Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
26 сакавіка 1977 (47 гадоў) |
Партыя: | |
Бацька: | Сяргей Гайдукевіч |
Адукацыя: | |
Узнагароды: |
Алег Сяргеевіч Гайдукевіч (26 сакавіка 1977, Менск) — палітык, дзяржаўны дзяяч рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Член Вышэйшай рады ЛДП, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1998 г. скончыў з адзнакай Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у 2018 г. — Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.
У 1999—2012 гг. працаваў у праваахоўных органах. Быў опэрупаўнаважаным, старэйшым опэрупаўнаважаным АБЭЗ Фрунзенскага РУУС Менску, старэйшым опэрупаўнаважаным аддзелу цяжкіх злачынстваў УБЭЗ ГУЎС Менгарвыканкаму, намесьнікам начальніка АБЭЗ Партызанскага РУУС Менску, начальнікам АБЭЗ Фрунзенскага РУУС Менску.
У 2007 г. прызначаны начальнікам Партызанскага РУУС Менску, у 2009 г. — начальнікам Фрунзенскага РУУС Менску.
Палітычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 2012 па 2014 год быў намесьнікам Старшыні прорасейскай і пролукашэнкаўскай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, якой кіраваў яго бацька Сяргей Гайдукевіч. У красавіку 2013 году быў абраны ХIV зьездам партыі чальцом Вышэйшай Рады Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. З 2014 па 2019 гады быў першым намесьнікам Старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі[1]. 10 лістапада 2017 году адзначыў на «круглым стале» ў газэце Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі: «У мяне ў (Лібэральна-дэмакратычнай) партыі шмат людзей, якія размаўляюць на (беларускай) мове. І я намагаюся на ёй размаўляць. У мяне ёсьць адзін дзень у тыдні, калі мы з дачкой карыстаемся толькі беларускай». Ён заклікаў: «Мае прапановы такія — частка прадметаў павінна ва ўсіх школах выкладацца на беларускай мове. Адзін з такіх прадметаў…, — гісторыя Беларусі». Таксама Алег Гайдукевіч згадаў: «Абсалютная большасьць нашых грамадзянаў, безумоўна, хоча жыць у незалежнай краіне. І безь беларускай мовы, гісторыі, без культурнай спадчыны ня будзе нацыі, ня будзе беларускай дзяржаўнасці»[2].
21 верасьня 2019 году на XX зьедзе Лібэральна-дэмакратычнай партыі абраны старшынёй партыі, замяніўшы на гэтай пасадзе Сяргея Гайдукевіча[3].
Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га скліканьня. З 98 кандыдатаў, вылучаных партыяй, адзіны хто патрапіў у Палату[4].
Падчас падзеяў 2020—2021 гг.
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Удзельнічаў у кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году. Ягоная ініцыятыўная група была адной з 15 зарэгістраваных, у яе запісаліся 4034 чалавекі — гэта была трэцяя па масавасьці група пасьля групаў Аляксандара Лукашэнкі й Віктара Бабарыкі.
Неўзабаве пасьля рэгістрацыі групы 26 траўня заявіў, што здымаецца з выбараў на карысьць А. Лукашэнкі, бо «нельга дапусьціць злому краіны». Ён дадаў, што ня можа «быць прастытуткай», а будзе «адстойваць свае перакананьні»[5]. 14 ліпеня стаў даверанай асобай кандыдата А. Лукашэнкі[6].
Напачатку верасьня выбарцы Каліноўскай выбарчай акругі № 108 сабралі 700 подпісаў пад лістом аб тым, што «страцілі давер да дэпутата Гайдукевіча». Людзі палічылі, што «дэпутат бязьдзейнічаў і не абараніў інтарэсы выбарцаў». Але гэта не дапамагло яго зьняць[7].
У лютым 2021 г. выступіў з ініцыятывай прыняцьця закону аб так званых замежных агентах, які разглядаецца крытыкамі як патэнцыйны сродак ціску на праваабаронцаў і іншадумцаў з боку рэжыму Лукашэнкі[8][9].
Неаднаразова выступаў у СМІ ў абарону рэжыму Лукашэнкі і з ачарненьнем дэмакратычнай апазыцыі[10]. Называў «спробай дзяржаўнага перавароту» масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 г. і супраць гвалту карніцкіх структураў органаў рэжыму Лукашэнкі ў адносінах да іншадумцаў[11].
Крытыкаваў увядзеньне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, якія пасьледвалі за буйнамаштабовымі парушэньнямі правоў чалавека пасьля выбараў 2020 г., і заклікаў да ўвядзеньня крымінальнай адказнасьці за заклікі да ўвядзеньня санцый[12].
4 траўня 2021 г. у тэлевізійным этэры пагражаў лідарам апазыцыі, якія знаходзяцца ў эміграцыі, арыштам[13]. Пасьля захопу самалёта рэйсу Ryanair 4978 у Менску і затрыманьня блёгера Рамана Пратасевіча, які ляцеў гэтым рэйсам, публічна пахваліў спэцслужбы рэжыму Лукашэнкі і паўторна прапанаваў гвалтоўна выкрадаць лідараў апазыцыі з замежжа[14].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узнагароджаны мэдалём «За бездакорную службу» III ступені[15].
Міжнародныя санкцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]21 чэрвеня 2021 г. быў унесены ў чорны сьпіс Эўразьвязу[16]. Паводле рашэньня ЭЗ, Гайдукевіч «рабіў публічныя заявы, вітаючы перанакіраваньне пасажырскага рэйса FR4978 у Менск 23 траўня 2021 г. Гэта палітычна матываванае рашэньне было прынята без належнага абгрунтаваньня й было накіравана на арышт і затрыманьне апазыцыйнага журналіста Рамана Пратасевіча й Соф’і Сапегі й зьяўляецца формаю рэпрэсіяў супраць грамадзянскае супольнасьці й дэмакратычнае апазыцыі ў Беларусі»[17]. Акрамя таго, Гайдукевіча ў свае санкцыйныя сьпісы ўключылі Вялікабрытанія[18], Канада[19], Швайцарыя[20][21]. 6 ліпеня да чэрвеньскага пакету санкцый ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[22].
9 жніўня 2021 году таксама быў унесены ў Сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[23][24].
У 2022 годзе ён трапіў у чорныя сьпісы Японіі ды Ўкраіны[25].
Стаўленьне да русіфікацыі Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]30 сакавіка 2022 году ў адказ на зварот да беларусаў лідара «Акіяны Эльзы» Сьвятаслава Вакарчука, дзе той заклікаў пераходзіць на беларускую мову ў штодзённым жыцьці, зрабіў наступную заяву[26]:
Ва Ўкраіне нейкі ідыёт параіў беларусам масава пераходзіць на беларускую мову... Расейская мова заўсёды будзе дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі, заўсёды будзе роднай мовай... Першы крок да ўмацаваньня дзяржаўнасьці мы зрабілі менавіта ў сярэдзіне 90-х, калі замацавалі расейскую мову дзяржаўнай і разграмілі банду Пазьнякоў, Шарэцкіх і іншых. Арыгінальны тэкст (рас.)
В Украине какой-то идиот посоветовал белорусам массово переходить на белорусский язык... Русский язык всегда будет государственным языком на территории Беларуси, всегда будет родным языком... Первый шаг к укреплению государственности мы сделали именно в середине 90-х, когда закрепили русский язык государственным и разгромили банду Позняков, Шарецких и Прочих.
|
||
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Итоги XX съезда Либерально-демократической партии
- ^ Людміла Рублеўская. Жывая спадчына (Лёс беларускай мовы павінен стаць агульным клопатам для ўсяго грамадзтва) // Беларусь сёньня : газэта. — 11 лістапада 2017. — № 25353. — ISSN 1991-2978.
- ^ Итоги XX съезда Либерально-демократической партии. Сайт Либерально-демократической партии. Праверана 2019-09-21 г.
- ^ Сведения о результатах голосования
- ^ «Я не магу быць прастытуткай». Што стаіць за дэмаршам Гайдукевіча?, Радыё Свабода, 26.05.2020
- ^ Алег Гайдукевіч стаў даверанай асобай Лукашэнкі, на карысьць якога зьняўся з выбараў, Радыё Свабода, 14.07.2020
- ^ За адкліканьне дэпутата Гайдукевіча сабралі 700 подпісаў, Але не дапамгло, Радыё Свабода, 7.09.2020
- ^ «Дзікае паляваньне» на праваабаронцаў. Каму і навошта гэта трэба — Радыё Свабода, 16 лютага 2021 г.
- ^ Палата прадстаўнікоў пачала працу над законапраектам аб замежных агентах, — Гайдукевіч — Радыё Свабода, 15 лютага 2021 г.
- ^ Гайдукевіч: Ціханоўскі — гэта Шарыкаў, а Бабарыка проста ўсіх купляе — Наша Ніва, 26.05.2020
- ^ Гайдукевіч: Трэба прымаць закон аб замежных агентах — Наша Ніва, 27.12.2020
- ^ Гайдукевіч: Недапушчальна, каб палітыкі заклікалі да санкцый, гэта дзікунства — Звязда, 12.02.2021
- ^ Гайдукевич: Переговоры с белорусской оппозицией будут как с Навальным — Беларускі партызан, 04.05.2021
- ^ Гайдукевіч: Латушку і іншых можна затрымаць на тэрыторыі іншых дзяржаў і прывозіць сюды ў багажніку — Наша Ніва, 23.05.2021
- ^ Гайдукевіч Алег Сяргеевіч
- ^ Хто ў чацьвёртым пакеце санкцыяў Эўразьвязу. Поўны сьпіс. Радыё Свабода (2021-06-21). Праверана 2021-09-10 г.
- ^ COUNCIL IMPLEMENTING REGULATION (EU) 2021/997 — EUR-Lex(en), 21.06.2021
- ^ CONSOLIDATED LIST OF FINANCIAL SANCTIONS TARGETS IN THE UK (анг.). Office of Financial Sanctions Implementation HM Treasury (2021-06-25).
- ^ Consolidated Canadian Autonomous Sanctions List. Міністэрства міжнародных справаў Канады(en) (2015-10-19). Праверана 2021-06-29 г.
- ^ Michael Shields; Kevin Liffey. (2021-07-07) Swiss widen sanctions list against Belarus (анг.). Reuters. Праверана 2021-07-10 г. Архіўная копія ад 2021-07-07 г.
- ^ Sanctions program: Belarus: Verordnung vom 11. Dezember 2020 über Massnahmen gegenüber Belarus (SR 946.231.116.9), Anhang 1 Origin: EU Sanctions: Art. 2 Abs. 1 (Finanzsanktionen) und Art. 3 Abs. 1 (Ein- und Durchreiseverbot) (анг.). Дзяржаўны сакратарыят па эканамічных пытаньнях(de) (2021-07-07). Праверана 2021-07-10 г. Архіўная копія ад 2021-07-07 г.
- ^ Declaration by the High Representative on behalf of the European Union on the alignment of certain third countries with the Council Decision (CFSP) 2021/1002 concerning restrictive measures in view of the situation in Belarus (анг.). Рада Эўрапейскага зьвязу (2021-07-06). Праверана 2021-09-10 г.
- ^ Treasury Holds the Belarusian Regime to Account on Anniversary of Fraudulent Election (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2021-08-09). Праверана 2021-08-10 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.
- ^ США расширили санкции в отношении официального Минска. Полный список (рас.). ZERKALO.IO(be) (2021-08-09). Праверана 2021-08-10 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.
- ^ ГАЙДУКЕВИЧ Олег Сергійович
- ^ Гайдукевіч: Нейкі ідыёт параіў пераходзіць на беларускую мову. Але руская заўсёды будзе роднай, Наша Ніва, 30 сакавіка 2022 г.
- Нарадзіліся 26 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1977 годзе
- Нарадзіліся ў Менску
- Выпускнікі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь
- Узнагароджаныя мэдалём За працоўныя заслугі
- Узнагароджаныя мэдалём За бездакорную службу 3 ступені
- Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь
- Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га скліканьня
- Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га скліканьня
- Беларускія асобы ў Чорным сьпісе ЭЗ
- Беларускія асобы ў сьпісе СВГ