Шэнгенская зона

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Шэнге́нская зо́на (па-ангельску: Schengen Area) — прастора 26 эўрапейскіх дзяржаваў, якія далучыліся да нормаў Шэнгенскага заканадаўства Эўрапейскага зьвязу і скасавалі пагранічны кантроль між сабой.

Першапачаткова — прастора некалькіх дзяржаваў, дзе набыла моц аднайменнае пагадненьне, падпісанае ў вёсцы Шэнген (Люксэмбург) у 1985 року. У пляне міжнародных падарожжаў Шэнгенская зона дзейнічае шмат чым падобна да адзінае дзяржавы з пагранічным кантролем на зьнешняй граніцы — пры ўезьдзе і выезьдзе з зоны, аднак без пагранічнага кантролю на ўнутраных межах дзяржаваў-удзельніц зоны.

Існая асобна ад Эўрапейскага зьвязу нарматыўна-прававая база Шэнгенскай зоны была інкарпараваная ў адзінае заканадаўства супольнасьці пры набыцьці моцы Амстэрдамскае дамовы ў 1999 року, хоць Шэнгенская зона афіцыйна ўлучае і чатыры дзяржавы, якія не ўваходзяць у ЭЗ: Ісьляндыю, Нарвэгію, Швайцарыю і Ліхтэнштайн, а таксама дэ-факта ўлучае яшчэ тры эўрапейскія мікра-дзяржавы: Манака, Сан-Марына і Ватыкан, якія таксама не зьяўляюцца сябрамі ЭЗ. Акрамя таго, з боку яшчэ аднае дзяржавы, Андоры, адсутнічае ўнутраны пагранічны кантроль на граніцах зь дзяржавамі шэнгенскай зоны. Усе дзяржавы Эўрапейскага зьвязу, акрамя Вялікабрытаніі й Ірляндыі, абавязаліся далучыцца да Шэнгенскае зоны, і ўсе, акрамя Румыніі, Баўгарыі, Кіпру і Харватыі, ужо выканалі гэта. На дадзены момант зона ахоплівае плошчу ў 4 312 099 км², на якой пражываюць больш за 400 млн чалавек.

Шэнгенскія правілы падразумяваюць скасаваньне пагранічнага кантролю на ўнутраных граніцах між дзяржавамі, якія ўвайшлі ў зону, і адначасна ўмацаваньне пагранічнага кантролю з трэцімі дзяржавамі на зьнешніх граніцах зоны. Таксама дзяржавы абавязваюцца праводзіць адзіную палітыку ў дачыненьні да асобаў, якія ўяжджаюць часова (у тым ліку па адзінай Шэнгенскай візе), весьці ўзгоднены кантроль на зьнешніх граніцах і разьвіваць трансгранічнае паліцэйскае і судовае супрацоўніцтва.

Дзеля пасьведчаньня асобы ў аэрапортах, гатэлях ці пры паліцэйскім кантролі можа спатрэбіцца пашпарт або ідэнтыфікацыйная картка дзяржавы-сяброўкі ЭЗ ці дзяржавы, якая падпісала Шэнгенскае пагадненьне. У выключных выпадках пры наяўнасьці пагрозы ўнутранай бясьпецы ці грамадзкаму парадку (напрыклад, пры правядзеньні істотных палітычных самітаў ці спартовых спаборніцтваў) пагранічны кантроль на ўнутраных граніцах між некаторымі дзяржавамі Шэнгенскае зоны можа аднаўляцца на абмежаваны тэрмін да 30 дзён.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Шэнгенскае пагадненьне

Шэнгенская зана пачала сваё існаваньне 26 сакавіка 1995 року, калі пагранічны кантроль быў скасаваны на ўнутраных межах сямі дзяржаваў: Бэльгія, Францыя, Нямеччына, Люксэмбург, Нідэрланды, Партугалія й Гішпанія. У 1997 року да іх далучыліся Італія і Аўстрыя. У 1999 року паводле Амстэрдамскае дамовы пагадненьне стала часткаю acquis communautaire (існай на сёньня сукупнасьці прававых нормаў ЭЗ, якія прымае дзяржава пры ўваходзе ў ЭЗ). У 2000 року да зоны далучылася Грэцыя; у 2001 у Шэнгенскую зону ўвайшлі дзяржавы-сябры Скандынаўскага пашпартнага зьвязу (Данія, Фінляндыя, Швэцыя), а таксама дзяржавы, якія не ўваходзілі ў Эўрапейскі зьвяз, — Ісьландыя і Нарвэгія.

У 2007 року ў зону ўвайшлі яшчэ 9 дзяржаваў — Вугоршчына, Латвія, Летува, Мальта, Польшча, Славаччына, Славенія, Чэхія і Эстонія (усе яны сталі сябрамі ЭЗ тры гады таму). Швайцарыя далучылася да шэнгенскай зоны 12 сьнежня 2008 року, Ліхтэнштайн — 19 сьнежня 2011 року, яны сталі адпаведна трэцяй і чацьвертай дзяржавай у зоне, якія не ўваходзілі ў Эўразьвяз.

1 студзеня 2023 году Харватыя стала 27-й удзельніцай Шэнгенскага пагадненьня 1985 году, між дзяржавамі-ўдзельніцамі якога скасавалі памежны нагляд. Адпаведна гэта дазволіла ўраду Харватыі выдаваць шэнгенскія візы[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]