Перайсьці да зьместу

Урду

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Урду
اُردُو

     Тэрыторыі Індыі й Пакістану, дзе ўрду зьяўляецца афіцыйнай або адной з афіцыйных моваў

Ужываецца ў Пакістане, Індыі
Рэгіён Індастан
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў у краінах: Пакістан,
у тэрыторыях: Андгра-Прадэш, Дэлі, Джаму і Кашмір, Карнатака, Магараштра, Утар-Прадэш, Заходняя Бэнгалія (Індыя)
Рэгулюецца Нацыянальнай Радай па мове (Пакістан),
Нацыянальнай Радай па прасоўваньні ўрду (Індыя)
Статус: 1 дзяржаўная[d][1]
Пісьмо Urdu orthography[d]
Коды мовы
ISO 639-1 ur
ISO 639-2(Б) urd
ISO 639-2(Т) urd
ISO 639-3 urd

Урду́ (саманазва: اُردُو, вымаўл. [ˈʊrd̪uː]) — стандартызаваны рэгістар мовы гіндустані, гістарычна зьвязаны з культурай мусульманскага насельніцтва паўвостраву Індастан, адна зь літаратурных моваў рэгіёну. За выняткам спэцыфічнае лексыкі ўрду зьяўляецца ўзаемназразумелай зь іншай літаратурнай мовай, што лічыцца рэгістрам гіндустані — гіндзі.

Урду й гіндзі зьяўляюцца практычна ідэнтычнымі ў марфалягічнай структуры, а таксама, на размоўным узроўні, у лексычным і фанэтычным дачыненьні. З агульным улікам гіндзі і ўрду носьбіты абедзьвюх літаратурных моваў складаюць чацьвертую ў сьвеце супольнасьць носьбітаў, саступаючы толькі кітайскай, ангельскай і гішпанскай мовам.

Пачынаючы з канца пэрыяду Вялікіх Маголаў у ХІХ ст. розныя дыялектныя формы гіндустані набываюць статус лінгва-франка ў большай частцы Паўднёвай Азіі. У цяперашні час літаратурная ўрду зьяўляецца адной зь дзяржаўных моваў Пакістану (поруч з ангельскай) і мовай міжнацыянальнае камунікацыі ў краіне, апрача таго, мова знаходзіцца ў сьпісе 23 афіцыйных моваў Індыі ды мае афіцыйны статус у шасьці штатах гэтае краіны.

Як і літаратурная гіндзі, урду зьяўляецца адным з рэгістраў (літаратурным варыянтам) мовы гіндустані. Абодва рэгістры заснаваныя на дыялекце кгары-болі — гістарычна прэстыжным дыялекце гіндустані, распаўсюджаным перадусім у навакольлях Дэлі[2]. У генэтычным дачыненьні гіндустані адносіцца да моваў цэнтральнае зоны, якая ўваходзіць у склад індаарыйскае групы індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў.

Этымалёгія слова ўрду́ зьвязваецца зь цюрскім ordu[3]. Падобную этымалёгію ў беларускай мове таксама мае тэрмін «арда́». Этымалёгія назвы ўрду таксама выводзіцца з пэрсыдзкага زبانِ اُردُوئے معلّٰى ([zəbaːn eː ʊrd̪u eː moəllaː]) — «мова арыстакратычнага двару»[4].

Паходжаньне ўрду зьвязанае з гаворкамі дыялекту кгарыболі мовы гіндустані, якая, у сваю чаргу, непасрэдна паходзіць ад сярэднеіндыйскіх формаў маўленьня, вядомых пад тэрмінам апабгранша. Такое ж паходжаньне маюць усе сучасныя мовы індаарыйскае групы моваў.

Ад часу ўзьнікненьня Дэлійскага Султанату й Імпэрыі Вялікіх Маголаў і да ўсталяваньня брытанскага кіраваньня на тэрыторыі Індастану гіндустані зьяўлялася літаратурнай мовай як індуістаў, так і мусульманаў рэгіёну, пры гэтым пры запісе мовы выкарыстоўваўся пэрсыдзкі варыянт арабскага пісьма. У гэтую эпоху мова згадвалася пераважна як гіндзі, гіндаві, дэглаві.

У 1837 годзе мова страчвае ранейшы статус, у якасьці моваў справаводзтва зацьвярджаюцца пэрсыдзкая й ангельская мовы, што стала прычынаю пратэстаў індуістаў паўночнага захаду Індыі, якія імкнуліся да выкарыстаньня ў мэтах пісьмовасьці дэванагары — старэйшага ў параўнаньні з арабскім пісьма, якое гістарычна выкарыстоўвалася для запісу індаарыйскіх моваў рэгіёну. Дадзены рух спрычыніўся да замены мовы справаводзтва новай літаратурнай мовай гіндзі на аснове дэванагары і заклала супрацьпастаўленьне ўрду й гіндзі, якія ў народнай сьвядомасьці пачалі ўспрымацца як мовы мусульманскага й індуісцкага насельніцтва краіны адпаведна. Падобная палітыка агулам канчаткова аформілася з падзелам Брытанскай Індыі на ўласна Індыю, дзе афіцыйны статус набыла літаратурная мова гіндзі з выкарыстаньнем дэванагары, і Пакістан, у якім усталявалася ідэалёгія пабудовы дзяржавы мусульманаў былой Брытанскай Індыі, а афіцыйны статус атрымала літаратурная ўрду на аснове арабскай графікі. Цягам існаваньня незалежнага Пакістану ў якасьці літаратурнага стандарту ўрду ўсталявалася норма зь вялікай ступеньню пэрсыфікаванага маўленьня.

Сярод дзеячоў пакістанскага руху, якія былі зацікаўленыя ў стварэньні дзяржавы на аснове мусульманскіх тэрыторыяў Брытанскай Індыі, урду атрымала папулярнасьць як мажлівая будучая міжнацыянальная мова для розных этнічным паходжаньнем мусульманаў Індастану. Аднак рух, які ставіў на мэце аб’яднаньне індыйскіх мусульманаў пры дапамозе адзінай мовы, пачаў афармляцца з падзеньнем Вялікіх Маголаў ужо ў сярэдзіне ХІХ ст. Так, на падтрымку пазыцыяў урду выступаў інтэлектуал Сіед Агмэд Хан, які абараняў пазыцыі ўрду ва ўсіх галінах грамадзтва паўночнай Індыі, але ўрэшце быў змушаны звузіць уласныя ідэі да прыняцьця ўрду толькі як мовы мусульманаў рэгіёну[5]. У 1920-х гадох Магатма Гандзі, які ў пэўныя часы выступаў супраць ідэі незалежнага Пакістану, выступаў з намаганьнямі аднаўленьня ідэі адзінай мовы гіндустані, што ўрэшце было адрынута ідэолягамі пакістанскага руху, якія нефармальна здолелі зацьвердзіць урду як сымбаль руху за дзяржаву мусульманаў Індастану.

Прадпрымаліся спробы выкарыстаньня пурыстычнай моўнай палітыкі адносна гіндзі й урду, мэтаю якой зьяўлялася замена запазычваньняў санскрыцкага й пэрсыдзкага паходжаньня ў гіндзі й урду адпаведна. Тым ня менш, пры засваеньні прафэсійнае лексыкі працягваецца шырокае выкарыстаньне арабскай мовы й фарсі ды санскрыту адпаведна, з прычыны чаго літаратурныя мовы захоўваюць моцны іншамоўны ўплыў.

У новай і найноўшай гісторыі заўважны ўплыў на ўрду аказвае ангельская мова, якая зьяўляецца ў цяперашні час асноўнай міжнароднай мовай сьвету й адной зь дзяржаўных моваў Пакістану ды Індыі.

Разьвіцьцё літаратуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З прычыны гістарычнага шырокага выкарыстаньня пэрсыдзкае мовы як прэстыжнае мовы ў пісьмовай дзейнасьці паўночнага Індастану разьвіцьцё літаратурнай дзейнасьці на ўрду мае шэраг асаблівасьцяў, у прыватнасьці, гісторыя літаратуры на ўрду пачынае адлічвацца з параўнальна позьняга пэрыяду.

Гістарычныя сувязі й функцыі ўрду абумоўлівалі пашырэньне ў літаратуры на ўрду перакладаў мусульманскіх рэлігійных тэкстаў і арабскіх ды пэрсыдзкіх клясычных працаў. Статус урду як лінгва-франка мусульманскага насельніцтва Індастану спрычыніўся да значна большага прадстаўленьня рэлігійнае тэматыкі ва ўрду літаратуры ў параўнаньні зь іншымі мовамі рэгіёну. Сярод раньніх працаў на нерэлігійную тэматыку адзначаецца Лал-Кітаб Пандыта Рупа Чанда Джошы — астралягічны трактат, складзены ў эпоху шырокага распаўсюджваньня ўрду ў асяродку брагманаў рэгіёну (XVIII ст.)

У прозе на ўрду атрымалі вялікую папулярнасьць празаічныя творы ў жанры казкі або апавяданьня (М. Прэмчанд, С. Гасан Манто, Р. Сынгг Бэдзі, К. Чандэр, К. Гайдэр, І. Чуггтай, Г. Абас, А. Надым Касымі). З канца мінулага стагодзьдзя пачынаецца творчасьць у жанры раману, які абапіраецца галоўным чынам на ангельскія літаратурныя традыцыі. Звычайна кожны традыцыйны жанр мае ўласнае найменьне ў мове, ня будучы пазычанымі зь іншых моваў.

Шырока распрацаваная паэтычная традыцыя. Паэзія на мове ўрду традыцыйна падзяляецца на два вялікія жанры — газэль (абстрактная тэматыка) і назм (апавяданьне або сатыра), апошні ўключае жанры панэгірыку, элегіі або паэмы; кожны з жанраў таксама мае традыцыйныя назвы. У жанры панэгірыку разьвілася нат — паэзія, складзеная ў гонар Мухамаду, гэты жанр можа ўключацца ў катэгорыю газэль і вар’іравацца паводле насычанасьці пэрсыдзкай лексыкай у творах. А. Рэза Хан Барэлві складаў наты, у якім у кожнай страфе спалучаліся тэксты на арабскай, пэрсыдзкай мовах, фармальнай урду й гутарковай гіндзі. Апрача згаданых жанраў, прыкметнымі зьяўляюцца творы на тэму шанаваньня ісламскіх пакутнікаў. Асаблівае выкарыстаньне мае псэўданім, які часта выкарыстоўваўся паэтамі, і ў мясцовым літаратуразнаўстве згадваецца пасьля сапраўднага імя. Псэўданім звычайна прадстаўляе сабою выдуманае імя, якое, аднак, можа супадаць з сапраўдным.

Найвядомым паэтам у мове ўрду лічыцца Мугамад Ікбал, які пісаў у першай палове ХХ стагодзьдзя. Прадстаўляў погляды мусульманаў Індастану, і лічыцца «духоўным бацькам» Пакістану.

Колькасьць носьбітаў урду хістаецца ў залежнасьці ад зьвестак і прынцыпаў ацэньваньня, аднак вядома, што ўрду зьяўляецца роднай для прынамсі ня больш за 70 млн. чалавек па ўсім сьвеце.

Лінгвістычны даведнік Ethnologue, спасылаючыся на вынікі нацыянальных перапісаў насельніцтва, сьведчыць, што больш за 51 млн. асобаў, якія лічаць урду роднай, пражываюць у Індыі, складаючы каля 6% ад насельніцтва; у Пакістане, у сваю чаргу, пражывае прыкладна 10 млн. чалавек, для якіх урду ёсьць роднаю, і дадаткова блізу 94 млн. чалавек, якія выкарыстоўваюць урду ў якасьці другой мовы[6].

Вялікія супольнасьці носьбітаў урду прадстаўленыя дыяспарай, асабліва ў Вялікабрытаніі, Саудаўскай Арабіі, ЗША і Банглядэш, у якіх носьбіты ўрду агулам складаюць прыкладна некалькі соцень тысячаў чалавек. У Банглядэш урду вядомая пераважна пад тэрмінам бігары, аднак пад гэтым жа тэрмінам можа быць вядомая група моваў (мова) у складзе ўсходняй зоны індаарыйскае групы, распаўсюджаная ў асноўным ва ўсходняй частцы цэнтральнай Індыі[7].

Праблема вызначэньня колькасьці носьбітаў урду, у тым ліку асобаў, якія лічаць мову ўрду роднай, ускладняецца дзякуючы цяжкасьці адрозьненьня носьбітаў гіндзі ад носьбітаў урду ў Пакістане й носьбітаў урду ад носьбітаў гіндзі ў Індыі. Апрача таго, цяжкую ідэнтыфікацыю мае паказчык асобаў, для якіх урду зьяўляецца другой мовай.

Трохмоўны ўказальнік у Дэлі, урду — уверсе.

Мова ўрду мае дзяржаўны статус у Пакістане поруч з ангельскай мовай, у Індыі мова зьяўляецца адной з афіцыйных моваў некалькіх штатаў і занесеная ў сьпіс 23 моваў, прызнаных фэдэральным урадам краіны.

Урду зьяўляецца роднаю мовай менш як для 10% ад насельніцтва Пакістану, але пры разьвіцьці пакістанскага руху й наступным стварэньні дзяржавы Пакістан урду была абраная ў якасьці лінгва-франка, якая, ня будучы нацыянальнай мовай будзь-якога буйнога этнасу краіны, магла б выконваць ролю мовы міжнацыянальнае камунікацыі ў Пакістане, які ўключыў шматнацыянальныя тэрыторыі. З гэтае прычыны ўрду зьяўляецца абавязковым прадметам для выкладаньня ў сярэдніх школах краіны, што, між іншага, можа прыводзіць да адсутнасьці ведаў па пісьмовай норме роднае мовы. Праз падобны сацыялінгвістычны статус урду ў краіне адзначаюцца ўзаемныя адстратныя ўзаемаадносіны між урду й нацыянальнымі мовамі народаў Пакістану.

У Індыі ўрду зьяўляецца адной з 23 фэдэральна прызнаных моваў краіны й мае афіцыйны статус у штатах Андгра-Прадэш, Джаму і Кашмір, Карнатака, Магараштра, Утар-Прадэш і Заходняя Бэнгалія. У краіне даступнае вывучэньне ўрду празь сетку мэдрэсэ (мусульманскія духоўныя вучэльні), існуе больш за 3000 урдумоўных публікацыяў, у тым ліку 405 штодзённых газэтных выданьняў.

Урду мае параўнальна шырокі статус у мусульманскім сьвеце: так, у Мэцы й Мэдыне, рэлігійных цэнтрах ісламу, інфармацыйныя шыльды, як правіла, прадубляваныя на ўрду[8].

Ва ўрду традыцыйна прынята вылучаць дзьве дыялектныя групы — дакгіні й рэкгта, асобна вылучаецца паняцьце сучаснай размоўнай мовы ўрду, якая заснаваная на гаворках дыялекту кгарыболі (гл. вышэй).

Дыялекты дакгіні распаўсюджаныя на поўдні Індыі (плято Дэкан) і адрозьніваюцца больш шырокай наяўнасьцю лексыкі арабскага, пэрсыдзкага, цюрскага паходжаньня, а таксама запазычваньняў з навакольных індаарыйскіх моваў, маратгі ды канкані. У дыялекталёгіі можа асобна ўлічвацца маўленьне пакістанскіх носьбітаў урду, якія з гістарычных прычынаў зьведалі большае ўспрыманьне араба-пэрсыдзкае лексыкі й разьвілі ўласныя інавацыі ў прасодыі й фанэтыцы. Пад тэрмінам рэкгта ў лінгвістыцы разглядаецца гіндустанскае маўленьне да эпохі пераходу дыялектнай асновы мовы на дыялекты кгарыболі, якое дадаткова мае меншы пэрсыдзкі ўплыў[2]. Гістарычна рэкгта вядомая перш за ўсё літаратурная мова паэзіі, якая ў гэтай ролі мае таксама сучаснае выкарыстаньне.

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гукавы лад літаратурнай урду нясе ў сабе маленькую колькасьць фаналягічных адрозьненьняў ад гэткага ж у літаратурнай гіндзі, праз што ў мовазнаўчых працах гукавы лад урду разглядаецца адносна ўсёй фанэтыкі й фаналёгіі гіндустані. Гіндустані мае сыстэму з інвэнтару ў 10 галосных[9] і 28 зычных фанэмаў, апошнія зь якіх захаваныя з старажытнаіндыйскага пэрыяду.

  • Галосныя:
Галосныя гіндустані паводле месца артыкуляцыі.

У гіндустані налічваюць 10 галосных фанэмаў, зь якіх тры, [ə], [ɪ], [ʊ], зьяўляюцца кароткімі, астатнія — [aː, iː, uː, eː, oː, ɛː, ɔː], маюць толькі падоўжаны характар; зрэшты, з гэтае заканамернасьці існуюць выключэньні. Галосныя верхняга ўздыму, якія ў часы існаваньня санскрыту супрацьпастаўляліся паводле даўжыні (то бок, /i ~ iː/ ды /u ~ uː/), у гіндустані сталі супрацьпастаўляцца паводле якасьці або якасьці й даўжыні (аналягічна /ɪ ~ iː/ ды /ʊ ~ uː/)[10]. Гістарычныя супрацьпастаўленьні зьніклі ў фінальнай пазыцыі (напрыклад, санскр. запазычваньні śakti (शक्ति شَکتی) «энэргія», vastu (वस्तु وَستُو) «прадмет» рэалізаваныя як /ʃəkt̪i/ і /ʋəst̪u/ адпаведна замест чаканага */ʃəkt̪ɪ/ ды */ʋəst̪ʊ/)[11].

Галосны, які прадстаўлены ў арыгінале як ऐ اَے (трансьл. ai) транскрыбуецца як [ɛː] або [æː] ў залежнасьці ад працы[12], акрамя таго, /æː/ паўстае ва ўласна ангельскіх запазычваньнях (напрыклад, /bæːʈ/ «біта»)[13]. У мэтах адрозьненьня гэтае фанэмы ад спрадвечнай фанэмы ў гіндустані апошняя далей транскрыбуецца як [ɛː]. Спрэчны характар таксама мае галосны сярэдняга шэрагу ніжняга ўздыму, які можа перадавацца як [aː] або [ɑː].

Своеасаблівую рэалізацыю маюць літаратурныя дэлійскія [ɛː, ɔː], якія могуць рэалізоўвацца ў межах [əɪ][ɑɪ] ды [əu][ɑu] ва ўсходніх і заходніх дыялектах адпаведна[11]. Прадстаўленыя таксама сьцячэньні /əiː/ ды /əuː/.

[ɛ] можа лічыцца ўмоўным аляфонам шва (/ə/) у пазыцыях, калі паблізу знаходзіцца зычны прыдыхальны /h/, аточаны з двух бакоў шва (напрыклад, कहना کَہنا «сказаць» замест чаканага /kəh(ə)naː/ дае рэалізацыю [kɛh(ɛ)naː]), пры гэтым можа адбыцца сынкопа (выпадзеньне) фанэматычна сярэдняга шва (даючы вымаўленьне [kɛh.naː]). Гэты ж працэс адбываецца пры наяўнасьці фінальнага /h/ (хутчэй за ўсё, з прычыны таго, што фінальны /h/ нясе за сабою нявымаўленае шва; напрыклад, कहکَہ /kəh(ə)/ «сказаць» рэалізоўваецца як [kɛh]). Дадзены працэс не адбываецца пры існаваньні шва толькі з аднаго боку (कहानी کَہانی /kəhaːniː/ «аповяд», बाहर باہَر /baːhər/ «звонку»).

Апрача галосных, якія пры артыкуляцыі мяккага нёба вымаўляюцца звычайным чынам, існуюць насавыя галосныя, якія ўяўляюць сабою насавы аналяг звычайнага. Адзіным галосным, які не зазнае назалізацыю, застаецца ангельскі /æ/[13]. Агульная прырода насавых галосных (у IPA пазначаюцца як звычайны галосны з тыльдай уверсе) у гіндустані застаецца мала выяўленай, паводле Masica (1991:117) мяркуецца, што ў гіндустані адсутнічаюць *[ẽ], *[õ] (імаверна, праз уплыў назалізацыі на якасьць галосных), насавыя доўгія (/ĩː ẽː ɛ̃ː ɑ̃ː ɔ̃ː õː ũː/) паўстаюць выключна ў фінальнай пазыцыі або перад глухімі выбухнымі. Насавыя кароткія ([ɪ̃ ə̃ ʊ̃]) і насавыя доўгія зьяўляюцца перад звонкімі выбухнымі, што зьяўляецца аляфанічным па сваёй сутнасьці (апошняе, хутчэй за ўсё, праз выпадзеньне насавога зычнага). Нарэшце, назалізацыя ўсіх галосных паводле Masica (1991:117) лічыцца фанэматычнай і аляфанічнай.

  • Зычныя:

У якасьці сьведчаньня разьвіцьця сярэднеіндыйскіх дыялектаў у новаіндыйскія мовы ў гіндустані захаваны інвэнтар з 28 зычных. Яго дапаўняюць дзьве фанэмы, што паўстаюць у сярэдзіне слова ў пэўных кантэкстах[14], а таксама 7 фанэмаў запазычанае лексыкі, якія прасочваюцца ў залежнасьці ад статусу носьбіта мовы й ейнага рэгістру (гіндзі або ўрду).

Усе спрадвечныя зычныя, за выключэньнем /bʱ, ɽ, ɽʱ, ɦ/, могуць зьведваць гемінацыю (падваеньне). Падвоеныя зычныя зьяўляюцца толькі ў сярэдзіне слова перад галоснымі /ə/, /ɪ/ або /ʊ/. Усе падвоеныя зычныя знаходзяцца ў межах адной марфэмы, [ʃː] узьнікае толькі на мяжы дзьвюх марфэмаў у запазычваньнях з санскрыту (напрыклад, [nɪʃːiːl] «бяз сораму» прадстаўляе сабою марфэмы /nɪʃ + ʃiːl/)[13].

Віды фанацыі ўключаюць у сябе непрыдыхальную, звонкую, прыдыхальную й г.зв. рыпучую. Апошняя часта ўпамінаецца як звонкая прыдыхальная, аднак Шапіра Shapiro (2003:260) згадвае, што гэтае паняцьце ўключае ў сябе розную звонкасьць і спосаб артыкуляцыі. Варта адзначыць, што існаваньне г.зв. рыпучых зычных адлюстроўвае рэліктавы стан праіндаэўрапейскае мовы з прычыны таго, што гэтыя зычныя захаваліся толькі ў індаарыйскіх мовах і страціліся ў астатніх індаэўрапейскіх.

Лад зычных гіндустані мае наступны выгляд. Зычныя пазначаныя паводле сыстэмы запісу IPA і падзеленыя паводле месца артыкуляцыі. У дужках указаныя маргінальныя й неўнівэрсальныя фанэмы.

Білябіяльныя Лябіядэнтальныя Зубныя/
Альвэалярныя
Рэтрафлексныя Постальвэалярныя/
Палятальныя
Вэлярныя Увулярныя Глётальныя
Насавыя m n (ɳ)
Выбухныя p
b

t̪ʰ

d̪ʱ
ʈ
ʈʰ
ɖ
ɖʱ
k
ɡ
ɡʱ
(q)
Афрыкаты
tʃʰ

dʒʱ
Фрыкатывы f s z ʃ (x) (ɣ) ɦ
Аднаўдарныя ɾ (ɽ)
(ɽʱ)
Апраксыманты ʋ l j

У фінальнай пазыцыі слова выбухныя не рэалізоўваюцца. Рэалізацыя /ʋ/ можа хістацца ад [v] да [w] (гл. далей), /ɾ/ можа рэалізоўвацца як [r] (у пачатку слова або ў канцы складу, вымаўленьне на ўзор беларускага р), падвоены /ɾː/ заўсёды рэалізоўваецца з дрыжачым вымаўленьнем (ज़रा ذرا [zəɾaː] «маленькі», але ज़र्रा ذرّہ [zəraː] «крыху»), што адбываецца ў араба-пэрсыдзкіх запазычваньнях[15]. Палятальныя й вэлярныя насавыя [ɲ, ŋ] паўстаюць выключна ў сьцячэньнях зычных, дзе кожны аляфон насавога галоснага стаіць перад гамарганным выбухным, а таксама ў запазычваньнях з санскрыту[14][15]. Існуюць рыпучыя санорныя, але паводле Ohala (1999) яны разглядаюцца як спалучэньні тыпу C + /ɦ/, дзе C — папярэдні зычны.

Палятальныя афрыкаты й сьвісьцячыя маюць рознае вызначэньне сярод мовазнаўцаў, якія могуць клясыфікаваць іх як палятальныя, постальвэалярныя або палятаальвэалярныя. Сыходзячы з гэтага, гук, які пазначаецца сымбалем श, можа транскрыбавацца як [ʃ] або [ɕ], च — [tʃ], [cɕ], [tɕ] або нават як выбухны [c]; у гэтым артыкуле ўжываюцца першыя варыянты транскрыпцыі. Фрыкатыў /h/ у гіндустані звычайна рэалізоўваецца як звонкі ([ɦ]), асабліва пры знаходжаньні ў інтэрвакальным становішчы, аднак фанэматычнае розьніцы між звонкім і глухім аналягам не існуе. Для параўнаньня, у санскрыце падобнае супрацьпастаўленьне існавала.

Існуе фанэматычнае супрацьпастаўленьне зубных і рэтрафлексных выбухных. Апошнія азначаюцца як рэтрафлексныя намінальна, паколькі маюць апіка-постальвэалярную артыкуляцыю (можа таксама апісвацца як апіка-прэпалятальная), можа існаваць таксама альвэалярная артыкуляцыя (напрыклад, टूटा ٹُوٹا /ʈuːʈaː/ «разьбіты»)[16].

[v], [w] прадстаўляюць сабою аляфоны фанэмы /ʋ/ (व و), асабліва ў араба-пэрсыдзкіх запазычваньнях. У залежнасьці ад кантэксту ў маўленьні можа ўзьнікаць [v] або [w], і носьбіты мовы ўспрымаюць абодва аляфоны як адзіную фанэму, што адрозьніваецца, напрыклад, ад беларускае мовы, у якой ёсьць выразнае адрозьненьне [v] (в) і [w] (ў)[17]. Тым ня менш, аляфанічная прырода дадзеных зычных паўстае пры выкарыстаньні ўрду носьбітамі моваў, у якіх існуе выразнае адрозьненьне паміж [v] ды [w]: напрыклад, носьбіт іншае мовы, лічачы адрозьненьне між [v] ды [w] неістотным, мог бы вымавіць нарматыўнае व्रत ورت [vɾət̪] «клятва» як [wɾət̪], чым мог бы стварыць уражаньне вымаўленьня слова [ˈɔːɾət̪] — «жанчына». Падобным жа чынам, носьбіты ўрду могуць пераносіць уласную аляфанію пры выкарыстаньні ангельскае мовы (шырока распаўсюджанай у Індыі й Пакістане), вымаўляючы нарматыўнае war /wɔːɹ/ як [vɔːɹ] або, напрыклад, нарматыўнае advance /ədˈvɑːns/ як [ədˈwɑːns][17]. У іншых выпадках, аднак, аляфанія дазваляе выбіраць самому ўпадабаны гук, вымаўляючы як [v], так і [w], або іншы падобны гук і будучы цалкам зразумелым для іншага носьбіта мовы (напрыклад, अद्वैत ادویت — [əd̪ˈwɛːt̪] або [əd̪ˈvɛːt̪])[17].

Запазычаньні пэрсыдзкага паходжаньня (за выключэньнем лексэмаў, якія зьяўляюцца цюрскімі або арабскімі запазычаньнямі пры пэрсыдзкім пасярэдніцтве) узбагацілі гукавы лад урду фанэмамі /f, z, q, x, ɣ/. Прымаючы да ўвагі ўзмацненьне пэрсыдзкага ўплыву ў літаратурнай урду ў параўнаньні зь літаратурнай гіндзі, гэтыя зычныя лічацца своеасаблівымі прыкметамі ўрду, аднак гэтыя ж зычныя існуюць таксама ў гіндзі й пісьмовасьць дэванагары мае мадыфікаваныя сымбалі для іх адлюстраваньня[18]. Зычныя /f, z/ таксама можна прасачыць у запазычваньнях ангельскага або партугальскага паходжаньня, асаблівую пашыранасьць мае запазычаны шыпячы /ʃ/[13].

Наогул, пры запазычваньні новае тэрміналёгіі для гіндустані можа быць уласьцівым захаваньне неўласьцівых ёй зычных фанэмаў (параўн. зь беларускай, дзе пры засваеньні нарматыўным лічыцца зычны, які сваёй артыкуляцыі бліжэйшы да арыгіналу, то бок, адбываецца працэс пошуку найбольш падобнага адпаведніку ў беларускай мове). Тым ня менш, увядзеньне некаторых запазычаных сьцячэньняў зычных супярэчыць гістарычнай традыцыі, што абумоўлівае скарачэньне гэтага сьцячэньня або эпэнтэзу (устаўку) галоснага ўнутры яго[19].

Базавы лексычны фонд урду, аналягічна літаратурнай гіндзі ды іншым індаарыйскім мовам, складае лексыка, якая мае індаарыйскае паходжаньне, якое зьвязваецца зь сярэднеіндыйскім і старажытнаіндыйскім пэрыядамі. Культурныя дачыненьні й роля ўрду спрычынілася да асаблівага пранікненьня ў лексыку мовы лексэмаў пэрсыдзкага й арабскага паходжаньня, прытым заўважная частка апошніх засвойвалася пры пасярэдніцтве пэрсыдзкае мовы, што аказала ўплыў на сэмантыку й фанэтыку дадзеных лексэмаў. Іншыя плясты запазычваньняў складаюць лексэмы цюрскага (у прыватнасьці, чагатайскага паходжаньня — колішняй літаратурнай цюрскай мовы Сярэдняй Азіі і Ўсходняга Туркестану) ды партугальскага паходжаньня, у новую ды найноўшую эпохі пашырылася роля ангельскае мовы. Сынонімы рознай этымалёгіі могуць выступаць пры выкарыстаньні розных функцыянальных стыляў мовы (напрыклад, پانی pānī — пры размоўным стылі, آب āb — у мастацкім, абодва значэньні — «вада»; першае мае індаарыйскае паходжаньне, апошняе — пэрсыдзкае). Як правіла, выкарыстаньне лексэмаў пэрсыдзкага й арабскага паходжаньня характарызуе маўленьне спэцыфічных стыляў мовы, у прыватнасьці, мастацкага.

Спрадвечныя або шырокаўжываныя лексэмы моогуць таксама мець сынонімы, выкарыстаньне якіх замацаванае ў адпаведнасьці з ступеньню ветлівасьці ў маўленьні. Напрыклад, выраз us kī ammī «ягоная маці» можа замяняцца на us kī wālidah пры большай ступені ветлівасьці, us kī wālidah-yi muḥtarmah (яшчэ большая ступень ветлівасьці) або us kī māṉ (больш фармальнае, грубае ўжываньне). Падобныя супрацьпастаўленьні маюць таксама часьціцы са значэньнем «так», «не», а таксама шэраг дзеясловаў.

Сынанімічнае выкарыстаньне тых ці іншых лексэмаў можа абмяжоўвацца рэлігійнай прыналежнасьцю асобы.

  • Прасодыя:

Лічыцца, што націск у гіндустані мае сілавы характар, але ён ня мае такога значэньня, як, напрыклад, у мовах Эўропы. Націск — вольны, але яго разьмяшчэньне вызначаецца «вагой» складу, а менавіта:

  • «Лёгкі» склад (адна мора) — сканчваецца на кароткі галосны /ə, ɪ, ʊ/: V;
  • «Цяжкі» склад (дзьве моры) — сканчваецца на доўгі галосны (/aː, iː, uː, eː, ɛː, oː, ɔː/) або на галосны й зычны: VV, VC;
  • «Звышцяжкі цяжкі» (тры моры) — сканчваецца на доўгі галосны й зычны або на кароткі галосны й два зычныя: VVC, VCC

Націск падае на самы цяжкі склад слова, але ў словах са складамі аднолькавага тыпу націск падае на апошні склад. У ненаціскных складох існуе тэндэнцыя да выпадзеньня галоснага шва.

Адзначаецца тон: пачатак слова вымаўляецца зь нізкім тонам, які падвышаецца бліжэй да канца[20][21].

Марфалягічныя й сынтаксічныя адрозьненьні між гіндзі ды ўрду мінімальныя, з прычыны чаго ў шматлікіх тыпалягічных дасьледаваньнях дадзеныя крытэры разглядаюцца ў рамках марфалёгіі й сынтаксісу ўсёй мовы гіндустані.

  • Назоўнік:

Імя ў гіндустані адрозьніваецца паводле двух радоў, двух лікаў і трох склонаў (прамы, клічны, ускосны). Скланеньне назоўнікаў адбываецца паводле дзьвюх парадыгмаў: назоўнікі, што належаць да першай, маюць адпаведныя канчаткі ў прамым склоне адзіночнага ліку, у той час як назоўнікі другой парадыгмы яе ня маюць[22]. У іншых дасьледаваньнях гэтае супрацьпастаўленьне можа разглядацца як розьніца між маркіраваным і немаркіраваным назоўнікамі. У табліцы ніжэй знак мінусу ўказвае на зьмены сярод канчаткаў, плюсу — іх даданьне.

Адз.л. Мн.л.
П.с. У.с. П.с. У.с. К.с.
М.р. I -ā -e -õ -o
II +õ +o
Ж.р. I -ī, -i, -iyā -iyā̃ -iyõ -iyo
II + +õ +o
  • Прыметнік:

Прыметнік ва ўрду можа быць скланяльным або нескланяльным[23]. Скланеньне прыметніку адзначаецца канчаткам (пры гэтым сыстэма канчаткаў прыметнікаў спрошчаная ў параўнаньні з канчаткамі назоўнікаў) або шляхам дапасаваньня з назоўнікам. Канчатак пры скланеньні можа набываць назалізацыю (насавое вымаўленьне — адпаведная артыкуляцыя ля мяккага нёба)[23]. Нескланяльныя прыметнікі не зьмяняюцца і сканчваюцца на зычны або на галосныя ā, ī.

П.с., адз.л. Астатнія
П.с. М.р. -ā -e
Ж.р. -ī
Нескланяльныя

Кожны прыметнік можа выступаць у значэньні атрыбутыву, прэдыкатыву або субстантыву, у апошнім выпадку скланеньне адбываецца на ўзор парадыгмаў скланеньня назоўніку. Да прыметніку можа дадавацца памяншальны суфікс (~ se ~ )[24]. Ступені параўнаньня будуецца пры дапамозе пасьлялогаў se «чым, чымся, за»; aur, zyādā «больш за», kam «менш за», пры гэтым другі зьяўляецца апцыянальным. Пераўзыходная ступень (супэрлятыў) ствараецца пры ўдзеле пасьлялогу sab, літаральнае значэньне якога — «усё». Пры выкарыстаньні большай або пераўзыходнай ступеняў параўнаньня ва ўрду могуць выкарыстоўвацца суфіксы, запазычаныя з пэрсыдзкае мовы[25]. Як згадана вышэй, словазьменная сыстэма ў асноўным пабудаваная з выкарыстаньнем аглютынацыйных суфіксаў або спэцыяльных часьціцаў-пасьлялогаў. Іх выкарыстаньне адносна назоўніку або дзеяслову патрабуе выкарыстаньня ўскоснага склону. Апрача звычайных пасьлялогаў, існуюць складаныя, якія складаюцца з пасьлялогу ва ўскосным склоне (то бок, ke, ) і прыслоўя: напрыклад, kī taraf «да», ke andar «унутры».

  • Займеньнік:

Ёсьць займеньнікі першай, другой, трэцяй асобаў, апошнія дэйксічна падзяляюцца на дзьве катэгорыі паводле крытэру аддаленасьці[26]. Займеньнік можа адрозьнівацца паводле прамога, ускоснага й давальнага склону, прытым што апошні можа разглядацца як сьцяжаная (то бок, фанэтычная рэдукаваная ў сярэдзіне слова) форма ва ўскосным склоне з даданьнем пасьлялогу давальнага склону. Граматычны род не адрозьніваецца. Займеньнік са значэньнем «вы» мае тры сынонімы, выкарыстаньне якіх рэгулюецца трыма ступенямі ветлівасьці: , tum, āp — блізкая, знаёмая, ветлівая ступені адпаведна. Апошнія два займеньнікі выкарыстоўваюцца як імя множнага ліку, у трэцяй асобе ў множным ліку выкарыстоўваецца толькі апошні[25][27]. Ва ўрду пасьлялогі пасьля займеньніку разглядаюцца як адпаведныя марфэмы[28].

  • Прыслоўе:

Утварэньне прыслоўяў з існых каранёў зьвязанае ў асноўным з ужываньнем склонаў і канчаткаў. Пыслоўе можа ўтварацца ўзьвядзеньнем ва ўскосны склон назоўніку або прыметніку (nīcā «нізкі» > nīce «уніз»), даданьнем пасьлялогаў (zor «моц» > zor se «моцна», літаральна «з моцай»), выкарыстаньнем акалічнасьцяў (acchā «добры» > acchī tarah se «добра», літаральна «добрым спосабам»), даданьнем дапаможных дзеясловаў (meherbānī kar «рабіць ласку» > meherbānī kar ke «ласкава», літаральна «робячы ласку»)[29] або шляхам выкарыстаньня араба-пэрсыдзкіх марфэмаў (ittifāq «мажлівасьць» + -an > ittifāqan «мажліва», словы й марфэма — арабскія запазычваньні) у фармальным маўленьні[30].

  • Дзеяслоў:

Зьмена дзеясловаў ва ўрду грунтуецца на спалучэньні віду й часу або ладу. На ўзор іменнае сыстэмы, зьмена дзеяслову адлюстроўваецца шляхам даданьня марфэмаў справа ад асновы ці кораню[31].

Асноўны парадак словаў у сказе мае выгляд схемы SOV — дзейнік-дапаўненьне-выказьнік, адметна правага або левага галінаваньня не існуе (сустракаюцца абодва віды). Тым ня менш, правілы будовы сказаў не зьяўляюцца строга замацаванымі, чым тлумачыцца наяўнасьць канструкцыяў, што выходзяць па-за рамкі схемы SOV[32]. Замацаваны характар маюць ускоснае дапаўненьне (знаходзіцца перад прамым), якасны прыметнік (знаходзіцца перад азначаемым назоўнікам), прыслоўе (месьціцца перад прыметнікам), адмоўныя й пытальныя маркеры nahī̃, na, mat (перад дзеясловам, пры прысутнасьці абодвух першым месьціцца пытальны).

Валоданьне адлюстроўваецца пры дапамозе маркеру , пасьлялогу ke pās і дзеяслову honā. Залежнае слова, над якім выражаецца значэньне валоданьня, уключаецца ў катэгорыю, у якую ўваходзяць члены сям’і й часткі цела, або ў катэгорыю, у якой знаходзяцца бальшыня неадушаўлёных прадметаў і абстрактных ідэяў, жывёлы і некаторыя асобы (напрыклад, рабы). Для імёнаў другой катэгорыі ўжываецца канструкцыя ke pās (Mohan ke pās ek bukkarī he «У Магана адна каза»), для другой — , які месьціцца пасьля дзейніку й перад дапаўненьнем (Shiv kī tīn ā̃khẽ hain «У Шывы тры вокі»). Разам з асабістым займеньнікам адносна імёнаў першае катэгорыі прымяняецца прыналежны займеньнік, які мае адпаведныя зьмены.

Адрозьненьні між гіндзі й урду

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратурная ўрду часта супрацьпастаўляецца літаратурнай мове гіндзі. За выключэньнем рэлігійных крытэраў, асноўныя адрозьненьні між урду ды гіндзі палягаюць у пісьмовай норме (выкарыстаньне адаптаванай вэрсіі пэрсыдзкага пісьма, якая зьяўляецца адаптацыяй арабскага, ва ўрду, выкарыстаньне больш традыцыйнага індыйскага дэванагары ў гіндзі) і спэцыялізаванай лексыцы: крыніцаю для падобнай лексыкі ва ўрду служыць арабская й пэрсыдзкая мовы, у гіндзі дадзеную функцыю мае ў асноўным санскрыт. Тым ня менш, абедзьве мовы, акрамя спэцыфічных запазычваньняў урду й гіндзі, маюць агульныя арабізмы, пэрсызмы і санскрытызмы.

Большая частка лінгвістаў цяпер разглядае ўрду й гіндзі як дзьве часткі адной плюрыцэнтрычнай мовы — гіндустані, адрозьненьні між якімі галоўным чынам заключаюцца ў сацыялінгвістычных крытэрах. Некаторая частка мовазнаўцаў адносіць урду й гіндзі да асобных моваў[33]. На размоўным узроўні ўрду й гіндзі дэманструюць высокую ступень узаемназразумеласьці, якая скарачаецца ў галінах выкарыстаньня спэцыялізаванае лексыкі. У аматарскай палеміцы часта сьцьвярджаецца пра асобны характар урду й гіндзі, што часткова тлумачыцца рэлігійнай афарбоўкай дзьвюх літаратурных стандартаў у часы падзелу Брытанскай Індыі й напружанасьцю на рэлігійным грунце ў дадзеную эпоху.

Акрамя сацыялінгвістычных, пісьмовых і часткова лексычных крытэраў выяўляецца невялікі набор адрозьненьняў у марфалёгіі. Напрыклад, ва ўскосных формах для ўрду, апроч традыцыйнай cāhi'e, уласьцівая форма cāhi'ẽ, большая разнастайнасьць пры выкарыстаньні інфінітываў (у гіндзі інфінітыў пры ягоным выкарыстаньні як камплемэнту можа толькі дапасоўвацца толькі зь дзейнікам). Адзначаецца таксама абавязковае выкарыстаньне ва ўрду суфіксу -kar у складаназалежных сказах, які ў гіндзі можа выпадаць (гіндзі unko dekh ham ro paṛe, але ўрду un ko dekh kar ham ro paṛe «убачыўшы яго мы расплакаліся»). Урэшце, вылучаецца выкарыстаньне ізафэту ва ўрду (канструкцыя з двух назоўнікаў, калі апошні стаіць у родным склоне й азначае першы), шэраг аддзеяслоўных імёнаў і адрозьненьне роду ў некаторых назоўнікаў[34].

Указальныя займеньнікі ў літаратурнай гіндзі не супадаюць з урду (гіндзі — yah «гэта», ye «гэтыя», vah «тое», ve «тыя», урду — ye «гэта, гэтыя», vo «тое, тыя»), аднак з урду супадаюць указальныя займеньнікі размоўнай гіндзі.

Сярод фаналягічных адрозьненьняў вылучаецца розны лёс запазычаных з пэрсыдзкай мовы гукаў /q, x, ɣ/, якія, хоць і прысутнічаюць у гіндзі, маюць тэндэнцыю замяняцца гукамі /k, kʰ, ɡ/ адпаведна[18][35]. Іншым адрозьненьнем лічыцца замена запазычаных фанэмаў /f, z, ʃ/ на /pʰ, dʒ, s/ у некаторых носьбітаў гіндзі, але падобная практыка лічыцца ненарматыўнай, што адрозьнівае іх ад носьбітаў урду, у якой гэтыя зычныя трывала выкарыстоўваюцца незалежна ад статусу, адукацыі й г.д.[18][35] Розны лёс зьведалі запазычаныя сьцячэньні зычных: паводле Р. Шміт Schmidt (2003:293) для гіндзі характэрныя ініцыяльныя /kɾ, kʃ, st̪, sʋ, ʃɾ, sn, nj/ і фінальныя /t̪ʋ, ʃʋ, nj, lj, ɾʋ, dʒj, ɾj/, тады як для ўрду — араба-пэрсыдзкія фінальныя /ft̪, ɾf, mt̪, mɾ, ms, kl, t̪l, bl, sl, t̪m, lm, ɦm, ɦɾ/.

Гістарычна для выкарыстаньня пісьмовай урду ўжываліся некалькі сыстэмаў запісу, у цяперашнім часе найбольш распаўсюджаным зь іх зьяўляецца пісьмовасьць на аснове арабскага пісьма.

Пісьмовасьць на арабскай аснове ўяўляе сабою разнавіднасьць пэрсыдзкага пісьма, якое, у сваю чаргу, ёсьць мадыфікацыяй арабскага, пры ўжываньні гэтага пісьма радок мае гарызантальнае разьмяшчэньне, словы месьцяцца ў парадку справа налева. У адрозьненьне ад большасьці іншых моваў, што выкарыстоўваюць мадыфікацыі арабскага пісьма, ва ўрду выкарыстоўваецца даволі архаічны й рэдкі шрыфт насталік. Вузкае распаўсюджваньне насталіку абумоўлівала працяглую адсутнасьць тэхнічных сродкаў для набору тэкстаў на ўрду: так, да канца 1980-х гадоў урдумоўныя газэты практычна поўнасьцю складаліся ўласнаруч дзякуючы спэцыяльным майстрам па каліграфіі. Газэта The Musalman (бел. мусульманін), якая выдаецца ў індыйскім штаце Тамілнад, дагэтуль друкуецца ручным спосабам[36]. Пісьмовасьць на араба-пэрсыдзкай аснове адрозьніваецца ад пэрсыдзкай наяўнасьцю знакаў для гукаў , , (ٹ ,ڈ ,ڑ адпаведна) і існаваньнем дзьвюх формаў для знакаў з гукавым значэньнем h, , y (ی, ھ, ه адпаведна). Звычайна выкарыстаньне таго ці іншага варыянту для кожнай фанэмы адпавядае правілам фаналёгіі мовы.

У часы брытанскага кіраваньня Індыяй моцна пэрсыфікаваная форма ўрду выкарыстоўвалася як мова адміністрацыі правінцыяў Авадг, Бігар, Бэнгал і г.зв. Паўночна-Заходніх правінцыяў, для якой лейтэнант-губэрнатарам Э. Эдэнам у 1880 годзе была ўсталяваная пісьмовасьць кайтгі — скарапісны варыянт дэванагары, які ў тую эпоху зьяўляўся параўнальна шырока ўжываным для запісу як гіндзі, так і ўрду[37]. У цяперашнія часы кайтгі практычна не выкарыстоўваецца для запісу ўрду ў Пакістане, у Індыі гэты варыянт пісьма значна скараціў уласную распаўсюджанасьць. У сучаснасьці для запісу ўрду ў Індыі шырока выкарыстоўваецца пісьмо дэванагары, уласьцівае перадусім гіндзі; выкарыстаньне дадзенай пісьмовасьці дазваляе атрымаць большы ахоп чытачоў, пры гэтым пры напісаньні ўрду дэванагары выкарыстоўваюцца ўласныя зьмены ў артаграфіі, адрозныя ад гіндзі[38]. Сярод прыкладаў артаграфічных інавацыяў адзначаецца выкарыстаньне этымалягічнага прынцыпу пры перадачы араба-пэрсыдзкіх запазычваньняў (напрыклад, прымяненьне знаку अ у значэньні a дзеля перадачы араба-пэрсыдзкага ع, што супярэчыць артаграфіі гіндзі).

У пэўных галінах пісьмовай камунікацыі пры запісе ўрду можа выкарыстоўвацца лацінскі альфабэт, прэцэдэнты выкарыстаньня якога ў мове пачалі адзначацца ў часы Брытанскай Індыі. На цяперашні момант лацініца можа прымяняцца ў пісьмовай урду ў асяродзьдзі інтэрнэт-камунікацыі з прычыны адсутнасьці ведаў некаторых пакістанскіх мігрантаў па арабскім пісьме або праз патрэбу знаходжаньня агульнай пісьмовасьці пры камунікацыі між індыйскімі ды пакістанскімі носьбітамі мовы, якія карыстаюцца рознымі відамі пісьма (гл. вышэй). Лацінскі альфабэт адыгрывае вялікую культурную ролю сярод хрысьціянаў Пакістану й паўночнай Індыі, асноўнай роднай мовай якой зьяўляецца ўрду. У гэтым асяродзьдзі лацінскі альфабэт карыстаюць з пачатку ХІХ стагодзьдзя, прыкладна да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя лацінская вэрсія пісьмовасьці ўрду зьяўлялася агульнай правапіснай сыстэмай для хрысьціянаў гэтых рэгіёнаў. Лацінская вэрсія пісьмовасьці ўрду выкарыстаная ў выданьні ўрдумоўнае Бібліі (Біблейскае Таварыства Індыі) і кніг рэлігійных сьпеваў. У апошнія часы галіна прымяненьня лацінскага альфабэту ва ўрду скарачаецца з прычыны большага распаўсюджаньня гіндзі або ангельскай мовы.

Для мовы вядома некалькі найбуйнейшых сыстэмаў раманізацыі (перадачы ўласных назваў лацінскім альфабэтам з мэтаю засваеньня мовамі, якія выкарыстоўваюць лацінскі альфабэт). Сама часта карыстанымі зь іх зьяўляецца вэрсія для мовы ўрду раманізацыі ALA-LC і г.зв. урду-гіндустанская раманізацыя Ўдына—Бэгума. Апошняя зацьверджаная ў 1992 годзе на Першай міжнароднай канфэрэнцыі па ўрду й абапіраецца на досьвед ранейшых брытанскіх мовазнаўчых дасьледаваньняў XVIII—ХІХ стагодзьдзяў (каледж Форт-Ўільяма, Дж. Б. Гілкрыст) і вылучаецца перш за ўсё існаваньнем кожнага сымбалю для кожнага сымбалю арыгінальнае пісьмовасьці (палітарны прынцып), радзейшае выкарыстаньне сымбаляў для галосных гукаў у параўнаньні зь пісьмовасьцю ўрду й ужываньне сымбаляў у рамках фармату ASCII, што дазваляе ўнікаць тэхнічных праблемаў пры наборы тэксту.

  • Узор тэксту:
  • Араба-пэрсыдзкая пісьмовасьць:

دفعہ ۱: تمام انسان آزاد اور حقوق و عزت کے اعتبار سے برابر پیدا ہوئے ہیں۔ انہیں ضمیر اور عقل ودیعت ہوئی ہے۔ اس لئے انہیں ایک دوسرے کے ساتھ بهائی چارے کا سلوک کرنا چاہئے۔

  • Трансьлітарацыя ALA-LC:

Dafʿah 1: Tamām insān āzād aur ḥuqūq o-ʿizzat ke iʿtibār se barābar paidā hūʾe haiṉ. Unheṉ ẓamīr aur ʿaql wadīʿat hūʾī hai. Is liʾe unheṉ ek dūsre ke sāth bhāʾī chāre kā sulūk karnā chāhiʾe.

[d̪əfɑ eːk: t̪əmɑːm ɪnsɑːn ɑːzɑːd̪ ɔːr hʊquːq oː-ɪzzət̪ keː eːt̪ɪbɑːr seː bərɑːbər pɛːd̪ɑ ɦueː ɦɛ̃ː. ʊnɦẽː zəmiːr ɔːr əql ʋəd̪iːət̪ hui hɛː. ɪs lieː ʊnɦẽː eːk d̪uːsreː keː sɑːt̪ʰ bʱaːi t͡ʃɑːreː kɑ sʊluːk kərnɑ t͡ʃɑːɦie]

  • Пераклад:

Усе людзі нараджаюцца вольнымі й роўнымі ў сваёй годнасьці і правох. Яны надзеленыя розумам і сумленьнем і павінныя ставіцца адзін да аднаго ў духу братэрства (артыкул 1 Усеагульнае Дэклярацыі правоў чалавека).

  1. ^ а б Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ а б Keith Brown. Hindustani // Encyclopedia of Language and Linguistics. — 2 ed. — Elsevier, 2005. — ISBN 0-08-044299-4
  3. ^ Peter Austin. One Thousand Languages: Living, Endangered, and Lost. — University of California Press, 2008. — 288 с.
  4. ^ Colin P. Masica. The Indo-Aryan languages. — Cambridge Language Surveys. — Cambridge: Cambridge University Press, 1993. — С. 466.
  5. ^ R. Upadhyay. Urdu Controversy — is dividing the nation further. — South Asia Analysis Group, 2003.
  6. ^ Urdu | Ethnologue (анг.)
  7. ^ Елизаренкова Т. Я. Индоарийские языки. — М.: 1981. — С. 144-169. — (Сравнительно-историческое изучение языков разных семей. Современное состояние и проблемы).
  8. ^ The Importance Of Urdu (анг.). Geo Tau Aisay (17 сакавіка 2014). Праверана 26 траўня 2014 г.
  9. ^ Masica (1991:110)
  10. ^ Masica (1991:111)
  11. ^ а б Shapiro (2003:258)
  12. ^ Masica (1991:114)
  13. ^ а б в г Ohala (1999:101)
  14. ^ а б Shapiro (2003:260)
  15. ^ а б Ohala (1999:102)
  16. ^ Tiwari, Bholanath. Hindī Bhāshā = हिन्दी भाषा. — Allahabad: Kitāb Mahal, 1966, 2004. — ISBN 81-225-0017-X
  17. ^ а б в Janet Pierrehumbert, Rami Nair. Implications of Hindi Prosodic Structure (Current Trends in Phonology: Models and Methods). — European Studies Research Institute, University of Salford Press, 1996. — Т. І. — 393 с. — ISBN 978-1-901471-02-1
  18. ^ а б в Motilal Banarsidass. A Primer of Modern Standard Hindi.
  19. ^ Shapiro (2003:261)
  20. ^ Dyrud, Lars O. Hindi-Urdu: Stress Accent or Non-Stress Accent?. — University of North Dakota, 2001.
  21. ^ Ramana Rao, G.V.; Srichand, J. Word Boundary Detection Using Pitch Variations. — Madras: IIT Madras, Dept. of Computer Science and Engineering, 1996.
  22. ^ Shapiro (2003:262–263)
  23. ^ а б Shapiro (2003:264)
  24. ^ Snell & Weightman (1989:117)
  25. ^ а б Shapiro (2003:265)
  26. ^ Shapiro (2003:264–265)
  27. ^ Snell & Weightman (1989:21)
  28. ^ Schmidt (2003:293)
  29. ^ Snell & Weightman (1989:150)
  30. ^ Shapiro (2003:266)
  31. ^ Masica (1991:257)
  32. ^ Shapiro (2003:271)
  33. ^ Some notes on Hindi and Urdu // The Annual of Urdu studies. — 1996. — № 11. — С. 203-208.
  34. ^ C. M. Naim. Introductory Urdu. — Third Edition. — South Asia language & Area Center, University of Chicago, 1999.
  35. ^ а б Masica (1991:92)
  36. ^ India: The Last Handwritten Newspaper in the World // GlobalVoices. — 2012.
  37. ^ King, 1994.
  38. ^ Ahmad, R., 2006.
  • Asher, R. E. The Encyclopedia of language and linguistics. — Oxford: Pergamon Press, 1994. — ISBN 0-08-035943-4
  • Azim, Anwar. Urdu a victim of cultural genocide / Z. Imam. — Muslims in India. — 1975.
  • Bhatia, Tej K. Colloquial Hindi: The Complete Course for Beginners. — London, UK & New York, NY: Routledge, 1996. — ISBN 0-415-11087-4
  • Chatterji, Suniti K. Indo-Aryan and Hindi. — rev. 2nd ed. — Calcutta: Firma K.L. Mukhopadhyay, 1960.
  • Dua, Hans R. Hindi-Urdu as a pluricentric language / M. G. Clyne. — Pluricentric languages: Differing norms in different nations. — Berlin: Mouton de Gruyter, 1992. — ISBN 3-11-012855-1
  • Dua, Hans R. Hindustani. — Asher. — 1994.
  • Dua, Hans R. Urdu. — 1994.
  • Durrani, Attash, Dr. Pakistani Urdu. — Islamabad: National Language Authority, 2008.
  • Hassan, Nazir; Omkar N. Koul. Urdu Phonetic Reader. — Mysore: Central Institute of Indian Languages, 1980.
  • Hayes, Bruce. Metrical stress theory. — University of Chicago Press, 1995.
  • Hussein, Sarmad. Phonetic Correlates of Lexical Stress in Urdu. — Northwestern University, 1997.
  • Kelkar, A. R. Studies in Hindi-Urdu: Introduction and word phonology. — Poona: Deccan College, 1968.
  • Khan, M. H. V // Urdu / T. A. Sebeok. — Current trends in linguistics. — The Hague: Mouton, 1969.
  • King, Christopher R. One Language, Two Scripts: The Hindi Movement in Nineteenth Century North India. — Bombay: Oxford University Press, 1994.
  • Koul, Ashok K. Urdu Script and Vocabulary. — Delhi: Indian Institute of Language Studies, 2008.
  • Masica, Colin. The Indo-Aryan Languages. — Cambridge: Cambridge University Press, 1991. — ISBN 978-0-521-29944-2
  • McGregor, Ronald Stuart. Outline of Hindi Grammar. — third ed. — Oxford: Clarendon Press, 1995. — ISBN 0-19-870008-3
  • Ohala, Manjari. Hindi. — International Phonetic Association, Handbook of the International Phonetic Association: a Guide to the Use of the International Phonetic Alphabet. — Cambridge University Press, 1999. — ISBN 978-0-521-63751-0
  • Schmidt, Ruth Laila. Urdu / Cardona, George; Jain, Dhanesh. — The Indo-Aryan Languages. — Routledge, 2003. — ISBN 978-0-415-77294-5
  • Shapiro, Michael C. Hindi / Cardona, George; Jain, Dhanesh. — The Indo-Aryan Languages. — Routledge, 2003. — ISBN 978-0-415-77294-5
  • Snell, Rupert; Weightman, Simon. Teach Yourself Hindi. — 2003 ed. — McGraw-Hill, 1989. — ISBN 978-0-07-142012-9

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]