Авечкагадоўля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Пастухі вядуць авечак (2014 г., Аўстрыя)

Авечкагадоўля — галіна жывёлагадоўлі па разьвядзеньні авечак.

Дае сыравіну для лёгкай прамысловасьці (аўчыну, воўну і смушак) і харчовыя прадукты (бараніну, лой і малако). Найбольш каштоўная сыравіна — тонкая і паўтонкая воўна, зь якой вырабляюць шарсьцяныя тканіны. Існуе некалькі дзясяткаў пародаў авечак і 4 асноўныя кірункі авечкагадоўлі: тонкарунны, паўтонкарунны, паўгрубашэрсны і грубашэрсны. Апошні кірунак падзяляецца на: смушкавы, футравы, мяса-воўнавы, мяса-воўна-малочны і мяса-сальны. На 1996 год у краінах Эўропы гадавалі пераважна паўтонкарунныя пароды авечак (Баўгарыя, Вялікабрытанія, Данія, Ірляндыя і Нарвэгія) і тонкарунныя (Вугоршчына, Румынія і Францыя). У Кітаі і Манголіі пераважалі грубашэрсныя пароды. У краінах Сярэдняй Азіі, Аўганістане і Паўднёвай Афрыцы было разьвіта каракуляводзтва. У Аргентыне пераважалі паўтонкарунныя авечкі, ва Ўругваі — помесі, у ЗША — кароткашэрсныя. Найбольшае пагалоўе авечак засяроджвалася ў Аўстраліі, Аргентыне, Новай Зэляндыі, Уругваі, ЗША і Паўднёвай Афрыцы (звыш паловы сусьветнай вытворчасьці воўны). У сумежных зь Беларусьсю краінах найбольшае пагалоўе было ў Расеі (Паўночны Каўказ і Паволжа) і ва Ўкраіне. Па колькасьці авечак і вытворчасьці воўны 1-е месца ў сьвеце займала Аўстралія. Па экспарце бараніны і вытворчасьці найбольш высокаякаснай воўны — Новая Зэляндыя, дзе пераважала авечкагадоўля мяса-воўнавых і паўтонкарунных пародаў[1].

Пастух гоніць авечак (2010 г., Славаччына)

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Авечкагадоўля ў Беларусі здаўна мела шырокі распаўсюд. У 1429 годзе пры падрыхтоўцы да каранаваньня вялікага князя літоўскага Вітаўта за тыдзень зьелі 500 бараноў. З 1700-х гадоў у Беларусі сталі займацца авечкагадоўляй грубашэрсных пародаў. На 1856 год у 5 беларускіх губэрнях Расейскай імпэрыі налічвалася 1465,7 тыс. авечак. Да 1911 году іх лік вырас да 2563,1 тысячы[2]. У 1913 годзе тонкарунныя авечкі (мэрыносы) складалі 6% пагалоўя. У міжваенны час племянныя і прадукцыйныя якасьці авечак палепшылі за кошт увядзеньня плянавых пародаў (прэкас, латвійская цёмнагаловая і раманаўская). У 1939 годзе ў Беларускай ССР налічвалася 2,5 млн авечак, зь іх 1,7 млн (68%) у падсобных сялянскіх гаспадарках. У 1985 годзе 382 тыс. авечак налічвалася ў калгаспах і саўгаспах. Яшчэ 247 тыс. (39%) было ў хатніх гаспадарках. Агулам настрыглі звыш 1000 тонаў воўны. У Беларускай ССР існавала 120 адмысловых авечкагадоўчых гаспадарак, дзе пераважала мяса-воўнавая авечкагадоўля. Паступовае зьмяншэньне пагалоўя авечак адзначалася ў сувязі з наступствамі Чарнобыльскай катастофы ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях, бо воўна назапашвае радыёнукліды: 1985 год — 640,2 тыс., 1990 год — 475,5 тыс., 1994 год — 271,3 тысячы авечак[1].

Стрыгалі стрыгуць авечак машынкамі (2004 г., Ангельшчына)

На 2012 год найбольшай авечкагадоўчай гаспадаркай Беларусі быў сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў (СВК) «Канюхі» ў Ляхавіцкім раёне (Берасьцейская вобласьць). Агулам налічвалася звыш 10 авечкагадоўчых гаспадарак, зь якіх толькі адна была дзяржаўнай. Найбольш пашыранай была раманаўская парода авечак. Таксама для вывядзеньня ўласных пародаў і паляпшэньня якасьці воўны завозілі пароды тэксель, іль-дэ-франс і суфальк. Найбольш спрыяльныя ўмовы для авечкагадоўлі былі ў Гомельскай вобласьці. Буйныя таварныя гаспадаркі мелі статкі па 5000 авечак, зь якіх звыш 60% складалі маткі. Догляд авечак вымагаў сэзоннай працы пастухоў на сенажацях і стрыгаляў, якія могуць за тры хвіліны пастрыгчы авечку. Жывёламесца авечкі каштавала ўдвая менш за такое месца для каровы. Харчаваньне авечкі на 70% складалася з грубага корму, рэшта — канцэнтрат. Гадаваньне 10 авечак каштавала столькі, колькі ўтрыманьне адной каровы. Аршанскі мясакамбінат закупаў маладняк (ягнятаў) па 33 000 рублёў ($3,94) за кіляграм. Тым часам у Менску 1 кг бараніны каштаваў 120 000 рублёў ($14,34). Звыш 90% выручкі авечкаводы атрымлівалі ад продажу мяса. Рэшту — ад продажу воўны на Сьмілавіцкую валюшна-лямцавую фабрыку (Ігуменскі раён, Менская вобласьць), дзе выраблялі валёнкі. Таксама цанілася сукно з авечай воўны, бо тое выдзяляла цяпло пры намаканьні ў адрозьненьне ад таннага хімічнага валакна[3].

Пагатоў пры нараджэньні ягнятаў вагой 2-3 кг, бараны ў Беларусі дасягалі жывой вагі да 100 кг, зь якіх настрыгалі да 4,5 кг поўсьці з адной галавы. Стрыжка ажыцьцяўлялася двойчы на год[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Георгі Астапенка, Яўген Сапільнікаў. Авечкагадоўля // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1. — С. 62. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  2. ^ Н.К. Гагохія, Г.А. Коцел. Дваранска-памешчыцкая авечкагадоўля на тэрыторыі Беларусі ў другой палове XIX ст. // Беларуская дзяржаўнасьць: вытокі, станаўленьне, разьвіцьцё (IX - XXI стст.) / рэд. А.В. Касовіч. — Менск: РІВШ, 2017. — С. 29-33.
  3. ^ Тарас Шчыры. Авечкагадоўля ў Беларусі: пачынаць трэба фэрмэрам // Зьвязда : газэта. — 2 чэрвеня 2012. — № 104 (27219). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Ніна Надэ. Авечкагадоўля — ніша для прадпрымальных людзей // «Бераставіцкая газэта», 22 студзеня 2016 г. Архіўная копія ад 22 студзеня 2016 г. Праверана 15 кастрычніка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]