Перайсьці да зьместу

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Выбарчы кодэкс Беларусі»)
кодэкс
Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь
Заканадаўчы орган
Нумар 370-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
24 студзеня 2000 (24 гады таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
31 студзеня 2000 (24 гады таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
11 лютага 2000 (24 гады таму)
Уступ у сілу 2000 год
Першая публікацыя 2000 год
газэта «Зьвязда»

Вы́барчы ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў і народнага галасаваньня, які набыў моц у 2000 годзе.

Паводле 1-га артыкула Кодэксу, вызначае дачыненьні, «якія ўзьнікаюць пры падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, выбараў і адкліканьня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, сябраў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь, а таксама пры падрыхтоўцы і правядзеньні народнага галасаваньня, і ўстанаўлівае гарантыі, якія забясьпечваюць свабоднае волевыяўленьне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». На 2020 год налічваў 156 артыкулаў і падзяляўся на Агульную частку ў складзе 4-х разьдзелаў і Асаблівую частку ў складзе 6 разьдзелаў. Замяніў сабой 9 законаў Беларускай ССР і 8 законаў Рэспублікі Беларусь. На 2020 год Выбарчы кодэкс Беларусі дзейнічаў зь 7-ю зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2000, 2003, 2006, 2010, 2011, 2013 і 2015 гадоў. 5 лістапада 2019 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла Пратаколам № 3 пераклад яго рэдакцыі з зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад ад 4 чэрвеня 2015 г. № 268-З[1].

Агульная частка Выбарчага кодэксу Беларусі налічвала 55 артыкулаў у складзе 4-х разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні. Асноўныя прынцыпы выбарчай сыстэмы, правядзеньня народнага галасаваньня»; 2) «Выбарчыя акругі, участкі для галасаваньня. Сьпісы грамадзянаў, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, рэфэрэндуме, галасаваньні аб адкліканьні дэпутата»; 3) «Паўнамоцтвы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных органаў у арганізацыі падрыхтоўкі выбараў, рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутата, сябра Савета Рэспублікі. Сыстэма і паўнамоцтвы камісіяў па правядзеньні выбараў, рэфэрэндуму, галасаваньня аб адкліканьні дэпутата»; 4) «Перадвыбарная агітацыя, агітацыя па рэфэрэндуме, адкліканьні дэпутата, сябра Савета Рэспублікі. Фінансаваньне выбараў, рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутата, сябра Савета Рэспублікі. Адказнасьць за парушэньне заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, адкліканьні дэпутата, сябра Савета Рэспублікі». Найбольшым быў 3-і разьдзел у складзе 23-х артыкулаў (22—44)[1].

Прынцыпы галасаваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы разьдзел Выбарчага кодэксу зьмяшчаў 13 артыкулаў у складзе 2-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Асноўныя прынцыпы выбарчай сыстэмы, правядзеньня рэфэрэндуму». Большай была 2-я глава з 11 артыкулаў, якая акрэсьлівала: прынцыпы выбараў і рэфэрэндумаў; усеагульнасьць з 18 гадоў, свабоднасьць і роўнасьць прамога і ўскоснага выбарчага права, а таксама ўдзелу ў рэфэрэндуме; таемнае галасаваньне і прынцыпы адкліканьня дэпутата; забесьпячэньне правядзеньня выбараў, рэфэрэндуму і адкліканьня, у тым ліку камісіямі; галоснасьць пры іх правядзеньні. Паводле 13-га артыкула Кодэску, выбарчыя «камісіі, мясцовыя прадстаўнічыя, выканаўчыя і распарадчыя органы інфармуюць грамадзянаў ... аб утварэньні выбарчых акругаў, аб складзе, месцазнаходжаньні і часе працы камісіяў, сьпісах грамадзянаў, якія маюць права ўдзельнічаць у ... галасаванні.., кандыдатах, выніках галасаваньня». Таксама «назіральнікі акрэдытуюцца пры адпаведных выбарчых камісіях, ... а пры правядзеньні выбараў і адкліканьня сябраў Савета Рэспублікі — пры прэзыдыюмах адпаведных абласных, Менскага гарадзкога Саветаў дэпутатаў». «Назіральнікі акрэдытуюцца пры прад’яўленьні дакумэнта аб накіраваньні назіральнікам, які вызначаецца Цэнтральнай камісіяй, і пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь». «Камісіі інфармуюць назіральнікаў ... аб даце, часе і месцы правядзеньня сваіх паседжаньняў». Пры правядзеньні выбараў і рэфэрэндуму «маюць права прысутнічаць назіральнікі — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сябры Савета Рэспублікі, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, давераныя асобы кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты, прадстаўнікі палітычных партыяў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў, грамадзянаў, замежныя назіральнікі, а таксама прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі». «Назіральнік мае права:

  • прысутнічаць на паседжаньнях адпаведных камісіяў;
  • прысутнічаць на паседжаньнях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласьці, дэпутатаў Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў па выбарах сябраў Савета Рэспублікі, а таксама па адкліканьні сябра Савета Рэспублікі;
  • прысутнічаць пры пламбаваньні або апячатваньні скрынак для галасаваньня;
  • знаходзіцца ў дзень галасаваньня ў памяшканьнях для галасаваньня з моманту пламбаваньня або апячатваньня скрынак для галасавання да заканчэньня падвядзеньня вынікаў галасаваньня;
  • прысутнічаць пры датэрміновым галасаваньні, галасаваньні па месцазнаходжаньні грамадзянаў, правядзеньні паўторнага падліку галасоў грамадзянаў;
  • назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасаваньня, захаваньнем вызначанага гэтым Кодэксам парадку галасаваньня;
  • зьвяртацца з прапановамі і заўвагамі ў пытаньнях арганізацыі галасаваньня да старшыні ўчастковай, падліковай камісіі або яго намесьніка;
  • атрымліваць інфармацыю аб выніках падліку галасоў і складаньні пратаколаў адпаведных камісіяў аб выніках выбараў, рэфэрэндуму, галасаваньня аб адкліканьні дэпутата;
  • знаёміцца з пратаколамі ўчастковых камісіяў аб выніках галасаваньня і пратаколамі адпаведных камісіяў аб выніках выбараў, рэфэрэндуму, галасаваньня аб адкліканьні дэпутата, падпісанымі і накіраванымі ў вышэйстаячую камісію»;
  • «зрабіць копію пратакола ўчастковай камісіі аб выніках галасаваньня сваімі сіламі і сродкамі;
  • накіроўваць звароты ў адпаведную ці вышэйстаячую камісію або пракурору аб устараненьні парушэньня гэтага Кодэкса і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, рэфэрэндуме, адкліканьні дэпутата і сябра Савета Рэспублікі не пазьней чым на трэці дзень пасьля выбараў, рэфэрэндуму, галасаваньня аб адкліканьні дэпутата, сябра Савета Рэспублікі;
  • знаёміцца з рашэньнямі паседжаньняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласьці, дэпутатаў Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў па выбарах сябраў Савета Рэспублікі, а таксама па адкліканьні сябра Савета Рэспублікі»[1].

Другі разьдзел Кодэксу налічваў 8 артыкулаў (14—21) у складзе 3-х главаў: 1) «Выбарчыя акругі»; 2) «Участкі для галасаваньня»; 3) «Сьпісы грамадзянаў, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, рэфэрэндуме, галасаваньні аб адкліканьні дэпутата». Найбольшай была апошняя глава разьдзелу з трох артыкулаў (19—21). Згодна з 15-м артыкулам «для правядзеньня выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь утвараецца 110 выбарчых акругаў». Для выбараў у абласны і Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў утвараецца ад 40 да 60 выбарчых акругаў, у раённы і гарадзкі Савет для гораду абласнога падпарадкаваньня — ад 25 да 40 акругаў, у гарадзкі для гораду раённага падпарадкаваньня — ад 15 да 25, у пасялковы і сельскі — ад 11 да 15. Пры гэтым «не дапускаецца ўтварэньне выбарчай акругі з тэрыторыяў, якія не мяжуюць паміж сабой». Пагатоў, адхіленьне колькасьці выбаршчыкаў у выбарчай акрузе ад сярэдняй колькасьці выбаршчыкаў, якія прыпадаюць на выбарчую акругу пры выбарах, «ня можа перавышаць 10 %». Сьпісы выбарчых акругаў з пазначэньнем іх назваў, нумароў, межаў, колькасьці выбаршчыкаў і месцазнаходжаньня выбарчых камісіяў публікуюцца: «Цэнтральнай камісіяй не пазьней чым на 5-ы дзень пасьля прызначэньня выбараў у Палату прадстаўнікоў, па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў — тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі не пазьней чым за 80 дзён да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў». У 17-м артыкуле прадугледжваўся падзел тэрыторыі раёнаў і гарадоў на ўчасткі для галасаваньня «з колькасьцю прынамсі 20 і ня больш за 3000 выбаршчыкаў». Паводле 18-га артыкула, «участкі для галасаваньня ўтвараюцца не пазьней чым за 2 месяцы да выбараў і не пазьней чым за 25 дзён да рэфэрэндуму, за 25 дзён да дня галасаваньня аб адкліканьні дэпутата». Таксама мясцовыя «органы, якія ўтварылі ўчасткі для галасаваньня, абавязаныя не пазьней чым у 10-дзённы тэрмін апавясьціць выбаршчыкаў, удзельнікаў рэфэрэндуму аб межах кожнага ўчастка для галасаваньня з пазначэньнем месцазнаходжаньня ўчастковай камісіі і памяшканьня для галасаваньня». Згодна з 21-м артыкула Кодэксу сьпісы грамадзянаў, якія маюць права ўдзельнічаць у галасаваньні, прадстаўляюцца выбаршчыкам для азнаямленьня за 15 дзён да галасаваньня. «Кожнаму грамадзяніну забясьпечваецца магчымасьць праверыць, ці ўключаны ён у сьпіс і ці правільна ў сьпісе пазначаныя зьвесткі аб ім»[1].

Паўнамоцтвы дзяржаўных органаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці разьдзел Выбарчага кодэксу ўлучаў 23 артыкулы (22—44) ў складзе 4-х главаў: 1) «Паўнамоцтвы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных органаў у арганізацыі падрыхтоўкі выбараў, рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутата, сябра Савета Рэспублікі»; 2) «Сыстэма камісіяў па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, рэфэрэнду, галасаваньня аб адкліканьні дэпутата»; 3) «Утварэньне, арганізацыя працы і паўнамоцтвы Цэнтральнай камісіі»; 4) «Утварэньне камісіяў па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, па рэфэрэндуме, па правядзеньні галасаваньня аб адкліканьні дэпутата. Парадак зьмяненьня складу камісіяў, арганізацыя іх працы і паўнамоцтвы». Найбольшай была апошняя глава разьдзелу ў складзе 11 артыкулаў (34—44). Паводле 34-га артыкула, выбарчыя камісіі ўтвараюцца «з прадстаўнікоў палітычных партыяў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў, а таксама прадстаўнікоў грамадзянаў, вылучаных у склад камісіі шляхам падачы заявы». Прэзыдыюмы Саветаў дэпутатаў і выканаўчыя камітэты вобласьцяў і сталіцы абіраюць адпаведныя выбарчыя камісіі ў складзе 9—13 сябраў прынамсі за 80 дзён да выбараў прэзыдэнта, за 75 дзён да выбараў у Палату прадстаўнікоў, за 85 дзён да мясцовых выбараў і за месяц да рэфэдэндуму. Тыя самыя органы мясцовай улады абіраюць акруговыя камісіі ў складзе 9—13 сябраў прынамсі за 75 дзён да выбараў у Палату прадстаўнікоў, а таксама ў абласныя і сталічны Саветы дэпутатаў. Адпаведныя органы мясцовай улады раёну і гораду абласнога падпарадкаваньня ўтвараюць выбарчыя камісіі свайго ўзроўню за 80 дзён да выбараў. Выканаўчыя камітэты сельсавета, пасёлка і гораду раённага падпарадкаваньня абіраюць камісіі свайго ўзроўню ў складзе 7—11 сябраў за 85 дзён да мясцовых выбараў. Раённыя і гарадзкія выканаўчыя камітэты таксама абіралі ўчастковыя камісіі ў складзе 5—19 сябраў за 45 дзён да ўсялякіх выбараў. Прынамсі траціну складу абласной, тэрытарыяльнай, акруговай, гарадзкой і раённай камісіі фармуюць з прадстаўнікоў палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў. «У склад камісіі ня могуць уваходзіць судзьдзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў». Чыноўнікі могуць складаць да 1/3 складу выбарчай камісіі. «Рашэньне аб утварэньні камісіяў у 7-дзённы тэрмін з дня яго прыняцьця публікуецца ў друку». Пагатоў, «у рашэньні пазначаюцца прозьвішча, імя, імя па бацьку кожнага сябра камісіі, спосаб вылучэньня ў склад камісіі, месцазнаходжаньне і нумары тэлефонаў камісіі»[1].

Агітацыя і фінансаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чацьверты разьдзел Кодэксу налічваў 11 артыкулаў (45—55) у складзе 5 разьдзелаў: 1) «Перадвыбарная агітацыя, агітацыя па рэфэрэндуме, адкліканьні дэпутата, сябра Савета Рэспублікі»; 2) «Фінансаваньне выбараў рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутата, сябра Савета Рэспублікі»; 3) «Адказнасьць за парушэньне патрабаваньня гэтага Кодэкса. Разгляд зваротаў»; 4) «Парадак галасаваньня пры правядзеньні выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутатаў»; 5) «Падлік галасоў на ўчастак для галасаваньня пры правядзеньні выбараў, рэфэрэндуму». Найбольшай была 4-я зь іх у складзе 5 артыкулаў (50—54), якая акрэсьлівала час і месца галасаваньня, арганізацыю і правядзеньне галасаваньня на ўчастку, датэрміновае галасаваньне і галасаваньне па месцы знаходжаньня выбаршчыка. Паводле 50-га артыкула, «галасаваньне праводзіцца з 8-й да 20-й гадзіны». Участковыя камісіі прынамсі за 10 дзён да выбараў апавяшчаюць выбаршчыкаў аб дні, «часе і месцы галасаваньня, нумары тэлефона камісіі, а таксама накіроўваюць выбаршчыкам інфармацыю аб кандыдатах». Згодна з 52-м артыкулам дапускалася галасаваньне «Супраць усіх кандыдатаў». У 53-м артыкуле згадавалася, што выбаршчык мае права прагаласаваць датэрмінова «не раней чым за 5 дзён да» галасаваньня «ва ўмовах, што выключаюць кантроль за яго волевыяўленьнем». Пры гэтым, бюлетэнь для галасаваньня апускаецца «ў апячатаную асобную скрынку для галасаваньня выбаршчыкаў, удзельнікаў рэфэрэндуму, якія будуць адсутнічаць у дзень правядзеньня выбараў, рэфэрэндуму па месцы іх жыхарства». Урэшце «датэрміновае галасаваньне ажыццяўляецца з 10-й да 14-й гадзіны і з 16-й да 19-й гадзіны ў прысутнасьці прынамсі 2-х сябраў участковай камісіі [1].

Асаблівая частка Выбарчага кодэксу зьмяшчала 101 артыкул (56—156), што складала 65 % усіх артыкулаў Кодэксу. У Асаблівай частцы Кодэксу налічвалася 6 разьдзелаў: 1) «Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў»; 2) «Выбары сябраў Савета Рэспублікі»; 3) «Рэфэрэндум»; 4) «Парадак адкліканьня дэпутата Палаты прадстаўнікоў, дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў»; 5) «Парадак адкліканьня сябра Савета Рэспублікі»; 6) «Заключныя палажэньні». Найбольшым быў разьдзел пра выбары прэзыдэнта і дэпутатаў у складзе 41 артыкула (56—96)[1].

Выбары прэзыдэнта і дэпутатаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пяты разьдзел Кодэксу «Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў» зьмяшчаў 41 артыкул (56—96), што складала 26 % усіх артыкулаў Кодэксу. У Разьдзеле налічвалася 5 главаў: 1) «Арганізацыя і правядзеньне выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беарусь, дэпутатаў»; 2) «Гарантыі дзейнасьці і правы кандыдата ў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты»; 3) «Парадак устанаўленьня вынікаў галасаваньня і падвядзеньня вынікаў выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»; 4) «Парадак устанаўленьня вынікаў галасаваньня і падвядзеньня вынікаў выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў»; 5) «Парадак устанаўленьня вынікаў галасаваньня і падвядзеньня вынікаў выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў». Найбольшай была глава пра арганізацыю і правядзеньне выбараў прэзыдэнта і дэпутатаў з 17 артыкулаў (56—72), што вызначала: прызначэньне выбараў; патрабаваньні да кандыдатаў; правы, тэрміны і парадак вылучэньня кандыдатаў, у тым ліку палітычнымі партыямі, працоўнымі калектывамі і шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў; дакумэнты аб вылучэньні кандыдата, якія падаюцца ў выбарчую камісію; праверку сапраўднасьці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах; рэгістрацыю кандыдатаў; выбарчы бюлетэнь і права расейскіх грамадзянаў удзельнічаць у мясцовых выбарах. Паводле 56-га артыкула Выбарчага кодэксу, «выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазьней чым за 5 месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазьней чым за 2 месяцы да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта». Выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў новага скліканьня «прызначаюцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь не пазьней за 5 месяцы і праводзяцца не пазней за 30 дзён да заканчэньня паўнамоцтваў дэпутатаў дзейнага скліканьня. Згодна з 57-м артыкулам «прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь паводле нараджэньня, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь прынамсі 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 году і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь. Дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 18 гадоў»[1].

Паводле 60-га артыкула Кодэксу, «кандыдаты ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасьці прынамсі 100 000 подпісаў выбаршчыкаў. Вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь пачынаецца за 80 дзён і заканчваецца за 50 дзён да выбараў. Права вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты належыць палітычным партыям, зарэгістраваным Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь прынамсі за 6 месяцаў да прызначэньня выбараў, працоўным калектывам, а таксама грамадзянам шляхам збору подпісаў. Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 70 дзён і заканчваецца за 40 дзён да выбараў». Пры гэтым, «кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія пражываюць або працуюць на тэрыторыі адпаведнага мясцовага Савета дэпутатаў». У 61-м артыкуле прадугледжваецца, што «вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь грамадзянамі ажыцьцяўляецца ініцыятыўнай групай выбаршчыкаў у колькасьці прынамсі 100 чалавек». Вылучэнец у кандыдаты мае зарэгістраваць ініцыятыўную групу ў Цэнтральнай камісіі за 85 дзён да выбараў, падаўшы пісьмовую заяву, копіі старонак пашпарта і сьпіс сябраў сваёй групы. «Каардынатары па раёнах, гарадах, раёнах у гарадах здаюць падпісныя лісты не пазьней чым за 50 дзён да выбараў у раённую, гарадзкую, раённую ў горадзе камісію па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якая ў 10-дзённы тэрмін правярае сапраўднасьць подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах і забясьпечвае дакладнасць зьвестак аб колькасьці такіх подпісаў. Праверцы падлягае прынамсі 20 % подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах, здадзеных у адпаведную камісію». Згодна з 62-м артыкулам «вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад палітычных партыяў ажыццяўляецца вышэйшымі органамі палітычных партыяў». Кіраўніцтва мясцовай суполкі партыі можа вылучыць кандыдата на мясцовыя выбары свайго ўзроўню. Паводле 63-га артыкула, сход працоўнага калектыву лікам прынамсі 300 чалавек можа таксама вылучыць кандадата ў Палату прадстаўнікоў. Для гэтага «на сходзе павінна прысутнічаць больш за палову ад складу працоўнага калектыву». Такі сход склікаецца кіраўніцтвам прадпрыемства. Згодна з 64-м артыкулам калектыў мае налічваць прынамсі 150 працоўных для вылучэньня кандыдаты ў абласны і Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў, 75 працоўных — у Савет раёну і гораду абласнога падпарадкаваньня, 20 — у Савет гораду раённага падпарадкаваньня, пасёлка і сельскі Савет. Згодна з 65-м артыкулам Кодэксу «вылучэньне кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў ажыцьцяўляецца групай выбаршчыкаў у колькасьці прынамсі 10 чалавек, а кандыдата ў дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў — ініцыятыўнай групай у колькасьці ад 3 да 10 чалавек». Ініцыятыўная група рэгіструецца не пазьней за 65 дзён да мясцовых выбараў у акруговай выбарчай камісіі. Пагатоў, пры вылучэньні ў Палату прадстаўнікоў варта сабраць прынамсі 1000 подпісаў сярод выбаршчыкаў акругі, пры вылучэньні ў абласны і Менскі гарадзкі Савет — прынамсі 150 подпісаў, у Савет раёну і гораду абласнога падпарадкаваньня — 75 подпісаў, у сельскі і пасялковы Савет і Савет гораду раённага падпарадкаваньня — прынамсі 20 подпісаў[1].

Выбары сябраў Савета Рэспублікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шосты разьдзел Кодэксу «Выбары сябраў Савета Рэспублікі» налічваў 14 артыкулаў (97—110) у складзе 2-х главаў: 1) «Парадак прызначэньня выбараў сябраў Савета Рэспублікі. Вылучэньне кандыдатаў у сябры Савета Рэспублікі»; 2) «Правядзеньне паседжаньня дэпуттааў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласьці, дэпутатаў Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў па выбарах сябраў Савета Рэспублікі». Большай была апошняя глава зь 9 артыкулаў (102—110), якая прысьвячалася скліканьню і правядзеньню паседжаньня дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, абмеркаваньню вылучэнцаў у Савет Рэспублікі, арганізацыі і правядзеньню галасаваньня, устанаўленьню і абнародаваньню вынікаў галасаваньня. Паводле 102-га артыкула, выбарчае паседжаньне дэпутатаў мясцовых Саветаў склікаецца не пазьней чым за 35 дзён да заканчэньня паўнамоцтваў Савета Рэспублікі. Згодна са 103-м артыкулам «праводзіцца абмеркаваньне кандыдатаў у сябры Савета Рэспублікі, вылучаных на сумесных паседжаньнях прэзыдыюмаў мясцовых Саветаў дэпутатаў» і адпаведных выканаўчых камітэтаў. У 104-м артыкуле прадугледжваецца, што для таемнага галасаваньня «дэпутаты, якія ўдзельнічаюць у паседжаньні, выбіраюць са свайго складу падліковую камісію ў колькасьці 9—15 сябраў». Паводле 106-га артыкула, пратакол з падлікам галасоў «складаецца ў двух асобніках, якія падпісваюцца ўсім складам падліковай камісіі». Згодна са 107-м артыкулам Цэнтральная камісія ўстанаўлівае вынікі выбараў і рэгіструе выбраных сябраў Савета Рэспублікі[1].

Сёмы разьдзел Выбарчага кодэксу «Рэфэрэндум» улучаў 18 артыкулаў (111—128) у складзе 4-х главаў: 1) «Паняцьце, віды і мэта рэфэрэндуму. Пытаньні, якія выносяцца на рэфэрэндум»; 2) «Ініцыяваньне і прызначэньне рэспубліканскага рэфэрэндуму»; 3) «Устанаўленьне і падвядзеньне вынікаў рэспубліканскага рэфэрэндуму»; 4) «Парадак прызначэньня і правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму». Найбольшай была глава «Ініцыяваньне і прызначэньне рэспубліканскага рэфэрэндуму» з 6 артыкулаў (113—118), што апісвала: права ініцыятывы на правядзеньне такога рэфэрэндуму, ініцыятыўную групу, збор подпісаў грамадзянаў, разгляд ініцыятывы грамадзянаў, рашэньне аб прызначэньні такога рэфэрэндуму і бюлетэнь для галасаваньня. Згодна са 113-м артыкулам «права ініцыятывы на правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму належыць прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, грамадзянам Рэспублікі Беларусь. Ініцыятыва Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі на правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму выражаецца ў выглядзе прапановы, якая прымаецца на іх разьдзельных паседжаньнях большасьцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палатаў, і ўносіцца прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь. Ініцыятыва грамадзянаў на правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму выражаецца ў выглядзе прапановы, унесенай ня менш чым 450 000 грамадзянаў, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку ня менш чым 30 000 грамадзянаў ад кожнай з абласьцей і горада Менска». Паводле 118-га артыкула, «колькасьць запасных бюлетэняў не павінна перавышаць 5 % ад колькасьці ўдзельнікаў рэфэрэндуму»[1].

Адкліканьне дэпутата

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Восьмы разьдзел Кодэксу «Парадак адкліканьня дэпутата Палаты прадстаўнікоў, дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў» зьмяшчаў 14 артыкулаў (129—142) у складзе 2-х главаў: 1) «Падставы і парадак узбуджэньня пытаньня аб адкліканьні дэпутата», 2) «Парадак прызначэньня галасаваньня аб адкліканьні дэпутата. Галасаваньне і падвядзеньне яго вынікаў». Большай была першая глава разьдзелу зь 9 артыкулаў (129—137), што акрэсьлівала: права ўзбуджэньня і ініцыяваньне пытаньня аб адкліканьні, правамоцнанасьць і права правядзеньня сходу выбаршчыкаў і гарантыі правоў дэпутата пры ўзбуджэньні такога пытаньня, рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку ўзбуджэньня такога пытаньня, парадак і тэрміны падачы падпісных лістоў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, а таксама вызначэньне вынікаў збору подпісаў. Паводле 129-га артыкула, падставай адкліканьня дэпутата служыла: невыкананьне прадугледжаных законам дэпутацкіх абавязкаў, парушэньне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, закона Рэспублікі Беларусь і акта прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ўчыненьне дзеяньня, што пазбаўляе даверу да дэпутата. Згодна са 131-м артыкулам група з прынамсі 15 выбаршчыкаў акругі можа ініцыяваць скліканьне сходу па пытаньні адкліканьня дэпутата сельскага і пасялковага Савета дэпутатаў, а таксама Савета гораду раённага падпарадкаваньня. Прынамсі 40 выбарцаў могуць ініцыяваць такі сход наконт адкліканьня дэпутата Савета раёну або гораду абласнога падпарадкаваньня. Прынамсі 50 выбарцаў — наконт адкліканьня дэпутата абласнога і Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў. Прынамсі 150 выбаршчыкаў — наконт дэпутата Палаты прадстаўнікоў. «Ініцыятары скліканьня сходу выбаршчыкаў зьвяртаюцца да старшыні мясцовага Савета дэпутатаў, на тэрыторыі якога плянуецца правесьці сход выбаршчыкаў, зь пісьмовай заявай аб скліканьні такога сходу па месцы іх жыхарства, а аб скліканьні сходу выбаршчыкаў у арганізацыі — да яе адміністрацыі. Заява аб правядзеньні сходу выбаршчыкаў павінна быць падпісаная ўсімі ініцыятарамі правядзеньня сходу з пазначэньнем матываў, якія паслужылі падставай для ўзбуджэньня пытаньня аб адкліканьні дэпутата, а таксама прозьвішча, імя, імя па бацьку, даты нараджэньня і месца жыхарства кожнага ініцыятара правядзеньня сходу выбаршчыкаў». Паводле 132-га артыкула, сход наконт узбуджэньня пытаньня аб адкліканьні дэпутата сельскага і пасялковага Савета дэпутатаў, а таксама Савета гораду раённага падпарадкаваньня правамоцны пры ўдзеле прынамсі 20 выбарцаў. Адпаведны сход наконт адкліканьня дэпутата Савета раёну і гораду абласнога падпарадкаваньня правамоцны пры ўдзеле прынамсі 75 выбарцаў. Сход наконт адкліканьня дэпутата абласнога і сталічнага Савета дэпутутаў — пры ўдзеле прынамсі 150 выбарцаў. Сход наконт дэпутута Палаты прадстаўнікоў — пры ўдзеле прынамсі 300 выбарцаў. У 135-м артыкуле прадугледжваецца, што ініцыятыўная група мае за 45 дзён сабраць прынамсі 20 % подпісаў выбарцаў акругі для ўзбуджэньня пытаньня аб адкліканьні дэпутата[1].

Адкліканьне сябра Савета Рэспублікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзявяты разьдзел Кодэксу налічваў 10 артыкулаў (143—152) у складзе 2 главаў: 1) «Падставы і парадак ініцыяваньня адкліканьня сябра Савета Рэспублікі», 2) «Парадак правядзеньня паседжаньня дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласьці, дэпутатаў Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў у пытаньні аб адкліканьні сябра Савета Рэспублікі». Большай была першая глава разьдзелу зь 7 артыкулаў пра: ініцыяваньне ўзбуджэньня пытаньня, парадак разгляду ініцыятывы, праверку Цэнтральнай камісіяй наконт законнасьці такой ініцыятывы, парадак прызначэньня галасаваньня і агітацыю наконт адкліканьня. Згодна са 143-м артыкулам «парадак адкліканьня сябра Савета Рэспублікі, прызначанага прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, вызначаецца прэзыдэнтам». Паводле 144-га артыкула, «ініцыяваць узбуджэньне пытаньня аб адкліканьні сябра Савета Рэспублікі, выбранага ад вобласьці, горада Менска, могуць: 1) прэзыдыюм раённага, гарадзкога (горада абласнога падпарадкаваньня) Савета дэпутатаў і раённы, гарадзкі выканаўчы камітэт, якія вылучалі кандыдата ў сябры Савета Рэспублікі, — перад прэзыдыюмам абласнога Савета дэпутатаў і абласным выканаўчым камітэтам; 2) прынамсі 10 дэпутатаў Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў — перад прэзыдыюмам Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў і Менскім гарадзкім выканаўчым камітэтам»[1].

Заключныя палажэньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзясяты разьдзел Выбарчага кодэксу Беларусі ўлучаў 4 артыкулы (153—156) пра набыцьцё моцы Кодэксам, прывядзеньне заканадаўства ў адпаведнасьць зь ім і страту сілы замененага заканадаўства. Таксама давалася азначэньня паняткам Кодэкса. У 153-м артыкуле згадвалася, што «Кодэкс уступае ў сілу празь месяц пасьля яго апублікаваньня». Паводле 156-га артыкула, Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь замяніў сабой 9 законаў Беларускай ССР, у тым ліку: 1) ад 20 лістапада 1959 году «Аб парадку адкліканьня дэпутата Вярхоўнага Савета БССР»; 2) ад 28 ліпеня 1960 году «Аб парадку адкліканьня дэпутата абласнога, раённага, гарадскога, пасялковага, сельскага Савета дэпутатаў працоўных БССР»; 3) ад 12 сьнежня 1978 году «Аб выбарах у Вярхоўны Савет БССР»; 4) ад 27 кастрычніка 1989 году «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР»; 5) ад 13 чэрвеня 1991 году «Аб народным галасаваньні ў БССР». Таксама Выбарчы кодэкс 2000 году замяніў 8 законаў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку: 1) ад 29 сакавіка 1994 году «Аб выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»; 2) ад 23 сьнежня 1998 году «Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь»[1].

4 студзеня 2010 году А. Лукашэнка падпісаў Закон № 99-З, якім унёс звыш 150 паправак у Выбарчы кодэкс Беларусі[2].

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н А. Лукашэнка. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. № 370-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 5 лістапада 2019 г. Праверана 23 чэрвеня 2020 г.
  2. ^ Генадзь Грыцкевіч. Умець «працаваць» на выбаршчыка // Мясцовае самакіраваньне. — 5 лютага 2014. — № 2 (322). — С. 2.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]