Парлямэнцкія выбары ў Беларусі 2008 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі 2008 году адбыліся 28 верасьня.

Перадвыбарчае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 сакавіка 2008 г. старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ Зянон Пазьняк загадзя заклікаў да байкоту выбараў: «Сыстэма гэбоўскага выбарчага ашуканства ў Беларусі ўжо закасьцянела і сфармавалася настолькі маналітна, што разбурыць яе можна, відаць, толькі разам з антыбеларускім рэжымам. У гэтых умовах удзельнічаць у так званых парляманцкіх выбарах на Беларусі, што прызначаныя ўжо на верасень, ня толькі бяссэнсава, але найперш шкодна. Гэта, фактычна, падыгрываць рэжыму ў ашуканстве людзей. Беларускі народны фронт і яго народная Партыя (КХП-БНФ) не павінныя ўдзельнічаць у такіх „выбарах“. …трэба супрацьдзейнічаць выбарчаму ашуканству, заклікаць беларусаў не ісьці на галасаваньне, байкатаваць фальсыфікацыю і недэмакратычныя выбары»[1].

24 чэрвеня 2008 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў выбары ў Палату прадстаўнікоў на 28 верасьня. Паводле Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, папярэднія парлямэнцкія выбары ў Беларусі, што адбыліся ў 2000 і 2004 гадох, не адпавядалі абавязкам у рамках Арганізацыі ў частцы правядзеньня дэмакратычных выбараў. Гэтыя выбары сталіся трэцімі парлямэнцкімі, праведзенымі пры Канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 году, якая ўсталявала панаваньне прэзыдэнта над усімі галінамі ўлады, што замінае суперніцтву між палітычнымі сіламі краіны ды ўдзелу ў выбарах.

Гэтаксама абмяжоўвалася значэньне палітычных партыяў. Толькі 12 са 110 чальцоў Палаты папярэдняга скліканьня прадстаўлялі партыі, усе зь якіх падтрымлівалі ўрад. Астатнія 98 вылучаліся супрацоўнікамі ўрадавых прадпрыемстваў. Партыі ж маглі мець сваіх вылучэнцаў толькі ў выбарчых акругах, дзе мелі пастаўленыя на ўлік суполкі. У гэтакіх умовах у выбарах бралі ўдзел:

Прававыя ўмовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выбары адбываліся паводле зьмененага ў кастрычніку 2006 году Выбарчага кодэксу (ВК), што ўсё адно ўскладаў значныя, неўпарадкаваныя й выключныя паўнамоцтвы ў кіраваньні выбарамі на выканаўчую галіну ўлады. Закон патрабаваў 50-працэнтнай яўкі й набору больш за 50% усіх галасоў адным кандыдатам для прызнаньня выбараў адбыўшыміся ў першым туры. Палата ў складзе 110 дэпутатаў выбіралася на чатырохгадовы тэрмін на аснове мажарытарнае сыстэмы, якая дапускала два туры галасаваньня, па 110 аднамандатных акругах.

Апошнія зьмены ў законе пашырылі магчымасьці для касаваньня рэгістрацыі кандыдата. Артыкул 13 ВК забараняў назіральніку стаяць ля стала выдачы бюлетэняў. Суды адмаўляліся разглядаць скаргі на правапарушэньні пры ўтварэньні выбарчых камісіяў. Закон «Аб масавых мерапрыемствах» вымагаў дазволу органа выканаўчае ўлады на сустрэчу вылучэнца з выбаршчыкамі. У большасьці выпадкаў такія сустрэчы забараняліся.

Выбарчыя камісіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падрыхтоўка й правядзеньне выбараў ажыцьцяўлялася выбарчымі камісіямі трох узроўняў: цэнтральнаю (ЦВК), 110 акруговымі (АВК) і 6525 ўчастковымі (УВК). 40 выбарчых участкаў працавалі пры пасольствах ды консульствах Беларусі ў 32 дзяржавах. Іх аднесьлі да Купалаўскае выбарчае акругі №95 у Менску.

Паводле закону, ЦВК налічвала тузін асобаў, першую палову якіх прызначыў Лукашэнка, а другую — Рада Рэспублікі. У часе сваёй працы ЦВК не апублікавала пратаколаў ды іншых важных дакумэнтаў сваёй дзейнасьці.

Склад акруговых ды ўчастковых выбарчых камісіяў вызначаўся сумеснымі рашэньнямі абласных ды мясцовых заканадаўчых і выканаўчых органаў улады. У выніку сярод 1430 чальцоў АВК налічвалася вылучэнцаў ад:

  • грамадзянаў — 583 чалавек (40,8%);
  • грамадзкіх аб’яднаньняў — 356 (24,9%);
  • працоўных калектываў — 222 (15,5%);
  • партыяў — 151 (10,6%), зь іх ад апазыцыйных — 38 (2,7%), хоць вылучылі 136;
  • абласных органаў ўлады — 118 (8,2%).

У 6485 участковых выбарчых камісіяў краіны прызначылі 69 845 чалавек, у тым ліку ад:

  • грамадзянаў — 36 071 (51,65%);
  • працоўных калектываў — 21 869 (31,31%);
  • грамадзкіх аб’яднаньняў — 9032 (12,93%);
  • мясцовых выканаўчых органаў улады — 2712 (3,88%);
  • партыяў — 161 (0,23%), зь іх ад апазыцыйных — 43 (0,06%), хоць вылучылі 1515.

Улік выбаршчыкаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для ўлучэньня ў сьпіс выбаршчыкаў участка грамадзянін Беларусі меў дасягнуць у дзень выбараў 18-годзьдзя ды пражываць у яго межах. Колькасьць улічаных выбаршчыкаў склала 7 016 711 чалавек. Законам не прадугледжвалася зводнага сьпісу выбаршчыкаў на вышэйшым за ўчастак узроўні.

Улік вылучэнцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Права вылучэньня ў Палату належала з 21 году грамадзянам, якія стала пражывалі ў Беларусі. Шляхі вылучэньня:

  • ад улічанае партыі;
  • ад працоўнага калектыву;
  • зборам 1000 подпісаў выбаршчыкаў.

Вылучэньне кандыдатаў пачалосья 20 ліпеня[3]. Да крайняга тэрміну, 18 жніўня, 322 з 424 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў пасьпяхова завяршылі вылучэньне. Таксама паступіла 113 заявак ад працоўных калектываў, а 8 партыяў вылучылі 59 чалавек. 28 жніўня АВК зарэгістравалі 275 прэтэндэнтаў з 365. Адзін зьняў сваю кандыдатуру. З 89 атрымаўшых адмову кандыдатаў 52 падалі скаргу ў ЦВК, пасьля чаго зарэгістравалі яшчэ 8, а адзін з 52 зьняў сваю кандыдатуру. Яшчэ дваіх зарэгістравалі пасьля звароту ў Вярхоўны суд. Такім чынам, колькасьць зарэгістраваных узрасла да 285 чалавек. У тым ліку кандыдатамі зарэгістравалі 33 дэпутатаў папярэдняга скліканьня. Аднак у выніку зьняцьця кандыдатураў 22 зь іх да выбараў дайшло 263 кандыдаты. У ходзе выбарчае кампаніі АДС прынялі рашэньне зьняць кандыдатуры сваіх людзей з прычыны немагчымасьці нармалёва праводзіць перадвыбарную кампанію. Некаторыя партыі і асобныя кандыдаты не падтрымалі гэтага рашэньня і ўдзельнічалі ў выбарах да канца.

У выніку ў 16 выбарчых акругах з 110 галасаваньне адбывалася на безальтэрнатыўнай аснове. У сярэднім па кожнай акрузе балатавалася менш, як 3 кандыдаты (2,39).

Колькасьць вылучэнцаў Колькасьць выбарчых акругаў
1 16
2 54
3 26
4 11
5 2
7 1
2,39 110

Перадвыбарная агітацыя й вяшчаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйна распачалася 28 жніўня, але засталася ціхаю й ледзь прыкметнаю. Публічных дэбатаў між кандыдатамі не праводзілася. Таксама за чатыры тыдні агітацыйнага пэрыяду зусім не праводзілася вулічных мітынгаў. Паноўнае ўрадавае вяшчаньне не спрыяла павышэньню дасьведчанасьці выбаршчыкаў аб вылучэнцах у дэпутаты.

Назіраньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да назіраньня выбарчыя камісіі дапусьцілі 21 426 грамадзянаў (3 — ЦВК, 455 — АВК, 20 968 — УВК). Аднак шырокага зладжанага незалежнага назіраньня не праводзілася. Таксама ЦВК акрэдытавала 929 замежных назіральнікаў з 46 дзяржаваў, у тым ліку:

  • 466 (50,2%) ад АБСЭ;
  • 335 (36,1%) ад выканкаму СНД;
  • 38 (4,1%) ад дыпляматычных прадстаўніцтваў у Менску;
  • 33 (3,6%) ад міжпалямэнцкае асамблеі СНД;
  • 30 (3,2%) парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі;
  • 16 (1,7%) ад ЦВК краінаў СНД;
  • 4 (0,4%) ад Эўразійскае эканамічнае супольнасьці;
  • 7 (0,7%) ад іншых.

Скаргі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да дня выбраў у ЦВК паступіла 468 скаргаў, зь якіх 92 паводле ЦВК ня мела дачыненьня да выбараў. Агулам ЦВК прыняла пастановы па 64 скаргах, 52 зь якіх тычыліся адмовы АВК у рэгістрацыі кандыдатаў. Астатнія скаргі разглядаліся адзінаасобна старшынёю або іншымі супрацоўнікамі ЦВК. 19 рашэньняў ЦВК абскарджваліся ў Вярхоўным судзе. Два зь іх суд скасаваў. У органы пракуратуры паступіла 186 скаргаў. У Копылі праверка выявіла парушэньні пры вылучэньні ў склад УВК, аднак у выніку тыя самыя людзі засталіся ў складзе выбарчае камісіі.

Датычна дня выбараў да 9 кастрычніка ў ЦВК падалі 35 скаргаў, 24 зь іх з патрабаваньнем прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі. 18 скаргаў накіравалі назад у АВК, дзе іх усе адхілілі. Было таксама адхілена 4 скаргі з патрабаваньнем пераліку галасоў. Дадзеныя АВК зацьвердзілі вынікі выбараў яшчэ да слуханьня скаргаў. 13 кастрычніка ЦВК адхіліла 9 скаргаў на пастановы АВК аб адмове скасаваць вынікі выбараў.

Галасаваньне й падлік галасоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У датэрміновым галасаваньні, што доўжылася 5 дзён, узялі ўдзел 1’843’856 грамадзянаў (26,3%). Да яго прымушаліся настаўнікі й студэнты. Таксама ладзілася дастаўка працоўных на ўчасткі на аўтобусах для датэрміновага галасаваньня. У сувязі з самастойным вырабам выбарчымі камісіямі скрыняў для галасаваньня стала немагчымым выявіць, ці парушалася недатыкальнасьць скрыняў. У дзень выбараў падлік таксама праводзіўся непразрыста й непадсправаздачна.

3 кастрычніка на сваім пасяджэньні ЦВК зацьвердзіў афіцыйныя вынікі выбараў, паводле якіх было выдадзена 5 387 981 бюлетэняў, то бок яўка склала 76,7%. Нідзе другога туру або паўторных выбараў не адбылося, бо ЦВК абвясьціла, што 50-працэнтны бар’ер яўкі быў пераадолены ва ўсіх выбарчых акругах і ў кожнай зь іх абралі аднаго з кандыдатаў, які набраў больш як 50% галасоў. Аднак ЦВК не апублікавала канчатковых вынікаў з разьбіўкаю па ўчастках для галасаваньня. На тым самы пасяджэньні ЦВК Беларусі зарэгістраваў дэпутатаў чацьвёртага скліканьня і прызначыў дату правядзеньня першага паседжаньня Палаты прадстаўнікоў у новым складзе — 27 кастрычніка.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абраньня ў дэпутаты не ўдалося здабыць ніводнаму вылучэнцу ад апазыцыі. Сярод абраных дэпутатаў толькі 7 належалі да партыяў (абедзьве праўрадавыя):

  • камуністычная — 6;
  • аграрная — 1.
Партыя Колькасць
Вылучыла кандыдатаў Абраных дэпутатаў
Ліберальна-дэмакратычная партыя 7 0
Аб'яднаная грамадзянская партыя 13 0
Партыя БНФ 4 0
Камуністычная партыя Беларусі 15 6
Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» 9 0
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) 5 0
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці 4 0
Беларуская патрыятычная партыя 0 0
Беларуская партыя «Зялёныя» 0 0
Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ 0 0
Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» 0 0
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды 0 0
Рэспубліканская партыя 1 0
Беларуская аграрная партыя 1 1
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя 0 0
Партыя свабоды і прагрэсу 0 0
Партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя 0 0
Беларуская партыя працоўных 0 0
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) 0 0

На новы тэрмін засталіся 30 з 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня:

Выбары не былі прызнаныя АБСЭ. У папярэдняй заяве пра гэта сьцьвярджаецца, што беларускае заканадаўства па-ранейшаму стварае перашкоды для правядзеньня выбараў у адпаведнасьці з абавязаньнямі ў межах АБСЭ. Асьвятленьне кампаніі ў мэдыях не давала выбарцам важнай інфармацыі, каб тыя маглі зрабіць інфармаваны выбар. Палітычныя партыі адыгрывалі нязначную ролю, і абмежаваньні з боку ўладаў не дазволілі правесьці актыўную кампанію з сапраўднай канкурэнцыяй[5].

Паводле кіраўніка МЗС Славеніі Самуэля Жбогара па стане на 8 чэрвеня 2009 году беларускі парлямэнт не зьяўляецца легітымным у краінах Эўразьвязу ў адпаведнасьці з агульным рашэньнем краінаў ЭЗ пасьля парлямэнцкіх выбараў 2008 году.[6]

Глядзіце таксама: Сьпіс дэпутатаў НС РБ 4-га скліканьня

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]