Бэнгальская мова
Бэнгальская мова | |
বাংলা | |
![]() | |
![]() | |
Ужываецца ў | Банглядэш, Індыі |
---|---|
Рэгіён | Індастан |
Колькасьць карыстальнікаў | |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Банглядэш, Індыі (штаты Заходняя Бэнгалія, Трыпура, Джхаркханд, Барацкая даліна штату Асам, хаўрусная тэрыторыя Андаманскія і Нікабарскія астравы) |
Рэгулюецца | Бэнгальскай Акадэміяй (Банглядэш) Бэнгальскай Акадэміяй Пасчымбанга (Індыя) |
Статус: | 1 дзяржаўная[d][1] |
Пісьмо | Bengali script[d] і Bengali Braille[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | bn |
ISO 639-2(Б) | ben |
ISO 639-2(Т) | ben |
ISO 639-3 | ben |
Бэнга́льская мова (саманазва: বাংলা; трансьл. Bāṇlā, вымаўл. [ˈbaŋla]) — мова бэнгальцаў, распаўсюджаная на паўночным усходзе Індыйскага субкантынэнту, зьяўляецца адной з самых пашыраных моваў сьвету. Паводле дадзеных ААН, бэнгальская — чацьвертая мова сьвету паводле колькасьці носьбітаў (больш за 260 млн чал.), яна саступае па гэтым паказьніку толькі кітайскай, ангельскай і гішпанскай. Бэнгальская мова часта няўдала завецца «бэнгалі», што зьяўляецца трансьлітарацыяй яе ангельскага найменьня. Самі носьбіты завуць сваю мову «бангла», або радзей — «бонго-бгаша».
Бэнгальская мова зьяўляецца дзяржаўнай мовай Народнай Рэспублікі Банглядэш і мовай штату Бангла (Заходняя Бэнгалія) у Індыі; канстытуцыя Індыі замацавала за ёй статус адной з афіцыйных моваў Індыі. Па-бэнгальску размаўляюць таксама ў індыйскіх штатах Асам, Біхар і Арыса. Мова мае афіцыйныя функцыі ў іншых тэрыторыях Індыі: Барацкай даліне штату Асам, штаце Трыпура, Джаркханд, на хаўруснай тэрыторыі Андаманскія і Нікабарскія астравы.
Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пісьмовасьць бэнгальскай мовы — бангакгор, што, як і дэванагары, гурмукгі і іншыя, паходзіць ад графікі брагмі.
Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бэнгальская мова залічваецца дасьледнікамі да ўсходняй падгрупы індаарыйскай групы індаіранскай галіны індаэўрапейскай моўнай сям’і. Бэнгальская блізкая да асамскай мовы і мовы орыя.
Лінгвістычныя рысы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Геаграфічна яна зьяўляецца адной з самых усходніх з індаэўрапейскіх моваў і на працягу многіх стагодзьдзяў кантактавала з мовамі іншых моўных сем’яў (сына-тыбэцкай, аўстразійскай і дравідыйскай), з-за чаго бэнгальская мова значна адрозьніваецца ад іншых моваў сям’і, дэманструючы і ў фанэтыцы, і ў граматыцы рысы, якія адрозьніваюць яе ад роднасных новых індаарыйскіх моваў.
Фанэтыка, фаналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У фанэтыцы мовы згубленая фаналягічнасьць (сэнсаадрозная роля) даўжыні галосных, сыбілянты (сьвісьцячыя) фанэтычна прадстаўленыя адным варыянтам, зьнятае проціпастаўленьне паміж губна-губнымі і губна-зубнымі зычнымі, фанэтычна спрошчаныя або мадыфікаваныя спалучэньні зычных з глайдамі. Таксама варта адзначыць гармонію галосных (рэдкі для індаэўрапейскіх моваў), наяўнасьць насавых галосных, супрацьпастаўленых ненасавым галосным, прыдыхальных зычных — непрыдыхальным зычным, гемінацыю (падваеньне) зычных, оканьне.
Марфалёгія, сынтаксіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Самымі яркімі граматычнымі адрозьненьнямі бэнгальскай мовы ад роднасных ёй індаарыйскіх моваў зьяўляецца страта дапасавальных катэгорыяў роду і ліку, утварэньне новых сынтэтычных асабістых дзеяслоўных формаў, страта эргатыўнай канструкцыі пры захаваньні шэрагу сэмантычных рысаў, уласьцівых мовам ненамінатыўнай кантэнсыўнай тыпалёгіі.
Граматычны лад мае аглютынацыйны характар словаўтварэньня і словазьмяненьня, распаўсюджаныя службовыя словы, рэдуплікацыя і разьмяшчэньне побач граматычна і сэмантычна зьвязаных адзінак. Постпазыцыя кіроўнага слова ў словазлучэньні і службовага элемэнту ў марфалягічных і сынтаксічных утварэньнях. Словаўтварэньне праз суфіксацыю і словаскладаньне. Прэфіксацыя ў лексыцы санскрыту. Словазьмяненьне субстантыўных імёнаў і займеньнікаў па склонах і ліках, дзеясловаў — па часах і асобах у індыкатыве і імпэратыве.
Адсутнічае катэгорыя роду. Адрозьніваюцца катэгорыі адушаўлёнасьці-неадушаўлёнасьці, пэўнасьці-няпэўнасьці, якія адлюстроўваюцца ва ўтварэньні формаў скланеньня і ў выкарыстаньні азначальна-паказальных афіксаў — часьціцаў, што далучаюцца да імёнаў і займеньнікаў. Наяўнасьць катэгорыі ветлівасьці (субардынацыі). Разьвітая сыстэма часавых формаў. Распаўсюджанасьць словазлучэньняў з службовымі дзеясловамі (дзеяслоўна-дзеяслоўных і дзеяслоўна-іменных). Адсутнасьць адмоўных формаў займеньнікаў і прыслоўяў.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гісторыя бэнгальскай мовы налічвае прынамсі тысячагодзьдзе, пра што сьведчаць як датыроўка першых літаратурных помнікаў (9-10 стагодзьдзі), гэтак і дадзеныя лінгвістычнай рэканструкцыі.
Цяпер мовы прадстаўленая дзьвюма літаратурнымі формамі: «шадгу-бгаша» і «чолці-бгаша» (або чоліт). Першая, архаічная, закансэрвавала старыя марфалягічныя формы, якія выйшлі з ужытку ў якасьці гутарковай, сфармавалася на аснове заходняга дыялекту Навадвіпу і да 20-30-х гадоў мінулага стагодзьдзя зьяўлялася адзінай літаратурнай формай. Неабходнасьць яе вывучэньня, побач з сучаснай літаратурнай формай «чолці-бгаша», дыктуецца тым, што і дагэтуль на «шадгу-бгаша» складаюцца афіцыйныя дакумэнты (у прыватнасьці — Канстытуцыя Банглядэшу), выдаецца навуковая літаратура. Акрамя таго, цяпер рэдакцыйныя артыкулы ва ўсіх рэспэктабэльных газэтах пішуцца на «шадгу-бгаша». Дыялектнай базай сучаснай літаратурнай формы «чолці-бгаша» стала гаворка Калкаты, буйнейшага места бэнгаламоўнага абшару. Суіснуючы са старой літаратурнай формай спачатку толькі як гутарковая, а потым, высілкамі вялікага бэнгальскага пісьменьніка Рабіндраната Тагора і яго сучасьнікаў, узьведзеная ў ранг літаратурнай мовы, гэтая форма паступова выцесьніла сваю папярэдніцу, зьвёўшы яе ўжываньне да ўжо згаданых галінаў. Цяпер акурат «чолці-бгаша» зьяўляецца асноўным аб’ектам вывучэньня бэнгалістаў.
Побач зь літаратурнымі формамі, бэнгальская мова прадстаўленая шэрагам дыялектаў, найбуйнейшымі зь якіх зьяўляецца калкацкі, або заходні (што стаў асновай «чолці-бгаша»), дацкі, або ўсходні (асноўны дыялект Банглядэш), а таксама чытагонскі (дыялект найбуйнейшага партовага места Банглядэш Чытагонг), яны настолькі моцна адрозьньніваюцца ад літаратурнай мовы, што бэнгальцы зь іншых рэгіёнаў сьцьвярджаюць, што зь цяжкасьцямі разумеюць іх. З 1947 году, гэта значыць з моманту падзелу бэнгаламоўнага абшару і ўключэньня заходняй і ўсходняй яго частак у розныя дзяржаўныя адзінкі (Індыю і Пакістан), працэс дыфэрэнцыяцыі заходняга і ўсходняга дыялектаў узмацніўся.
Стаўшы дзяржаўнай мовай Банглядэш (былога Ўсходняга Пакістану да 1975), усходняя норма мовы ўсё менш арыентуецца на традыцыйна больш прэстыжную калкакую гаворку (будучы адарванай ад яе індыйска-бэнгальскай мяжой), дыялектныя адрозьненьні робяцца нарматыўнымі. Пры вывучэньні бэнгальскай мовы даводзіцца ўлічваць фанэтычную, лексычную, а часам і граматычную своеасаблівасьць усходнебэнгальскага дыялекту. Такім чынам, перад бэнгалістамі стаіць складаная задача — авалодаць фактычна не адной, а трыма, хоць і блізкімі, але ўсё ж адрознымі мовамі, бо моўная сытуацыя ў Індыі і Банглядэш такая, што немагчыма пры вывучэньні бэнгальскае мовы занядбаць ніводнай з трох яе формаў.
Літаратура і кіно[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бэнгальская мова зьяўляецца захавальнікам і носьбітам вялікай бэнгальскай культуры. Ужо самы старажытны захаваны тэкст на бэнгальскай мове «Чар’ячар’ятыка», датаваны 10-11 стагодзьдзямі н. э., прыцягнуў да сябе ўвагу навукоўцаў-індолягаў ня толькі як першы помнік на новаіндыйскай мове, але і як выдатны твор літаратуры і як апошні створаны на тэрыторыі Індыі помнік будыйскай культуры. Сучасная бэнгальская мова склалася да канца 18 ст. Першая друкаваная кніга па-бэнгальску зьявілася ў 1778 годзе.
Імёны бэнгальскіх пісьменьнікаў, паэтаў, філёзафаў увайшлі ў скарбніцу ня толькі індыйскай, але і сусьветнай культуры. Адныя зь іх: Рабіндранат Тагор і Свамі Вівэкананда. Ня меншую, чым літаратура і філязофія, славу набыло ў сьвеце і бэнгальскае кіно. Шырока вядомыя бэнгальскія рэжысэры Ггатака, Сат'яджыта Рая, Мрынал Сэн, Гаўтама Ггош, Будадэва Дасгупты і іншыя.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Быкова Е. М., Бенгальский язык, М., 1966;
- Chatterji S. К., The origin and development of the Bengali language, Calcutta, 1926.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
![]() |
Вікіпэдыя мае вэрсію бэнгальскай мовай |
Бэнгальская мова — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- ^ а б Ethnologue — 25 — Dallas, Texas: SIL International, 2022.