Індустрыяльная рэвалюцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ткацкі станок Робэртса 1835 году. Вытворчасьць тэкстылю была вядучай галіной прамысловай рэвалюцыі і мела найбольш мэханізаваныя заводы, якія сілкаваліся ад энэргіі вадзянога кола або паравога рухавіка.

Індустрыя́льная рэвалю́цыя — пераход ад ручной, рамёсна-мануфактурнай да вялікай машыннай фабрычна-завадзкой вытворчасьці ў пэрыяд ад прыкладна 1760 году да прыкладна 1820—1840 гадоў. Важным складнікам прамысловай рэвалюцыі было ўкараненьне ў вытворчасьць і транспарт працоўных машын і мэханізмаў, якія замянілі ручную працу людзей, стварэньне самастойнай машынабудаўнічай галіны. Гэты пераход уключае ў сябе зьмяненьне мэтадаў вытворчасьці, стварэньне новай хімічнай вытворчасьці і зьмяненьне вытворчых працэсаў вырабу жалеза, усё больш шырокае выкарыстаньне энэргіі пары, распрацоўка і будаваньне станкоў і рост фабрычнай сыстэмы.

Вырабніцтва тэкстылю стала дамінуючай галіной індустрыяльнай рэвалюцыі з пункту гледжаньня занятасьці, коштаў прадукцыі і інвэставанага капіталу. Тэкстыльная прамысловасьць стала таксама першай галіной, дзе былі выкарыстаны сучасныя мэтады вытворчасьці[1].

Індустрыяльная рэвалюцыя пачалася ў Вялікабрытаніі, і, такім чынам, шматлікія тэхналягічныя навінкі таго пэрыяду праз гэта маюць брытанскае паходжаньне[2]. Традыцыйная аграрная эканоміка была замешчаная эканомікай, у якой стала дамінаваць вытворчасьць машын і мэханічная вытворчасьць, якая стала магчымай пасьля вынаходзтва паравога рухавіка. Гэта зьмяніла балянс палітычных сіл ад лэндлордаў у бок прамыслоўцаў і спрыяла стварэньню гарадзкой працоўнай клясы. Варта адзначыць, што да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя Вялікабрытанія сталася вядучай камэрцыйнай нацыяй у сьвеце[3], кантралюючы глябальную гандлёвую імпэрыю з калёніямі ў Паўночнай Амэрыцы і Афрыцы, і зь вялікім палітычным уплывам на Індыйскім субкантынэнце, у рамках дзейнасьці Ост-Індзкай кампаніі[4]. Разьвіцьцё гандлю і рост бізнэсу былі асноўнымі прычынамі індустрыяльнай рэвалюцыі[1]. З 1830 году да пачатку ХХ стагодзьдзя прамысловая рэвалюцыя распаўсюдзілася на Эўропу, ЗША і Японію.

Індустрыяльная рэвалюцыя азначае сабой важны паваротны момант у гісторыі, то бок яна ў рознай ступені паўплывала нейкім чынам амаль на кожны аспэкт паўсядзённага жыцьця. У прыватнасьці, сярэдні даход і колькасьць насельніцтва пачало праяўляць беспрэцэдэнтны ўстойлівы рост. Некаторыя эканамісты маюць меркаваньне, што менавіта дзякуючы індустрыяльнай рэвалюцыі ўзровень жыцьця насельніцтва ў цэлым стаў пасьлядоўна паляпшацца, упершыню ў гісторыі[5][6][7].

СУП на душу насельніцтва ў цэлым быў стабільным да індустрыяльнай рэвалюцыі, аднак менавіта з пачаткам індустрыяльнай рэвалюцыі пачалася эпоха эканамічнага росту ў капіталістычных краінах[8]. Некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, што пачатак індустрыяльнай рэвалюцыі зьяўляецца самай важнай падзеяй у гісторыі чалавецтва з моманту адамашненьня жывёл і расьлін[9].

Інавацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак індустрыяльнай рэвалюцыі цесна зьвязаны зь некаторымі інавацыямі, якія былі прыўнесеныя ў жыцьцё ў XVIII стагодзьдзі:

  • Тэкстыль — прадзеньне бавоўны пры дапамозе прадзільнай машыны «Waterframe» Рычарда Аркрайта. Вынаходзтва гэтага і іншых прыладаў падвысіла колькасьць тэкстыльных прадпрыемстваў.
  • Энэргія пары — паравая машына, удасканаленая Джэймзам Ўатам, спачатку выкарыстоўвалася на шахтах, але потым быў выкарыстаны ў звычайнай вытворчасьці. Укараненьне паравых машын прывяло да стварэньня вялікай колькасьці паўаўтаматызаваных вытворчых прадпрыемстваў, асабліва ў месцах, дзе энэргія вады была недасяжная.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б David S. Landes (1969). «The Unbound Prometheus». Press Syndicate of the University of Cambridge. ISBN 0-521-09418-6.
  2. ^ Horn, Jeff; Rosenband, Leonard; Smith, Merritt (2010). «Reconceptualizing the Industrial Revolution». Cambridge MA, USA, London: MIT Press. ISBN 978-0262515627.
  3. ^ Reisman, George (1998). «Capitalism: A complete understanding of the nature and value of human economic life». Jameson Books. — С. 127. — ISBN 0-915463- 73-3.
  4. ^ Landes, David (1999). «The Wealth and Poverty of Nations». W. W. Norton & Company. ISBN 978-0393318883.
  5. ^ Lucas, Robert E., Jr. (2002). «Lectures on Economic Growth». Cambridge: Harvard University Press. — С. 109–10. — ISBN 978-0-674-01601-9.
  6. ^ Feinstein, Charles (September 1998). «Pessimism Perpetuated: Real Wages and the Standard of Living in Britain during and after the Industrial Revolution». Journal of Economic History. 58 (3): 625–58.
  7. ^ Szreter & Mooney; Mooney (February 1998). «Urbanization, Mortality, and the Standard of Living Debate: New Estimates of the Expectation of Life at Birth in Nineteenth-Century British Cities». The Economic History Review. 51 (1): 104.
  8. ^ Lucas, Robert (2003). «The Industrial Revolution Past and Future». Federal Reserve Bank of Minneapolis.
  9. ^ «Review of The Cambridge Economic History of Modern Britain. Edited by Roderick Floud and Paul Johnson. Cambridge University Press». Prudentia.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Індустрыяльная рэвалюцыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў