэрска-шатляндзкай мове.

Дэ-факта афіцыйнай мовай Вялікабрытаніі ёсьць ангельская. Паводле ацэнак, 5,5% насельніцтва размаўляе на мовах адрозных ад традыцыйных моваў краіны, што тлумачыцца адносна нядаўняй іміграцыяй[77]. У каралеўстве пашыраны паўднёваазіяцкія мовы, улучаючы панджабі, урду, бэнгалі, сылгэці, гіндзі і гуджараці. Паводле перапісу насельніцтва 2011 году, польская мова сталася другой паводле ўжыванасьці мовай у Ангельшчыне, то бок на ёй размаўляюць 546 тысяч чалавек[78]. У 2019 годзе каля трох чвэрцяў мільёну чалавек крыху альбо зусім не гаварылі па-ангельску[79].

У каралеўстве карыстаюцца чатырма кельцкімі мовамі, як то валійская, ірляндзкая, гэльская і корнская. Паводле зьвестак перапісу 2001 году каля 21% насельніцтва Ўэйлза сказалі, што яны здольныя размаўляць па-валійску[80], што больш за 18% паводле перапісу 1991 году[81]. Ва Ўэйлзе школьнікам да 16 гадоў альбо выкладаюць прадметы па-валійску, альбо навучаюць валійскай як другой мове[82].

Ўэстмінстэрскае абацтва ёсьць месцам каранаваньня брытанскіх манархаў — вярхоўных кіраўнікоў Царквы Ангельшчыны.

На тэрыторыі Ангельшчыны існуе царква зь дзяржаўным статутам — Царква Ангельшчыны, сьвецкім кіраўніком якой ёсьць брытанскі манарх. Царква Ангельшчыны — адна з маёнткавых цэркваў, якія ўваходзяць у англіканскую супольнасьць, мае сваім духоўным лідэрам Арцыбіскупа Кэнтэрбэрыйскага.

Паводле дасьледаваньняў, Злучанае Каралеўства ёсьць краінай зь пераважна сэкулярным насельніцтвам, то бок толькі 38% людзей заяўляюць аб сваёй веры ў Бога («a God»)[83], хоць, паводле зьвестках ангельскай царквы на 2005 год 72% насельніцтва Ангельшчыны паказалі сваю рэлігійную прыналежнасьць як хрысьціянскую[84].

Паводле апублікаванага ў красавіку 2008 году дасьледаваньня, праведзенага хрысьціянскім дабрачынным фондам Joseph Rowntree Foundation, «пераважным меркаваньнем» ёсьць погляд на рэлігію як на «сацыяльнае зло»[85].

Культура Злучанага Каралеўства ёсьць багатай і разнастайнай. Яна ў значнай меры ўплывае на культуру ў сусьветным маштабе.

Вялікабрытанія валодае моцнымі культурнымі сувязямі са сваімі былымі калёніямі, асабліва з тымі дзяржавамі, дзе ангельская мова зьяўляецца дзяржаўнай. Значны ўклад у брытанскую культуру за апошнія паўстагодзьдзя ўнесьлі імігранты з Індыйскага субкантынэнту і з краінаў Карыбскага басэйна. Падчас фармаваньня Злучанага Каралеўства ў ягоны склад увайшлі былыя незалежныя дзяржавы з адрознымі адзін ад аднаго культурамі, якія варта разглядаць у асобнасьці. У Вялікабрытаніі быў заснаваны першы каледж міжнароднай супольнасьці.

Нацыянальнымі газэтамі Вялікабрытаніі ёсьць The Times, The Guardian, The Independent, The Daily Telegraph, The Observer, The Financial Times, The Daily Express, The Sun, The Mirror, The People.

Верагодны партрэт Ўільяма Шэксьпіра, які лічыцца, найлепшым драматургам сьвету.

Пад паняткам брытанскай літаратуры разумеюць літаратуру, якая ёсьць зьвязанай з уласна Злучаным Каралеўствам Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі, востравам Мэн і Нармандзкімі астравамі. Большасьць брытанскай літаратуры была створана і працягвае стварацца па-ангельску. У 2005 годзе ў Вялікабрытаніі было выдадзена каля 206 тысяч кніг, а ў 2006 годзе краіна была найбуйнейшай у сьвеце паводле колькасьці выдадзеных кніг у сьвеце[86].

Ангельскі драматург віктарыянскае эпохі Чарлз Дыкенз.

Ангельскі драматург і паэт Ўільям Шэксьпір шырока лічыцца найвялікшым драматургам усіх часоў[87][88][89]. Ангельская літаратарка XX стагодзьдзя Агата Крысьці, якая спэцыялізавалася на напісаньні дэтэктываў, ёсьць самай прадаванай раманісткай усіх часоў[90]. Сярод выбітных пісьменьнікаў Вялікабрытаніі ёсьць шмат жанчынаў, акрамя ўзгаданай Агаты Крысьці, яшчэ вылучаюцца Джордж Эліёт, Вірджынія Ўулф, Шарлота і Эмілі Бронтэ, Мэры Шэлі, Джэйн Остын, Дорыс Лэсінг і Задзі Сьміт[91].

Унёсак Шатляндыі ў брытанскую літаратуру ўлучае працы стваральніка Шэрлака Голмза Артура Конана Дойла, сэра Ўолтэра Скота, Джэймза Мэт’ю Бары, Робэрта Луіса Стывэнсана і паэта Робэрта Бэрнза. Трохі пазьней Г’ю Макдэрмід і Ніл Мілер Ган зрабілі ўнёсак у шатляндзкае Адраджэньне разам з больш змрочнымі творамі Ена Рэнкіна і Ена Бэнкса. Сталіца Шатляндыі Эдынбург стаў першым сусьветным горадам літаратуры ЮНЭСКО[92].

Найстарэйшая вядомая брытанская паэма «І Гадодын» была напісаная, хутчэй за ўсё, у канцы VI стагодзьдзя. Яна была створана на кумбрыйскай альбо старавалійскай мовах і зьмяшчае самае раньняе вядомае згадваньне пра караля Артура[93]. Легенда аб Артуры атрымала далейшае разьвіцьцё дзякуючы Гальфрыду Монмуцкаму[94]. Паэт Давід ап Гвілім лічыцца адным з самых выбітных эўрапейскіх паэтаў свайго часу. Дэніел Оўэн лічыцца першым раманістам на валійскай мове, які апублікаваў «Рыса Льюіса» ў 1885 годзе. Вядучыя ўэйлскія раманісты XX стагодзьдзя ўключаюць Рычарда Льюэліна і Кейт Робэртс[95][96].

Ірляндзкія пісьменьнікі, якія жылі ў той час, калі ўся Ірляндыя была часткай Вялікабрытаніі, уключаюць Оскара Ўайлда[97][98], Брэма Стокера[99] і Джорджа Бэрнарда Шоў[100][101].

Гурт The Beatles ёсьць адным з найбольш камэрцыйна пасьпяховых гуртоў у гісторыі, маючы больш за мільярд рэалізаваных асобнікаў ва ўсім сьвеце[102][103].
Дэйвід Боўі быў адным з найбольш вядомых брытанскіх сьпевакоў. У апытанцы Бі-бі-сі заняў 29 месца ў сьпісе «100 найвялікшых брытанцаў».

У Вялікабрытаніі маюць папулярнасьць розныя музычныя стылі, пачынаючы ад мясцовай народнай музыкі Ангельшчыны, Шатляндыі, Ўэйлза, Ірляндыі і скончваючы гэві-мэталам, трып-попам. Сярод клясычных кампазытараў Вялікабрытаніі і іхных папярэднікаў ёсьць такія асобы, як то Ўільям Бэрд, Гэнры Пэрсэл, Эдўард Элгар, Густаў Голст, Артур Саліван (вядомы дзякуючы сваёй супрацы зь лібрэтыстам Ўільямам Гілбэртам), Ралф Вон-Ўільямз і Бэнджамін Брытэн, піянэр сучаснае брытанскае опэры. Пітэр Макўвэл ёсьць адным з найбольш выбітных жывых кампазытараў і цяперашні Майстар каралеўскай музыкі. Вялікабрытанія таксама ёсьць радзімай сусьветна вядомага Сымфанічнага аркестра Бі-бі-сі. Сярод вядомых брытанскіх дырыгентаў ёсьць такія імёны, як то Сайман Рэтл, Джон Барбіролі, Малкалм Сарджэнт. Знакамітымі кампазытарамі ёсьць Джон Бары, Клінт Мэнсэл, Майк Олдфілд, Джон Паўэл, Крэйг Армстранг, Дэйвід Арналд, Джон Мэрфі і Гэры Грэгсан. Зважаючы на тое, што Георг Фрыдрых Гэндэль і нарадзіўся ў Сьвятой Рымскай імпэрыі, быў натуралізаваным брытанскім грамадзянінам[104].

Эндру Лойд Ўэбэр дасягнуў выбітнасьці і сусьветнага посьпеху і ёсьць аўтарам музыкі для м’юзыклаў, а ягоныя працы цягам многіх гадоў дамінавалі ў лёнданскім Ўэст-Эндзе і часта выкарыстоўваліся на Брадўэі ў Нью-Ёрку[105]. Творы гурта The Beatles разыйшліся колькасьцю болей за мільярд асобнікаў, што робіць гэты калектыў самым камэрцыйна пасьпяховым у гісторыі музыкі. Дзякуючы такой папулярнасьці гурт зрабіў вялізны ўплыў на разьвіцьцё папулярнай музыкі[102][103].

Сярод іншых вядомых прадстаўнікоў брытанскае папулярнай музыкі цягам апошніх 50 гадоў можна вылучыць Queen, Deep Purple, Black Sabbath, Iron Maiden, The Who, Кліфа Рычарда, Bee Gees, Элтана Джона, Led Zeppelin, Pink Floyd і The Rolling Stones, кожны зь якіх пераадолеў мяжу ў больш за 200 мільёнаў прададзеных асобнікаў[106][107][108][109][110][111]. Паводле дасьледваньня Кнігі рэкордаў Гінэса, 8 з 10 гуртоў і сьпевакоў з найвялікшай колькасьцю перамог у Брытанскім чарце нарадзіліся ў Вялікабрытаніі, як то Status Quo[112], Queen, The Rolling Stones, UB40, Depeche Mode, Bee Gees, Pet Shop Boys і Manic Street Preachers. Іншымі выбітнымі і шырока знанымі ў сьвеце выканаўцамі ёсьць Джордж Майкл, Oasis, Spice Girls, Radiohead, Coldplay, Робі Ўільямз, Адэль, Эд Шыран, One Direction, Muse, Род Ст’юарт, Duran Duran ды іншыя.

Стадыён «Ўэмблі» ў Лёндане, які звычайна прымае хатнія матчы зборнай Ангельшчыны па футболе.

Футбол, тэніс, настольны тэніс, бадмінтон, рэгбі-зьвяз, рэгбі-ліга, рэгбі-7, гольф, бокс, нэтбол, воднае пола, хакей на траве, більярд, дартс, веславаньне, раўндэрз і крыкет зьявіліся ці атрымалі істотнае разьвіцьцё ў Вялікабрытаніі, а правілы многіх сучасных відаў спорту, былі вынайдзеныя і кадыфікаваныя ў віктарыянскай Брытаніі ў канцы XIX стагодзьдзя. У 2012 годзе прэзідэнт МАК Жак Роге заявіў, што Вялікабрытанія ёсьць вялікай краінай, якая любіць спорт, і ёсьць шырока прызнанай радзімай сучаснага спорту. Менавіта тут панятак спартовага майстэрства і сумленнай гульні былі ўпершыню кадыфікаваныя ў ясныя правілы і палажэньні. У Вялікабрытаніі спорт быў уключаны ў школьную праграму як выхаваўчы сродак[113][114].

Апытанка 2003 году выявіла, што футбол ёсьць найпапулярнейшым відам спорту ў краіне[115]. Ангельшчына ёсьць прызнаная ФІФА радзімай клюбнага футболу, а Футбольная асацыяцыя ёсьць найстарэйшай асацыяцыяй свайго кшталту. Футбольныя правілы былі ўпершыню распрацаваныя і кадыфікаваныя ў 1863 годзе Эбэнэзэрам Кобам Морлі[116][117]. Кожная з нацыяў у складзе Вялікабрытаніі мае сваю ўласную футбольную асацыяцыю, нацыянальную каманду і сыстэму ліг, і паасобку ўваходзяць да Рады Міжнароднай футбольнай асацыяцыі разам з ФІФА. Вышэйшы дывізіён Ангельшчыны, які мае назоў Прэм’ер-Ліга, ёсьць найпапулярнейшай футбольнай лігай у сьвеце[118]. Першым міжнародным футбольным матчам быў зладжаны паядынак паміж Ангельшчынай і Шатляндыяй, які быў згуляны 30 лістапада 1872 году[119]. Ангельшчына, Шатляндыя, Ўэйлз і Паўночная Ірляндыя звычайна спаборнічаюць як асобныя краіны ў міжнародных спаборніцтвах[120].

Ўімбэлданскі турнір ёсьць найстарэйшым тэнісным турнірам у сьвеце. Ён ладзіца штолета.

У 2003 годзе рэгбі-зьвяз быў прызнаны другім паводле папулярнасьці відам спорту ў Вялікабрытаніі[115]. Яго вынайшлі ў школе рэгбі ў графстве Ўорўікшыр, і першы міжнародны матч рэгбі ладзіўся 27 сакавіка 1871 году, дзе таксама як і ў першым футбольным матчы сустракаліся зборныя Ангельшчыны і Шатляндыяй[121][122]. Ангельшчына, Шатляндыя, Ўэйлз, Ірляндыя, Францыя і Італія ўдзельнічаюць у розыгрышу Кубка шасьці нацыяў, які ёсьць галоўным міжнародным турнірам у паўночным паўшар’і. Спартовыя кіроўныя ворганы ў Ангельшчыне, Шатляндыі, Ўэйлзе і Ірляндыі ладзяць і рэгулююць гульні асобна[123]. Кожныя чатыры гады Ангельшчына, Ірляндыя, Шатляндыя і Ўэйлз ствараюць аб’яднаную дружыну, вядомую як Брытанскія і Ірляндскія Ільвы, якая наведвае Аўстралію, Новую Зэляндыю і ПАР.

Крыкет таксама быў вынайдзены ў Ангельшчыне. Ягоныя правілы былі кадыфікаваныя крыкетным клюбам «Мэрылебон» у 1788 годзе[124]. У адрозьненьні ад вышэй узгаданных відах спорту ў крыкеце Ангельшчына і Ўэйлз маюць толькі адзіную зборную, у той час ірляндзкая і шатляндзкая дружыны кіруюцца ўласнымі асобнымі арганізацыямі. Сучасная гульня ў тэніс зарадзілася ў ангельскім Бірмінггэме ў 1860-х гадах, перш чым распаўсюдзілася ва ўсім сьвеце[125]. Найстарэйшы ў сьвеце тэнісны турнір, Ўімбэлданскі турнір, упершыню ладзіўся ў 1877 годзе, а сёньня гэтае спаборніцтва доўжыцца штогод на працягу двух тыдняў у канцы чэрвеня і пачатку ліпеня[126]. Таксама ў Вялікабрытаніі папулярны аўтаспорт, то бок многія каманды і гоначнікі Формулы-1 базуюцца ў краіне, а ейныя прадстаўнікі часьцяком здабываюць перамогі ў гонках. Аўтадром у Сылвэрстоўне штогод прымае этап гэтае прэстыжнае гонкі[127]. Гольф ёсьць шостым паводле папулярнасьці відам спорту ў Вялікабрытаніі. Сярод іншых папулярных відаў спорту трэба вылучыць бокс, снукер, гэльскі футбол і шынці.

На Алімпійскіх гульнях Вялікабрытанія спаборнічае, як адзіная краіна, не падзяляючыся на нацыі. Акрамя таго, Вялікабрытанія стала ўдзельнічае ў Гульнях Садружнасьці нацыяў, дзе прымаюць ўдзел краіны, якія раней уваходзілі ў склад Брытанскае імпэрыі.

  1. ^ https://unstats.un.org/unsd/demographic/products/dyb/dyb2012/Table03.pdf
  2. ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SP.POP.TOTL?locations=GB
  3. ^ а б 2020 Democracy Index
  4. ^ а б Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  5. ^ а б Ruling the Root: Internet Governance and the Taming of CyberspaceISBN 978-0-262-63298-0
  6. ^ а б Official country code for Britain = GB or UK?
  7. ^ «Toponymic guidelines for the United Kingdom». GOV.uk.
  8. ^ «Countries within a country». Prime Minister’s Office.
  9. ^ «Definition of Great Britain in English». Oxford University Press.
  10. ^ «Office for National Statistics». GOV.uk.
  11. ^ «The British Monarchy, What is constitutional monarchy?». GOV.uk.
  12. ^ «Queen takes over longest reign mantle after Thailand’s King Bhumibol dies». AOL.
  13. ^ D. Clark (17 January 2022). «Largest UK cities 2020». Statista.
  14. ^ «Country Overviews: United Kingdom». Transport Research Knowledge Centre.
  15. ^ «Key facts about the United Kingdom». Directgov.
  16. ^ «Supporting the Overseas Territories». Foreign and Commonwealth Office.
  17. ^ Julian Go (2007). «A Globalizing Constitutionalism?, Views from the Postcolony, 1945—2000». In Arjomand, Saïd Amir (ed.). Constitutionalism and political reconstruction. Brill. — С. 92—94. — ISBN 978-90-04-15174-1.
  18. ^ а б в г «United Kingdom». The World Factbook.
  19. ^ а б Latimer Clarke Corporation Pty Ltd. «United Kingdom». Atlapedia.
  20. ^ ROG Learning Team (23 August 2002). «The Prime Meridian at Greenwich». Royal Museums Greenwich.
  21. ^ «Greenwich Royal Observatory: How the Prime Meridian line is actually 100 metres away from where it was believed to be». The Independent.
  22. ^ Darkes, Giles (January 2008). «How long is the UK coastline?». The British Cartographic Society.
  23. ^ «The Channel Tunnel». Eurotunnel.
  24. ^ «England — Profile». BBC News.
  25. ^ «Scotland Facts». Scotland Online Gateway.
  26. ^ Winter, Jon (1 June 2000). «The complete guide to the... Scottish Islands». The Independent.
  27. ^ «Overview of Highland Boundary Fault». Gazetteer for Scotland.
  28. ^ «Great Britain’s tallest mountain is taller». Ordnance Survey.
  29. ^ «Ben Nevis Weather». Ben Nevis Weather.
  30. ^ «Profile: Wales». BBC News.
  31. ^ «Geography of Northern Ireland». University of Ulster.
  32. ^ «Hottest day of each year from 1900». Trevor Harley.
  33. ^ «Coldest day of each year from 1900». Trevor Harley.
  34. ^ «Atlantic Ocean Circulation (Gulf Stream)». UK Climate Projections.
  35. ^ «The Institution of Prime Minister — History of government». GOV.uk.
  36. ^ «General elections». Parliament.uk.
  37. ^ «Principles for Economic Regulation». Department for Business, Innovation & Skills.
  38. ^ «Currency Composition of Official Foreign Exchange Reserve — At a Glance». International Monetary Fund.
  39. ^ «More About the Bank». Bank of England.
  40. ^ «UK index of services: October 2017». Office for National Statistics.
  41. ^ «GFCI 27 Rank». Long Finance.
  42. ^ «Global city GDP rankings 2008—2025». PricewaterhouseCoopers.
  43. ^ Bremner, Caroline (10 January 2010). «Euromonitor International’s Top City Destination Ranking». Euromonitor International.
  44. ^ «From the Margins to the Mainstream — Government unveils new action plan for the creative industries». DCMS.
  45. ^ «UK Internal Market Bill». Institute for Government.
  46. ^ «European Countries — United Kingdom». Europa.
  47. ^ Harrington, James W.; Warf, Barney (1995). «Industrial location: Principles, practices, and policy». London: Routledge. — С. 121. — ISBN 978-0-415-10479-1.
  48. ^ Spielvogel, Jackson J. (2008). «Western Civilization: Alternative Volume: Since 1300». Belmont, CA: Thomson Wadsworth. — ISBN 978-0-495-55528-5.
  49. ^ Porter, Andrew (1998). «The Nineteenth Century, The Oxford History of the British Empire Volume III». Oxford University Press. — С. 8. — ISBN 978-0-19-924678-6.
  50. ^ Marshall, PJ (1996). «The Cambridge Illustrated History of the British Empire». Cambridge University Press. — С. 156—157. — ISBN 978-0-521-00254-7.
  51. ^ Hewitt, Patricia (15 July 2004). «TUC Manufacturing Conference». Department of Trade and Industry.
  52. ^ «Motor Industry Facts 2016». Society of Motor Manufacturers and Traders.
  53. ^ Tovey, Alan (29 June 2016). «Britain’s aerospace sector soars amid fears Brexit could clip its wings». The Daily Telegraph.
  54. ^ Robertson, David (9 January 2009). «The Aerospace industry has thousands of jobs in peril». The Times.
  55. ^ «Agriculture in the United Kingdom». Department for Environment, Food and Rural Affairs.
  56. ^ Георгі Грыц. Генэрацыя выгады, або Навошта краінам свае АЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лістапада 2023 г. Праверана 14 лістапада 2023 г.
  57. ^ Продажы ровараў перавысілі продажы аўтамабіляў // Газэта «Зьвязда», 4 сьнежня 2013 г. Праверана 11 верасьня 2020 г.
  58. ^ «UK officially in recession for first time in 11 years». BBC.
  59. ^ «Census Geography». Office for National Statistics.
  60. ^ а б в г д «2011 Census: Population Estimates for the United Kingdom». Office for National Statistics.
  61. ^ «Annual Mid-year Population Estimates, 2010». Office for National Statistics.
  62. ^ «Population Estimates for UK, England and Wales, Scotland and Northern Ireland, Mid—2015». Office for National Statistics.
  63. ^ Khan, Urmee (16 September 2008). «England is most crowded country in Europe». The Daily Telegraph.
  64. ^ Carrell, Severin (17 December 2012). «Scotland’s population at record high». The Guardian.
  65. ^ «Vital statistics: population and health reference tables». Office for National Statistics.
  66. ^ «Vital Statistics: Population and Health Reference Tables (February 2014 Update): Annual Time Series Data». Office for National Statistics.
  67. ^ «Tables, Graphs and Maps Interface (TGM) table». Eurostat.
  68. ^ «Welsh people could be most ancient in UK, DNA suggests». BBC News.
  69. ^ Thomas, Mark G.; et al. (October 2006). «Evidence for a segregated social structure in early Anglo-Saxon England». Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences. 273 (1601): 2651—2657. doi:10.1098/rspb.2006.3627. PMC 1635457. PMID 17002951.
  70. ^ Owen, James (19 July 2005). «Review of 'The Tribes of Britain'». National Geographic
  71. ^ «Black Presence». Victoria and Albert Museum.
  72. ^ Winder, Robert (2010). «Bloody Foreigners: The Story of Immigration to Britain». ISBN 978-0-7481-2396-4.
  73. ^ «Culture and Ethnicity Differences in Liverpool — Chinese Community». Chambré Hardman Trust.
  74. ^ Coleman, David; Compton, Paul; Salt, John (2002). «The demographic characteristics of immigrant populations». Council of Europe. — С. 505. — ISBN 978-92-871-4974-9.
  75. ^ «Short History of Immigration». BBC News.
  76. ^ Vargas-Silva, Carlos (10 April 2014). «Migration Flows of A8 and other EU Migrants to and from the UK». Migration Observatory, University of Oxford.
  77. ^ «Languages across Europe: United Kingdom». BBC.
  78. ^ Booth, Robert (30 January 2013). «Polish becomes England’s second language». The Guardian.
  79. ^ «The teenagers who translate for their parents». BBC News.
  80. ^ «Welsh Language». National Statistics Office.
  81. ^ «Differences in estimates of Welsh Language Skills». Office for National Statistics.
  82. ^ «Education in Welsh». BBC Wales.
  83. ^ Апытанне Eurobarometer, праведзены ў 2005 году|1.64 MiB}} стар. 9.
  84. ^ Church Statistics 2005/6(недаступная спасылка)
  85. ^ Robert Watts. «Religion is ‘the new social evil’»(недаступная спасылка). The Sunday Times 20 красавіка 2008 г.
  86. ^ Goldfarb, Jeffrey (10 May 2006). «Bookish Britain overtakes America as top publisher». RedOrbit.
  87. ^ «William Shakespeare». Britannica Encyclopedia.
  88. ^ «Shakespeare». MSN Encarta.
  89. ^ «William Shakespeare». Columbia Electronic Encyclopedia.
  90. ^ «Mystery of Christie’s success is solved». The Daily Telegraph.
  91. ^ Ciabattari, Jane (December 2015). «The 25 greatest British novels». BBC.
  92. ^ «Edinburgh, UK appointed first UNESCO City of Literature». UNESCO.
  93. ^ «Early Welsh poetry». BBC Wales.
  94. ^ Lang, Andrew (2003) [1913]. «History of English Literature from Beowulf to Swinburne». Holicong, PA: Wildside Press. — С. 42. — ISBN 978-0-8095-3229-2.
  95. ^ «True birthplace of Wales’s literary hero». BBC News.
  96. ^ «Kate Roberts: Biography». BBC Wales.
  97. ^ Varty, Anne (2014). «A Preface to Oscar Wilde». Routledge. — С. 231—232. — ISBN 978-1-317-89231-1.
  98. ^ «Oscar Wilde». Encyclopedia.
  99. ^ Moss, Joyce (2001). «British and Irish Literature and Its Times: The Victorian Era to the Present (1837—)». Gale Group. — С. 107. — ISBN 978-0-7876-3729-3.
  100. ^ Holroyd, Michael (1989). «Bernard Shaw, Volume 2: 1898–1918: The Pursuit of Power». Chatto & Windus. — С. 384. — ISBN 978-0-7011-3350-4.
  101. ^ «G B Shaw». Discovering Literature: 20th century. British Library.
  102. ^ а б «1960–1969». EMI Group Ltd.
  103. ^ а б «Paul At Fifty: Paul McCartney». The Time.
  104. ^ «Handel: where to start with his music». The Guardian
  105. ^ Citron, Stephen (2001). «Sondheim and Lloyd-Webber: The new musical». Chatto & Windus. London. — ISBN 9781856192736.
  106. ^ «British rock legends get their own music title for PlayStation3 and PlayStation2». EMI.
  107. ^ Khan, Urmee (17 July 2008). «Sir Elton John honoured in Ben and Jerry ice cream». The Daily Telegraph.
  108. ^ Alleyne, Richard (19 April 2008). «Rock group Led Zeppelin to reunite». The Daily Telegraph.
  109. ^ «Floyd 'true to Barrett’s legacy'». BBC News.
  110. ^ Holton, Kate (17 January 2008). «Rolling Stones sign Universal album deal». Reuters.
  111. ^ Walker, Tim (12 May 2008). «Jive talkin’: Why Robin Gibb wants more respect for the Bee Gees». The Independent.
  112. ^ «Status Quo hold UK singles record». BBC News.
  113. ^ «Opening ceremony of the games of the XXX Olympiad». Olympic.
  114. ^ «Unparalleled Sporting History». Reuters.
  115. ^ а б «Rugby Union 'Britain’s Second Most Popular Sport'». Ipsos-Mori.
  116. ^ Rudd, Alyson (7 April 2008). «The father of football deserves much more». The Times.
  117. ^ «Sheffield FC: 150 years of history». FIFA.
  118. ^ Ebner, Sarah (2 July 2013). «History and time are key to power of football, says Premier League chief». The Times.
  119. ^ Mitchell, Paul (November 2005). «The first international football match». BBC Sport Scotland.
  120. ^ «Why is there no GB Olympics football team?». BBC Sport.
  121. ^ «Six ways the town of Rugby helped change the world». BBC.
  122. ^ Godwin, Terry; Rhys, Chris (1981). «The Guinness Book of Rugby Facts & Feats». — С. 10. Enfield: Guinness Superlatives Ltd.
  123. ^ Louw, Jaco; Nesbit, Derrick (2008). «The Girlfriends Guide to Rugby». Johannesburg: South Publishers. — ISBN 978-0-620-39541-0.
  124. ^ Colin White (2010). «Projectile Dynamics in Sport: Principles and Applications». Routledge. — С. 222.
  125. ^ «History of Tennis». International Tennis Federation.
  126. ^ Morley, Gary (22 June 2011). «125 years of Wimbledon: From birth of lawn tennis to modern marvels». CNN.
  127. ^ «The History of British Motorsport and Motor Racing at Silverstone — The 1950s». Silverstone.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]