Перайсьці да зьместу

Воднае пола

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Матч па водным пола

Воднае пола — камандны від спорту зь мячом, у якім дзьве каманды імкнуцца закінуць мяч у браму суперніка. Гульня пры гэтым праходзіць у басэйне з вадой. Сучасная гульня прадугледжвае каманды зь сямі гульцоў, а таксама да шасьці гульцоў могуць знаходзіцца на лаўцы запасных. Мяч для гульні мае памер, падобны да футбольнага, але зроблены з гермэтычнага нэйлёну.

Ўільям Ўілсан быў адным з пачынальнікаў гульні ў воднае пола.

Гісторыя воднага пола як каманднага віду спорту пачалася ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў Ангельшчыне і Шатляндыі як форма дэманстрацыі сілы і навычкаў плаваньня. Водныя віды спорту і спаборніцтвы па плаваньні былі важнай часткай мясцовых кірмашоў і фэстываляў[1][2]. Мужчынскае воднае пола стала адным зь першых камандных відаў спорту, улучаных у праграму сучасных Алімпійскіх гульняў у 1900 годзе.

Адной зь першых зафіксаваных гульняў у воднае пола стаў выступ на чацьвертым фэстывалі Лёнданскага клюбу плаваньня. Гульня ладзілася ў Крышталёвым палацы ў Лёндане 15 верасьня 1873 году. Яшчэ адным папярэднікам сучаснага віду спорту была гульня, вядомая як «водны гандбол», у якую згулялі ў Борнмуце 13 ліпеня 1876 году. У гэтым матчы бралі ўдзел 12 сябраў элітнага вясьлярнага клюбу, а браму пазначылі чатырма сьцягамі, усталяванымі ў вадзе ля Борнмуцкага пірсу. Гульня пачалася а 18 гадзіне і працягвалася 15 хвілінаў, пакуль мяч ня лопнуў. Гледачы, якія сабраліся, падтрымалі ідэю правядзеньня новай гульні на наступным тыдні ў большым маштабе.

Правілы воднага пола былі распрацаваныя ў канцы XIX стагодзьдзя ў Вялікабрытаніі Ўільямам Ўілсанам, які, як мяркуецца, быў першым сябраў Арлінгтанскага плавальнага клюбу ў Глазга. Першымі гульнямі ў гэтак званы «водны футбол» сталіся спаборніцтвы ў Арлінгтане ў канцы XIX стагодзьдзя, а мяч быў зроблены з індыйскай гумы. Гэты від спорту, які першапачаткова нагадваў воднае рэгбі, атрымаў назву воднае пола. У раньнія гады гульня была даволі жорсткай, бо дапускалася грубая сіла, барацьба і ўтрыманьне супернікаў пад вадою з мэтай адбору мяча. Гульцы, якія доўга знаходзіліся пад вадою, звычайна былі вымушаныя адпускаць мяч. Брамнік стаяў па-за межамі гульнявога поля і абараняў браму, скакаючы ў ваду, калі супернік спрабаваў закінуць мяч.

  1. ^ Henry, William (1911). «Water Polo». In Chisholm, Hugh (ed.). Encyclopædia Britannica. Vol. 28 (11th ed.). Cambridge University Press. — С. 384–385.
  2. ^ Barr, David (1981). «A Guide to Water Polo». Sterling Publishing. London. — ISBN 978-0-8069-9164-1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]