Парлямэнцкія выбары ў Беларусі 2000 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

У 2000 годзе адбыліся выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога скліканьня. Аднак яны байкатаваліся 7 з 9 апазыцыйных партыяў.

Перадвыбарчае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэтыя выбары ў 110-мясцовую Палату прадстаўнікоў былі першымі, што адбыліся ў Беларусі пасьля кансультатыўнага рэфэрэндуму 1996 году, пытаньні якога аднак зьмянілі Канстытуцыю намаганьнямі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Увосень 1999 году адбыліся безвыніковыя перамовы між прадстаўнікамі Лукашэнкі ды апазыцыяй аб доступе да ўрадавага вяшчаньня, выбарчым заканадаўстве ды паўнамоцтвах парлямэнта. У студзені 2000 году прызначаны Лукашэнкам Нацыянальны сход ухваліў Выбарчы кодэкс (ВК), а ў чэрвені ўнёс у яго праўкі. Сем апазыцыйных партыяў вырашылі байкатаваць выбары.

Прававыя ўмовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ВК ад 24 красавіка 2000 году з чэрвеньскімі папраўкамі не забясьпечваў шматпартыйнай прадстаўніцтва ў Цэнтральнае выбарчае камісіі ды абмяжоўваў перадвыбарчае агітаваньне. Трэцяя частка Артыкула 167 Адміністатыўнага кодэксу 1984 году працягвала выкарыстоўвацца для перасьледу за заклікі да байкоту выбараў, што пацягнула за сабою асуджэньне напярэдадні выбараў больш як 100 асобаў.

Паводле ВК для абраньня дэпутата ў першым туры патрабавалася галасаваньне больш як 50% улічаных у выбарчай акрузе выбаршчыкаў ды атрыманьне адным з вылучэнцаў больш як паловы пададзеных галасоў. Калі ніхто з вылучэнцаў не набіраў больш як паловы галасоў, але галасавала больш як палова выбаршчыкаў, другі тур адбываўся між двума вылучэнцамі, якія атрымалі найбольшую колькасьць галасоў. Калі ў другім туры яўка не дасягала больш як 25% выбаршчыкаў, адбываліся паўторныя выбары разам з новым улікам вылучэнцаў.

Правядзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выбарчыя камісіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правядзеньне выбараў ажыцьцяўлялася Цэнтральнаю камісіяй па выбарах і рэфэрэндумах (ЦВК), 110 акруговымі выбарчымі камісіямі (АВК) і 6693 участковымі выбарчымі камісіямі (УВК). Склад выбарчых камісіяў прызначаўся выканаўчаю ўладаю пераважна з ліку чыноўнікаў ды супрацоўнікаў урадавых прадпрыемстваў. З 330 пасадаў старшыняў, іх намесьнікаў ды сакратароў АВК чыноўнікі й кіраўнікі ўрадавых прадпрыемстваў занялі 86%. 11 верасьня 2000 году Лукашэнка прызначыў у ЦВК дадаткова 9 чальцоў без права голасу ад палітычных партыяў, што бралі ўдзел у выбарах. У тым ліку былі 2 прадстаўнікі ад апазыцыйных партыяў — лібэральна-дэмакратычнай (ЛДП) ды камуністаў (ПКБ).

Улік вылучэнцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вылучэньне ажыцьцяўлялася партыямі, працоўнымі калектывамі ды зборам 1000 подпісаў выбаршчыкаў. З 768 вылучэнцаў улік у АВК прайшлі 550. З 218 вылучэнцаў, якім адмовілі ва ўліку, скаргі ў ЦВК падалі 146. ЦВК паставіла на ўлік 23 вылучэнцы. З 123 вылучэнцаў, якім адмовіла й ЦВК, 85 падалі скаргі ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Вярхоўны суд паставіў на ўлік толькі 5 вылучэнцаў. Такім чынам, уліку дамагліся 578 вылучэнцаў. Аднак пазьней 11 вылучэнцаў зьняліся з выбараў. Улік яшчэ аднаго вылучэнца скасавалі. Ва ўліку адмовілі 20% вылучэнцам ад партыяў ды працоўных калектываў. АВК адмовіліся таксама ад уліку блізу 50% самавылучэнцаў, якія сабралі па больш як 1000 подпісаў выбаршчыкаў ды пераважна належалі да апазыцыі, аднак не да ЛДП ды ПКБ. Каля паловы з 578 ўлічаных вылучэнцаў ішлі ад 9 партыяў, у тым ліку 7 праўрадавых ды 2 апазыцыйных — ЛДП ды ПКБ. Яшчэ 7 апазыцыйных партыяў ладзілі байкот выбараў, хоць Сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада» (СДП «НГ») дазволіла сваім чальцам пайсьці на выбары ў якасьці незалежных вылучэнцаў. Агулам ад апазыцыі ішло 20 улічаных вылучэнцаў. Ва ўліку адмаўлялі на падставе памылак у дэклярацыях вылучэнцаў аб сваіх даходах ды ўласнасьці, а таксама 15% сумнеўных подпісаў, сабраных у падтрымку. На прэс-нарадзе 18 верасьня cтаршыня ЦВК Лідыя Ярмошына заявіла: «Выбарчыя камісіі стараліся ўлічыць так званых значных асобаў, часам даруючы зробленыя імі памылкі».

Галасаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыноўнікі заахвочвалі галасаваць датэрмінова цягам 5 дзён перад днём выбараў. У гэты час выбарчыя камісіі працавалі ў няпоўным складзе, у якім мусілі прысутнічаць усяго 2 чальцы. Скрыні для бюлетэняў уначы не ахоўваліся. Выбарчыя камісіі ня мелі абавязку выдаваць копіі пратаколаў аб выніках галасаваньня назіральнікам ды прадстаўнікам вылучэнцаў, што рабіла немажлівым аспрэчваньне падробленых вынікаў галасаваньня ў судзе.

Перадвыбарчае агітаваньне й вяшчаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйнае агітаваньне распачалося пасьля ўліку вылучэнцаў 14 верасьня. Аднак некаторыя вылучэнцы пачалі сваю агітацыю толькі пасьля задаволеньня 28 верасьня адпаведных скаргаў у Вярхоўным судзе. На кожную выбарчую акругу прыпадала блізу 5 вылучэнцаў. ВК забараняў зьмяшчаць у агітацыі «абразы й паклёп на службовых асобаў Рэспублікі й іншых вылучэнцаў» ды прадугледжваў перасьлед за «хлусьлівыя зьвесткі». Таксама на вылучэнцаў накладалася адказнасьць за дзейнасьць сваіх прыхільнікаў. Аднак заява Лукашэнкі 22 верасьня на дзяржаўным тэлебачаньні, у якой той назваў «дурнямі й злодзеямі» былога прэм’ера Міхайлу Чыгіра ды старшыню СДП «НГ» Міколу Статкевіча, якія былі вылучэнцамі, не пацягнула за сабою ніякай адказнасьці. Пасьля Маршаў свабоды 1 і 8 кастрычніка, што праводзіліся прыхільнікамі байкоту, арыштавалі некалькі яго ўдзельнікаў. Мясцовыя ўлады дазволілі менш як палову запытаў на правядзеньне шэсьцяў. Агулам больш як 100 прыхільнікаў байкоту асудзілі за пікетаваньне паводле трэцяй часткі Артыкула 167 Адміністрацыйнага кодэксу.

Урадавыя электроннае вяшчаньне ды друк, падначаленыя Адміністрацыя прэзыдэнта, мелі паноўнае становішча. Апазыцыя ня мела магчымасьці данесьці праз іх выбаршчыкам прычыну байкоту выбараў. Паводле пастановы ЦВК ад 11 верасьня вылучэнцам дазволілі 5-хвілінныя выступы на ўрадавым радыё й тэлебачаньні, а таксама разьмясьціць у адной з шасьці ўрадавых газэтаў свае абвесткі аб’ёмам па 2 друкаваныя старонкі. Аднак 14 кастрычніка ў лісьце да галоўнага рэдактара «Аршанскай» газэты старшыня ЦВК Лідыя Ярмошына забараніла друкаваць абвестку вылучэнца да выняцьця зь яе згадак аб «самаўладным урадзе» й «палітычным перасьледзе СМІ ў Беларусі».

Падчас вобшука няўрадавае друкарні «Мэджык» 13 верасьня канфіскавалі наклад няўрадавае газэты «Рабочы», што зьмяшчала заклік да байкоту парлямэнцкіх выбараў. Уласьніка й кіраўніка друкарні Юрыя Будко зьвінавацілі паводле трэцяй часткі Артыкула 167 Адміністрацыйнага кодэксу, аднак абвінавачаньне зьнялі 18 верасьня. Урад замарозіў рахунак друкарні 11 кастрычніка. 13 кастрычніка ўрад прыгразіў адборам друкарскага абсталяваньня, каб нібыта спагнаць падаткі, пратэрмінаваныя зачыненым у 1997 годзе прадстаўніцтвам Фонду Сораса, што выступала дабрачынцам той друкарні. У перадачы «Таемныя спружыны палітыкі» 21 верасьня на БТ Беларускі Народны Фронт (БНФ) параўналі з «фашысцкімі калябарантамі» падчас другое сусьветнае вайны. 7 кастрычніка старшыню БНФ Зянона Пазьняка нараклі «сьвіньнёю, добра падкормленаю заходняй ежаю». 9 і 10 кастрычніка ў перадачы «Панарама» вядучы цьвердзіў, што Марш свабоды праваліўся. Таксама журналіст дадаў, што апазыцыі спатрэбяцца заходнія бомбы, а ня грошы, каб падарваць існы дзяржаўны лад. Таксама БТ парушала Артыкул 46 ВК, што забараняў грамадзкія апытаньні, двойчы — 5 і 9 кастрычніка. 12 і 13 кастрычніка ў перадачы «Лялькі» журналіст БТ параўнаў правадыроў апазыцыі з нацыянал-сацыялістамі. Апазыцыі так і не далі адказаць на абразы, закіды й паклёп ва ўрадавых выданьнях. Аднак 2 прадстаўнікі апазыцыі — Станіслаў Шушкевіч з Сацыял-дэмакратычнае Грамады й Аляксандар Дабравольскі з Аб’яднанае грамадзянскае партыі (АГП), патрапілі ў этэр расейскага тэлеканала «ГРТ» за тыдзень да выбараў. Яны патлумачылі прычыну байкоту выбараў ды наракалі на адсутнасьць доступу да ўрадавага вяшчаньня ў Беларусі.

Назіраньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У рамках Цэнтральнае каардынацыйнае рады (ЦКР) за выбарамі назіралі 7 няўрадавых аб'яднаньняў (НУА):

  1. Беларуская ініцыятыва,
  2. Беларускі Хэльсынскі камітэт,
  3. Згуртаваньне дэмакратычных НУА,
  4. Рух за вольныя й дэмакратычныя выбары,
  5. Рэспубліканскае згуртаваньне выбаршчыкаў,
  6. Свабодныя прафсаюзы,
  7. Фонд імя Льва Сапегі.

ЦКР заснавала 70 узгадняльных цэнтраў ды мела больш як 5 тысячаў улічаных назіральнікаў. ЦКР таксама вылучыла 470 асобаў у склад выбарчых камісіяў, зь якіх зацьвердзілі толькі 20. Яе назіральнікі задакумэнтавалі ўрадавае ўмяшаньне ў ход выбараў ды прыйшлі да высновы, што ў 34 выбарчых акругах прагаласавала менш як палова выбаршчыкаў, неабходных для прызнаньня выбараў адбыўшыміся. Тым часам ЦВК налічыла толькі 13 такіх акругаў.

15 кастрычніка на выбарах прысутнічала каля 150 замежных назіральнікаў, зь якіх 75 ад СНД. Яны знаходзіліся ў краіне ня больш як 5 дзён ды разьмяшчаліся ў гасьцініцах за кошт ЦВК. Напрыканцы іх назіраньня ЦВК выдала тым назіральнікам на подпіс тэкст падрыхтаванай заявы аб тым, што «парлямэнцкія выбары былі важнаю ступеньню разьвіцьця народаўладзьдзя ў Беларусі».

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле ЦВК у першым туры яўка выбаршчыкаў перавысіла 50% ў 97 акругах з 110, а выбраньня дасягнуў 41 дэпутат. Сярэдняя ўяка ў першым туры паводле ЦВК склала 61,08%, а ў другім — 52%. У другім туры дэпутатамі сталіся яшчэ 56 асобаў. Дадзеныя падлікі аспрэчваліся назіральнікамі. Паўторныя выбары праводзіліся ў 13 акругах 18 сакавіка 2001 году. З 20 вылучаных ад апазыцыі шляхам збору подпісаў кандыдатаў выбраньня ў першым туры не дасягнуў ніводны. Толькі тры апазыцыйныя вылучэнцы сталі дэпутатамі ў другім туры — былыя чальцы АГП Уладзімер Навасяд ды Юры Марозаў, а таксама старшыня «Яблыка» Вольга Абрамава. Дэпутацкага месца таксама дамогся Аляксей Ваганаў з ЛДП[1].

Праўрадавыя партыі атрымалі наступную колькасьць месцаў:

  1. камуністычная — 6,
  2. аграрная — 5,
  3. Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 2
  4. сацыяльна-спартовая — 1,
  5. Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды — 1.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]