Перайсьці да зьместу

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2020 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
2015
 Сьцяг Беларусі
[[|2025]] →
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2020 году
9 жніўня 2020
Кандыдат Андрэй Дзьмітрыеў Ганна Канапацкая Аляксандар Лукашэнка
Партыя Гавары праўду! беспартыйная беспартыйны
Галасоў выбаршчыкаў 70 671 97 489 4 661 075
Адсотак 1,21 % 1,67 % 80,1 %
Кандыдат Сьвятлана Ціханоўская Сяргей Чэрачань
Партыя беспартыйная БСДГ
Галасоў выбаршчыкаў 588 622 66 613
Адсотак 10,1 % 1,14 %

Прэзыдэ́нцкія вы́бары ў Белару́сі 2020 го́ду — шостыя прэзыдэнцкія выбары з часу атрыманьня незалежнасьці ў 1991 годзе, якія Палата прадстаўнікоў прызначыла на 9 жніўня 2020 году.

На выбары выдзелілі 36 000 000 рублёў[1]. Пасьля абвяшчэньня першых афіцыйных экзыт-полаў у 33 гарадох Беларусі адбыліся пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў, у ходзе якіх супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь затрымалі каля 3000 чалавек[2].

Перадвыбарчае становішча

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перад выбарамі паўстала пытаньне аб адзіным спаборніку ад праціўнікаў Лукашэнкі[3]. 24 студзеня прэс прэс-служба АГП заявіла пра рашэньне апазыцыі вылучыць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. «27 студзеня апазыцыя абвесьціць аб пачатку кампаніі адзінага кандыдата. Пасьля сур’ёзных і доўгіх дыскусый апазыцыя здолела дамовіцца аб тым, каб вылучыць адзінага кандыдата, і выпрацавала мэханізм яго вызначэньня. Адзіны кандыдат павінен аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы краіны і стаць лідэрам сумеснай барацьбы за вяртаньне Беларусі на шлях дэмакратычнага развіцьця. Прэс-канфэрэнцыя адбудзецца 27 студзеня ў 12.00», — гаворыцца ў паведамленьні[4].

27 студзеня 2020 году праціўнікі А. Лукашэнкі (Рух «За Свабоду», АГП, БСДП, партыяў БХД і БНФ) правялі супольную сустрэчу са СМІ. На ёй абвясьцілі аб пачатку выбараў супольнага кандыдата на будучых выбарах[5]. Але раней экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік «Таварыства беларускай мовы ім. Францыска Скарыны» Алена Анісім заявіла, што падчас сходу Ўсебеларускага кангрэсу «За незалежнасьць» адзіны кандыдат, якога можна вылучыць на выбарах прэзыдэнта краіны ў 2020 годзе, прадстаўлены ня будзе. Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі мае намер вылучыць прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Беларусі на маючых адбыцца выбарах кіраўніка партыі Алега Гайдукевіча, паведамілі ў прэс-службе ЛДП.

«9 лютага адбылося пасяджэньне Вышэйшага савета і Цэнтральнага камітэта ЛДП з удзелам кіраўнікоў рэгіянальных структур. У мэтах выкананьня рашэньняў зьезда партыі ЛДП вылучае прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь лідэра партыі, дэпутата парляманта, намесьніка старшыні камісіі па міжнародных справах Алега Гайдукевіча», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы. Будуць удзельнічаць у выбарах грамада «Справядлівы сьвет»[6].

Паводле стану на 6 чэрвеня 2020 папулярнасьць кандыдатаў паводле зьвестак спэцыяльнага сэрвісу https://web.archive.org/web/20200606151410/https://primaries.by/ выглядала наступным чынам.

Кандыдат Адсотак галасоў
Віктар Бабарыка 59,4
Валер Цапкала 18,7
Сьвятлана Ціханоўская 14,8
Аляксандар Лукашэнка 3,01
Ганна Канапацкая 0,7

У апытаньні ўзялі ўдзел 48 258 чалавек[7]

ЗША і Летува[8] заявілі аб занепакоенасьці затрыманьнямі асобаў, якія хацелі ўдзельнічаць у выбарах[9][10].

25 чэрвеня затрыманы адміністратар буйной палітычнай суполкі «РБ головного мозга» Ігар Лосік, на якога завялі крымінальную справу па артыкуле 342 КК РБ «Арганізацыя масавых беспарадкаў»[11].

У адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь выбіраюць на 5 гадоў; ён уступае на пасаду пасьля прынясеньня прысягі (артыкул 81 Канстытуцыі). Выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не пазьней чым за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазьней чым за два месяцы да заканчэньня паўнамоцтваў дзеючага Прэзыдэнта (артыкул 81).

Прэзыдэнтам можа быць абраны:

  • грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэньні,
  • узрост ад 35 гадоў і болей,
  • валодае выбарчым правам,
  • пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь ня менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі (артыкул 80),
  • ня мае судзімасьці.

Галасаваць на выбарах прэзыдэнта маюць права:

  • грамадзяне Рэспублікі Беларусь,
  • узрост ад 18 гадоў і болей.
Сяргей Ціханоўскі, 2020 год.

На этапе падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп была зарэгістравана 55 прэтэндэнтаў. Ранейшы рэкорд быў пастаўлены ў 2001 годзе, тады падалі заяўкі на рэгістрацыю груп 27 прэтэндэнтаў. Большая частка прэтэндэнтаў — «кандыдаты пратэсту» Міколы Статкевіча, якія не выказвалі намеру зьбіраць подпісы, а мелі выкарыстаць магчымасьці рэгістрацыі адно для палітычнай агітацыі[12]. З 55 пададзеных у ЦВК заяў адразу адхілілі 10, у тым ліку блогера Сяргея Ціханоўскага[13] і 8 «кандыдатаў пратэсту». Сьвятлана Ціханоўская, жонка Сяргея Ціханоўскага, падала дакумэнты, калі ЦВК вырашыла, што блогер няправільна аформіў заяву (там не было ягонага подпісу, сам ён адбываў у гэты час пакараньне — 15 сутак арышту)[14]. Ініцыятыўная група лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Міколы Статкевіча, які мае непагашаную судзімасьць і таму ня мае права ўдзельнічаць у выбарах, не была зарэгістраваная. Адмовілі таксама ягонай жонцы й іншым паплечнікам. Адмову старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла тым, што магчыма, сябры іх ініцыятыўных груп згаджаліся працаваць з кімсьці адным з патэнцыйных кандыдатаў, але прэтэндэнты абменьваліся зьвесткамі людзей бязь іхняй згоды і не інфармавалі пра ўключэньне ў свае ініцыятыўныя групы. Як заўважыў палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, ЦВК на пачатковым этапе адсекла радыкальную частку апанэнтаў рэжыму[15].

Для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах у выніку было зарэгістравана 15 ініцыятыўных груп. Зьвесткі пра асобаў, чые ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя:

2 ліпеня 2020 году Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў паведаміла, што 7 вылучэнцаў падалі дакладныя подпісы для ўліку ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты: Аляксандар Лукашэнка — 1 939 572, Віктар Бабарыка — 165 744, Ганна Канапацкая — 146 588, Сяргей Чэрачань — 143 109, Андрэй Дзьмітрыеў — 106 841, Сьвятлана Ціханоўская — 104 757 і Валер Цапкала — 75 249. Подпісы зьбіралі з 21 траўня па 19 чэрвеня. Паводле 60-га артыкула Выбарчага кодэксу Беларусі, для ўліку кандыдатам патрабавалася прынамсі 100 000 подпісаў паўналетніх грамадзянаў[20]. 14 ліпеня 2020 году Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі зарэгістравала 5 вылучэнцаў кандыдатамі ў прэзыдэнты:

  • Андрэя Дзьмітрыева
  • Ганну Канапацкую
  • Аляксандра Лукашэнку,
  • Сьвятлану Ціханоўскую
  • Сяргея Чэрачня[21].

Віктару Бабарыку было адмоўлена ў рэгістрацыі ў сувязі зь неадпаведнасьцю дэклярацыі фактычным даходам і ўдзелу замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі. Сябры ЦВК падтрымалі гэту прапанову адзінагалосна[22]. Таксама не зарэгістраваны Валер Цапкала, бо ў яго бракавала прызнаных ЦВК подпісаў, а жонка не задэкляравала акцыі[23].

27 ліпеня 2020 году Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абнародавала ўлік 6 844 932 выбарцаў (72,7 % насельніцтва Беларусі). Зь іх 1 241 021 (18,1 %) быў у Менску, 1 142 043 (16,7 %) — у Менскай вобласьці, 1 069 567 (15,6 %) — у Гомельскай, 984 601 (14,4 %) — у Берасьцейскай, 849 472 (12,4 %) — у Віцебскай, 801 825 (11,7 %) — у Магілёўскай і 751 084 (11 %) — у Гарадзенскай. Для выбараў утварылі 5767 участкаў (1186 выбарцаў на ўчастак). Для 5319 выбарцаў за мяжой стварылі 44 (0,8 %) участкі ў амбасадах і генконсульствах Беларусі ў 36 краінах, у тым ліку ў 9 краінах Азіі, 3 краінах Паўночнай Амэрыкі, 23 краінах Эўропы і ў Вэнэсуэле[24].

Перадвыбарчае агітаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мітынг Сьвятланы Ціханоўскай і аб'яднанага перадвыбарчага штабу. 30 ліпеня 2020, Менск

9 ліпеня Партыя БНФ распаўсюдзіла заяву, дзе выступіла за зьняцьце кандыдата А. Лукашэнкі з выбараў[25]. 6 ліпеня Кіраўскі райвыканкам напісаў ў Магілеўскі аблвыканкам пра збор подпісаў за А. Лукашэнку. У пісьме пішацца аб адсутнасьці перашкод у зборы подпісаў і адсутнасьці варожых адносінаў да Лукашэнкі[26]. 16 ліпеня паведамілі пра пісьмо Міністэрства аховы здароўя Беларусі, дзе пісалася аб паводзінах людзей на выбарах пры ўмове заражэньня каранавірусам[27]. Усе асобы, што могуць удзельнічаць у выбарах, пачалі праводзіць сходы людзей.

19 ліпеня 2020 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк абнародаваў зварот «Ня йдзіце галасаваць на фальшывыя выбары», які скіраваў «да ўсіх людзей, што падтрымалі рух “Стоп, таракан (прусак)!” і стаялі ў чэргах падпісацца за Ціханоўскую». У сваім звароце Пазьняк заявіў: «Пратаколы галасаваньня падпісваюцца ў адміністрацыі. Там “малююць” галасы, якія патрэбныя Лукашэнку. Таму хадзіць на такія выбары і галасаваць — гэта значыць сябе не паважаць. На фальшывых выбарах ад людзей нічога не залежыць. Рэжым выкарыстоўвае іх, каб потым падаць свае сфальшаваныя вынікі, быццам людзі так галасавалі. Але калі людзі ня прыйдуць галасаваць, а Ярмошына напіша Лукашэнку 76 адсоткаў, то фальсіфікацыя будзе ўсім бачная. Шыла ў мяшку не схаваеш, і такія выбары праваляцца. Згодна закона мусяць быць новыя выбары без Лукашэнкі»[28].

Берасьцейская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

29 чэрвеня 2020 году Баранавіцкі гарвыканкам прыняў рашэньне аб месцы правядзеньня сустрэчаў з выбаршчыкамі:

  • парк культуры й адпачынку імя 30-годзьдзя УЛКСМ на вуліцы Камсамольскай[29].

2 ліпеня Берасьцейскі гарвыканкам прыняў рашэньне аб месцах сустрэчаў з выбаршчыкамі. Іх сьпіс[30]:

  • месца ля крамы «Эўраопт» па вуліцы Адамкоўскай
  • Алея ля сцэны ў Парку імя воінаў-інтэрнацыяналістаў у мікрараёне “Ўсход”.

30 ліпеня работнікі камунальных службаў разабралі сцэну ў парку ў Баранавічах, дзе павінна адбыцца сустрэча з выбаршчыкамі[31]. 2 жніўня Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з выбаршчыкамі ў Баранавічах ў парку культуры й адпачынку імя 30-годзьдзя УЛКСМ на вуліцы Камсамольскай[32]. С. Ціханоўскую сустрэлі хлебам і сольлю[33]. Яна павіншавала ПДВ зь 90-годзьдзем.

Сьвятлана Ціханоўская пачала выступ з таго, што павіншавала беларускую «крылатую пяхоту» зь 90-годзьдзем Паветрана-дэсантных войскаў і дадала, што беларусы вельмі хочуць паважаць сваё войска: «Паступіце так, каб мы вамі ганарыліся», — сказала яна. Людзі на гэта закрычалі ёй «малайчына!»

— Выступ С. Ціханоўскай у Баранавічах[34]

2 жніўня Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з выбаршчыкамі ў Берасьці ў парку культуры й адпачынку імя 30-годзьдзя УЛКСМ[34].

Гэта вельмі цяжка зразумець, чаму ў XXI стагодзьдзі ў цывілізаванай дзяржаве для таго, каб адстаяць сваё права на закрыцьцё шкоднага прадпрыемства, людзям трэба кожную нядзелю больш за два гады выходзіць і адстойваць свае правы! Чаму людзі за гэта павінны атрымліваць штрафы і арышты? Чаму мы самі ня можам вырашаць, якім мае быць наш горад, якой мае быць нашая краіна?

— Выступ С. Ціханоўскай у Берасьці[35]

2 жніўня сустрэча С. Ціханоўскай у Бярозе з выбаршчыкамі не адбылася[36]. С. Ціханоўская пазваніла сабраўшымся людзям па тэлефоне:

«Я ведаю, што там сабралася вельмі шмат людзей, і вы чакаеце да апошняга. Але мая ахова кажа, што там стаяць аўтазакі і што я ўжо як кандыдат адтуль ня зьеду»,

— Званок С. Ціханоўскай у Бярозе[36]

. Сустрэча павінна была пачацца а 19.00[37] на стадыёне. Людзі прыехалі зь розных местаў: Белаазёрск, Дарагічын, Івацэвічы, Пружаны, Кобрынь. Па падліках Сяржука Русецкага прыхільніка БНФ сабралося каля 2 000 чалавек[38]. Людзі разышліся пасьля 22.00[39].

Віцебская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 траўня назіральнік Павал Левінаў падаў скаргу ў пракуратуру на віцебскі гарвыканкам на тайнасьць прыняцьця рашэньняў пры прызначэньні асабовага складу раённых выбарчых камісіяў[40].

30 чэрвеня гарвыканкам Віцебску абнародаваў рашэньне аб месцах правядзеньня сустрэчаў з выбаршчыкамі[41]:

  • Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў (у раёне цэнтральнай сцэны)
  • Парк Мазурына ("Комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі" ЦК "Віцебск" — цэнтральная сцэна)
  • Парк 30-годзьдзя УЛКСМ (за СДзЮШАР "Камсамолец" у раёне скрыжаваньня алей).

У м. Віцебску Андрэй Дзьмітрыеў заклікаў да назіраньняў на выбарах. Ён сустрэўся з выбаршчыкамі ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. Леніна[42][43]. На сходзе было каля 40 чалавек. 24 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з выбаршчыкамі ў парку культуры й адпачынку чыгуначнікаў у Віцебску, дзе было больш за 5000 чалавек[44]. 24 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з выбаршчыкамі ў м. Глыбокае, дзе было больш кля 800 чалавек[45]. Сустрэча была з 13 г. 30 хв. да 14 г. 30 хв.на плошчы каля крамы "Белмаркет" на вуліцы Леніна[46]. Па падліках "Правабаронцы за свабодныя выбары" Ганны Мартыноўскай колькасьць людзей была больш за 2 000 чалавек, бо многія прыходзілі й адыходзілі з-за абедзеннага перапынку[47]. Многія мяшчане сустракалі С. Ціханоўскую крыкамі: "Малайчына Сьвятлана!", "Жыве Беларусь!"

Я ўпершыню ў вашым прыгожым горадзе. Я абавязкова вярнуся сюды, каб схадзіць у знакамітыя сабор і касьцёл, паспрабую прыехаць на Вішнёвы фэст. Спадзяюся, што яго не скароцяць, як сёлета. Дзень замест пяці? Улада ня можа вырашыць, ёсьць у нас каранавірус ці не. Для Вішнёвага фэсту ў Глыбокім каранавірус ёсьць. А для Славянскага базару, дзе дзейны прэзыдэнт слухае Стаса Міхайлава, вірус пераможаны. Сумленна? Не! Справядліва? Не!

— Выступ С. Ціханоўскай у Глыбокім[48]

24 ліпеня Ціханоўская сустрэлася з выбаршчыкамі ў Наваполацку, дзе было больш за 5000 чалавек[45]. Веча адбылося ў парку культуры й адпачынку на вуліцы Паркавае. Ён павінен быў пачацца а 16 г. 30 хв., але С. Ціханоўская спазьнілася ледзь на паўгадзіны. Сабралося каля 3 000 людзей. Людзі прыходзілі й адыходзілі. Былі людзі з бел-чырвона-белымі сьцягамі[47].

Траса пад акном? Пацерпіце, мяркуе ўлада. Атамная станцыя? Пацерпіце, мяркуе ўлада. Акамулятарны завод мы таксама мусім пацярпець, як церпім жабрацкія заробкі і зьнявагу. Але Беларусь ня сьметнік, а прыгожая дзівосная краіна.

— Выступ Марыі Калесьнікавай у Новаполацку[48]

25 ліпеня С. Ціханоўская правяла сустрэчу ў Оршы[49]. Веча пачалося а 12 гадзіне ў парку герояў каля кургана Несьмяротнасьці[50]. З пачатку было каля сотні людзей, але потым сабралося каля 1 000 чалавек. С. Ціханоўская заявіла:

— Прывітаньне, Орша! Вітаю вас, сябры! Я хачу сказаць некалькі словаў тут, у Оршы, менавіта па-беларуску. Бо гэты горад беларусы заўсёды згадваюць з гонарам. Нас падзяляюць на захад і ўсход. Нас падзяляюць, каб разьяднаць. Але ў нас усіх адзіная мэта — новыя сумленныя выбары. І мы пацьвердзім 9 жніўня, што жыве Беларусь!

— Выступ С. Ціханоўскай у Оршы[51]

26 ліпеня была сустрэча з выбаршчыкамі давераных асобаў С. Ціханоўскай у Воршы[51]. Сустрэча была больш за гадзіну. 27 ліпеня сустрэча давераных асобаў С. Ціханоўскай у Дуброўна. У месьце Шуміліне 30 ліпеня сабраліся мяшчане ў падтрымку С. Ціханоўскай[52]. На тым вечы мяшчане патрабавалі ад А. Лукашэнкі сысьці ў адстаўку[53]. Самой С. Ціханоўскай не было, за яе выступіла давераная асоба — Тацьцяна Севярынец.

Гарадзенская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гарадзенскіх раёнах стварэньне выбарчых камісіяў праходзіла тайна, што парушае занаканадаўства Беларусі[54].

Месцаў для сустрэчаў у Горадні з выбаршчыкамі сталі: Калоскі парк, Румлёўскі парк. Памяшканьні для сустрэчаў[55]:

  • Дом культуры прадпрыемства “Цветліт” ад “Беларускага таварыства глухіх”
  • Актавая заля корпусу №2 Гарадзенскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжу
  • Актавая заля прафэсійнага тэхналягічнага каледжу
  • Актавая заля мэдыцынскага каледжу

30 ліпеня С. ЦІханоўская пацьвердзіла аб намеры прыехаць у Смаргонь[56]. 31 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з выбаршчыкамі. Тут сабралося некалькі каля 1 100 людзей[57]. Веча пачалося а 13 гадзіне ў парку імя Сініцкага[58]. С. Ціханоўская пад час сустрэчы зьвярнулася да пэнсіянэраў[59]:

– Мілыя мае! Хто сёньня да нас прыйшоў! Імкніцеся, калі ласка, данесьці ўсім сваім сябрам — вы думаеце, што калі памяняецца ўлада, вам ня будуць плаціць пэнсію. Бабулечкі мае! Вам пэнсію плаціць не прэзыдэнт, які сыйдзе ці які прыйдзе. Пэнсію вы зарабілі. Зараз вам яе плацяць вашыя дзеці, вашыя ўнукі. І ад таго, што зьменіцца прэзыдэнт, пэнсія нікуды не дзенецца.

31 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з выбаршчыкамі на плошчы каля крамы "Поцдам" у Лідзе. Тут сабралося некалькі сотняў людзей[60][61]. Перад сустрэчаю мясцовыя камунальныя службы пачалі разьбіраць ходнікі на месцы правядзеньня сустрэчы[62]. Сустрэча пачалася а 19 гадзіне. На веча прыйшло каля 300 чалавек[60][61]. Многія людзі мелі Бел-чырвона-белы сьцяг.

1 жніўня Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з выбаршчыкамі ў Калоскім парку, дзе сабралося некалькі тысячаў людзей. 1 жніўня Ціханоўская правяла сустрэчу з выбаршчыкамі ў Ваўкавыску на аўтастаянцы на вул. К. Маркса[63]. На ёй было больш за тысячу людзей[64]. 1 жніўня Ціханоўская правяла сустрэчу з выбаршчыкамі на стадыёне "Дынама" ў Слоніме, дзе сабралося некалькі тысячаў людзей[65]. Сустрэча стала найбуйнейшым антыўрадавым грамадзкім мерапрыемствам гораду за многія гады[66]. На сустрэчы было каля 3000 чалавек[67][68].

Гомельская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Рэчыцы мясцовы прадстаўнік А. Дзьмітрыева Алег Шабетнік захацеў праводзіць пастаянную сустрэчу з выбаршчыкамі штодня 17 ліпеня з 8 да 22 гадзін[69]. Пры гэтым мясцовы райвыканкам спрабаваў замінаць у правядзеньні сустрэчаў зь людзьмі. 18 ліпеня 2020 году ў м. Гомлі адбыўся сход супраць кандыдата А. Лукашэнкі. Сход адбыўся ў Палацы культуры "Віпра"[70].

26 ліпеня адбылася сустрэча з выбаршчыкамі кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай у Гомелі на плошчы каля будынку філіі "Цэнтра інклюзіўнае культуры" Гарадзкога цэнтру культуры. 26 ліпеня адбылася сустрэча з выбаршчыкамі кандыдаткі Ціханоўскай у Жлобіне насупраць будынку былое гарадзкое бібліятэкі ў гарадзкім парку культуры й адпачынку "Прыдняпроўскі". 26 ліпеня адбылася сустрэча з выбаршчыкамі кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай у Рэчыцы на плошчы перад царквою імя Эўфрасіньні Полацкае[71].

Магілеўская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Магілеве 25 ліпеня[72] адбылася сустрэча з выбаршчыкамі, якую правяла Сьвятлана Ціханоўская[73]. На ёй было каля 3 000 чалавек, якія сабраліся каля Лядовага палацу[74]. 25 ліпеня адбылася сустрэча з выбаршчыкамі ў Бабруйску, якую правяла Ціханоўская[71][73].

Менская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

2 ліпеня Менская абласная выбарчая камісія правяла пасяджэньне, дзе залічыла подпісы, сабраныя за грамадзян, якія хочуць удзельнічаць у выбарах[75]. 20 чэрвеня намесьнік старшыні Партыі БНФ падаў скаргу на дзейнасьць уладаў пры зборы подпісаў за Лукашэнку[76]. 19 ліпеня 2020 году С. Ціханоўскакя правяла сход людзей у парку Дружбы народаў, дзе было каля 7500 чал[77]. Менгарвыканкам скараціў колькасьць месцаў для сустрэчаў з выбаршчыкамі[78].

23 ліпеня Барысаў наведала С. Ціханоўская, дзе сустрэлася з выбаршчыкамі[79]. Сустрэча была на плошчы каля ААТ "ВЕСТА-БАРЫСАЎ"[80]. Веча было весьмі вялікім для Барысава. С. Ціханоўская заявіла[81]:

«Я заклікаю вас не галасаваць датэрмінова, прыйсьці 9 верасня на выбары і прагаласаваць за мяне і абараняць свой голас. Чым большы прыход - тым цяжэй скрасьці наш голас і тым цяжэй учыняць фальсіфікацыі. Я заклікаю вас устаць з канапы і прыйсьці на ўчастак.

31 ліпеня ў Маладэчна адбылася сустрэча С. Ціханоўскай з выбаршчыкамі. Веча адбылося на стадыёне на вуліцы Машэрава, 6а. Пачалася сустрэча а 15 г. 00 хв[62].

На дзяржаўным тэлебачаньні выступы кандыдатаў былі рэдкія. Выступы А. Лукашэнкі перадавалі выглядзе "рабочых паездак" начальніка краіны. 31 ліпеня на перадвыбарчым сходзе Ціханоўскай у Лідзе былі затрыманыя журналісты Белсату: Уладзімер Лунёў і Галіна Абакунчык, а ў Маладэчне затрымалі Зьмітра Міцкевіча й Дзяніса Дзюбу[82].

4 жніўня 2020 году беларускамоўная дзяржаўная газэта «Зьвязда» абнародавала перадвыбарчыя праграмы 4 кандыдатаў у прэзыдэнты па-беларуску і Сяргея Чэрачня па-расейску[83].

21 траўня назіральнік Павал Левінаў падаў скаргу ў пракуратуру на Віцебскі гарвыканкам на тайнасьць прыняцьця рашэньняў пры прызначэньні асабовага складу раённых выбарчых камісіяў[40].

9 ліпеня 2020 году Раман Юргель падаў скаргу на гарадзенскі гарвыканкам у ЦВК. У ёй Р. Юргель пісаў аб ненадрукаваньні складу выбарчых участковых камісіяў Горадні[84]. Таксама назіральнік Раман Юргель падаў скаргу на газэту Гродзенская праўда, якая парушыла заканадаўства й не абнародавала ўвесь склад участковых выбарчых камісіяў[85].

14 ліпеня гарадзкі суд разгледзеў адміністрацыйную справу супраць прадстаўніцы С. Ціханоўскай. Яе вінавацілі ва ўдзеле ў незаконным сходзе людзей. Суд прызнаў яе невінаватай[86]. Валеры Цапкала й Віктар Бабарыка падалі скаргу на ЦВК у Вярхоўны суд Беларусі з-за рашэньня ЦВК аб нядопуску іх да ўдзелу ў выбарах[87]. Былі скаргі ў ЦВК ад простых людзей на рашэньне ЦВК[88]. 21 ліпеня 2020 году Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргу Валера Цапкалы на рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі аб адмове яго ўліку ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты[89].

4—5 жніўня 2020 году за першыя 2 дні датэрміновага галасаваньня ініцыятыва «Сумленныя людзі» падала 3056 скаргаў на парушэньні Выбарчага кодэксу Беларусі[90]. Да 10 жніўня 2020 году «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падалі каля 3000 скаргаў на парушэньні Выбарчага кодэксу, зь якіх адхілілі ўсе датычныя галасаваньня і падліку галасоў. Таксама ўсе 484 скаргі ў суды наконт утварэньня выбарчых камісіяў адхілілі (415) і пакінулі без разгляду (69)[91].

Дзеля назіраньня за хадой галасаваньня з-за мяжы прыедуць назіральнікі СНД, але ня будзе назіральнікаў з АБСЭ[92][93]. 22 ліпеня 2020 году Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі зацьвердзіла Пастанову аб зьмяншэньні адначаснай прысутнасьці назіральнікаў на выбарчы ўчастак да 3-х падчас датэрміновага галасаваньня 4—8 жніўня і да 5 у асноўны дзень галасаваньня 9 жніўня. Пастанову ўхвалілі ў сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі. У сваю чаргу Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь распрацавала Рэкамэндацыі для папярэджаньня рэсьпіраторных інфэкцыяў на прэзыдэнцкіх выбарах, у якіх раіла разьмяшчаць на адлегласьці прынамсі 1 мэтру сталы і крэслы сябраў участковай камісіі, месцы для назіральнікаў і выбаршчыкаў[94]. Увечары 8 жніўня 2020 году на 5870 выбарчых участках налічвалася 65 572 назіральнікі ад 3736 установаў (у сярэднім па 11 назіральнікаў на ўчастак)[95]. 10 жніўня 2020 году прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч паведаміў: «З 798 назіральнікаў, якіх мы вылучылі на ўчасткі, толькі 93 змаглі назіраць розныя этапы кампаніі, толькі 1 — увесь працэс галасаваньня, толькі 3 былі пакінутыя на падліку». Паводле падліку «Праваабаронцаў за свабодныя выбары» з удзелам Беларускага Хэльсынскага камітэту, у ходзе выбарчай кампаніі затрымалі звыш 150 назіральнікаў. Каля 70 % «Праваабаронцаў за свабодныя выбары» засьведчылі завышэньне яўкі, 40 % — прымус да датэрміновага галасаваньня. Лабковіч дадаў: «Фальсіфікацыя яўкі прывяла да таго, што на больш як 10 участках у дзень выбараў мы фіксавалі факты, калі бюлетэні «пераліваліся цераз край», іх было больш, чым 100%» улічаных на ўчастку выбарцаў[96].

Галасаваньне і падлік галасоў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

5 жніўня 2020 году Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі паведаміла, што ў 1-ы дзень датэрміновага галасаваньня 4 жніўня яўка выбарцаў склала каля 5 %. У Гомельскай вобласьці налічылі 7,55 % выбарцаў, у Віцебскай — 5 %, у Менску — 4,77 %, у Менскай вобласьці — 4,69 %, у Магілёўскай — 4,66 %, у Берасьцейскай — 4,23 % і ў Гарадзенскай — 3,39 %[97]. 6 жніўня Цэнтарвыбаркам Беларусі налічыў за 2 дні датэрміновага галасаваньня 12,75 % яўкі. У Гомельскай вобласьці — 16,44 %, Магілёўскай — 14,61 %, Менскай — 12,61 %, Віцебскай — 12,16 %, у Менску — 11,73 %, у Берасьцейскай вобласьці — 11,26 % і ў Гарадзенскай — 10,01 %[98]. 7 жніўня ЦВК Беларусі абвясьціла пра яўку 22,47 % выбарцаў за 3 дні датэрміновага галасаваньня. У Гомельскай вобласьці — 30,22 %, Магілёўскай — 26,14 %, Віцебскай — 21,18 %, Менскай — 20,84 %, Берасьцейскай — 20,45 %, Гарадзенскай — 20,05 % і ў Менску — 18,89 %[99]. 8 жніўня 2020 году Цэнтарвыбаркам заявіў, што за 4 папярэднія дні датэрміновага галасаваньня яўка склала 32,24 % выбарцаў. У Гомельскай вобласьці налічылі 42,72 %, у Магілёўскай — 37,88 %, у Віцебскай — 30,86 %, у Берасьцейская — 30,11 %, у Гарадзенскай — 30,02 %, у Менскай — 29,09 % і ў Менску — 26,45 %[100].

Да 10 жніўня 2020 году на анлайн-плятформе «Голас» зарэгістравалася 1 184 903 беларускія выбарцы (17,3 %)[101]. Зь іх 80 % прагаласавалі за Ціханоўскую[102]. 15 жніўня 2020 году канал «Тэлеграм Беларусь» стварыў апытанку «За каго Вы прагаласавалі на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». На 9-ю гадзіну ранку 16 жніўня ў апытаньні ўзялі ўдзел 1,3 млн чалавек: 52 % прагаласавала за Ціханоўскую, 7 % не галасавала, 3 % галасавала супраць усіх, 2 % — за Лукашэнку, 1 % — за Чэрачня і яшчэ менш за Дзьмітрыева і Канапацкую. Яшчэ 35 % былі не зь Беларусі (таму не маглі галасаваць)[103].

Паводле зьвестак ЦВК Беларусі вынікі галасаваньня:

Вылучэнцы % галасоў
Дзьмітрыеў 1,21
Канапацкая 1,68
Лукашэнка 80,1
Ціханоўская 10,12
Чэрачань 1,14
Супраць усіх 4,59

Абвешчаны ЦВК вынік падліку галасоў выклікаў народныя выступленьні па ўсёй Беларусі.

14 ліпеня 2021 году он-лайн-плятформа «Голас» абнародавала вынікі дасьледаваньня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, паводле якіх яўка склала 5,4 млн выбарцаў, або 78 %. Пра свой выбар наўпрост паведамілі 900 000 выбарцаў на 5696 з 5767 выбарчых участкаў. Дзякуючы парталу маніторынгу выбараў «Зубр» і ініцыятыве «Сумленныя людзі» сфатаграфавалі, сабралі і аблічбавалі 1545 (27 %) пратаколаў участковых выбарчых камісіяў, у тым ліку 1517 у Беларусі (рэшта з амбасадаў Беларусі за мяжой). З улікам «струнаў» разьмеркаваньня зьвестак пратаколаў плятформа «Голас» вызначыла, што за Сьвятлану Ціханоўскую падалі 3 млн галасоў (56 %), за Аляксандра Лукашэнку — 1,8 млн (33 %), а за іншых вылучэнцаў і супраць усіх — 0,5 млн[104].

У сумеснай заяве ЗША й яшчэ больш за пяцідзесяці краінаў і ЭЗ аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ад 26 кастрычніка 2020 году было адзначана, што выбары «не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі»[105][106].

У сумеснай заяве Прадстаўніцтва ЭЗ ад імя дзяржаваў-сябровак, прадстаўленых у Менску, Пасольства Вялікабрытаніі, Пасольства Швэйцарыі й Пасольства ЗША ў сувязі з пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ад 17 лістапада 2020 году было адзначана, што выбары былі «сфальсыфікаваны»[107].

Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе заявіла аб неабвержных доказах таго, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі сфальсыфікаваныя. Уладам Беларусі было рэкамэндавана адмяніць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году з-за парушэньняў, якія, як сьцьвярджаецца ў дакладзе прызначанага ў рамках Маскоўскага мэханізму АБСЕ дакладчыка, прафэсара Вольфганга Бэнедэка(de), мелі месца на ўсіх этапах, і арганізаваць «новы электаральны працэс на аснове міжнародных стандартаў»[108][109][110].

У сваёй рэзалюцыі ў падтрымку народа Беларусі й яго дэмакратычных памкненьняў 20 красавіка 2021 году Кангрэс ЗША асудзіў фальсыфікацыі на выбарах і наступныя жорсткія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, а сам рэжым назваў нелегітымным[111].

  1. ^ Прэзідэнцкія выбары-2020 будуць даражэйшыя за папярэднія на $ 6,6 млн
  2. ^ Ціханоўская не прызнала вынікі выбараў // Эўрарадыё, 10 жніўня 2020 г. Праверана 1 жніўня 2020 г.
  3. ^ Ці патрэбны адзіны апазыцыйны кандыдат?
  4. ^ Апазіцыя вырашыла абраць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары
  5. ^ Апазіцыя прыдумала складаную схему абрання адзінага кандыдата
  6. ^ Апазіцыйныя камуністы пачалі сваю прэзідэнцкую кампанію
  7. ^ Данные опросов на 6 июня: В избирательной гонке лидируют Бабарико, Цепкало и Тихановская (рас.) Рогачев Онлайн Праверана 9 чэрвеня 2020 г.
  8. ^ Заявление МИД по поводу положения в Республике Беларусь
  9. ^ Шэраг краінаў выказаў занепакоенасць ходам перадвыбарнай кампаніі, а таксама масавымі затрыманнямі ў Беларусі
  10. ^ Кіраўнікоў штаба Віктара Бабарыкі выклікаюць у Генеральную пракуратуру
  11. ^ На блогера Ігара Лосіка завялі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў
  12. ^ Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў: бунтароў адсеялі адразу, Радыё Свабода
  13. ^ С. Ціханоўскі ў Ют’юбе
  14. ^ ЦВК адмовіла блогеру Ціханоўскаму ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, Лукашэнку і Гайдукевіча зарэгістравалі, Радыё Свабода
  15. ^ Што паказаў этап рэгістрацыі прэтэндэнтаў. Разбор ад Карбалевіча, Радыё Свабода
  16. ^ «Я сваю кандыдатуру прапаную»: Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у выбарах 2020 года
  17. ^ Лукашэнка анансаваў «зьезд народа Беларусі»
  18. ^ Статкевіч і Няпомняшчых: «Каб атрымаць аднаго кандыдата пратэсту, давялося вылучаць 30», Радыё Свабода
  19. ^ Пераемнік Шушкевіча будзе вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты
  20. ^ Сем чалавек падалі дакумэнты для рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты - ЦВК // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2 ліпеня 2020 г. Праверана 8 ліпеня 2020 г.
  21. ^ Гонку працягнуць пяцёра // Зьвязда : газэта. — 15 ліпеня 2020. — № 135 (29249). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  22. ^ Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Ён і ягоны сын — палітвязьні, Радыё Свабода, 14-07-2020
  23. ^ Цапкалу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, бо бракуе прызнаных подпісаў і жонка не задэкляравала акцыі, Радыё Свабода, 14-07-2020
  24. ^ ЦВК абнародавала зьвесткі аб колькасьці выбаршчыкаў на выбарах прэзыдэнта Беларусі // БелТА, 27 ліпеня 2020 г. Праверана 31 ліпеня 2020 г.
  25. ^ Партыя БНФ патрабуе ад ЦВК адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам ў прэзідэнты Лукашэнку
  26. ^ Пратэставых настрояў не назіралася». Кіраўскі райвыканкам памылкова адправіў справаздачу пра выбары грамадзкім актывістам
  27. ^ Як паўплываюць на працэс галасавання рэкамендацыі медыкаў: глядзім разам
  28. ^ Зянон Пазьняк. Ня йдзіце галасаваць на фальшывыя выбары // Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, 19 ліпеня 2020 г. Архіўная копія ад 20 ліпеня 2020 г. Праверана 20 ліпеня 2020 г.
  29. ^ Рашэньне № 1593 ад 29.06.2020 Баранавіцкага гарвыканкама
  30. ^ У Берасці толькі два месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі і яны нязручныя
  31. ^ Баранавіцкія ўлады разбурылі сцэну, на якой павінна была выступаць Ціханоўская
  32. ^ Баранавічы сустрэлі Ціханоўскую хлебам-соллю ВІДЭА, ФОТЫ
  33. ^ У Баранавічах Ціханоўскую сустрэлі хлебам-соллю
  34. ^ а б 8 тысяч чалавек, няспынныя авацыі: мітынг Ціханоўскай у Баранавічах
  35. ^ Мітынгі ў Баранавічах і Брэсце: «Цяпер мы кажам: «Я магу ўсё змяніць!»
  36. ^ а б Ціханоўская не прыехала на пікет у Бярозе, бо яе папярэдзілі аб «правакацыі»
  37. ^ Бяроза дае! Здаецца, у падтрымку Ціханоўскай тут выйшла 97% дарослага насельніцтва ФОТА
  38. ^ Святлана Ціханоўская ў апошні момант не прыехала на пікет у Бярозу з-за магчымай правакацыі
  39. ^ Мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Бярозе
  40. ^ а б Пракуратура не стала разбірацца са скаргай назіральніка, а аблвыканкам не заўважыў парушэнняў
  41. ^ Назіральнік: Месцаў для агітацыі ў Віцебску замала, і яны – непрыдатныя
  42. ^ Андрэй Дзмітрыеў заклікаў у Віцебску браць актыўны ўдзел у назіранні за выбарамі
  43. ^ Андрэй Дзьмітрыеў заклікаў у Віцебску браць актыўны ўдзел у назіраньні за выбарамі
  44. ^ Перадвыбарчы мітынг Ціханоўскай у Віцебску і Дзьмітрыева ў Стоўпцах. ФОТА, ВІДЭА
  45. ^ а б Сьвятлана Ціханоўская на мітынгу ў Віцебску: Я вам абяцаю, што пайду да канца…
  46. ^ Ціханоўская едзе ў Барысаў, пасля — у Глыбокае, Наваполацк і Віцебск
  47. ^ а б “Аб’яднаны штаб” Ціханоўскай наведаў Віцебшчыну
  48. ^ а б Сёння, 24 ліпеня, адбыліся мітынгі Святланы Ціханоўскай з удзелам Веранікі Цапкалы і Марыі Калеснікавай. Трымайце галоўныя тэзісы выступленняў!
  49. ^ Святлана Ціханоўская прамаўляе ў Оршы па-беларуску
  50. ^ Святлана Ціханоўская ў Оршы — сабралася 2000 чалавек ФОТА, ВІДЭА
  51. ^ а б "Ціханоўская звяртаецца да народа, а прэзідэнт — да вайскоўцаў". Як прайшоў мітынг "Светы" ў Оршы
  52. ^ На мітынгу ў Шуміліне людзі заклікалі Лукашэнку сысьці з пасады прэзыдэнта
  53. ^ На мітынгу ў Шуміліне людзі заклікалі Лукашэнку сысьці з пасады прэзыдэнта
  54. ^ Гарадзенскі аблвыканкам забыўся на адкрытасць і галоснасць працы выбарчых камісій
  55. ^ Пад забаронай — амаль увесь горад. У Гародні агітаваць дазваляецца толькі ў двух парках
  56. ^ Ціханоўская не адмовіцца ад мітынгаў. Заўтра яны пройдуць у Смаргоні і Маладзечна
  57. ^ У Смаргоні людзі сабраліся на сустрэчу са Святланай Ціханоўскай і яе штабам (Фота, відэа)
  58. ^ Па-сямейнаму. Заходняе турнэ Ціханоўскай пачалося з абедзеннага мітынгу ў Смаргоні ВІДЭА, ФОТА
  59. ^ Ціханоўская ў Смаргоні: Мілыя мае бабулькі, не бойцеся!
  60. ^ а б Сьвятлана Ціханоўская правяла пікет у Лідзе. ФОТА. ВІДЭА
  61. ^ а б Мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у Лідзе. УЖЫВУЮ
  62. ^ а б Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала едуць у Смаргонь, Маладзечна і Ліду
  63. ^ Святлана Ціханоўская праводзіць агітацыйныя пікеты ў гарадах Брэсцкай вобласці
  64. ^ Паглядзіце, як эмацыйна і натхнёна вітаў Ціханоўскую Ваўкавыск ФОТАРЭПАРТАЖ
  65. ^ Ціханоўская сёння выступае на "заходняй дузе": Гродна, Слонім, Ваўкавыск
  66. ^ Мітынг Ціханоўскай у Слоніме стаў найбуйнейшай палітычнай акцыяй у горадзе за шмат гадоў. ФОТАРЭПАРТАЖ
  67. ^ Слонімцы з усіх вуліц спяшаліся на сустрэчу са Святланай Ціханоўскай
  68. ^ Чарга на мітынг Ціханоўскай у Слоніме
  69. ^ У Рэчыцы выканкам спрабуе прымусіць агітаваць за альтэрнатыўных кандыдатаў толькі ў працоўны час
  70. ^ У Гомелі агітавалі супраць Лукашэнкі
  71. ^ а б Сёння Святлана Ціханоўская выступіць на трох сустрэчах у Гомельскай вобласці
  72. ^ Святлана Ціханоўская ў Магілёве
  73. ^ а б Сьвятлана Ціханоўская ў Магілёве. УЖЫВУЮ
  74. ^ Мітынг Святланы Ціханоўскай прайшоў у Магілёве ФОТА, ВІДЭА
  75. ^ "Толькі зачытваць адны гэтыя лічбы жудасна цяжка". Што па подпісах у Мінскай вобласці?
  76. ^ Зміцер Салошкін падаў скаргу на выкарыстанне адмінрэсурса на карысць Лукашэнкі
  77. ^ Справаздача па маніторынгу агітацыйнага пікету 19 ліпеня ў Мінску
  78. ^ Мінгарвыканкам адмовіўся паляпшаць месцы для агітацыі. Што скажа суд?
  79. ^ 23 ліпеня Святлана Ціханоўская едзе ў Барысаў, 24 ліпеня — у Глыбокае, Наваполацк і Віцебск
  80. ^ Ют'юб. Пікет Ціханоўскай у Барысаве
  81. ^ Святлана Ціханоўская ў Барысаве: Я адчуваю вашу падтрымку і сілу
  82. ^ У Лідзе і Маладэчне затрымалі 6 журналістаў «Белсату»
  83. ^ Праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты // Зьвязда. — 4 жніўня 2020. — № 149 (20263). — С. 3-7.
  84. ^ Назіральнік паскардзіўся ў ЦВК на абласную газету Гродна
  85. ^ Гарадзенскі назіральнік атрымаў дзіўны адказ ад ЦВК наконт парушэнняў з боку абласной газеты
  86. ^ Справу супраць актывісткі каманды Ціханоўскай з Віцебска – скасавалі
  87. ^ Цапкала і Бабарыка падалі скаргі ў Вярхоўны суд на нерэгістрацыю. Прадстаўніку Бабарыкі суд ужо адмовіў
  88. ^ ЦВК адказала на скаргі людзей у чарзе 15 ліпеня на нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы
  89. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Суд адхіліў скаргу Валерыя Цапкалы на рашэньне аб адмове яго рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты // Белтэлерадыёкампанія, 21 ліпеня 2020 г. Праверана 1 жніўня 2020 г.
  90. ^ «Сумленныя людзі» выявілі 3056 парушэньняў на выбарах за першыя два дні датэрміновага галасаваньня // Партал «Наша ніва», 6 жніўня 2020 г. Праверана 9 жніўня 2020 г.
  91. ^ Аналітычная справаздача па выніках назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь // «Праваабаронцы за свабодныя выбары», 10 жніўня 2020 г. Праверана 11 жніўня 2020 г.
  92. ^ Місія СНД будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі, АБСЕ — не
  93. ^ Прадстаўнікі ПА АБСЕ раскрытыкавалі Беларусь за тое, што яна своечасова не адправіла запрашэнне на выбары
  94. ^ ЦВК: з-за эпідсытуацыі колькасьць наглядальнікаў на выбарчых участках зьменшаць // БелТА, 22 ліпеня 2020 г. Праверана 31 ліпеня 2020 г.
  95. ^ Мапа выбараў (прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 2020) // Ініцыятыва «Зубр», 8 жніўня 2020 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.
  96. ^ Вольга Быкоўская. Праваабаронцы: Гэта былі найгоршыя выбары за ўсю электаральную гісторыю Беларусі // БелаПАН, 10 жніўня 2020 г. Праверана 11 жніўня 2020 г.
  97. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У першы дзень датэрміновага галасаваньня яўка выбаршчыкаў склала амаль 5% // Белтэлерадыёкампанія, 5 жніўня 2020 г. Праверана 6 жніўня 2020 г.
  98. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». За два дні датэрміновага галасаваньня яўка выбаршчыкаў на выбарах прэзыдэнта Беларусі склала 12,75 % // Белтэлерадыёкампанія, 6 жніўня 2020 г. Праверана 6 жніўня 2020 г.
  99. ^ Яўка выбаршчыкаў за тры дні датэрміновага галасаваньня склала 22,47 працэнта // БелТА, 7 жніўня 2020 г. Праверана 7 жніўня 2020 г.
  100. ^ Яўка выбаршчыкаў за чатыры дні датэрміновага галасаваньня склала 32,24 % // Газэта «Зьвязда», 8 жніўня 2020 г. Праверана 8 жніўня 2020 г.
  101. ^ Анлайн-плятформа «Голас» // Ініцыятыва «Сумленныя людзі», 10 жніўня 2020 г. Праверана 10 жніўня 2020 г.
  102. ^ Юры Дракахруст, Сяргей Навумчык. Ціханоўская ці Лукашэнка: хто перамог // Радыё «Свабода», 10 жніўня 2020 г. Праверана 10 жніўня 2020 г.
  103. ^ У апытанцы Паўла Дурава ў «Тэлеграме» ўзялі ўдзел ужо 1,3 млн беларусаў // Партал «Наша ніва», 16 жніўня 2020 г. Праверана 16 жніўня 2020 г.
  104. ^ Чаму «Голас» лічыць, што Ціханоўская перамагла Лукашэнку ў першым туры // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 14 ліпеня 2021 г. Праверана 14 ліпеня 2021 г.
  105. ^ Joint Statement on the Human Rights Situation in Belarus (анг.). U.S. Embassy in Belarus (2020-10-28). Архіўная копія ад 2020-10-28 г.
  106. ^ Сумесная заява аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Амбасада ЗША ў Беларусі (2020-10-28). Праверана 2020-10-28 г. Архіўная копія ад 2020-10-28 г.
  107. ^ Сумесная заява Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ад імя дзяржаў-членаў, прадстаўленых у Мінску, Пасольства Вялікабрытаніі, Пасольства Швейцарыі і Пасольства ЗША ў сувязі з пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (бел.). Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі (2020-11-17). Праверана 2020-11-18 г. Архіўная копія ад 2020-11-18 г.
  108. ^ tass.ru
  109. ^ OSCE Rapporteur’s Report under the Moscow Mechanism on Alleged Human Rights Violations related to the Presidential Elections of 9 August 2020 in Belarus (анг.). Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў ЭўропеПраверана 2021-02-10 г.
  110. ^ Grazer Jurist beurteilt Menschenrechtslage in Weißrussland (ням.). ORF at/Agenturen red (2020-10-13). Праверана 2021-02-10 г.
  111. ^ Ольга Тихомирова. (2021-04-21) Конгресс США призвал к новым выборам в Беларуси (рас.). Нямецкая хваляПраверана 2021-04-22 г. Архіўная копія ад 2021-04-22 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]